Планета людзей  Антуан дэ Сент-Экзюперы

Планета людзей

Антуан дэ Сент-Экзюперы

Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 397с.
Мінск 1984
88.45 МБ
БІБЛІЯТЭКА ЗАМЕЖНАЙ ПРОЗЫ
Антуан дэ Сэнт-Экзюперы
ПЛАНЕТА
ЛЮДЗЕЙ
ВЫБРАНАЕ
МІНСК «МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА» 1984
Н(Фр) С97
Пераклала з французскай НІНА МАЦЯШ
Пераклад зроблены з выдання: Saint-Exupery A. de Oeuvres.— M.: Editions du Progres, 1967.—380 c.
4703000000—112
C M302(05)—84	171—84
©Прадмова. Пераклад на беларускую мову. Афармленне. Выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1984.
«ШУКАЙЦЕ МЯНЕ У ТЫМ, ШТО Я ІІІШУ...»
У Правансе, у дэпартаменце Вар, адзін чароўны куточак на беразе Міжземнага мора называецца Агей. Там, у невялікай утульнай бухце на маяку, мемарыяльная дошка:
«Піянер паветраных ліній, чыё нястомнае пічыраванне і дапытлівая адвага ярка ўзвялічылі славу французскай авіяцыі,
АНТУАН ДЭ СЭНТ-ЭКЗЮПЕРЫ апантаны ваенны лётчык, які ў 1940, потым у 1943 гадах на справе даказаў сваё палкае жаданне служыць радзіме, сваю веру ў яе адраджэнне і патрапіў выказаць прагу дзеяння і высакароднасць свайго ідэалу ў адным з самых значных літаратурных твораў сучаснасці, які ганаруе духоўную місію Францыі, загінуў смерцю храбрых 31 ліпеня 1944 года пры вяртанні з авіяразведкі над сваёй акупаванай ворагам краінай».
Антуан дэ Сэнт-Экзюперы (1900—1944) не дажыў трох тыдняў да вызвалення роднай Францыі ад нямецка-фашысцкіх захоппікаў. Да нядаўняга часу былі невядомыя акалічнасці гібелі гэтага славутага чалавека. 31 ліпеня 1944 года ён вылецеў з аэрадрома на востраве Корсіка, каб зрабіць аэрафотаздымкі паўднёва-ўсходніх раёнаў Францыі, і не вярнуўся. Ніхто не змог сказаць, што здарылася з яго самалётам. Ніякіх сігналаў ад лётчыка не паступіла, радарныя ўстаноўкі не змаглі зафіксаваць яго самалёт, пошукі абломкаў у моры таксама былі марныя.
Толькі праз 37 гадоў высветлілася, што самалёт Экзюперы быў збіты германскім знішчальнікам «фоке-вульф», якім кіраваў нейкі Роберт Хейшэль. Вярнуўшыся на свой аэрадром, Хейшэль склаў падрабязную справаздачу пра палёт, у якой былі названы дакладныя прыкметы збітага самалёта.
У 1972 годзе заходнегерманскі авіяцыйны часопіс у адным з артыкулаў, прысвечаным апошнім гадам вайны, надрукаваў справаздачу Хейшэля. У той жа публікацыі ўпершыню быў названы бартавы нумар самалёта, абломкі якога ўпалі ў мора разам з лётчыкам. Па нумару француз-
скім гісторыкам удалося вызначыць, што гэта быў самалёт Антуана дэ Сэнт-Экзюперы...
«У свеце, дзе запанаваў бы Гітлер, мне няма месца»,— з горкай перакананасцю сцвярджаў Экзюперы ў адным з лістоў да маці. Ён прыйшоў да гэтай высновы пасля таго, як усімі праўдамі і няпраўдамі вырваў ва ўлад дазвол на паездку ў перадваенную Германію, дзе твар у твар сутыкнуўся з «новым парадкам», які зводзіць на нішто духоўную сутнасць чалавека, ператварае чалавека ў пустыню. I ён, пісьменнік і грамадзянін, для каго жыць — азначала ўдзельнічаць, не мог задаволіцца роляй сведкі. Ён, хто ўсё сваё жыццё і словам, і ўчынкам сіліўся абудзіць Чалавека ў чалавеку, хто глыбока ўсведамляў, іпто «існуе адна праблема, адна-адзіная на свеце: вярнуць людзям духоўную сутнасць, духоўныя клопаты», ён, такі, здавалася б, далёкі ад палітыкі чалавек, аддаў жыццё за гэтыя ідэйныя прынцыпы і перакананні.
