Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Аднак напружанне мае канчаецца. Я выдыхаю з грудзей паветра і заплюшчваю вочы. Зноў усё нада мной плыве і кружыцца. Вялікім намаганнем волі ўтрымліваючы сябе ў свядомасці, думаю: чаму я не сканаў па дарозе? Навошта я жыву? Я ведаю, што будуць дапрошваць. Ім патрэбна нешта дазнацца, і таму яны вядуць нас удвох. Другі для кантролю. Для таго яны прывалаклі мяне ў сяло. Гэта — вуліца. Я чую, як у марозным паветры пахне мешанінай дыму — бензінавага і ад саломы. Чуецца далёкая страляніна, гамана і тупат ног. Побач ідуць і бягуць салдаты. I ў гэтую калатнечу блізкіх, перамешаных гукаў урываецца настырны паветраны гул. Дык вось чаму яны змоўклі: у небе ідуць нашы. Гэта штурмавікі, нашы родныя «ІЛы». Яны ідуць сюды! Яны зробяць ім вялікі крывавы дзень.
Напружыўшыся ад вялікага болю, я перакочваюся на спіну. У вочы хлынае бледны высокі блакіт неба. Да болю ў вачах я шныпару позіркам па белесаватай смузе-навалачы. I дарма. Там пуста. Толькі побач унізе тычкі нерухомых галоў — у пілотках, шапках, у касках. Яны таксама ўставіліся ў неба. Самалётаў няма. Ёсць толькі гул. Гудзе недзе паблізу. I гэты гул напаўняе мяне незразумелаю ўпэўненасцю. Родныя мае! Дарагія! Біце іх! Паліце! Нішчыце! Я рады, што я яшчэ жыву. Я не хачу хутка паміраць. Я яшчэ пазмагаюся з імі. Я ім нічога не скажу. He на такога напалі. Я плюну ў вочы гэтаму оберсту, ці як там яго велічаць. Няхай страляюць. Няхай пабачаць, як паміраюць рус-афіцэры.
Аднак гул хутка глухне. Мусіць, самалёты праходзяць міма. Некуды ў другі бок. Кароткая радасць мая мяняецца нямым унутраным крыкам. Роспач туманіць позірк, і я ледзьве заўважаю, як іхнія твары ўжо не задзіраюцца ў неба. Яны скіроўваюцца да легкавушкі. Немец у машыне скідае з сябе нерухомасць, хрускае партсігарам, дзелавіта прыкурвае ад запальнічкі. Худыя шчокі яго то правальваюцца, то зноў трохі поўняцца, і падбародак апускаецца на футра каўняра. Ён нешта загадвае.
— Яволь! Яволь! — ляскае абцасамі афіцэр і коратка аб нечым дакладвае.
Здаецца, гэта пра нас — (вас махен цвай русафіцірэн?). Вось калі ўсё вырашыцца... Позіркам я ўпіваюся ў голены, сцюдзёны твар. Зараз ён вызначыць нам кару. Загадае, чаго ад нас дабіцца і як расстраляць. Ці, можа, нават павесіць. Але ён чамусьці не спяшаецца загадаць. Тонкімі вуснамі ён сціскае цыгарэту і нядбайна махае рукой у шэрай пальчатцы.
Я не разумею. Што гэта значыць? Расстрэл? Ці, можа, весці далей па вуліцы? Відаць, чагось не разумее і афіцэр у касцы. Ва ўсякім разе я не чую ягонага «яволь». Я толькі бачу, як, сыпануўшы снегам, падхопліваецца ў каляіне кола. На хаду бразгаюць дзверцы.
Афіцэр крута павяртаецца да салдат і ўжо іншым тонам — злосна і рашуча — нешта загадвае. Паўхвіліны ўсе змрочна слухаюць. Пасля разам бяруцца за зброю і за сваё майно на ўзбочыне. Зноў лязгаюць-дзвенькаюць спражкі і зашчэпкі
іх жоўта-зялёных скрынак. Гучна хрупае снег. Нехта дужай рукой хапае мяне за каршэнь і ніцма, як дохлага сабаку, валачэ ўпоперак вуліцы. Па снезе, цераз каляіны, разграбаючы маім целам мёрзлыя конскія круглякі. Кручок шыняля ўпіваецца ў горла, я задыхаюся. Я не ведаю, куды гэта? Але я не хачу тут памерці. Я хачу яшчэ пазмагацца з імі. Яны мяне асудзілі, але за мной яшчэ апошняе слова. Божа, дай мне яшчэ гадзіну жыцця! I сілы. Я ніколі не верыў у Бога, аднак цяпер ён патрэбны мне. Хоць сапраўдны, хоць выдуманы. I я малю яго памагчы мне.
