Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— Цёмны народ. Нс разумее,— цепае плячом чалавек і аблакочваецца на бар’ер. — Толькі і глядзіць, каб парушыць закон... Даводзіцца тлумачыць.
— Законнік!.. — кпліва ўздыхае мой сусед і выцягвае пад сталом ногі.
«Законнік» зухаватым позіркам зверху ўніз акідвае адміністратара і аблягаецца грудзьмі на бар’ер. Праз хвіліну ён ужо сыпле там жартамі. Гэта ў яго выходзіць лёгка і проста. Паглядзіш, здаецца: вясёлы чалавек! He тое што астатнія: надзьмуўшыся і апаныўшы, стаяць ля бар’ера. Нібы гэтая гасцініца — самае найважнейшае ў іх лёсе. А гэты, відаць, з катэгорыі людзей, якія нідзе не бянтэжацца. Яны ўсюды ўмеюць падысці, запытаць, дабіцца. I ўсё гэта з такой лёгкасцю, што самы заўзяты бюракрат не азлуецца. Самая знерваваная прадаўшчыца ці там касірша адразу лагодна заўсміхаецца на іх жарт. Галоўнае тон — зухаваты, лёгкі, ненавязчывы, без ценю заклапочанасці.
Мой сусед, аднак, мае іншую думку:
— Развялося брыдоты... Думаеце, ён так сабе завіхаецца? — А што?
— Таксама хоча без чаргі ўлезці. Хіба не відаць?
Хто яго ведае... Магчыма, і так. Хвіліну я ўзіраюся, як ён там распінаецца перад адміністратарам. Але чарга маўчыць, нічога благога не падазраючы, і я адварочваюся.
Сусед адкідваецца на спінку крэсла.
— Прыстасаваліся, як мікробы да антыбіётыкаў. Hi крымінальным кодэксам, ні дружыннікамі, ні міліцыяй — нічым іх не возьмеш...
Гэта, вядома, так. Але мне неяк няёмка з незнаёмым чалавекам хаяць таго, каго зусім не ведаю. Хлопец, аднак, прысоўваецца бліжэй да стала.
— Скажыце, вось вы праваявалі вайну. Што, і там гэтаксама было? Ці, можа, там не дужа з такімі цацкаліся?
Мабыць, сапраўды на вайне было трохі прасцей. Подласць там была болей прыкметная: перад смерцю, вядома, маскіравацца цяжэй. Але гэткія тыпы прыстасоўваліся і на вайне. Хлопец з лёгкім недаверам выслухоўвае мяне і раптам скідае сваю маску адчужанасці.
— Зайздрошчу я вам...
Гэта ў яго вырываецца скорагаворкай, зусім па-хлапечы і так натуральна, што не пакідае ніякага сумнення ў шчырасці. I хоць я ўжо не першы раз чую падобнае, усё не магу не здзівіцца: чаму людзі зайздросцяць? Ці веда-
юць яны тое, аб чым гавораць? Хлопец, аднак, неўзабаве тлумачыць:
— Вы калі ўжо рабілі што, дык на поўную сілу. Без крывадушша. Калі ўжо білі, дык размахнуўшыся — да абуха!
Часткова так, але на справе — усё было болей складана. На вайне не дужа крывадушнічалі, гэта праўда. Але ўдарыць на поўны ўзмах не заўжды ўдавалася. Былі прычыны, якія трымалі за руку.
Мой сусед курыць, праз дым пазіраючы на мяне. Я ж маўчу. Мабыць, трэба адказаць, але адной фразай не абыдзешся. Патрэбна доўгая размова, якая тут не да месца.
2
У вестыбюлі прыглушаны гоман. Стук дзвярэй, раз-пораз урываецца грукат машын з вуліцы. Па той бок вялізнага акна бясконца мільгаюць людзі: маладыя і старыя, жанчыны, дзяўчаты, хлопцы, заклагючаныя, вясёлыя — розныя. Пад вечар на дварэ пацяплела. Суняўся вецер. Ліпы растапырылі першыя ўвесну малепькія клейкія лісточкі. Пасля доўгага, нуднага дажджу высахлі тратуары.
Здаецца, пачынаецца трохі спазнелая і таму яшчэ болей жаданая вясна.
Але вось у прыглушаную гасцінічную гаману ўрываюцца нетутэйшыя галасы — незнаёмыя словы, чужы напеўны акцэнт. Вясёлы жаночы смех многіх прымушае азірнуцца. Натоўп турыстаў нетаропка ўліваецца праз дзверы і напаўняе прасторны гасцінічны вестыбюль. Ля пад’езда за шклянымі дзвярыма стаіць вялізны, у эмалі і нікелі, замежны аўтобус.
