• Газеты, часопісы і г.д.
  • Планета людзей  Антуан дэ Сент-Экзюперы

    Планета людзей

    Антуан дэ Сент-Экзюперы

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 397с.
    Мінск 1984
    88.45 МБ
    адзінокім хутарам, які, здавалася, плыў яму насустрач па хвалях прэрыі, несучы на сабе груз чалавечых жыццяў; тады Фаб’ен, пагойдваючы крыламі, вітаў гэты карабель.
    «Паказаўся Сан-Хуліан; праз дзесяць хвілін пойдзем на пасадку».
    Бортрадыст перадаў гэтае паведамленне па ўсёй лініі.
    На дзве з палавінай тысячы кіламетраў, ад Магеланавага праліва да Буэнас-Айрэса, ланцугом расцягнуліся падобныя адна да адной пасадачныя пляцоўкі; але за гэтым аэрадромам пачыналася ноч; гэтак у Афрыцы за апошнім пакорным селішчам залягае сама невядомасць.
    Радыст перадаў пілоту запіску:
    «Вакол шалеюць навальніцы, у мяне ў навушніках бясконцы трэск. Можа, заначуем у Сан-Хуліане?»
    Фаб’ен усміхнуўся: неба было спакойнае, як акварыум, і ўсе аэрадромы наперадзе дакладвалі: «Неба чыстае, ветру няма». Ён адказаў:
    — Паляцім далей.
    А радыст думаў, што дзесьці, як чарвяк у яблыку, прытаіліся навальніцы; ноч выглядала раскошна, аднак сям-там пачынала падгніваць, і яму было непрыемна ўваходзіць у гэты морак, гатовы распасціся, як гніляк.
    Збаўляючы газ над Сан-Хуліанам, Фаб’ен адчуў, што стаміўся. Усё, што надае вабнасць жыццю людзей,— дамы, кавяранькі, алеі,— усё гэта расло і ўздымалася насустрач Фаб’ену. Ён быў падобны да заваёўніка, які вечарам, пасля перамогі, узіраецца ў землі заваяванай дзяржавы і выяўляе сціплае людское шчасце. Фаб’ену хацелася скінуць з сябе даспехі, адчуць вагу і стому ўласнага цела — і ў цяжкіх турботах ёсць
    свая ўцеха — і апынуцца тут звычайным чалавекам, які з акна свайго дома глядзіць на звыклае, нерухомае наваколле. Ён згадзіўся б жыць у гэтым невялічкім мястэчку, ён абраў бы яго, такое выпадковае, і палюбіў бы яго. Жыццё ў такім мястэчку — як каханне — абмяжоўвае парыванні. Добра было б пасяліцца тут надоўга, набыць тут сваю долю вечнасці,— Фаб’ену здавалася, што маленькія гарадкі, дзе ён спыняўся ўсяго на гадзіну, і сады за глухімі старымі сценамі, над якімі ён пралятаў, існуюць вечна і абсалютна безуважна да ягонага існавання. А гарадок узнімаўся насустрач экіпажу і раскрываў яму свае абдымкі. I Фаб’ен думаў пра сяброўства, пра ласкавых дзяўчат, пра ўтульнасць і лагоду белых абрусаў — пра ўсё, з чым чалавек зжываецца паступова і назаўжды. А гарадок ужо бег пад самымі крыламі, выстаўляючы напаказ таямніцы сваіх садоў: муры агароджы не служылі ім болей аховай. Але, прызямліўшыся, Фаб’ен зразумеў, што нічога не ўбачыў, апроч нетаропкіх рухаў некалькіх чалавек сярод прыналежных ім камянёў. Гэты гарадок самой нерухомасцю аберагаў сакрэты сваіх страсцей, ён адмаўляў Фаб’ену ў ласцы: каб заваяваць яго, трэба было адмовіцца ад дзеяння.
    Дзесяць хвілін пярэдыху — і зноў у дарогу.
    Фаб’ен абярнуўся і паглядзеў на Сан-Хуліан: цяпер гэта была ўсяго толькі жменька агеньчыкаў; потым яна стала невялічкім россыпам зорак і, яшчэ раз панадзіўшы да сябе, развеялася на пыл.
    «Я ўжо не бачу прыбораў: трэба ўключыць святло».
    Ён пакратаў йантакты, але святло чырвоных лямпачак кабіны расплывалася ў блакітным прызмерку і не асвятляла цыферблатаў. Фаб’ен затуліў лямпачку рукой — пальцы амаль не афарбаваліся.
    «Зарана».