Побач рыпяць на снезе закасцянелыя ад марозу скураныя боты, сунуцца міма пляцень, брамка, кінутая пустая каністра і прыхінуты да прызбы аўтамабільны скат. Ля яго растаптаны на снезе ахапак саломы, на які яны ўзвалокваюць мяне і кідаюць. Ударыўшыся галавой аб тугі гумавы бок ската, я не адразу расплюшчваю вочы. Ляжу, як пласт, ад болю закусіўшы вусны, і калачуся. Побач апускаецца на прызбу і таксама трасецца ад сцюжы Сахно.
37
Праходзіць, мусіць, нямала часу, пакуль я, прытрываўшыся да болю, раскрываю вочы.
У двары гамана.
Хата, на падворку якой мы апынуліся, мусіць, пакінутая. У выбітых шыбах акна з рэшткамі шкла — чарната. Дзверы — насцеж. Таму немцы ўсе ў двары. У полах шынялёў яны прыносяць аднекуль сухі паёк і ладзяць падвячорак. На састаўленых разам скрынках дзеляць галеты і асобна кансервы. Кінуўшы нас без аніякай увагі, усе стоўпліваюцца на падворку і ўраз расхопліваюць свае порцыі. Энгель таксама там. Як роўны з роўнымі, і ніхто яму, здаецца, нічога не кажа. Быццам і не было ў яго ні палону, ні кантакту з рускімі. Быццам і ён такі ж шчыры служака фюрэра, як і ўсе яны тут. Ён зграбае са скрынкі свае галеты, і ўдвух з рудым, што вывалак мяне з трубы, адной лыжкай па чарзе пачынаюць вышкрэбваць з банкі. Сахно, скурчыўшыся на завалінцы, пільна сочыць за імі спадылба і штохвіліны глытае слінку. I ўсё дрыжыць. А я
ўжо не дрыжу. Здаецца, я марудна і няўхільна замярзаю. Ног сваіх я ўжо не адчуваю. Чужыя мне і рукі, на якіх даўно ўжо няма рукавіц. I яшчэ нясцерпна хочацца піць. Ад страты крыві ўнутры ў мяне ўсё сохне і паліць агнём. «Ну дзе ж яно, дзе іх начальства? Няўжо ж нікому мы тут не патрэбны?» — паныла думаю я і чакаю, калі хто-небудзь да нас падыдзе.
I адзін падыходзіць. Малады зусім, сімпатычны на выгляд салдат з яснымі прыгожымі вачыма. Ён ступае тры крокі ад гурту ля скрынак і, дажоўваючы галету, расхінае полы шыняля. Робячы сваю справу ў двух метрах ад прызбы, немец сустракае мой позірк. Я чакаю нянавісці, крыку, а можа, і стрэлу, а ён усміхаецца і па-блазенску віхляе задам. Рудая паска перакрэслівае побач снег, дробным лопатам прабягае па маёй спіне раз і другі. Немчык задаволена ржэ, зашпільваецца і адразу адварочваецца, папраўляючы на плячы аўтамат.
Мабыць, першы раз я стагну. Ад пакут іншага роду, чым тыя, што дапякалі мяне раней. Гэта нясцерпныя пакуты. Іх нельга зразумець, не стрываўшы. У роспачы прыпамінаюцца ўсе мае франтавыя няўдачы. Калі я страляў з «дзегцяра», не паставіўшы на планцы прыцэл, з дзесятак немцаў паспела схавацца ў траншэі. I як мы прамарудзілі з атакай і далі іх машынам выскачыць з сяла. I той вечар, калі мой узвод захапіў шасцярых палонных. У хлопцаў былі мокрыя валёнкі, але я не дазволіў ім разуць немцаў, абутых у спраўныя боты. Каб тады ведаць, што чакае мяне! Мне крыўдна, што я мала забіў іх на фронце.
Але, відаць, усе мае пакуты дарэмныя. Ніводнага з іх я ўжо не заб’ю і нічога ім не зраблю. На мяне ім напляваць. Яны адыходзяць. Дажоўваючы хрумсткія галеты, ямчэй ладзяць на спінах сумкі, процівагазы, закідваюць на плечы зброю, і адзін за адным выходзяць на вуліцу. На нас нават не зірне ні адзін. У двары, аднак, застаюцца знаёмыя скрынкі. I ля іх трое. Наш Энгель, малады акулярык, што вывалак мяне з трубы, і яшчэ адзін новы. Ён паджары, ладна складзены, з уедлівымі цёмнымі вачыма і яфрэйтарскім шаўронам на рукаве. Гледзячы па ўсім, гэты тут будзе за старшага.