«Сэнт-Экзюперы належаў да тых нямногіх людзей, чыя чалавечая сутнасць важнейшая за легенду пра іх. Ён — адзін з найвыдатнейшых людзей нашага часу. Але для нас, лётчыкаў, ён перш за ўсё адзін з нашых. Ягоны геній выкаваў самалёт».
Гэта словы Дзідзье Дара — знакамітага французскага лётчыка, у свой час дырэктара авіякампаніі «Жэнэраль Аэрапасталь», хто, па шматлікіх меркаваннях, паслужыў пісьменніку мадэллю для лепкі вобраза Рыўера ў кнізе «Начны палёт».
«Ягоны геній выкаваў самалёт».
He адразу, далёка не адразу Экзюперы змог зрабіць такое ўсхваляванае прызнанне: «Мамачка, ваш сын вельмі шчаслівы, ён знайшоў сваё прызванне». Гэтаму папярэднічалі гады пакутлівага пошуку месца ў жыцці, справы, якая цалкам задаволіла б патрэбу ў самасцвярджэнні, прагу выявіць свае магчымасці ва ўсёй паўнаце. Душу Антуана з дзяцінства прыцягвалі два магніты: мастацтва і тэхніка. Рос ён у арыстакратычнай сям’і пад апекай маці, таленавітай мастачкі, якая выхоўвала сваіх дзяцей адзіным метадам — любоўю. Менавіта маці абавязаны Антуан самым светлым успамінам пра сваё маленства. I зусім невыпадкова пасля правалу на конкурсе ў «Эколь наваль» — Вышэйпіым ваенна-марскім вучылішчы — васемнаццацігадовы юнак паступае на архітэктурнае аддзяленне Акадэміі мастацтваў. Пятнаццаць месяцаў навучання ў Парыжы, асяроддзе заможных, рэспектабельных сваякоў і прыяцеляў зрабілі своеасаблівы ўплыў на дапытлівую натуру будуча-
fa ііісьменніка. Менавіта ў гэты перыяд самастойнага жыц ця ён глыбока ўсвядоміў, як гэта пуста і недарэчна — марнаваць адведзеныя лёсам гады на званыя абеды і хай сабе зацікаўленыя, але бяздзейныя рэфлексіі пра літаратуру і мастацтва. Каб адчуць паўнату жыцця, яму трэба было асабіста прымаць удзел у стварэнні гэтага жыцця, бачыць плён сваёй працы. Адчуванне такой паўнаты прыйшло паступова, калі Антуан дэ Сэнт-Экзюперы — Сэнт-Экс, як ласкава называлі яго таварышы,— паступіў на службу ў авіякампанію, створаную авіяканструктарам Латэкаэрам, калі, паспытаўшы хлеб салдата, ваеннага лётчыка, рабочага на заводзе грузавых і спецыяльных аўтамашын, гандлёвага агента, ён пачынае перавозіць пошту на лініі Тулуза — Касабланка, а потым і Касабланка — Дакар. Сама ў гэты час ён апублікаваў у часопісе «Лё навір д’аржан» першы літаратурны твор — кароткую навелу «Лётчык» і пачаў пісаць аповесць «Паўднёвы паштовы». Пачаў натхнёна і самааддана пісаць сваё жыццё. Як сведчаць людзі, якія блізка ведалі Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, гэта была надзвычай цэльная натура, якой галоўнае ў жыцці было — узбагаціцца вопытам, з кожнай прыгоды вынесці адпаведны ўрок.
«Мяне — гэткага, які я ёсць,— трэба шукаць у тым, што я пішу — гэта сумленна выверанае і асэнсаванае падсумоўванне ўсяго, што я думаю і бачу»,— сказаў сам пісьменнік.
Цікава сачыць — ад твора да твора — за духоўным ростам Сэнт-Экзюперы, за выспяваннем яго як асобы. Кожны пісьменнік у сваёй творчасці міжволі адлюстроўвае свой духоўны багаж. Вось чаму так розніцца створанае ў сталым веку ад напісанага ў маладосці, і адрозненне гэта — у ступенях успрымання і разумення свету, у філасофскім асэнсаванні яго. Асабліва яскрава гэта выяўляецца ў так званых аўтабіяграфічных творах. Яшчэ ў ліцэі Антуан дэ Сэнт-Экзюперы выявіў свае схільнасці да творчасці, калі склаў арыгінальную, забаўную казку пра прыгоды цыліндра. Але пазней ён зразумеў, што, перш чым пісаць, трэба жыць: «Трэба вучыцца не пісаць, а бачыць». Рамяство лётчыка паштовых ліній спакваля вучыла яго непараўнанаму ўменню бачыць — і выказваць, прымусіць і чытача глянуць на свет яго вачыма.
