• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 3

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 656с.
    Мінск 2005
    171.74 МБ
    Цягучы, натужлівы звон у маёй галаве памалу аддаляецца. Паступова я страчваю катэгарычнасць першае ўпэўненасці. To здаецца — канчаткова і выразна: ён! To раптам у твары яго з’яўляецца нешта невядомае мне, чужое, першы раз убачанае. Я не ведаю, што мне рабіць, і стаю. На плечы ўзвальваецца цяжар неадольнай знямогі. Я адчуваю сябе ўшчэнт знясіленым і разгубленым.
    У гэтым маім аслупяненні мінае, відаць, шмат часу, і каля адміністратара нешта адбываецца. Здаецца, аб’яўляюць, што месцаў болей не будзе. Людзі пачынаюць разыходзіцца. Нехта кажа да астатніх: «Пайшлі глядзець салют!» Нехта не згаджаецца: «Я лепш на вакзал. Пакуль лаўкі не занялі».
    Чарга ля бар’ера хутка радзее. Неяк знянацку я губляю яго і нідзе ўжо не бачу. Спахапіўшыся, падыходжу бліжэй, азіраюся. Але яго няма. Няма каля адміністратара, не відаць у вестыбюлі. Нібы ён праваліўся ў зямлю. Дзіўна!
    Тады я спыняюся перад бар’ерам і нічога не цямлю. У душы такое адчуванне, нібы на маёй віне здарылася непапраўнае. Людзей усё меншае. Жанчына з-за стала таксама пайшла, і абодва крэслы пустуюць. Мне трэба неяк сабрацца з думкамі. Крыўдна, калі ўсё гэта толькі здалося. Столькі душэўных турбот і — дарма! А калі ўсё ж ён? Што тады? Што я павінен зрабіць?
    Трэба штосьці абдумаць і нешта вырашыць. Або, не трацячы часу, дагнаць яго? Ці, можа, паклікаць міліцыю? Зрэшты, міліцыя тут ні пры чым.
    Урэшце, у гэтым кутку вестыбюля застаецца толькі адміністратар за перагародкай і нейкі п’янаваты няўдака. Пад-
    піраючы спіной калону, ён не можа вымавіць ні слова і тупа глядзіць у падлогу.
    Туга бразгаюць дзверы, і мяне абдымае мітусня вуліцы. На тратуарах людна. Усе некуды ідуць, ідуць, ідуць — мабыць, да помніка на плошчу. Стоеная перадвячэрняя ціша поўніцца пахам тапалёвай лістоты. Бензінавым чадам патыхаюць машыны. Купка людзей ля марожаншчыцы цярпліва дамагаецца свае асалоды. Бабка з пучком пралесак у старэчых руках...
    Я немаведама куды брыду, як лунацік. Пачынае балець галава. Заўжды, калі панервуюся, мне баліць галава. У кішэнях, на жаль, аніякай таблеткі. Мусіць, трэба б ісці шукаць дзе прытулку. Але я ўжо мала што і заўважаю. У растрывожанай памяці размываюцца напластаванні гадоў і падзей. У востра-свяжуткіх вобразах паўстае даўняе і навек незабыўнае. Тое, што, як падмурак, лягло ў мой лёс і ляжыць там гіганцкім Баальбекскім каменем. Я ўжо ведаю, яго не пазбудзешся. Яго не зальеш гарэлкай. He забудзеш у вясёлым разгуле. Яно заўжды ў сэрцы. Бо яно — гэта я.
    3
    ...Снег. Дарога. Калона...
    Мільгаюць боты, валёнкі, гамашы. Матляюцца па ветры заснежаныя полы шынялёў. Шархацяць залубянелыя, абмёрзлыя палаткі.
    — Старшы лейтэнант Кротаў — у голаў калоны!
    Паўтораная зычнымі, глухімі і сіпатымі ад прастуды галасамі коціцца па калоне каманда. Апошнім яе выкрыквае нехта з тых, што замыкаюць калону пярэдняй роты. Выкрыквае і задаволена паварочваецца, нібы для таго, каб убачыць, якое ўражанне на батальён зрабіў яго натужлівы, хрыплаваты голас. Гэта зусім блізка, і я, ідучы ззаду, бачу немалады ўжо, азызлы ад сцюжы твар, сціснуты вушамі падвязанай пад барадой шапкі. Углядаючыся, баец выцягвае з каўняра маршчыністую шыю і спыняе на кімсьці свой позірк. Тады і я паварочваюся. Камандзір шостай стралковай роты Кротаў, апяразаны па ватоўцы дзвюма кавале-
    рыйскімі партупеямі, нібы не чуючы выкліку, валюхаста брыдзе па сыпкім снезе ўзбочыны. Як заўжды, у яго цёмных, зласнаватых вачах лішак зацятае камандзірскае строгасці.