Я ўжо не ведаю, што і думаць. Страшна крыўдна ска-
наць, як канае падстрэлены сабака. Мабыць, да ночы мне ўжо не дажыць. А яна зусім блізка. Сонца ў небе ўжо не відаць. У празрыстае сіняе сутонне марудна апускаецца дол. Пад стрэхамі гусцее і ўстойваецца змрок. Усё настойлівей пячэ твар і рукі мароз. Пэўна, ноч будзе зорная і месячная, як і ўчора. Толькі мне яе ўжо не ўбачыць.
Немцы, пасеўшы на скрынках, кураць. I маўчаць. Бачу — чуйна ўслухоўваюцца ў гукі, якіх шмат далятае, плыве і коціцца з шырокіх ваколіц сяла. Аднак тых, што гэтыя трое чакаюць, пэўна, няма. На вуліцы робіцца пуста. Мусіць, немцы ўжо выехалі адсюль. Чаго тады чакаюць гэтыя трое?
I тут у мяне з’яўляецца апантаная думка: а можа, яны чакаюць нашых? Каб здацца! I ўратаваць нас!.. Праз секунду радаснага знямення я, аднак, разумею: дурная надзея. He для таго яны тут пакінуты. Ды і той Энгель, падлюга, нават не падыдзе ні разу. Hi разу не зірне нават, нібы баіцца. Але раней не вельмі баяўся. А я так хачу папрасіць у яго вады... Здаецца б, толькі напіцца, а там можна і памерці. Затое Сахно неяк ненатуральна ажыўляецца. Нібы ўрэшце перамагае ў сабе шок, які валодаў ім з трубы. Ён дазваляе сабе ўстаць з прызбы і пачынае часта прысядаць — грэцца. I яго не лаюць. Толькі акулярык нешта буркае, але яфрэйтар маўчыць, тады і ён змаўкае. Сахно, сеўшы, тупае ботамі. Зямля гулка грукаціць пад ім і болем аддаецца ва ўсім маім целе.
Адубелы і знямоглы, я не адразу заўважаю, як з гэтым грукатам зліваецца далёкі знаёмы трэскат. Я толькі бачу, як усе трое немцаў ураз паварочваюць галовы. Чарга паўтараецца раз, другі, трэці. Немцы ўскокваюць. Двое пазіраюць на яфрэйтара, і зноў усе ўтрох слухаюць.
Няўжо нашы? Я не магу ў тое паверыць. Няўжо яшчэ магчымы які паратунак? Сахно зноў знерухомлівае, сцяўшы на пераноссі бровы. Мне здаецца — гэта «максім». He, бадай, болей падобны на танкавы. Толькі якога танка? Чэргі, аднак, змаўкаюць. Немцы яшчэ слухаюць. Пасля яфрэйтар сцішана лаецца і дастае з кішэні круглую, нібы яйка, з паскай упоперак, гранату. Пакратаўшы чаку, планкай чапляе гранату за рамень.
— Іх коме бальд!1
Ён кудысьці таропка выходзіць са двара. Энгель і акулярык зноў садзяцца ля скрынкі. Энгель, апанурыўшы галаву, пачынае калупаць прыкладам у снезе. Акулярык то ўзіраецца ў гароды з вішаннікам, то ў вуліцу. Відаць, ён пабойваецца. Сахно зноў асцярожна пачынае размінку.
Я ўжо не магу трываць. Смага, здаецца, даканае мяне раней за раны і мароз.
— Энгель,— кажу я і не пазнаю свайго аслабелага голасу— Энгель, вассэр! Трынкен вассэр!
Энгель ледзь не са спалохам ускідвае на мяне голаў.
— Вассэр! Фарштэйн? Вассэр!
— Швейгт! Вассэр нікс!2 — кажа акулярысты.
Энгель, аднак, бачу, у раздумнай нерашучасці глядзіць на мяне. На фоне вячэрняга неба выраз ягонага твару ад прызбы амаль ужо не праглядваецца.
— Вунь жа калодзеж. Дай вады, калі ты чалавек! — паказваю я на вуліцу. Там над заснежанай страхой задзірае шыю калодзежны журавель.
Энгель устае і ў нерашучасці топчацца ля скрынак. Азіраецца. Услухоўваецца. На адной скрынцы сумка, і ля яе плоскі кацялок — мусіць, таго, яфрэйтара. Энгель урэшце адшпільвае яго і, яшчэ раз услухаўшыся, ідзе да варотцаў. Карабін ён трымае пад пахай. Акулярысты, седзячы на скрынцы, павяртаецца да нас усім целам і з лязгатам тузае затвор аўтамата.