Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— Ну, пайшлі, падумаеш! — са злоснай рашучасцю кажа Каця і ідзе ў двор.
За ёй валачэцца ездавы, пасля немец. Я, трымаючыся за плот, на адной назе скачу следам. Ля фурманкі з двума параненымі застаецца аўтаматчык.
Камандзір вядзе ўсіх цераз двор, потым у цёмныя сенцы і расчыняе дзверы ў хату. На вушаку цьмяна гарыць газнічка, вокны завешаны нейкім рыззём. Некалькі малых палахліва кідаюцца на печ, і неўзабаве з-за коміна з’яўляюцца іх баязлівыя і цікаўныя тварыкі.
— Прашу дакументы! — кажа начальнік, падыходзячы да газнічкі. Я ўзіраюся ў ягоныя плечы — вось табе і на! Толькі капітан, а паставіўся быццам генерал — не меней... Столькі зацятае напускной строгасці!
— Пажалста! — з гатоўнасцю, але і са стоеным выклікам кажа Каця і лезе за пазуху.
Стрымліваючы пры сабе недарэчны тут гнеў, я намацваю пад шынялём нагрудную кішэнь I дастаю сваё пасведчанне. Ездавы наш, даволі пажылы, сялянскага аблічча дзядзька, нетаропка распяразваецца і доўга корпаецца, пакуль знаходзіць у нетрах свае вопраткі старанна агорнутую паперай чырвонаармейскую кніжку. Хвіліну капітан моўчкі вывучае нашыя дакументы. На ягоным чарнявым твары — суцэльная строгасць службіста. Урэшце ён узнімас твар, абводзіць нас пільным прыдзірлівым позіркам і спыняецца на чацвёртым — немцу.
— Гэта немец, — кажу я. — Мы яго на зборны пункт вядзем. У Іванаўку.
Я думаю, што ён зараз жа прычэпіцца да мяне і палоннага, дакументаў на якога ў мяне ніякіх няма, а ягоныя засталіся ў батальёне. Мусіць, у тым я вінаваты. Аднак хто думаў, што маё канваірства павернецца такім чынам! Але Ka-
пітан, здаецца, не мае намеру лішне чапляцца да палоннага і складвае ў адно нашы паперы.
— Дзе вы бачылі танкі? — пытаецца ён у мяне, змрочна стоячы пад самай газнічкай. Рукі ён выразным жэстам утыркае ў кішэні шыняля.
— У кукурузе. Праз тры кіламетры адсюль.
— Каму вы аб тым далажылі?
— Ды тут даложыш!..— запальчыва апярэджвае мяне Каця.— Тут у вас усе як пыльным мехам аглушаныя.
Яна так вольна і незалежна трымае сябе перад гэтым прыдзірам-капітанам, быццам ён зусім ніякі і не начальнік. Я, на жаль, так не магу і сціпла стаю, прыхінуўшыся да лаўкі і падкурчыўшы сваю прастрэленую нагу.
— Двум чалавекам дакладвалі, — кажу я. — Капітану з ДОПа і аднаму падпалкоўніку.
— Дык вось зарубіце сабе на носе, — строга кажа капітан. — Больш каб ні слова? Зразумелі? А то — паніку мне развязлі! Як у сорак першым. Я вам пакажу танкі! — заканчвае ён недарэчнай пагрозай.
— Пры чым тут паніка! — сварліва кажа Каця. — Мы дакладваем. Што мы на ўсю вуліцу крычым, ці што? Ды тут у вас хоць галасі — нікога не пройме...
Капітан выслухоўвае яе словы і пакідае іх без аніякай увагі. Звяртаецца да мяне аднаго:
— Вы панялі, младшы лейтэнант? А цяпер марш адсюль! — змрочна загадвае ён і крыху мякчэй дадае: — У трэцяй ад царквы хаце збор раненых.
Ён аддае нашыя кніжкі і апускае рукі па швах.
— А палоннага? — пытаюся я. — Вазьміце ў нас палоннага. У мяне, во, нага...
— Я не канваір! — адказвае капітан.
Я разгублена стаю, пачынаючы разумець, што і ад гэтага болей не даб’ешся нічога.
Памаўчаўшы, мы нерашуча паварочваемся да парога і праз цёмныя сенцы, мацаючы сцюдзёныя сцены, выбіраемся на двор. Марозны снег парыпвае пад нагамі.
— Ну і чорт з ім! Паехалі. Пра тых трэба падумаць. A то загнуцца, чаго добрага, — кажа Каця і накіроўваецца да фурманкі.
