Планета людзей
Антуан дэ Сент-Экзюперы
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 1984
III
Аддалены гул матора гусцеў, наліваўся. Успыхнулі пасадачныя агні. Чырвоныя ліхтары начнога асвятлення абмалёўвалі контуры ангара, радыёмачтаў, квадратнай пляцоўкі. Усё набыло святочны выгляд.
— Вось ён!
Самалёт ужо каціўся па зямлі ў святле пражэктараў. Ён так зіхацеў, што здаваўся зусім новым. Вось ён спыніўся нарэшце перад ангарам: механікі і падсобныя рабочыя памкнуліся да яго, каб выгрузіць пошту, але пілот Пэльрэн іге кратаўся.
— Эй! Чаго вы чакаеце? Выходзьце!
Заняты нейкай патаемнай справай, пілот не ўдастоіў адказам. Магчыма, ён усё яшчэ слухаў у сабе шум палёту. Ён паволі пахітаў галавой, нагнуўся і пачаў нешта абмацваць унізе. Нарэшце выпрастаўся, абярнуўся да начальства, да таварышаў і дапытліва паглядзеў на кожнага з іх, быццам азіраў уласны скарб. Здавалася, ён пералічвае, вымервае, узважвае. Ён сумленна заслужыў усё гэта: і сяброўскую сустрэчу, і святочнае ўбранне ангара, і мацату бетону, і там, удалечыні, горад з яго рухам, з яго жанчынамі, з яго цеплынёй. Цяпер ён моцна трымаў людзей у сваіх шырокіх далонях, трымаў сваіх падданых: ён мог даткнуцца да іх, чуць іх, мог нават вылаяць іх. Спачатку ён і
праўда намерыўся вылаяць іх за тое, што яны такія спакойныя, упэўненыя ў сваёй бяспецы — стаяць і любуюцца святлом поўні. Але пераважыла літаснасць:
— За чарку плаціце вы...
I вылез з кабіны.
Яму хацелася расказаць, што ён перажыў у палёце.
— Каб вы толькі ведалі!..
Мяркуючы, відаць, што гэтым усё сказана, ён пачаў сцягваць з сябе скуранку.
Калі аўтамабіль імчаў Пэльрэна разам з панурым інспектарам і маўклівым Рыўерам да Буэнас-Айрэса, пілоту стала журліва: канечне, што можа быць прыемней — выкараскацца з бяды і, адчуўшы цвёрды грунт пад нагамі, са смакам вылаяцца! Весялей быць не можа!.. I ўсё-такі, як успомніш, робіцца не па сабе.
Змаганне з цыклонам — гэта, прынамсі, нешта рэальнае, відавочнае. Іншая справа — аблічча рэчаў, тое аблічча, якое рэчы набываюць, калі ім здаецца, што яны адны. «Як у час паўстання,— падумаў Пэльрэн,— твары людзей толькі трошкі бляднеюць, але як усё вакол мяняецца!» Намаганнем волі ён прымусіў сябе ўспомніць усё перажытае.
...Мірна ляцеў ён над Андыйскімі Кардыльерамі. Тут панавала бяскрайняя моўча снягоў. У гэтае нагрувашчанне вяршынь снягі прынеслі спакой — як яго прыносяць стагоддзі-вякі ў мёртвыя старажытныя замкі. На абсягу ў дзве сотні кіламетраў — ані душы, аніякусенькай адметы жыцця, аніводнага жывога руху. Адны стромыя кручы, якія ўзнімаюцца ўгору да шасці тысяч метраў, адны каменныя покрывы, што спадаюць уніз адвеснымі складкамі, адно бязмежны, пагрозлівы спакой.
Гэта адбылося непадалёк ад піка Тупунгата...
Пэльрэн задумаўся. Так-так, менавіта там ён аказаўся сведкам цуду.
Спачатку ён нічога не заўважыў, проста адчуў нейкую цьмяную занепакоенасць,— як чалавек, які думаў, што ён адзін, і раптам адчувае: не, ён ужо не адзін, нехта на яго глядзіць. Гэтак і Пэльрэн, занадта позна і не цямячы яшчэ, што да чаго,— адчуў, што вакол яго сціскаецца кола гневу. Вось і ўсё. Адкуль зыходзіў гэты гнеў?
I як здагадаўся пілот, што гнеў вылучаюць і камяні і снягі? Нішто, здавалася ж, не значылася, не было ні ценю мажлівай буры. Але на ягоных вачах пачынаў нараджацца нейкі новы свет, які нечым няўлоўным розніўся ад звыклага. 3 невытлумачальнай тугой Пэльрэн глядзеў на зусім абыякавыя, здавалася, вяршыні, на кручы, на снежныя хрыбты, амаль такія ж белыя, як звычайна. Аднак усё гэта паволі ажывала — як народ.
