Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— Давай святло!
Шашок з рухавасцю дбайнага падначаленага хуценька ўносіць «кацюшу», ля кнота абсыпаную соллю. Ставіць яе на перакуленую міску і звыкла прыладжваецца на лаўцы. Я сядаю ў канцы стала.
Сахно выключае ліхтарык.
— Даўно тут?
— Звечара.
— А нагу дзе параніла?
— У стэпе. Дзе на танкі напароліся... Ён жа ведае,— ківаю я на Шашка. Той, аднак, не варухне і брывом, нібы і не знаёмы, нібы і не быў з намі ў той кукурузе. Безуважны да мяне, ён хвіліну поркаецца ў палявой сумцы, выкладвае з яе паперы.
— А дзе Кротаў? — раптам хуценька пытаецца Сахно і на ўсе вочы, не міргнуўшы, глядзіць на мяне.
— Кротаў забіты.
— А двое палонных?
— Тыя ўцяклі, напэўна. Хоць адзін таксама забіты. Застаўся ў кукурузе.
— Забіты? — са з’едлівай іроніяй перапытвае Сахно.
Я недаўменна зазіраю ў яго ярка асветлены «кацюшаю» твар. На ім маска стрыманай да часу падазронасці і недавеРУ-
— Забіты, факт.
— Кім забіты?
— Ну, немцамі. Кім жа яшчэ...
Сахно ківае Шашку:
— Так, запісвай.
Той разгортвае на стале нейкі блакнот у дробную слабенькую лінеечку і з чорным нямецкім арлом на вокладцы. Блакнот трафейны, гэта пэўна, але я чамусьці затрымліваю позірк па тым агідным арле з нібы падрэзанымі, стылізаванымі крыламі. Усё гэта выклікае ва мне неўсвядомлены яшчэ пратэст.
— Значыць, палонны немец забіты немцамі? Так? I Кротаў таксама забіты немцамі?
— Ну, вядома.
— Ану, раскажы падрабязней.
— Што расказваць! Вунь старшына ж з намі ехаў. А пасля ён павярнуў, а мы і наскочылі...
Я коратка, без ніякай ахвоты, перадаю сутнасць нашай злашчаснай сутычкі з немцамі.
— Так, так, — ажыўляецца Сахно і грудзьмі аблягаецца на стол. Стол скрыпуча падаецца ў мой бок. Ад капітана моцна патыхае аўчыннаю кісласцю новага паўшубка. — Так, так, цікава. Ты запісвай.
— Запісваю.
Шашок, адтапырыўшы ніжнюю губу, не дужа спрытна, але затое старанна скрабе ў блакноце чорнаю аўтаручкай.
«Што тут запісваць? — думаю я — Што тут незразумелага? Чаго яны сумняваюцца? Хіба падазраюць у чымсьці благім Кротава?» Вочы мае, аднак, не могуць адарвацца ад фірменнага арла на блакноце, і зацятая злосць ва мне ўсё нарастае.
Сахно тым часам прыдзірліва дапытваецца:
— А чаму вы не пабеглі за ім?
— А я і пабег. Як толькі чарга — я і пабег. He за ім — за немцам.
— А што было раней: чарга ці ён пабег?
— Чарга.
— Чарга, так? А вы ж толькі што сказалі, што Кротаў кінуўся бегчы яшчэ да чаргі.
«Блытае. Ловіць. Пайшоў ты да д’ябла! Папаў бы туды, хай бы тады і прыкмячаў, што раней», — злосна думаю я і кажу:
— Гэта ўсё амаль разам. Немец кінуўся ўбок, Кротаў за ім. Тут і чарга.
— Значыць, усё ж раней Кротаў пабег за немцам. Так і запішам.
Што яны мяне ловяць? Што яму трэба, гэтаму чалавеку? Што ім да мёртвага Кротава?
Але Сахно, пэўна, ведае, што яму трэба. Ён задаволена адкідваецца на ўслоне, дастае з-пад партупеі на грудзях засунутыя туды пальчаткі і гучна ляскае імі аб далонь.
— Ось гэта і трэба было даказаць.
— Што?
— А гэта самае.
Сахно ўстае, звыкла папраўляе кабуру ТТ на дзязе і пачынае старанна нацягваць на пальцы пальчаткі. Яны нешта дабіліся ад мяне, але я не разумею яшчэ іхняе мэты. Я толькі адчуваю, што яны абхітрылі, і ў мяне ўзнікае гнеўнае абурэнне супраць гэтага іх бесцырымоннага наскоку.
— А цяпер падпішы, младшой, — кажа Шашок і падсоўвае мне той самы блакнот.
Мімаволі нешта ва мне захлістваецца на тугі, упарты вузёл.
— He буду падпісваць.
Шашок замірае побач. Сахно за маёй спіной, чуваць, перастае перабіраць пальцы ў пальчатках.