    А ноч узнімалася, нібы цёмны дым, і ўжо запоў-
    ніла лагчыны. Яны ўжо зраўняліся з раўніннымі абшарамі. У селішчах загараліся агні, і сузор’і іх пераклікаліся ў змроку. I Фаб’ен таксама мігаў бартавымі агнямі, адказваў агеньчыкам сёлаў. Усю зямлю акрыла сетка аклікальных агнёў; кожны дом, апынаючыся перад воблікам бязмежнай ночы, запальваў сваю зорку,— гэтак маяк пасылае свой промень у морак мора. Іскры зіхацелі ўсюды, дзе жыў чалавек. Самалёт уваходзіў сёння ў браму ночы, як караблі ўваходзяць на рэйд — лёгка і плаўна. I Фаб’ен быў шчаслівы.
    Ён схіліўся над прыборнай дошкай. Стрэлкі пачалі ўжо фасфарэсцыраваць. Праверыў паказанні прыбораў і застаўся задаволены. Так, ён надзейна ўсталяваны ў небе. Пакратаўшы пальцам сталёвы ланжэрон, ён адчуў у метале пульсацыю жыцця: метал не вібрыраваў — ён жыў. Пяцьсот конскіх сіл, упрэжаных у матор, спарадзілі ў нетрах матэрыі пяшчотную плынь, якая пераўвасобіла холад металу ў аксамітную плоць. Пілот зноў адчуў у палёце не галавакружэнне, не схмялелую радасць, а таямнічую тужлівасць жывога арганізма.
    Цяпер, стварыўшы свой уласны свет, ён мог уладкавацца ў ім як мага ямчэй.
    Фаб’ен пастукаў па размеркавальным шчыце, праверыў адзін за адным усе кантакты, трошкі паёрзаў на месцы і шчыльней прыціснуўся плячыма да спінкі крэсла, выбіраючы найямчэйшую позу, каб адчуваць самае нязначнае пахістванне пяці тон металу, які ўзваліла сабе на плечы зыбкая ноч. Потым ён намацаў аварыйны ліхтар, паставіў яго на месца, адпусціў і зноў узяў, упэўніўся, што ліхтар не слізгае, зноў адпусціў і зноў адшукаў яго, праверыў навобмацак кожны рычаг, пераконваючыся, што можа з ходу, беспамылкова ўхапіць іх, прывучаючы пальцы дзейнічаць усляпую. Потым, калі пальцы засвоілі гэта, ён дазволіў сабе ўключыць святло — і кабіна імгненна ўхарашылася
    дакладнымі прыборамі; цяпер ён мог па адных толькі цыферблатах сачыць за паглыбленнем самалёта ў ноч. I таму, што нішто не хісталася, не дрыжала і пе трымцела, бо і гіраскоп, і вышынямер, і рэжым матора былі стабільныя, Фаб’ен злёгку пацягнуўся, адкінуўся да скураной спінкі і аддаўся ва ўладу палёту, ва ўладу глыбокага роздуму, які тоіць невытлумачальную асалоду.
    I цяпер, калі ён быў у самым сэрцы ночы і нёс сваю вахту, ён выявіў, што ноч раскрывае перад ім чалавека: ягоныя поклічы, агні, трывогі. Гэтая сціплая зорка ў цемры — гэта дом, а ў ім — адзіноцтва. А тая зорка, што пагасла,— гэта дом, які даў прытулак любові...
    Альбо тузе. Дом, які перастае пасылаць свае сігналы рэшце свету. Усклаўшы рукі на стол, сядзяць пры лямпе сяляне і песцяць у душы цьмяныя, імі самімі не ўсвядомленыя надзеі; гэтыя людзі і не ўяўляюць, як далёка ляцяць іх подумкі ў мораку раскрыленай над імі ночы. Але Фаб’ен чуе іх, калі, праляцеўшы тысячы кіламетраў, ён адчувае, як хвалі, узнесеныя з прадонных глыбінь, узнімаюць і апускаюць самалёт, у якім пульсуе жыццё; як праз дзесяць палёў бою, прабіўся ён праз дзесяць навальніц, прайшоў па палянах месячнага святла, што пралеглі паміж навальніцамі, і вось, пераможца, дасягнуў нарэшце гэтых агнёў. Людзям здаецца, што іх лямпа асвятляе толькі іх сціплы стол; але святло яе, адолеўшы восемдзесят кіламетраў, ужо дапала да некага — нібы заклік, нібы крык роспачы з пустыннага, занябытага ў моры астраўка.
    II
    Дык вось, тры паштовыя самалёты — з Патагоніі, з Чылі і з Парагвая — вярталіся ў Буэнас-Айрэс з поўдня, захаду і поўначы. У Буэнас-Айрэсе пошту павін-
    ны былі пагрузіць у самалёт, які блізка апоўначы адпраўляўся ў Еўропу.
    Трое пілотаў ляцелі, агорнутыя ноччу, думалі пра свой палёт і, трымаючы курс на вялізны горад, паволі спускаліся са сваіх грозных альбо мірных нябёсаў, як спускаюцца з гор сяляне.