Пэльрэн яшчэ не ўступіў у бітву: ён толькі мацней сціснуў штурвал. Рыхтавалася нешта такое, чаго ён не мог зразумець. Нібы гатовы скочыць звер, ён напружыў мускулы, але ўсё, што ён бачыў перад сабой, было спакойнае. Так, спакойнае, але ў гэтым спакоі была затоена дзіўная сіла.
Потым усё раптам абвастрылася. Кручы і пікі зрабіліся нечакана вострыя, пілот адчуў, што яны, як фарштэўні, рассякаюць пругкую плынь ветру. Потым яму пачало мроіцца, што яны кружацца вакол яго і разварочваюцца, рыхтуючыся да бою, як агромністыя караблі. Потым у паветра ўзняўся пыл: ён ляцеў над снягамі і, нібы ветразь, трапятаў на ветры. Тады, спрабуючы намацаць шлях на выпадак, калі прыйдзецца адступіць, Пэльрэн паглядзеў назад і скалануўся: Кардыльеры былі як у ліхаманцы.
— Цяпер мне каюк.
Уперадзе завостраная вяршыня, быццам вулкан у міг вывяржэння, шпурнула ўгору слуп снежнай лавы. Потым слуп снегу ўзвіўся над другім пікам, трошкі
правей. I вось пачалі ўспыхваць усе пікі падрад: здавалася, іх запальвае па чарзе нейкі нябачны факельшчык. Закруцілася першымі вірамі паветра, і горы вакол пілота загайдаліся...
Шалёная схватка амаль не пакідае слядоў: Пэльрэн шукаў і болей не знаходзіў у сабе ўспамінаў пра магутныя віры, якія закруцілі яго. Ён помніў толькі, з якой разлютаванай адчайнасцю бэрсаўся ў языках шэрага полымя.
Ён задумаўся: «Цыклон — гэта яшчэ нічога. Тут ужо ратуеш сваю скуру. Але пакуль ён яшчэ не пачаўся! Гэтая першая сустрэча!»
Яму здавалася, што цяпер сярод тысяч твараў ён зможа пазнаць гэты люты твар; і, аднак, ён ужо забыў яго.
IV
Рыўер глядзеў на Пэльрэна. Праз дваццаць хвілін пілот вылезе з машыны і, стомлены, ацяжэлы, змяшаецца з натоўпам. Магчыма, ён падумае: «Але ж і набраўся я... Паршывая работка!» I скажа жонцы: «А тут, бадай, лепей, чым над Андамі» — ці нешта накшталт гэтага... I, аднак, Пэльрэн амаль адышоў ад усяго таго, за што так чэпка трымаюцца людзі; ён толькі што спасціг убоства ўсяго гэтага. Ён толькі што пражыў некалькі гадзін па той бок дэкарацый, пражыў, не ведаючы, ці пашчасціць яму зноў набыць гэты горад з яго агнямі. Ці ўбачыць ён зноў яшчэ раз хай сабе і нуднаватыя, але такія дарагія спадарожнікі маленства — свае маленькія чалавечыя слабасці. «У любым натоўпе,— думаў Рыўер,— ёсць людзі, якія нічым з яго не вылучаюцца, а тым часам яны — вестуны дзівоснага. I нават самі гэтага не ведаюць. Хіба што...»
Рыўер баяўся пэўных прыхільнікаў авіяцыі. Яны
не разумелі глыбіннага сэнсу цяжкага жыцця лётчыкаў, іх захапленні скажалі самую сутнасць прыгоды і прыніжалі людзей. Але ў Пэльрэне была годная веліч чалавека, які проста лепей, чым іншыя, ведае, чаго варты наш свет, калі зірнуць на яго з пэўнага пункту гледжання,— веліч чалавека, які грубавата адпрэчвае пошлыя праявы адабрэння.
Рыўер па-свойму павіншаваў яго:
— Як вам удалося?..
I яму спадабалася, што Пэльрэн загаварыў пра сваё рамяство проста, загаварыў пра палёт, як каваль пра сваю накавальню.
Пэльрэн, ледзь не просячы прабачэння, пачаў тлумачыць: «Шлях назад аказаўся адрэзаны. У мяне не было выбару». Да таго ж ён нічога не бачыў: снег сляпіў вочы. Але выратавалі шалёныя плыні паветра — яны ўскінулі самалёт на вышыню сямі тысяч метраў. «Увесь час, пакуль я перавальваў цераз горы, я змушаны быў ляцець упоравень з вяршынямі». Ён сказаў таксама, што варта б перамясціць паветразборнік гіраскопа, бо яго забівае снегам: «Разумееце, наледзь закупорвае яго».