    — Вас — у голаў калоны,— кажу я, падумаўшы, што ротны недачуў каманду.
    Кротаў, аднак, не зірнуўшы на мяне, ваўкавата кідае:
    — Чую. He аглух!
    Калона тым часам памалу спыняецца. Заднія яшчэ зморана валакуцца па растаптаным сотняю ног снезе, а пярэднія ўжо спяшаюцца выкарыстаць кароценькі няўрочны прыпынак і паспешліва знімаюць з сябе ацежалелую за дарогу зброю. Тырчком, прыкладамі ў снег, дзёўбаюць даўжэзныя ПТР; асцярожна, рукаяткамі ў каляіны, апускаюцца долу целы «максімаў»; мінамётчыкі з палёгкай звальваюць з плеч цяжкія рабрыстыя плахі апорных пліт.
    I вось ужо нехта валіцца на некратаны ботамі снег палявой узбочыны, нехта брыдзе за патрэбай у зблытаны і паламаны зараснік кукурузы, што шырокім прасцягам шарэе абапал дарогі. У вячэрнім сутонні над заснежаным стэпам вее саладкаватым, надзіва духмяным і дамавітым дымком махоркі.
    — Ну што ж, перакурым гэтае дзела, — кажа ўсё той жа немалады, відаць, цягавіты баец і паварочвае да ўзбочыны.
    Пакамечаныя полы яго шынялька старанна падаткнуты пад дзягу, на спіне, прышпіленая да рэчмяшка, целяпаецца непатрэбная пакуль што каска. 3 нейкага часу мяне мімаволі пачынаюць цікавіць галаўныя ўборы. Хоць, на жаль, я ведаю, што ні каска, ні шапка не падыдуць: трэба было аб тым дбаць раней. Але тады я не дбаў, і асколак ад нямецкага снарада два дні назад крамсануў мяне па патыліцы. Праўда, нічога страшнага ён не нарабіў, і ўсё ж пасля перавязкі аказалася, што шапка паверх бінтоў не налазіць, а каска балюча муляе. Так і застаўся я з абкручанай бінтамі галавой. Наліха, санінструктар разам не забінтаваў яшчэ і вушэй, дык яны ноччу крыху падмерзлі і цяпер баляць пад бінтамі.
    Я таксама сходжу на ўзбочыну, туды, дзе на краі дарогі стаіць кулямётчык з трэцяга ўзвода нашае роты, прозвішча
    якога я ўсё не магу запомніць. Гэта малады спрытны баец у нізенька і зухавата накручаных абмотках. Зачэрпнуўшы шэраю, хатняга вязання сподкай чыстага снегу, ён з асалодай смокча яго, цікуючы наўкола зыркімі вачыма. У другой ягонай руцэ «дзегцяроў».
    — Мусіць, шостую роту ў ГПЗ? — кажа ён да мяне. — Цяпер, лічы, усе трафейчыкі іхнія...
    I, саўгануўшы на патыліцу шапку, зноў зачэрпвае снегу. Белабрысы твар яго тоіць цікаўнасць і прыцішаную хлапечую гарэзнасць. Я маўчу, бо ці мала па якой патрэбе могуць выклікаць да камбата ротнага Кротава! Той стары з чацвёртае роты таксама падыходзіць да нас і лаканічна згаджаецца:
    — Ну, пашэнціла гэтым...
    Ён варушыць рукамі ў кішэнях, мабыць, дастаючы закурку, і праводзіць позіркам чацвярых разведчыкаў, што таропка ідуць паўз людзей некуды ў хвост калоны. Яны ў запэцканых белых маскхалатах, на якія надзеты аўтаматы і брызентавыя сумкі з ражкамі-магазінамі. Хлопцы прыкметна спяшаюцца, і выгляд ва ўсіх незадаволены. Мусіць, у разведкі дзесьці нелады.
    — Марухоў, прывет! — кідае кулямётчык, відаць, пазнаўшы сярод іх знаёмага. — Што, шостую ў ГПЗ?
    — Якая к чорту ГПЗ! — злосна бурчыць пярэдні,— Кротаву шыю мыляць.
    Кулямётчык у ссунутай шапцы разяўляе рот. На кончыку языка ў яго — снег.
    — Пэўна, за Іваніўку? Ага?
    — Ага.
    — Ну і ну! — кажа пажылы, затрымаўшы ў парэпаных пальцах курэцкае начынне. — Гэта ўжо ўсыпяць!..
    Ён пачынае скручваць цыгарку, побач у недаўменнай цікаўнасці разяўляюць раты байцы. Нехта за маёй спіной ахвотна пацвярджае:
    — А ты думаў! Калі ўжо начальства ўмяшалася — усыпле...