— Як гэта не будзеш?
— А не буду, і ўсё!
Абодва паўхвіліны маўчаць. Я адчуваю іх збянтэжапасць і ведаю, што для мяне гэта можа скончыцца дрэнна.
— Гэта чаму? — зацята пытаецца Сахно. Асветлены знізу тупаносы, старанна выгалены твар капітана тоіць недаўменне і пагрозу.
— А што вы чаплясцеся да Кротава? Што ён вам зрабіў? He адказваючы на маё пытанне, Сахно падступае бліжэй. — He прытварайцеся. Вы выдатна ведаеце, што ён зрабіў. — Нічога ён не зрабіў. Ён забіты.
— Ах, забіты! — раптам узрываецца капітан і хапае са стала блакнот,— Забіты! Ну, тады наракайце на сябе! Зразумела?
I тыцкае мне пад нос блакнот.
— Ану, падпісвайце!
— Сказаў — не буду!
— Пашкадуеш. Ды позна будзе...
Няхай пашкадую. Магчыма, я ў чымсь памыляюся, але я не хачу выдумляць на чалавека, які не зрабіў мне нічога кепскага. Хлопцы за перагародкай прыціхаюць! Пэўна, адсюль чутна ўсё. Але хай! Чорт з імі, гэтымі двума! Што яны, урэшце, мне зробяць!
Я чакаю новага выбуху, крыку, можа, нават лязгання пісталетамі — чакаю сваркі і гатовы да яе. Я не баюся. Я ўжо наважыўся на ўсё і гатовы трымацца цвёрда. Але Сахно раптам ідзе да дзвярэй.
— Добра! Мы яшчэ вернемся! Мы яшчэ траханём цябе. Паняў?
Шашок зграбае са стала паперы, блакнот і паспешліва следам за капітанам выходзіць з-за перагародкі. Я нетаропка бяру з міскі «кацюшу». Рукі мае дробненька, нервова дрыжаць.
У хаце гамана. Ад парога ступае Каця. Яна і не выходзіла, была тут і ўсё чула. Я ведаю, яна заступіцца. У мяне ўжо
нарадзілася і жыве недзе ў душы цёплае, удзячнае пачуццё да яе, толькі цяпер я хачу сказаць ёй: не трэба.
— Што прычапіліся да младшога? — бесцырымонна кажа Каця,— Кротаў забіты.
Сахно шчоўкае ліхтарыкам і нахабна скіроўвае яго ў круглявы, па-хлапечы абсівераны твар Каці. Дзяўчына пакутліва хмурыць бровы, але не закрываецца ад святла — вытрымлівае гэта нахабства з упартасцю і выклікам у шэрых вачах.
— А ты бачыла?
— Бачыла,— міргнуўшы ўрэшце ад рэзкага святла, кажа Каця,— Калі б не бачыла, не гаварыла б.
— Праверым! — шматзначна абяцае Сахно, не зводзячы кружок святла з яе вачэй. Каця нечакана б’е яго па руцэ.
— Ідзі ты са сваім ліхтаром. Што слепіш?!
Сахно апускае ліхтарык.
— Праверым!
— Вунь фрыца лепей правер. Калі такі правяральшчык спрытны...
3 ложка адгукаецца сяржант:
— Праверылі ўжо і фрыца. Колькі можна!
— He ваша справа! — Сахно злосна азіраецца,— Трэба будзе — праверым. Каго трэба.
Яны ідуць да дзвярэй. Шашок адкідвае на тоўсты зад не менш тоўстую палявую сумку. Немца яны, здаецца, браць не збіраюцца.
— Няма чаго гразіцца! — падае хтосьці голас з кутка,— Нас ужо праверылі. Асколкамі праверылі. A то наеў ражку і грозіцца.
— Ану, ціха, пяхота! — па-начальніцку прыкрыквае сяржант.
Сахно і Шашок, аднак, не затрымліваюцца. Прытвараюцца, што не чуюць абразы, і толькі мацней, чым трэба, бразгаюць з таго боку дзвярыма.
Узрушаны, я стаўлю на прыпечак «кацюшу» і пераводжу позірк на сваё месца. Там у змроку каля аўтамата курчыцца на саломе немец.
— Any, марш адсюль! — тонам Сахно прыкрыкваю я. Не-
мец спахопліваецца і ўскоквае, аддаючы месца. На ложку паварочвас галаву сяржант.
— Ганс, сядай, дзе стаіш. Во перада мной. Бо тут цесна.
Сапраўды, на ложку цеснавата, хоць там ужо толькі адзін паранены. Таго, хто хрыпеў, ужо няма. Немец, патаптаўшыся, неахвотна падбірае доўгія ногі і сядае насупраць сяржанта. Той, відаць, ужо не прэч памірыцца з палонным. 3 «маім» палонным.
