Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Так, можа, недзе і Юркава Ліда. Памятаю, з якой нецярплівасцю ў вучылішчы выхопліваў ён з рук днявальнага яе пісьмы, размаляваныя каляровымі алоўкамі. Колькі ў іх было пяшчоты і адданасці! Гэта было яркае і кароткае каханне, якому я зайздросціў і аб якім марыў усю маладосць. Дзе яна цяпер, яго Лідка?
Жанчына ля акна папраўляе на галаве хустку, захінае жакетку. Ля ног у яе невялічкі руды чамаданчык. Адкуль і куды яна едзе? Які лёс кіруе яе, відаць, невясёлым жыццём? Што яе адасоблівае ад людзей у гэтай зале і кліча ў самотную адзіноту бяссоннае ночы?
He, я не хачу бачыць ІОркаву Ліду такой спрацаванай на мужчынскай рабоце, дачасна змарнелай у адзіноце, з абыякавасцю ў вачах. Я не хачу гэта сабе ўявіць. Адмаўляюся зразумець. I не ў стане пазбыцца ў думках верагоднасці яе менавіта такога лёсу.
Эх, Юрка, Юрка! Ты — самы вялікі мой боль у жыцці. Ты — незагойная мая рана. Іншыя ўсе ўжо даўно пазагойва-
ліся, а ты муляеш, крываточыш і баліш, мабыць, таму, што ты — рана ў сэрцы. Сумленне маё падрэзана тваёй пагібеллю, ад якой я не магу ачуняць дваццаць гадоў.
Так, я вінаваты таксама. Вінаваты перад табой і перад тваёй маці, за якую ты найболып непакоіўся пры жыцці. Я не забыўся на яе адрас. Але што я мог напісаць ёй? Каюся, я доўга вагаўся і недзе гады праз два пасля вайны паслаў ёй паштоўку з паведамленнем, што ты без вестак прапаў пад Кіраваградам. Гэта была маленькая хітрасць, якая мне памагла зрабіць выбар, каб зрабіць як найлепш. Я ведаў тваю маці з яе пісьмаў да цябе, кожнае з якіх было на чатырох лістах пад нумарамі. Я не забыўся, як непакоілася яна пра цябе, пра тваё жыццё. Але я памятаю таксама, што яна ніколі не прасіла цябе, як іншыя, што б там ні стала зберагчы жыццё. Яна заклікала цябе, калі прыйдзе апошні той час, не забыцца, што ты савецкі афіцэр і камсамолец і зрабіць так, як патрабуе ад цябе твой абавязак. На іншае яна не магла пагадзіцца.
I неўзабаве я атрымаў ад яе адказ. Невялікі ліст, некалькі скупых слоў святой мацярынскай хлусні. He без гонару пісала яна, што ты па-геройску загінуў у няроўным баі.
Ці мог я пасля гэтага паведаміць ёй усю праўду аб тваёй пагібелі?
Што ж, я вінюся перад табой і каюся. Але мы разумнеем з гадамі, а ваяваць нам давялося зялёнымі хлопцамі. Цяпер бы я не зрабіў так. Я б пастараўся не аддаліцца ад цябе, як гэта здарылася ў той дамоўцы на кіраваградскім пераездзе. Цяпер я разумею, што ў адносінах да цябе, параненага, паставіўся амаль па-здрадніцку. Трэба было мне не адыходзіць ад цябе да канца. Мабыць, я раней зразумеў бы тваю роспач, і яна б не абарвалася тым недарэчным стрэлам, на які падбухторыў цябе Сахно. Але тады я быў не цяперашні і на некалькі гадзін сапраўды занядбаў цябе, адзінокага ў сваёй знямогласці.
36
Адчуванне маё то праясняецца, то знікае ў млосных правалах свядомасці. У галаве ўсё кружыцца, плыве і гойдаецца. Аднак я разумею, што мяне валакуць наўскасяк па адхоне
ўгару. Пасля мая здаровая нага балюча выцінаецца аб рэйку. Я кранаюся ёй долу і пачынаю скакаць па заснежаных шпалах. Кожны рух суправаджаецца невымернай да атупення пакутай. Другая, мне ўжо непадуладная нага сутаргава падкорчваецца ад болю і ціхенька, аслабела калоціцца.