Потым новыя паветраныя токі закруцілі Пэльрэна, збілі вышыню да трох тысяч метраў — і як ён толькі не натыкнуўся на скалы!.. Раптам выявілася, што ён ляціць ужо над раўнінай. «Гляджу, а вакол самалёта — чыстае неба!» I Пэльрэн прызнаўся, што ў той момант у яго было такое ўражанне, быццам ён вырваўся з пячоры...
— У Медсоне — таксама бура?
— He. Калі я сеў, неба было зусім чыстае і ніякага ветру. Але бура ішла за мной па пятах.
Ён апісаў яе, гэту буру, таму што, сказаў ён, «якніяк», усё гэта было даволі дзіўна. «Вяршыня буры гублялася дзесьці высока, сярод снегавых хмар, аснова ж кацілася па даліне, як чорная лава. Яна паглынала го-
рад за горадам. Зроду не бачыў нічога такога...» I Пэльрэн змоўк, запалонены нейкім успамінам.
Рыўер абярнуўся да інспектара.
— Гэта цыклон з Ціхага акіяна: нас папярэдзілі занадта позна. Зрэшты, такія цыклоны ніколі не перавальваюць цераз Анды.
Хто мог прадбачыць, што на гэты раз цыклон прарвецца на ўсход.
Інспектар, які нічога не кеміў у такіх рэчах, згадзіўся з Рыўерам.
Быццам збіраючыся нешта сказаць, інспектар абярнуўся да Пэльрэна; пад скурай у інспектара захадзіў кадык. Але ён прамаўчаў і, нібы перадумаўшы, зноў з меланхалічнай годнасцю стаў глядзець перад сабой.
Сваю меланхолію інспектар вазіў з сабой, як багаж. Ён прыехаў у Аргенціну напярэдадні, выкліканьі Рыўерам для выканання даволі неакрэсленых абавязкаў, і не ведаў, куды падзець свае вялікія рукі і сваю інспектарскую паважнасць. Ён не меў права ні на захапленне, ні на фантазію, ні на дасціпнасць, на яго пасадзе яго павінна было прыводзіць у захапленне толькі адно: пунктуальнасць. Ён не меў права ўзяць чарку ў сяброўскай кампаніі, не меў права звярнуцца на «ты» да саслужыўца ці дазволіць сабе жарт,— хіба што здарыцца немагчымае, і лёс пашле яму ў якімнебудзь аэрапорце сустрэчу з іншым інспектарам.
«Цяжка быць суддзёй»,— думаў ён.
Па праўдзе кажучы, суду ён не вяршыў — ён толькі пахітваў галавой. Сутыкнуўшыся з нечым, чаго ён не разумеў ( а не разумеў ён анічога), ён павольна пахітваў галавой. Гэта прыводзіла ў замяшанне тых, у каго было нячыстае сумленне, і спрыяла добраму догляду абсталявання. Яго ніхто не любіў: інспектар створаньі не для любоўных уцех, а для складання рапартаў. Ён адмовіўся ад думкі прапаноўваць у рапар-
тах нейкія новыя метады ці тэхнічныя ўдасканаленні—адмовіўся з таго часу, як Рыўер напісаў: «Інспектара Рабіно просяць прад’яўляць не паэмы, а рапарты. Задача інспектара Рабіно — выкарыстоўваць свае веды для таго, каб стымуляваць службовую рупнасць персаналу». 3 таго часу чалавечыя слабасці зрабіліся яго хлебам надзённым. Ён цікаваў за механікам, які любіць выпіць, і за начальнікам аэрадрома, які з’явіўся на работу пасля вясёлай ночы, і за пілотам, які няўмела пасадзіў самалёт.
Рыўер казаў пра яго: «Ён не дужа разумны, таму ад яго шмат карысці». Правілы, устаноўленыя Рыўерам, былі для самога Рыўера вынікам вывучэння людзей; для Рабіно існавала толькі вывучэнне правілаў.
— Рабіно,— сказаў яму неяк Рыўер,— ва ўсіх выпадках, калі самалёт вылятае са спазненнем, вы павінны пазбаўляць віноўных прэміі за дакладнасць.
— Нават тады, калі затрымка ад іх не залежыць? Нават у выпадку туману?
— Нават у выпадку туману.
I Рабіно адчуў своеасаблівую гордасць — мець такога валявога шэфа, які не баіцца быць несправядлівым. У такім разе і на Рабіно таксама падае водбліск велічы гэтай улады, якая не баіцца крыўдзіць людзей.