    Яны толькі цяпер здагадаліся, а я ўжо зранку думаю над усёй гэтай справай. Яшчэ на світанні ў Вялікую Севярынку да камбата прыязджаў штабны афіцэр капітан Сахно, які і раздзьмуў гэтую гісторыю з начлегам шостай роты. А цяпер
    вось якіх чвэрць гадзіны назад паўз калону праскакаў на кані старшына Шашок, ардынарац-паручэнец, ці як там яго называюць, — словам, пісар са штаба. Яшчэ ён запытаў у мяне, дзе камбат, і я махнуў рукой туды, у галаву калоны. Мусіць, таму і спынім батальён сярод стэпу. Так, відаць, будзе гэтаму Кротаву.
    Кулямётчык тым часам спатольвае прагу і выбівае адна аб адну сподкі.
    — Гэй, бамбаловы! — гарэзна крычыць ён да байцоў шостай роты. Іх у нас здаўна, мабыць, яшчэ з Курскай дугі, завуць бамбаловамі, хоць, пэўна, мала хто ўжо і памятае, што азначае гэта мянушка. — Цераз левае плячо кругом марш! У штрафную!
    Аднак шостая, відаць, не хоча застацца ў даўгу.
    — Ага, у штрафную! А хто ж тады вас будзе з-пад танкаў ратаваць?!
    Гэта — усім зразумелы намёк. Тыдзень назад шостая рота адсечным агнём з фланга падсобіла нашай роце, якую атакавалі нямецкія танкі з пяхотай.
    — Ці не вы гэта ўратуеце! Вы ж пабраталіся! — з’едліва папракае кулямётчык. Але тое ўжо праз меру, і я паварочваюся да байца.
    — Ну, ну! Даволі!
    Кулямётчык ніякавата жмурыцца, адчуваючы, што перабаршчыў, і мне хочацца напомніць яму нешта накшталт: жартуй, але ведай меру.
    Аднак спераду зноў даносіцца:
    — Малодшы лейтэнант Васілевіч — у голаў калоны!
    Гэта ўжо мяне. Але навошта? Здаецца, я не замешаны ў такіх непрыемных справах, як Кротаў, рота якога нядаўна заначавала ў адным сяле з немцамі. Здарылася так, што бамбаловы мірна праспалі ноч і ўбачылі фашыстаў толькі ўранні, калі тыя, пастроіўшыся ў калону, падаліся сабе на бальшак. Прынамсі, так расказваюць байцы. Начальства ж, мусіць, мае наконт гэтага іншыя меркаванні.
    — Ну што! Ага, самі ўліплі! — учуўшы каманду, пачынаюць зларадна крычаць з шостай.
    — Яны шнапсам хабар з немцаў бралі! Ха-ха!..
    — Ану, спыняй балбатню! — загадваю я кулямётчыку.
    Зводдалі цераз галовы байцоў даносіцца голас самога камбата:
    — Васілевіч, доўга цябе чакаць?
    Іду, іду!
    Прытрымліваючы на грудзях ППС, я зморана бягу растаптанай дарогай. Я не магу дазволіць сабе раскошы на выклікі ісці крокам. 3 усіх ротных у батальёне я самы малодшы — і па гадах і па званню. Мабыць, з гэтай прычыны ад камбата мне дастаецца болей за іншых, і таму я змушаны варушыцца.
    Камбат сядзіць на снегавым курганку ля палявога капца і мёрзлай кукурузнай бадылінай пырае ў снег. Побач, шархочучы на каленях картай, месціцца ваш вусаты начштаба. Насупраць стаіць змрочны цемнатвары Кротаў, а крышку ўбаку, трымаючы за повад зморанага мухортага коніка, чакае чагось старшына Шашок. Новенькі шызага камсастаўскага сукна шынялёк шчыльна аблягае яго шырокую спіну.
    — Ну, як галава? — зірнуўшы на мяне, пытаецца камбат.
    — Ды нішто.
    — А вушы? Спякліся, мабыць?
    — Трошкі, — насцярожана адказваю я, не разумеючы, чаго ён гэтак незвычайна пачынае размову. Але адчуваю, што гэта не так сабе.
    — Пойдзеце ў санчасць, — кажа камбат і б’е бадылінай па снезе.
    Снегавая пацяруха асыпае мне боты, трапляе начштабу на карту, і той з прыкрасцю страсае яе пачырванелай далонню.
    — Таварыш капітан, — спрабую я запярэчыць, але камбат не хоча і слухаць — бадай, як і ўсе камандзіры, ён не любіць, калі яму хто пярэчыць.