Ля бар’ера змаўкаюць размовы, твары паварочваюцца да дзвярэй. Турысты без спеху, спаважна і з ленасцю нясуць свае сумкі, чамаданы, пледы. Завіхаюцца швейцары. На сярэдзіне вестыбюля, пад калонай, складваецца багаж — цэлая гара з чамаданаў. Мой сусед вызначае:
— Французы! He, італьянцы... He хочаце паглядзець?
Пакінуўшы на крэслах газеты, мы ўстаём і падыходзім бліжэй да выхаду. Турысты на нас не зважаюць. Яны no­
ўняцца жвавасцю ўласных узаемаадносін. Тонкія жанчыны ў штанах або клёшах смяюцца і кураць. Чорныя, светлыя, рыжыя прычоскі. Зіхатлівыя цёмныя позіркі. Ярка фарбаваныя вусны. Чарнявыя плячыстыя мужчыны стрыманыя і велікадушныя, як мудрацы між свавольніц. У іх свята: паездка, новая краіна, пра якую яны столькі чулі і толькі цяпер убачылі. Турботны тлум будняў яны пакінулі дома. Зайздросная рыса характару — адмяжоўваць будні ад святаў, непрыемнае ад радаснага. У нас, на жаль, так не атрымліваецца. Мы носім з сабой усё: клопаты і радасць, будні і нядзелі. У выхадны ў нас ужо зачынаецца панядзелак. Мы занадта маем у сабе з мінулага. Цяжкога, з часоў ваеннага ліха. Нешта ад шматгадовага недаверу да чалавека. Хоць тут нічога не зробіш. Пэўна, у нашай гісторыі занадта многа такога, пра што немагчыма забыцца. Таму мусіш памятаць. Нават і ў Дзень Перамогі.
I мы маўкліва стаім каля гардэроба. Мой сусед з цікаўнасцю ўзіраецца ў твары чужаземцаў. Гэта зманліва — пранікнуць у стоены сэнс незнаёмых характараў. Але я нават і не спрабую. Французы, англічане, італьянцы для мяне — закрытая кніга. Іх я не пасцігаю. Іхняя сутнасць недзе ў іншай плоскасці разумення. Другая справа — немцы.
Гэта страшная, часам невытлумачальная з’ява — фашызм. Але мне здаецца, я блізка да таго, каб яе зразумець. Вядома, зразумець — неабавязкова апраўдаць. Мне здаецца, гэты сфінкс разгадваецца проста: шалёная актыўнасць адных пры мяшчанскай пакорлівасці другіх. 3 аднаго боку, мараль: мэта — усё, сродкі — нішто. 3 другога: мая хата — з краю. Палітыка — не наша справа. За ўсіх думае фюрэр. Мы — маленькія людзі. I ў дадатак — самая раз’юшаная прапаганда, здольная чорнае выдаць за белае.
Немцы нам нарабілі нямала бяды, але мы незласлівыя: хай жывуць добра. Галоўнае, каб мірна. За мінулае, здаецца, мы расквіталіся. Помста ж у гэтым выпадку не мае сэнсу.
Пакуль мы глядзелі на турыстаў, міма нас хуткім крокам праходзяць адзін, другі — ад бар’ера. У руках — знаёмыя аркушыкі прапускоў. Урэшце, мусіць, з’явіліся месцы. Я крута заварочваю назад і ледзьве не сутыкаюся з «законнікам».
Ён з партфелем і таксама з пропускам. Абдаўшы мяне бляшаным шоргатам свайго плашча, таропка скіроўвае да ліфта. На твары ўжо заклапочанасць без ценю нядаўняе блазенскай лёгкасці. Я трохі дзіўлюся.
— Глядзі, ужо адхапіў!
Хлопец іранічна хмыкае.
— Ну. Я ж казаў.
Мы падыходзім да чаргі ля бар’ера і, вядома, спазняемся. Знайшлося ўсяго чатыры месцы. Атрымала таксама чацвёра. У тым ліку і той, без чаргі.
Астатнім трэба чакаць.
Маё месца за сталом пустуе. На суседнім сядзіць стомленая з выгляду, немаладая жанчына. Сусед, патаптаўшыся, моўчкі адыходзіць да бар’ера. Я саджуся.
Чарга абураецца. Асабліва цяпер, калі «законніка» прастыў і след. Калі ён ужо, мабыць, прабуе краны і мацае матрац у нумары... А яны сварацца. Дзіўныя людзі! Калі ён лез да адміністратара, тады ўсе маўчалі. А цяпер махаюць рукамі.
— Безабразіе!
— Мы кнігу скаргаў патрабуем.
— Хамства — так паступаць...