А зрэшты, чорт з ім! Чым ён далей ад мяне, тым лепш! Што я, абавязаны ўвесь час клапаціцца пра яго, аберагаць, заступацца? Такі ён «мой», як і сяржантаў, Кацін ці яшчэ чый. Да таго ж, можа, яшчэ якая сволач... Толькі звяжыся, не расхлябаеш за век.
Я злы і нядобры. Баліць параненая нага, на душы брыдка, быццам я зрабіў подласць. Хутчэй бы дачакацца ранку ды пакінуць гэтую хату, гэтае сяло, у якім напаткалі мяне адны непрыемнасці.
11
Га-ах!
Вуліца на некалькі секунд азараецца дзівосным вясёлкавым ззяннем. Пешаходы, радасна здрыгануўшыся, азіраюцца. Зіхоткі зеленавата-чырвоны водбліск разліваецца па маставой.
Га-ах! Га-ах! — туга адскокваюць ад фасадаў другі і трэці пругкія паветраныя ўдары. Рознакаляровы ракетны веер запальвае над вуліцай неба. Жоўта-зялёна-чырвоныя блікі мільгаюць у вокнах паверхаў. Цені ад дрэў і слупоў спуджана кідаюцца па блішчастым бруку. Велічна-каляровае ззянне ўгары дасягае зені-ту і, не спыняючыся, таропка шастае ўніз. Агнявыя букеты, здаецца, асыпаюць дахі будынкаў. Калі неба гасне, на вуліцу з куткоў і пад’ездаў адразу ж хлынаюць цені, якія паспешна змыкаюцца ў вячэрняй цемрадзі.
Феерверк вырывае мяне з мінулага. Я азіраюся. Незнаёмыя будынкі, вузенькі, малалюдны тратуар. Брук разразаюць трамвайныя рэйкі. Крыху далей — глухі нефарбаваны
забор з казыркамі і ашмоццем афіш на дошках. Чорт ведае куды гэта мяне занесла?
Пад прыцьмеўшым ліхтаром акрай тратуара збянтэжана спыняецца маленькая згорбленая бабка з кіёчкам і сумкай. Спалохана азіраецца ў поўнае водсветаў неба. 3 сумкі блішчаць фалыой дзве малочныя бутэлькі. Кончык бабчынага кійка дробненька дрыжыць на асфальце.
— He бойся, бабка. Гэта — салют.
Бабка паднімае на мяне зморшчаны тварык. Пад яе. востранькім падбародкам тырчаць два ражкі старамодна завязанай белай хусткі.
Аднак яна, пэўна, не чуе і запытальна глядзіць на мяне.
— Сынок, ці не вайна гэта зноў? Га?
— Рана, бабка. Яшчэ салдаты не выраслі.
— Чую, нібы арудзіі страляюць. Якраз, як тады...
Да вулічнага скрыжавання з бразгатам і віскам коціцца трамвай. 3 завулка выпаўзаюць два самазвалы. Бабка нерашуча ступае на брук і зноў вяртаецца на край тратуара.
— Можа б, ты памог? Га, сынок?
Я бяру яе пад руку. Бабка адрывае ад долу свой кіёчак і дробненькімі крокамі тупае на сярэдзіну вуліцы. Побач, лёгка абмінаючы нас, перабягаюць вуліцу дзве дзяўчыны.
На сярэдзіне вуліцы нас засцігае новы тугі паветраны залп. Яркапрывідная каляровая ўспышка захліствае над дахамі неба. Дзяўчаты ў кароценькіх, званочкамі, спаднічках, спалохана бліснуўшы зграбненькімі лыткамі, ускокваюць на тратуар.
— Ліначка, якое хараство!
Цуд’
Бабка ж уся сціскаецца і, здаецца, ад страху вось-вось прысядзе.
— Ой, Божа літасцівы! Ой!
— He бойцеся! Чаго ўжо вам за сябе баяцца?
— За сябе, — недачуўшы, ахвотна пагаджаецца бабка. — Болей мне за каго ж? За сынкоў ужо адбаялася. Няма ўжо сынкоў.
Я здагадваюся пра яе бяду і не хачу вярэдзіць старэчую памяць. Па шчырасці, дык няма ўжо і жадання спачуваць.
Вельмі часта даводзілася гэта рабіць. Цяпер я толькі нядбайна супакойваю:
— Нічога, нічога, бабуся...
Мы пераходзім вуліцу. Ззаду з грукатам праносіцца трамвай. Дзяўчаткі ціснуць адна адной локці і, нецярпліва прытопваючы, пазіраюць у неба. Мабыць, для іх самае рэальнае ўвасабленне вайны — вось гэты салют. Кніжкі аб ёй — самота. Гісторыя — таксама. Хіба яшчэ знаёмы лейтэнант. Але ён, магчыма, болей заглядаецца на каго іншага. Хутка павінны ўдарыць яшчэ.