    Рыўер, дырэктар сеткі паветраных ліній, хадзіў узад і ўперад па пасадачнай пляцоўцы буэнас-айрэскага аэрапорта. Ён быў маўклівы: ніводзін з трох самалётаў яшчэ не прызямліўся — і дзень усё яшчэ таіў для яго небяспеку. Але прыходзілі тэлеграма за тэлеграмай, і Рыўер адчуваў, як з кожнай хвілінай менее вобласць невядомага, і ён, вырываючы нешта з лапаў лёсу, выцягвае экіпажы самалётаў з ночы на бераг.
    Падышоў службовец і перадаў Рыўеру радыёграму: — Паштовы з Чылі паведамляе, што бачыць агні Буэнас-Айрэса.
    — Добра.
    ІІеўзабаве Рыўер пачуе гул матора: ноч ужо аддае яму адзін самалёт; гэтак прылівы і адлівы мора, поўнага таямніц, выкідваюць на бераг скарб, так доўга калыханы хвалямі. А потым ноч верне яму і два астатнія самалёты.
    Тады гэты дзень завершыцца. Тады стомленыя каманды адправяцца спаць, і свежыя каманды прыйдуць ім на змену. Але Рыўер не зможа адпачыць: надыдзе чарга трывогі за еўрапейскі паштовы. I гэтак будзе заўсёды. Заўсёды. Упершыню гэты стары ваяка са здзіўленнем адчуў, што стаміўся. Прыбыццё самалётаў ніколі не стане для яго той перамогай, якая завяршае вайну і пачынае эру блаславёнага міру. Гэта будзе заўсёды толькі яшчэ адзін крок, пасля якога будзе зроблена тысяча падобных крокаў. Рыўеру здавалася, што ён трымае на выцягнутьіх руках страшэнны груз, трымае доўга, без пярэдыху, без надзеі на перапачынак. «Старэю...» Мабыць, ён старэе, раз душы было
    ўжо мала аднаго толькі дзеяння. Дзіўна, такія думкі ніколі яшчэ не трывожылі яго. 3 задуменным мармытаннем да яго падступалі хвалі дабрыні і пяшчоты, якія ён звычайна гнаў ад сябе прэч,— хвалі незваротна страчанага акіяна. «Значыць, усё гэта так паблізу?..» Вось як непрыкметна і паступова прыйшоў ён да старасці, да думак: «А вось наступіць час...», да думак, якія так аздабляюць чалавечае жыццё. Нібыта і сапраўды можа некалі «наступіць час», і недзе ў канцы жыцця дасягнеш блаславёнага спакою, пра які так марыцца!.. Але спакою няма. Магчыма, няма і перамогі. He могуць раз назаўжды прыбыць усе паштовыя самалёты...
    Рыўер прыпыніўся каля старога механіка Леру, які корпаўся ля самалёта. Леру працаваў ужо сорак гадоў. Ён аддаваў рабоце ўсе свае сілы. Калі а дзесятай вечара альбо апоўначы Леру вяртаўся дадому, перад ім не расхінаўся нейкі іншы свет, вяртанне дамоў не было для яго ўцёкамі. Рыўер усміхнуўся гэтаму чалавеку з грубым тварам; механік кіўнуў на быццам падсіненую вось:
    — Яна была занадта туга замацавана, я паправіў.
    Рыўер нахіліўся да восі. Рыўер зноў вярнуўся да службовых клопатаў:
    — Трэба будзе сказаць у майстэрнях, каб падганялі гэтыя штукі павальней.
    Пакратаўшы пальцамі драпінкі на метале, Рыўер зноў уважліва паглядзеў на Леру, на яго суровы, спярэшчаны маршчакамі твар. 3 языка сарвалася дзівакаватае пытанне, і Рыўер сам усміхнуўся, задаўшы яго:
    — Скажыце, Леру, у сваім жыцці вы шмат часу патрацілі на любоў?
    — О! Любоў, пане дырэктар... гэта такая штука... — Вам, як і мне, на гэта не хапала часу...
    — I сапраўды, не вельмі хапала...
    Рыўер услухоўваўся ў ягоны голас у намаганні зразумець, ці не гучыць у адказе гаркота: гаркоты не было. Азіраючыся на прамінулае жыццё, гэты чалавек адчуваў спакойнае задавальненне сталяра, які адпаліраваў цудоўны плашчак: «Вось і ўсё. Гатова!»
    «Вось і ўсё! — падумаў Рыўер.— Маё жыццё таксама гатовае!»
    Ён адагнаў сумныя думкі, навеяныя стомай, і рушыў да ангара: чылійскі самалёт ужо гудзеў у небе.