Планета людзей
Антуан дэ Сент-Экзюперы
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 1984
— Вы далі адпраўленне ў шэсць пятнаццаць,— даводзіў ён потым начальнікам аэрапортаў.— Мы не зможам выплаціць вам прэмію.
— Але, месье Рабіно, у пяць трыццаць і за дзесяць крокаў анічагуські нельга было ўбачыць!
— Правілы ёсць правілы.
— Паслухайце, месье Рабіно, не можам жа мы разагнаць туман!
Але Рабіно напускаў на сябе таямнічасць і маўчаў. 3 усіх гэтых пешак ён адзін разумеў, што, караючы людзей, можна паляпшаць надвор’е.
«Ён увогуле не думае,— казаў пра яго Рыўер,— гэта не дае яму магчымасці думаць памылкова».
Пілот, які нявечыў машыну, пазбаўляўся прэміі за безаварыйныя палёты.
— А калі пілот церпіць аварыю над лесам? — удакладняў Рабіно.
— He мае значэння, хоць бы і над лесам.
I для Рабіно гэтае ўказанне было законам.
— Я вельмі шкадую,— казаў ён пілотам, упіваючыся ўласнымі словамі,— я нязмерна шкадую, але трэба было пацярпець аварыю ў іншай мясціне.
— Але, месье Рабіно! Гэта ж ад нас не залежыць!
— Правілы ёсць правілы.
«Правілы,— думаў Рыўер,— падобны на рэлігійныя абрады: яны здаюцца недарэчнымі, але яны фарміруюць людзей». Для Рыўера было ўсё роўна, справядлівы ён у вачах людзей ці несправядлівы. Магчыма, гэтыя словы — «справядлівасць» і «несправядлівасць» — увогуле не мелі для яго ніякага сэнсу. У невялікіх гарадках абывацелі вечарамі таўкуцца на адкрытых танцпляцоўках, і Рыўер думаў: «Што гаварыць пра справядлівасць і несправядлівасць у дачыненні да іх; яны яшчэ не існуюць». Чалавек быў для яго нечапаным воскам, з якога трэба было нешта вылепіць. Трэба было ўдыхнуць душу ў гэтую матэрыю, надзяліць яе воляй. Сваёй суровасцю ён хацеў не парабаціць людзей, а памагчы ім пераўзысці саміх сябе. Калі ён караў іх за кожнае спазненне, ён рабіў несправядліва,— але тым самым ён нацэльваў волю людзей, іх думкі на адно: на тое, каб у кожным аэрапорце самалёты выляталі без спазненняў: ён ствараў гэтую волю. He дазваляючы людзям радавацца слоце як запрашэнню адпачыць, ён прымушаў іх напружапа чакаць прасвету ў небе; і кожны — аж да апошняга падсобніка — у душы ўспрымаў гэтае чаканне як нешта прыніжальнае. I яны імкнуліся скарыстаць першую ж
шчыліну ў небнай брані: «На поўначы праясняецца! У дарогу!» Дзякуючы Рыўеру на ўсёй лініі ў пятнаццаць тысяч кіламетраў панаваў культ своечасовай дастаўкі пошты.
Рыўер казаў часам:
— Гэтыя людзі ыічаслівыя, таму што яны любяць сваю работу, а любяць яны яе таму, што я строгі.
Магчыма, ён і прыносіў ім боль, але ён жа дарыў ім і вялізную радасць. «Трэба прымусіць іх жыць у вечным напружанні,— думаў Рыўер,— жыццём, якое прыносіць і пакуты і радасці; гэта і ёсць сапраўднае жыццё».
Калі машына ўехала на вуліцу горада, Рыўер загадаў падвезці яго ў кантору кампаніі. Застаўшыся сам-насам з Пэльрэнам, Рабіно паглядзеў на лётчыка і загаварыў.
V
У той вечар Рабіно таксама быў ахоплены тугою. Гледзячы на Пэльрэна-пераможцу, ён раптоўна зразумеў, якое шэрае было яго ўласнае жыццё. Зразумеў, што ён, Рабіно, нягледзячы на свой чын інспектара, на сваю ўладу, быў варты меней, чым гэты разбіты стомай з заплюшчанымі вачыма чалавек, з чорнымі ад масла рукамі, які зашыўся ў куток машыны. Упершыню ў жыцці Рабіпо адчуў захапленне і патрэбу выказаць гэтае пачуццё. А больш за ўсё — патрэбу ў сяброўстве. Ён стаміўся ад паездкі, ад штодзённых няўдач; ён нават пачуваў сябе трошкі смешнаватым. У гэты вечар ён правяраў склад паліва і пад канец зусім заблытаўся ў лічбах, і той самы кладаўшчык, якога ён хацеў падлавіць на махінацыях, пашкадаваў яго і закончыў за яго падлікі. Болей таго, заявіўшы, што масляная помпа тыпу Б-6 устаноўлена няправільна, ён зблытаў яе з маслянай помпай тыпу Б-4, і каварныя
механікі дазволілі яму хвілін дваццаць кляйміць ганьбай «невуцтва, якому няма апраўдання» — сваё ўласнае невуцтва.
Да таго ж ён баяўся свайго пакоя ў гатэлі. Усюды, ад Тулузы да Буэнас-Айрэса, ён ішоў пасля работы ў свой нязменны нумар. Абцяжараны таямніцамі, якія перапаўнялі яго душу, ён замыкаўся на ключ, даставаў з чамадана стос чыстай паперы, павольна выводзіў загаловак «Рапарт», занатоўваў некалькі радкоў і — шкуматаў паперу. Ён апантана прагнуў уратаваць авіякампанію ад злавеснай небяспекі. Але кампаніі нішто не пагражала. Да гэтага часу яму ўдалося ўратаваць адну толькі ўтулку вінта, прыхопленую ржой. Павольна водзячы пальцам па гэтай іржаўчыне, ён змрочна глядзеў на стаяўшага перад ім начальніка аэрадрома; а той адказаў: «Звярніцеся ў пасадачны пункт, адкуль гэты самалёт толькі што прыбыў...» Рабіно пачаў сумнявацца ў значнасці сваёй ролі.
У жаданні зблізіцца з Пэльрэнам ён асмеліўся прапанаваць:
— Давайце павячэраем разам. Мне хочацца трошкі пагаварыць... Mae абавязкі не такія ўжо і лёгкія...
Але, баючыся прынізіць сябе ў вачах пілота, адразу ж паправіў сябе: — На мне ляжыць такая адказнасць!
Падначаленыя зусім не праглі дапускаць Рабіно ў сваё прыватнае жыццё. Кожны думаў: «Пакуль ён яшчэ нічога не вышукаў для свайго рапарта, але варта яму агаладаць, і ён мяне з’есць».
Але ў той вечар Рабіно думаў толькі пра свае беды: яго сапраўдную тайну складала пакутлівая экзема, якая пастаянна мучыла яго, і яму захацелася сёння расказаць пра гэта, захацелася, каб яго пашкадавалі: не знаходзячы ніякага суцяшэння ў ганарыстасці, ён шукаў яго цяпер у пакорлівасці. У Францыі ў яго была каханка; па вяртанні ён расказваў ёй уночы пра
сваю інспоктарскую дзейнасць — ён спадзяваўся гэткім чынам заваяваць яе любоў,— але ён ведаў, што яна не кахае яго, і сёння яму трэба было пагаварыць пра яе.
— Дык вы павячэраеце са мной?
Пэльрэн паблажліва згадзіўся.
VI
Службоўцы драмалі за сталамі буэнас-айрэскай канторы, калі зайшоў Рыўер. У сваім нязменным паліто, у капелюху, ён, як заўсёды, нагадваў вечнага падарожніка і амаль не прыцягваў да сябе ўвагі — гэтак мала месца ён займаў, невысокі, хударлявы, гэтак пасавалі да любой абстаноўкі яго сівыя валасы, яго безаблічная вопратка. Аднак людзі адчулі раптоўны прыліў шчыравання. Пажвавелі сакратары, загартаў апошнія дакументы загадчык бюро, застукалі пішучыя машынкі.
Тэлефаніст падключыў апарат і пачаў нешта занатоўваць у тоўстую кнігу рэгістрацыі тэлеграм.
Рыўер сеў і пачаў чытаць.
Самалёт, які прыляцеў з Чылі, вытрымаў выпрабаванне: перад Рыўерам праходзілі падзеі ўдалага дня, калі ўсё ладзіцца неяк само сабою, калі данясенні, адно за адным пасыланыя аэрапортамі, ператвараюцца ў скупыя зводкі атрыманых перамог. Паштовы з Патагоніі таксама імкліва ішоў наперад; ён нават апярэджваў расклад — вятры гналі з поўдня на поўнач агромністую спадарожную хвалю.
— Дайце ме-эазводкі.
Кожны аэрапорт хваліўся пагодай, празрыстым небам, пругкім ласкавым ветрыкам. Залацісты вечар ахінуў Амерыку. Рыўер цешыўся гэтаму шчыраванню прыроды. Дзесьці ў нетрах ночы вёў змаганне патагонскі самалёт, але ў яго былі ўсе шанцы на перамогу.
Рыўер адклаў сшытак.
— Добра!
I выйшаў з кабінета, каб глянуць, як працуюць людзі,— начны дазорац, пад чыёй вартай была добрая палова свету.
Ён спыніўся перад расчыненым акном — і зразумеў ноч. Яна ўвабрала Буэнас-Айрэс, усю Амерыку пад свой прасторны купал. Ён не здзівіўся гэтаму адчуванню велічы: неба Сант’яга — неба чужой краіны, але самалёт ідзе ў Сант’яга, людзі па ўсёй лініі з канца ў канец жывуць пад адным бяздонным купалам. Вось ляціць зараз другі паійтовы самалёт, чый голас так прагна ловяць навушнікі радыстаў, яшчэ нядаўна рыбакі Патагоніі бачылі, як зіхацяць яго бартавыя агні. Пачуццё трывогі за самалёт у палёце кладзецца цяжарам на плечы не толькі Рыўеру; учуўшы рокат матора, сталічныя гарады і правінцыяльныя мястэчкі адчуваюць тую ж трывогу.
Радуючыся, што ноч такая ясная, ён прыгадаў іншыя ночы, калі здавалася, што самалёт паглынаецца хаосам і памагчы яму неймаверна цяжка. У такія ночы радыёстанцыя ў Буэнас-Айрэсе чуе, як да скаргі самалёта прымешваецца хруст навальніцы. Пад густым напластаваннем пустой пароды губляецца залатая жыла музычнай радыёхвалі. I якая журбота гучыць у мінорным спеве самалёта, што, як сляпая страла, ляціць насустрач небяспекам ночы!
«У ноч дзяжурства месца інспектара — у канторы»,— падумаў Рыўер.
— Знайдзіце, Рабіно!
А Рабіно тьтм часам стараўся заваяваць дружбу пілота. У гатэлі ён распатрашыў перад Пэльрзнам свой чамадан: з нетраў чамадана з'явіліся на свет тыя дробныя рэчы, якія збліжаюць інспектараў з рэштай чалавецтва: некалькі не дужа густоўных сарочак, туалет-
ныя рэчы, здымак хударлявай жанчыны — інспектар прышпіліў яго да сцяны. Гэткім чынам ён пакорліва спавядаўся Пэльрэну ў сваіх патрэбах, у сваіх пяпічотных пачуццях, у сваіх смутках. Раскладваючы перад лётчыкам гэтыя мізэрныя скарбы, ён выстаўляў напаказ сваё ўбоства. Сваю духоўную экзему. Паказваў сваю турму.
Але і ў Рабіно, як і ўва ўсіх людзей, быў у жыцці кволы праменьчык святла. Бясконца пяшчотна ён дастаў з самага дна чамадана невялікую, карпатліва завязаную торбачку. Ён доўга пагладжваў яе далонню, не кажучы ні слова. Потым нарэшце расхіліў рукі:
— Я прывёз гэта з Сахары...
Інспектар нават пачырванеў ад такога смелага прызнання. Яго мучылі непрыемнасці; у яго не склалася сямейнае жыццё; жыццё яго было бязрадаснае, і ён знаходзіў суцяшэнне ў маленькіх чорных каменьчыках,— яны прыадчынялі перад ім дзверы ў свет таямніц.
— Якраз такія часам трапляюцца і ў Бразіліі,— сказаў ён і пачырванеў яшчэ мацней.
Пэльрэн паляпаў па плячы інспектара, схіленага над легендарнай Атлантыдай...
Нешта накшталт сарамлівасці прымусіла Пэльрэна спытацца:
— Вы цікавіцеся геалогіяй?
— Гэта маё захапленне.
Ва ўсім свеце адзіна камяні мелі спагаду да яго.
Рабіно паклікалі ў кантору; ён пасумнеў, але набыў сваю звыклую важнасць.
— Я мушу пакінуць вас: месье Рыўер патрабуе, каб я прыйшоў,— нейкая вельмі важная справа.
Калі Рабіно зайшоў у кантору, Рыўер паспеў забыцца пра яго. Ён стаяў у роздуме перад насценнай картай, дзе чырвонай фарбай была нанесена сетка авія-
ліній. Інспектар чакаў яго загадаў. Пасля доўгіх хвілін маўчання Рыўер, не паварочваючы галавы, запытаўся:
— Што вы думаеце пра гэтую карту, Рабіно?
Вяртаючыся да рэальнасці са свету летуценняў, ён часам прапаноўваў сваім падначаленым такія галаваломкі.
— Гэтая карта, месье дырэктар...