Усё маё цела ў ліпкім сцюдзёным поце. Часам я расплюшчваю вочы, і тады перад імі плывуць-гойдаюцца прысыпаныя снегам шпалы і дзве чорныя рэйкі з абодвух бакоў. Побач мільгаюць боты. 3 аднаго боку кірзавыя, пацёртыя на шчыкалатках — Сахновы, з другога тупаносыя скураныя — Энгеля. Ля гэтых скураных раз-пораз паказваецца чорны прыклад карабіна, і я здагадваюся: ім узброіўся мой штрафны канваір. Значыць, яго не расстраляюць. Гэта чамусьці адгукаецца ва мне задавальненнем, якое нараджае надзею: a раптам ён паможа. Калі толькі мне яшчэ можна чым-колечы памагчы.
Хутка, аднак, невыносная млявасць ад болю зноў туманіць мой зрок, і я перастаю бачыць. Цьмяна я адчуваю, што мяне вядуць у палон. Вядуць два чалавекі, якія тут менш за ўсіх падыходзяць для гэтага. Сапраўды, аднаго суткі назад я сам павінен быў здаць у палон, а другі... He хочацца нават і думаць, хто гэты другі.
I вось цяпер яны — мае канваіры.
Але навошта я, такі скалечаны, спатрэбіўся немцам? Хіба, каб нешта ад мяне дазнацца раней, чым забіць? Тады чаму я іду? Хай забіваюць адразу. Праўда, я заўжды хацеў жыць. I цяпер таксама. Каб толькі не боль. Нават насуперак болю. Толькі чым мне абернецца якая лішняя гадзіна жыцця? Можа, горшым, чым сама смерць...
Галава мая тлумнее ад блытаных думак і неадольных для майго стану пытанняў. Нечага вельмі важнага я ніяк не магу даўмецца. Я толькі адчуваю, што сталася нешта жахлівае, непапраўнае і несправядлівае. Часам я забываюся, дзе я і куды іду. Міжвольна здаецца, што побач Каця. Нават чуецца дзесьці паблізу яе голас. Я не магу сабе ўявіць, што яе ўжо няма і ніколі не будзе... I што ніколі болей не будзе майго сябра ІОркі. Здаецца, ці не сон гэта? Было ж колькі разоў у сне, што трапляў у рукі да немцаў, якія нават спра-
бавалі мяне забіць. Але затым наставала абуджэнне, і ўсё рабілася па-ранейшаму. Можа, і цяпер будзе так? Толькі вось нялюдскі, нясцерпны боль!
Трэба сабрацца, засяродзіцца і нешта зразумець, у нечым разабрацца. Я заўжды няблага разбіраўся ва ўсіх каверзах, што наблытвала перада мной жыццё. Дома, у школе, у вучылішчы. Праўда, тут вайна. Вялізная, лютая, небывалая на зямлі вайна. У ёй сам д’ябал з богам самым старанным чынам усё пераблыталі. Ніводная заканамернасць тут не з’яўляецца правілам. А самая педарэчная выпадковасць часам робіцца табе лёсам. Разбярыся, што тут надзейна і пастаянна? I нязменна?
Пэўна, я мог бы штось зразумець, каб не такія пакуты. Боль мне не дае ні аб чым думаць. Ён адбірае сілы. Слабасцю захлынаецца маё сэрца. Столькі трэніраванае на кросах, фізо і на зарадках сэрца. Здаецца, нікуды я не дайду. Я проста сканаю ў руках гэтых двух. На гэтай чыгунцы. У некалькіх кіламетрах ад Кіраваграда.
Так, я хачу сканаць. Я не хачу ісці ў палон. Я не буду даваць ім ніякіх звестак. Я не хачу і не магу болей пакутаваць. Пакуты робяцца звыш маіх сіл. Я нават не ведаю, дзе і што мне баліць. Боль самаўпраўна гаспадарыць ва ўсім целе, невядома чаго дамагаючыся. Я вельмі зайздрошчу Юрку. Яму не баліць. Ён пераступіў свой апошні рубеж і цяпер непадуладны для немцаў. Сілы над ім ужо ў іх няма. I смерць мне пачынае здавацца жаданым збавеннем. Толькі дзе яно, тое збавенне?
Я расплюшчваю вочы і дзіка пазіраю навокал. Паабапал стэпавая роўнядзь, чыгунка, тэлеграфныя слупы збоку. Мерна і настойліва гудуць правады. Наперадзе тупае немец. Каробка закінутага за спіну процівагаза лязгае па затворы яго карабіна. Я паднімаю галаву і бачу сашчэпленыя сківіцы Сахно. Ён усё не страляецца, не ўцякае. Няўжо ён пойдзе ў палон?
— Забі мяне!
Сахно, здаецца, ажно здрыгаецца. Зусім незнаёмымі вачыма пазірае ў мой твар. Мабыць, твар у мяне нялюдскі, бо ў глыбіні ягоных зрэнак — раптоўны спалох.