Пясняр «самага крохкага ў свеце» — чалавечых повязяў, Антуан дэ Сэнт-Экзюперы вечна прагнуў шчыравернасці і ўзаемаразумення — і вельмі часта адчуваў бязлітасную адзіноту. Яму патрэбны былі аднадумцы, патрэбны былі сябры, якія «былі б садам», дзе б ён «мог адпачываць». Яму жыццёва патрэбна было дзяліцца ўсім, чым поўнілася
душа. Чалавек надзвычай жыццярадасны і светлы, СэнтЭкзюперы моцна пакутаваў ад таго, што жаданыя сябры не заўсёды былі побач. Выручалі лісты — да маці, пяшчотную прывязанасць да якой пісьменнік пранёс праз усё жыццё, да «выдуманага друга» Рынеты дэ Сасін, да Леона Верта, доктара Пелісье, сяброўкі II. Выручала творчасць. Усё напісанае Антуанам дэ Сэнт-Экзюперы — гэта прага і намаганпе падзяліцца самым запавстным, перажытым і выпакутаваным, гэта лісты да кожнага з нас, да кожнага чалавека на «планеце людзей», дзе мы так часта як чужаніцы адзін з адным.
Творы Антуана дэ Сэнт-Экзюперы — гэта своеасаблівы кодэкс маралі, суровы і ўзвышаны, дзе над усім пераважае вера ў стваральныя магчымасці чалавека, у яго духоўнае хараство. У блакноце пісьменніка ёсць запіс: «Дзеянне ратуе ад смерці. Яно ратуе і ад страху, і ад усіх слабасцей, нават ад холаду і хвароб». Гэтая думка асабліва ярка ўвасоблена ў «Начным палёце». Але самаадрачэнне галоўнага героя Рыўера ад чалавечых радасцей жыцця дзеля справы, суровая патрабавальнасць да падначаленых, даведзеная да перакананасці, што, «караючы людзей, можна паляпшаць надвор’е», мяжуе з бяздушнасцю, пераходзіць у жорсткасць там, дзе культ справы засланяе чалавека, дзе людзі прыпадобнены да пешак, безадказных, пакорлівых вінцікаў у прыведзенай у рух сістэме жалезных шасцерань. Дзеянне дзеля дзеяння — бяссэнсіца. «Самалёт не мэта, а прылада». Як гэблік ці плуг. Як матэматычная формула ці паэма. Гэта толькі прылады — для болей дасканалага пазнання свету, для нястомнага выяўлення, выкоўвання сутнасці чалавека. Жыць — Сэнт-Экзюперы азначала: «Паволі нараджацца. Гэта было б занадта лёгка — адразу набываць гатовыя душы».
Антуан дэ Сэнт-Экзюперы пісаў яшчэ адну кнігу, сваю «пасмяротную кнігу», як ён называў яе: «Цытадэль». Гэты твор павінен быў падсумаваць, падагуліць увесь яго жыццёвы вопыт, усе яго думкі. Заўчасная трагічная смерць абарвала намеры і задумы палымянага гуманіста.
Але праўду сказаў яго суайчыннік і калега Казамаёр: «Пісьменнік Сэнт-Экзюперы не пайшоў ад нас, ён прыйшоў да нас, і яго месца нікім не можа быць занята».
Ніна Мацяш
НАЧНЫ ПАЛЁТ
Прысвячаецца Дзідзье Дара
I
Пагоркі пад крылом самалёта ўжо ўрэзвалі свае цёмныя контуры ў золата змяркання. Раўніны пачыналі струменіцца роўным зіхоткім святлом: у гэтай краіне яны раздорвалі сваё золата з такой жа шчодрасцю, з якой яшчэ доўгі час пасля зыходу зімы выпраменьваюць снежную белату.
I лётчык Фаб’ен, які з крайняга поўдня Патагоніі вёў паштовы самалёт на Буэнас-Айрэс, пазнаваў надыход вечара па тых жа прыкметах, па якіх даведваюцца пра гэта воды гавані: па ціхамірнасці, па лёгкай хвалістасці, якая ледзь кратала ціхія аблокі. Фаб’ен быццам выходзіў на бязмежны, лагодны рэйд.
Часам у гэтай цішы яму пачынала здавацца, што ён робіць нетаропкую прагулянку, што ён — пастух. Пастухі Патагоніі няспешна брыдуць ад статка да статка: Фаб’ен ішоў ад горада да горада — ён пасвіў гэтыя невялічкія гарадкі. Ён спатыкаў іх праз кожныя дзве гадзіны — гарады праставалі на вадапой да берагоў рэк альбо мірна скублі траву на раўнінах.
Часам, пасля соцень кіламетраў стэпавых прастораў, яшчэ бязлюднейшых, чым мора, ён пралятаў над