9
Што рабіць далей — хто яго ведае? Мусіць, трэба б перш прытушыць сваю гарачнасць, астыць нутром, супакоіцца ці змірыцца з тым, што адбылося. Зноў жа нейкага клопату патрабуе мая зусім акачанелая нага, стогнуць у возе параненыя, валачэцца гэты палонны... Ды і што я яшчэ магу зрабіць у такім маім стане — ці не хопіць ужо дакладваць, ці не праз меру такая мая ўстрывожанасць? Яшчэ сапраўды палічаць за панікёра ды арыштуюць. Няўжо ж тыя камандзіры, з якімі я сустракаўся, не зробяць чаго? Усё ж, тут ёсць, мабыць, якая сувязь, паведамяць, каму трэба: прымуць якія захады супраць гэтых танкаў. He можа ж таго быць, каб такая акалічнасць нікога не ўстрывожыла. А можа, камандаванне ўжо ведае пра ўсё гэта? Мо так і было прадугледжана ў плане аперацыі? Тады дарма я гэтак непакоюся, распінаюся, нібы які панікёр. Тады, мусіць, трэба б перш-наперш перавязацца як мае быць, ды абагрэцца, ды збыць куды гэтага немца. Толькі куды яго дзенеш?
Хата, дзе размясцілася санчасць, сустракае нас прыветлівым агеньчыкам у двух вокнах (трэцяе, выбітае, заткнута ахапкам саломы) і — песняй. Нехта ва ўсё сваё асіплае горла натужна крычыць пад не дужа суладны басавіты гул некалькіх струн гітары:
Шаланды, полные кефалн, В Одессу Костя прнвознл, Н все бнндюжннкн вставалн, Когда в пнвную он входнл.
Знака або флажка на хаце ніякага няма. Па двары таксама нельга пазнаць, што тут санітарная часть. Але, як казаў капітан, гэта трэцяя хата ад цэркаўкі, што зводдаль сціпла шарэе беленымі сценамі, і Каця спыняе коней. Ездавы саскоквае на снег, злазіць з перадка Каця. Я таксама выкульваючыся з фурманкі, ківаю немцу: «Ком!» і на адной назе скачу да расчыненых у сенцы дзвярэй. Палонны баязліва ідзе побач. Каця намацвае ў сенцах клямку.
Песня адразу абрываецца. У куце і на прыпечку ліхаманкава трапечуцца агеньчыкі дзвюх «кацюш». Угары варочаецца пласт дыму, і ў кутках — непераможаны капцілкамі
змрок. Рэзкі пах свежых бінтоў, крыві і пракіслы дух шынялёў шыбаюць у нос, даючы тым упэўніцца, што хатаю мы не памыліліся.
— Братва, рама! Ва ўкрыціе! — пасля секунднае паўзы ў фальшывай трывозе выкрыквае чыйсьці голас.
Следам за Кацяй я прапускаю немца і пераскокваю парог. Першым на вочы трапляе, пэўна, той самы гітарыст. Выцягнуўшы на ложку ля парога абкручаную бінтамі нагу, ён замірае з гітарай у руках і, заблішчаўшы свавольнымі вачыма, упіраецца позіркам у Кацю. У кутку на саломе сядзяць яшчэ параненыя. Нехта ледзьве не да пояса спавіты бінтамі — і грудзі, і галава, і твар,— мусіць, абгарэлы.
— Дурны! — кідае Каця да гітарыста. — Чаго галёкаеш? Ану, устаць? Хто старшы?
Гітарыст, не выпускаючы гітары і не зрушваючы з месца параненай нагі, усім целам паварочваецца да Каці. Пад накінутай на плечы курткай дэсантніка ціхенька бразгаюць медалі. На столі замірае вялікі зламаны цень.
— Адставіць! Ужо наўставаліся! Цяпер усё! Кропка!
— Хто старшы, пытаюся?
— Старшы? Быў ды ўвесь выйшаў. Да начальства. Хош — буду я?
— Абыдземся без такога. Ану, злазь! — Каця бесцырымонна тузае яго за рукаў. Куртка спаўзае — на пагонах сяржанцкія нашыўкі. — Тут цяжолых паложым. Дзе санітары?
— Стоп, рыжая! He чапай! Я кантужаны! — з блазенскім выглядам паяснічае гітарыст і, змяніўшы тон, з сілаю б’е па струнах. — Санітары! Гэй, санітары!
Аднекуль з-за перагародкі, адхінуўшы пасцілку, выходзяць двое ў непадпяразаных шынялях. Адзін высокі і худы, другі нізенькі — абое пажылыя, рахманыя, відаць, нядаўна мабілізаваныя дзядзькі.
— Цяжолых унесці! Ды жыва! Давай насілкі!