— Забі мяне! Будзь чалавекам!
Я і сам разумею бязглуздасць мае просьбы-енку. Але гэта
енчыць мой боль. I маё спакутаванае цела. Яны самыя ўладарныя цяпер ва мне, і я ім падпарадкуюся. Адзіная мая нага падкошваецца, і я зусім вісну на чужых руках. Сахно тады моцна тузае за плячо і дыхае засцярожлівым шэптам:
— Калі што — ты мяне не ведаеш. Паняў?
Я праглынаю тугі крыўдны камяк. Ага, цяпер ён мяне ўгаворвае. Падобна, ужо ён перайначваецца. Астатніх панішчыў, а сам усё марудзіць. Можа, думае выжыць?
У роспачы я тузаюся з іх учэпістых рук. Энгель нешта незадаволена буркае і ямчэй падхоплівае мяне пад паху. Сахно ж аднаруч не вытрымлівае. Плячом я выцінаюся аб шпалу і ляжу, курчачыся ад болю. Ззаду раздаецца суровы гартанны крык. Сахно, палахліва зазіраючы мне ў вочы, тузае за рукаў.
— Ты што? Уставай!
— He ўстану! Забівайце! He ўстану.
У гэтым цяпер маё выйсце. Выйсце з жыцця ў нябыт. Іншага няма. Хай страляюць.
Але яны не страляюць.
Энгель некалькі разоў нязлосна тузае за руку, стараецца падхапіць за другую Сахно, але я настойліва ім не паддаюся. Тады насупраць з’яўляецца той, у касцы. Ягоны позірк крута ўпіраецца ў мяне дзесьці між броваў. Дужы ўдар ботам пад дых зацінае маё дыханне.
— Ауфштэген!
He, ужо чорта вам, а не ауфштэген! Задыхаючыся, я хапаю ротам паветра і, на жаль, нічога не магу ім сказаць. Свет зноў правальваецца ў млосную імглістую прорву. Рэшткамі адчування я адзначаю, як яны хапаюць мяне за рукі, за нагу, за падраныя полы шыняля, і зямля пада мной знікае. Вірлівая дрыготкая гойданка падхоплівае мяне і ўносіць з свядомасці...
Ачынаюся таксама ад удару. Здаецца, нечым пякуча-сцюдзёным тупа выцінаюць па твары, і я ўраз апынаюся на скрыпучай нерухомай роўнядзі. Варухнуўшы рукамі, разумею, што яны мяне кінулі ніцма ў снег. Напэўна, зараз прыстрэляць. Нетаропка і вяла, ледзьве адольваючы знямогу, у якой раствараецца боль, паварочваю галаву. Пада мной утаптаная зімовая дарога, рудая наздраватая пляма ад конскай
мачы, натрэсеныя ацяробкі сена і побач ногі. Шмат ног у ботах, чаравіках з кароценькімі скуранымі і брызентавымі крагамі. Двое ці болей у валёнках. Бліжэй за іншыя пазнаю выслізганыя ў снезе кірзачы Сахно. На іх скураных галоўках плямы крыві. Здаецца, гэта мая кроў. Аднак рэзкая нямецкая фраза прымушае мяне зірнуць далей, і мае вочы натрапляюць непадалёк на вузенькую, брудную падножку «опель-капітана». Адзін яе край аздоблены цьмянай „алоскай нікелю. Канец прыгнуты нейкім ударам, а на сярэдзіне пацепвае падэшвай добра начышчаны хромавы бот.
3 патугай я перасоўваю позірк вышэй, здагадваючыся ўжо, што гэта — начальства. I сапраўды, у машыне нейкі важны, самавітага выгляду афіцэр. Хударлявы і немалады. На галаве новая высокая фуражка. Пад выгаленым падбародкам ляжыць руды футровы каўнер скуранога рэглана. Вачэй, аднак, не відаць, замест іх пабліскваюць шкельцы пенснэ. Я першы раз бачу такога важнага немца, і ў іншых абставінах, мусіць, гэта было б цікава. Аднак цяпер ён мне абыякавы. Мне пляваць на ягоны высокі чын. Я яму зараз жа гэта і скажу. Разыкаваць мне ўжо няма чым.
Але чаго яны зноў усе маўчаць? Маўчыць чын. Маўчыць, «з’ядаючы» яго позіркам, знаёмы афіцэр у касцы. Вывернуўшы ад сябе локці, ён навыцяжку стаіць перад машынай. Можа, зараз яны вырашаюць наш лёс?