Асабліва абураецца адзін. Здаецца, яму ледзьве не дасталося месца. Цяпер ён соўгае на галаве зялёны вялюравы капялюш і сярдзіта круціцца ля бар’ера. Шырока разлятаюцца доўгія полы ягонага габардзінавага паліто.
— Безабразіе! Нахабства!
Сунуўшы рукі ў кішэні, ён нервова адварочваецца ад бар’ера і сустракаецца са мной позіркам. I раптам у маіх вачах здрыгаецца гарачы тлумны туман. Незразумелая нервовая хваля жарам абдае мяне да пят. Тугі ўдар звону ў вушах ураз адкідвае ў мінулае. У свядомасці маланкай мільгае адно толькі слова — «Сахно». He, я не ўспомніў гэтага чалавека, проста я ніколі яго не забываў. I цяпер вось ён, — за пяць крокаў ад мяне, — трошкі азызлы з твару, брывасты і па-ранейшаму пагрозліва рашучы. На галаве нядбайна надзеты капялюш. Габардзінавае паліто не зашпілена і нізка абвісла поламі. На жоўтых чаравіках ляжаць светлыя калашыны штаноў. «Шыракаватыя»,— заўважаю я зусім недарэ-
чы. Акінуўшы мяне імгненным няўцямным позіркам, ён паварочваецца да бар’ера.
Закасцянелыя на імгненне суставы мае расслабляюцца, і я абнікаю ў крэсле. Рэшткамі падкантрольнай сваёй свядомасці адзначаю, што разгубіўся. Ніколі не думаў, што можна гэтак спасаваць перад ім. Колькі разоў за гэтыя гады ўяўляў сваю з ім сустрэчу, свае гнеўныя словы... I вось!.. Калі б ён цяпер падышоў і ўдарыў мяне, я, мусіць, не знайшоў бы, як адказаць. Бывае, што нахабства паралізуе. Мяне паралізаваў адзін яго выгляд.
Адпак у наступную хвіліну я ўсё ж ускокваю з крэсла. Рып... рып... Пракляты пратэз! Цяпер ён мне замінае. Цяпер мне патрэбны жалезныя nori. I сталёвыя кулакі. Мусіць, на маім твары адбіваецца штосьці нядобрае. Двое ля чаргі з гатоўнасцю расступаюцца, і я бокам прысланяюся да бар’ера. Ля яго, побач. Безуважны да мяне, ён гнеўна даводзіць адміністратару:
— Я за тысячу кіламетраў прыехаў. Дзе я начаваць павінен? Скажыце, дзе?
— Гэта не мая справа.
— А чыя ж тады справа? Для чаго тады вы тут седзіцё? — ён рэзка адварочваецца ад бар’ера: яму патрэбен саюзнік. — Чулі, не яе справа?.. Во логіка!
Але мой выгляд, мусіць, яго ахалоджвае. Ен скідае капялюш і далонню выцірае ўзмакрэлую стужку падкладкі. Я адзічэла гляджу ў яго раззлаваныя вочы, і гарачая хваля ў маім нутры памалу астывае. Я пазнаю яго і не пазнаю. Чорт, няўжо я памыляюся? Ён трохі нават з жывоцікам і даволітакі лысаваты. Той быў з выдатнай страявой выпраўкай і з чорнай жорсткай чупрынай на галаве. Вочы нахабныя і падпухлыя — мусіць, хворыя ныркі. Рост... Рост, мабыць, той жа. Толькі гэты таўсцейшы.
Але ж мінула дваццаць гадоў...
Адолеўшы нейкае нутраное зняменне, я адыходжу. У канцы бар’ера, воддаль ад усіх, аблягаюся на локаць. Збянтэжанасць мая пакрысе мінаецца. 3-пад ілба я неадрыўна назіраю за ім. Ён ці не ён? Я трохі баюся, каб ён не пазнаў мяне. Тады ён напэўна знікне. Хоць пазнаць мяне не так
лёгка. У той час я быў амаль хлопчык. Дзевятнаццацігадовы малодшы лейтэнант. Да таго ж для яго я — забіты.
А ён не адступае ад жанчыны-адміністратара. У край бар’ера ўчапіліся яго пальцы — кароткія і таўставатыя. Ён працінае жанчыну дакорлівым позіркам. Памятным, ненавісным мне позіркам. Я бачыў яго розным: пагрозлівым, разгубленым і агідна ўгодлівым. Цяпер ён нахабна-патрабавальны. Жанчына робіць вягляд, што занята паперамі і не заўважае яго. Але не заўважыць яго немагчыма. Чалавек ведае гэта і нязрушна высіцца на бар’еры. Ужо ён даб’ецца свайго.