— Унесці! — відаць, ужо адчуваючы сябе начальствам, загадвае гітарыст і тыцкае ў санітараў пальцам. — Ты і ты! Гэты іхні паможа, — паказвае ён на палоннага і раптам збянтэжана міргае вачыма. — Ого, Гансік! Братва, Гансік! Яй-богу! Айн, цвай — бітэрфляй... Ком!
3 куткоў усе паварочваюцца да парога. Аббінтаваны ненатуральна выпростваецца, нагамі скідвае з сябе паўшубак і выкідвае наперад рукі, таксама заматаныя па локці бінтамі.
— Немец? Зараз жа кокнуць! Кокнуць к чортавай матары! — з надрывам выкрыквае ён. Другі, што ляжыць побач, штось прыгаворваючы, ахінае яго паўшубкам. Сяржант хуценька саскоквае з ложка і, несучы перад сабой прамую і тоўстую, як бервяно, нагу падступае да немца.
Я папярэджваю:
— Ану, спакойна! Гэта палонны.
— Ну, канешне, спакойна. Навошта спяшацца. Паспеем! — з нядобраю крывой ухмылкай кажа сяржант і са знарочыстай спаважнасцю бярэ немца за канцы адкладнога каўняра. — Ён жа добры. Ён жа сазнацельны. Гітлер капут? — хуценька пытаецца ён.
— Гітлер капут, — не дужа ўпэўнена, але з гатоўнасцю згаджаецца немец. Вусны ў яго, аднак, прыкметна падрыгваюць. Сяржант усё з той жа ўхмылкай на твары паварочваецца да астатніх.
— Ось бачыце! Ён добры. Знайшоў учора нашу афішку, што перад наступленнем кідалі, прачытаў і перавыхаваўся. Люблю перавыхаваных гансічкаў. Трафейчыкі, канешне, усе выпатрашым. Ур няма? — міралюбіва пытаецца сяржант і спрактыкавана лапае немца па пустых, ужо абвіслых кішэнях мундзіра. — Ну, канешне, у кармане вош на аркане...
Сяржант гарэзна тузае за доўгі казырок немцаву шапку, якая туга ўзлязае таму на вочы, і ідзе назад да ложка. Немец бяскрыўдна папраўляе шапку, а я пераходжу ад парога і апускаюся пад сцяну на край саломы. Болей сесці тут няма дзе. На адзіным услоне ў прасценку нехта ляжыць, ложак зоймуць цяжкапараненыя. Гітарыст ускладвае нагу на край ложка і бярэ гітару.
— Я так думаю, — кажа ён да мяне, бязладна затрэнькаўшы струнамі. — Які сэнс немцу ваяваць з намі? Ну што карысці: уварвецца калі ў траншэі, што ён знойдзе? Хвігу. Хіба што анучу брудную на брустверы. А ў іх! Ого! Колькі ў іх барахла рознага застаецца. Я дык, калі загад «Упярод!», ляту
як скажэнны. А што? Спадзяешся на трафейчыкі! Схопіш, а ў іх вошай багата, халера!
3 расчыненых дзвярэй шугаюць воблакі сцюжы — санітары ўносяць параненых. Каця ўкладвае абодвух на ложак, укрывае дзіравым шынялём.
— Паляжыце да заўтра. Уранку ў шпіталь адпраўка. Доктар сказаў.
Адзін з іх, пэўна, ужо даходзіць — вочы напаўзакрыты, нос завастрыўся, з апалых грудзей ірвецца трудны пузырысты хрып. Другі перарывіста стогне, дужаецца з пакутамі і, павярнуўшы на бок галаву, абыякава азірае людзей.
— Браток, скруці пацягнуць, — кажа ён да сяржанта. — У кішэні там, браток... I папера...
Сяржант з гатоўнасцю адкладвае гітару.
— Калі ласка, ацец. Гэта магём. Пакуль рукі цэлыя. Адкуль будзеш, землячок?
— Варонежскі я.
Паранены робіць рух сківіцамі, нібы глытае сліну. Позірк яго неспакойна блукае па цёмнай столі хаты.
— Ну, дык саўсем землякі... Што Варонеж, што Растоў — адна Расея. На, пацягні, палягчэе, — з добрасцю запэўнівае ён і пытаецца: — Пяхота?
— Пяхота,— выдыхае зацяжку паранены і засмяглымі вуснамі зноў ловіць цыгарку.
Немец няёмка топчацца ля печы, не ведаючы, дзе прыткнуцца. Паводзіць ён сябе зважліва, трошкі баязліва. Я адчуваю гэта і клічу яго да сябе: