Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— He трэба!
Яна совала яму нешта з торбачак, што дастала з печы, a ён адхінуўся, не хацеў нічога прымаць ад яе, бо не зычыў гэтай кабеце дабра і таму не мог пагадзіцца на яе паслугу. Але ў той час у сенцах забразгалі, ён пачуў Рыбакоў голас, і ў хату зазірнуў стараста.
— Хадземце, таварыш кліча.
Хістаючыся ад слабасці і гулу ў галаве, Сотнікаў устаў і вылез у халодныя цёмныя сенцы. Праз расчыненыя дзверы на снежным двары відаць быў Рыбак, ля яго ног на снезе ляжала авечка, якую той збіраўся падняць на спіну.
— Так. Ты ідзі! — роўным дзелавым голасам сказаў Рыбак да старасты,— I зачыні дзверы, нечага глядзець.
Стараста хацеў нешта сказаць, ды, мабыць, перадумаў і вярнуўся ў сенцы. Дзверы за ім шчыльна зачыніліся, пасля чуваць стала, як бразнула клямка ў хату.
— Што, пускаеш? — з папрокам, сіпла запытаў Сотнікаў.
— А чорт з ім.
— Ну і дарма!
He адказаўшы, Рыбак дужым высілкам ускінуў на плячо авечку і пакрочыў за вугол хляўка, адтуль павярнуў па цаліку да знаёмага гуменца, касабокія будынкі якога цьмелі непадалёк у змроку. Сотнікаў павалокся следам.
Яны ішлі моўчкі па ранейшых сваіх слядах — цераз прыгуменне, уздоўж плота, выйшлі на касагорыну ля хмызняку. У вёсцы ўсё было ціха, нідзе з вокнаў не выбівалася ні плямкі святла, па-начному сонна шарэлі ў прыцемку заснежаныя стрэхі, сцены, платы, дрэвы ў садках. Рыбак хутка крочыў наперадзе, несучы на плячах авечку — адкінутая галава яе з белаю лысінкай на лобе мёртва целяпалася на яго плячы. Час, мабыць, мінаў за поўнач — маладзічок узлез у самую высь неба і ціха бліскаў там, па-ранейшаму завалочаны святлявым мроівам. Зоркі наўкола яго іскрыліся ярчэй, чым увечары, гучней рыпеў снег пад нагамі — у самую сілу ўбіраўся мароз. Рыбак шкадаваў крыху, што надта забавіліся ў старасты, але хоць недарма, адпачылі, абагрэліся, а галоўнае — вярталіся не з пустымі рукамі. Авечка, вядома, не вялікі наедак на дваццаць сем чалавек, але пакуль што голад спа-
толіць. Хоць і далекавата, ды ўсё ж расстараліся, цяпер трэба паспець да ранку.
Ён спорна крочыў з ношай, не надта ўжо і асцерагаючыся ў начным полі на знаёмай дарозе. Каб не Сотнікаў, якога нельга было кідаць аднаго, ён бы апынуўся і далей. Мабыць, упершыню за сённяшні дзень у Рыбака варухнулася кароценькая незадаволенасць хворым напарнікам, але што зробіш: ці яго ў тым віна. Праўда, міжволі падумалася, што ўрэшце мог бы дзе расстарацца і якую цяплейшую адзежыну, і тады, можа, быў бы здаровы і цяпер вось памог бы яшчэ і валачы гэтую авечку. Спярша дык яна здалася зусім нецяжкой, але неяк даволі хутка стала грузнуць на карку, галава яго пакутна падварочвалася, дрэнна было глядзець наперад. Тады Рыбак пачаў злёгку пасоўваць авечку на плячах: пакуль адно несла, другое адпачывала — так было зручней. На хадзе ён добра ўгрэўся ў цёплым кажушку, нядаўна яшчэ зусім новым, фарбаваным у чорнае, які няблага паслужыў яму ў гэтую сцюжу. Без кажушка ён, мабыць, прапаў бы. А так і лёгка і сугрэўна, і надзець і прыкрыцца дзе на начлезе; дзякуй дзядзьку Ахрэму — не пашкадаваў, аддаў. Хоць, вядома, у Ахрэма былі свае на тое прычыны, і галоўная з іх, безумоўна, датычыла Зосі, якая — гэта ён ведаў пэўна — сэрцам надта ўжо прыкіпела да яго. Але што ж... Хіба каб не вайна. Зрэшты, каб не вайна, дзе б ён спаткаў тую Зосю? Якім чынам старшына стралковае роты Рыбак мог апынуцца ў той Карчоўцы — маленькай глухаватай вёсцы пры лесе? Мабыць, і не завітаў бы ніколі, хіба што праехаў бы калі па бальшаку на асенніх манеўрах, і толькі. А тут быў змушаны. Уначы прыстыргікаў з параненай нагой, тоўста абкручанай скрываўленай нацельнай сарочкай, папрасіўся ў хату — баяўся: удзень пачнуць ездзіць немцы і хутка падбяруць яго, аднаногага. Толькі развіднела, яны і сапраўды пачалі гойсаць на матацыклах і конна па ўчарашнім полі бою, заваленым трупамі, ды ён у той час ужо быў прыхаваны ў пуньцы пад кучай гарохавін. Ахрэм і Зоська пільнавалі яго ўдзень і ўночы і — збераглі. A пасля наўкруг стала ціха, прыйшла і асталявалася новая ўлада, не стала нават чутно артылерыйскага іулу ўначы: было надта тужліва. Здавалася, усё ранейшае, дзеля чаго ён жыў і
стараўся, чаго дасягнуў сваёй рупнасцю, назаўжды рухнула. Дужа горка яму было ў той час, і тады адзінай уцехай у яго патайным вясковым жыцці стала пульхненькая, ласкавая Зоська. Ды ненадоўга.
Здароўя ў яго не бракавала, малака і смятаны было даволі, рана на назе за месяц як-колечы ўгаілася, праўда, трошкі напамінала аб сабе на хадзе, але нічога. Між ласкі і маладых уцех у гасціннай Ахрэмавай хаце ён усё больш пачаў думаць аб тым, як быць далей. Тады аб’явіліся дружкі, такія ж, як ён, акружэнцы — хто выздаравелы ад ран, хто проста аклімаўшыся на хутарах і ў вёсках ад першага страху акружэння,— пачалі сходзіцца, дасталі прыхаваную зброю. Вырашылі: трэба падавацца ў лес, нягожа былым вайскоўцам туляцца па сялянскіх закутках, ля добрасардэчных маладзіц, нераспісаных, нявенчаных ваенных жонак. I пайшлі. Сумнае і нечакана балючае было яго развітанне ў Карчоўцы. Праўда, ён не стаў, як некаторыя, таіцца ці — яшчэ горш — уцякаць, сказаў усё, як было, і надзіва — яго зразумелі, не скрыўдавалі і не адгаворвалі. Зоська, праўда, заплакала, a дзядзька Ахрэм сказаў толькі: «Раз нада, дык нада. Ведама, дзела ваеннае». I ён і цётка Гануля сабралі яго, як роднага сына, і выправілі. Рыбак паабяцаў даваць знаць пра сябе, наведвацца пры выпадку. Яно раз і наведаўся ў канцы восені, а пасля стала нельга, а галоўнае — не цягнула; мусіць, адвык, ці што. А можа, не было таго, што прыварожвае назаўжды, а так — з’явілася, перабыло і прапала. I ён не шкадаваў аб тым, сабой быў давольны — не ашукваў, не лгаў, добра ці не — усё зрабіў па шчырасці і адкрыта. Хай людзі мяркуюць як знаюць, ягонае ж сумленне перад Зоськаю было амаль чыстае.
Ён страх не любіў чыніць людзям зло — знарок ці ненаўмысле крыўдзіць, не трываў, калі на яго крыўдавалі.
У арміі, праўда, цяжка было абысціся без гэтага, трэба было — спаганяў, але стараўся, каб тое выглядала па-добраму, дзеля карысці службы, а не дзеля якога асабістага інтарэсу. I яшчэ стараўся абыходзіцца без выпадаў злосці. Цяпер злы, дапяты хваробай Сотнікаў папракнуў яго старастам, што пусціў, не пакараўшы, але Рыбаку стала агідна
караць — чорт з ім, хай жыве. Вядома, да ворага трэба адносіцца без усякае літасці, але тут сталася так, што ўжо надта па-сялянску знаёмым здаўся яму гэты Пётра. Калі што, хай яго пакараюць другія. У хаце, пакуль спрачаліся, ён нават і меў нейкі намер правучыць старасту, але пасля, у хляўку, калі разам узяліся лавіць авечку, гэтае жаданне паступова знікла. У хляве мірна, звычайна пахла сенам, гноем, жывёлай. Авечкі спуджана кідаліся з кутка ў куток, гэтую ж, з белай плямкай на лобе, стары падлаўчыўся схапіць за шэрсць, і тады Рыбак спрытна ашчаперыў яе за шыю, адчуўшы на момант нейкую паўзабытую, ледзь не дзіцячую радасць здабычы. Пасля, пакуль трымаў, а Пётра рэзаў ёй горла і авечка білася на саломе, па якой цёк ручаёк парнай крыві, у ягонае пачуццё шыбанула незабыўнае з маленства ўражанне страхавітае радасці, калі гэтаксама ў канцы восені бацька рэзаў адну ці аж дзве авечкі і ён, падлетак, памагаў яму. Усё было тое самае: і пахі ў хляўку, і кіданне ў смяртэльным, нібы ўсвядомленым, адчаі жывёліны, і парнасць цёплай крыві на марозе. Тады ён, праўда, баяўся глядзець на такое, затыкаў вушы, каб не чуць перадсмяротнага бляяння звыклых ад ягнячае пары авечак, кожную з якіх ён ведаў ва ўсіх драбніцах іхняга выгляду і характару. Цяпер жа, аднак, таго страху не было і звання, астаўся адзін успамін.
Поле, на якое ён павярнуў ад хмызняку, аказалася нечакана даўгім і шырокім, і яны ішлі, мабыць, з гадзіну, бухаючы нагамі ў снезе. Рыбак не ведаў пэўна, ды ўсё ж адчуваў, што недзе ўпоперак таго, куды яны ідуць, павінна быць дарога, тая самая, якою яны нядаўна ішлі сюды, пасля пачнецца схіл да поплаву. Але мінаў час, яны адмералі вярсты дзве, а дарогі ўсё не было, і ён пачаў меркаваць, ці не перайшлі яны дзе яе, не заўважыўшы. Тады яны маглі збіцца з кірунку, не ў час павярнуць улева, у лагчыну. Кепска, што гэтую мясцовасць ён ведаў блага, ды і не распытаў як след у хлопцаў у лесе. Праўда, тады планавалася ісці трохі ў іншы бок.
Рыбак спыніўся, азірнуўся на Сотнікава, які зноў далекавата адстаў і знямогла гробся ў суцемку. На месяц угары насунулася нейкая імгла, ноч пацямнела, удалечыні зусім
нічога не было відаць. Ён скінуў з карка авечку, паклаў на яе бок карабін і з палёгкай расправіў намуляныя плечы. Праз хвіліну не надта ўпэўненым крокам да яго дашкандыбаў Сотнікаў.
— Ты ўжо як-небудзь. Знаеш, я не памочнік.
— Ладна, куды табе, — адсопваючыся, сказаў Рыбак і перавёў размову на іншае: — He прымеціў, мы правільна ідзём?
Сотнікаў, цяжка дыхаючы, паглядзеў у ноч.
— Мабыць, правільна. Там лес.
— А дарога?
— Тут недзе і дарога. Калі не павярнула куды.
Абое моўчкі паўзіраліся ў змрочнае снегавое сутонне, і тады зусім неспадзявана ў шумлівым павеве ветру іх напружаны слых злавіў нейкі няпэўны гук. To быў голас — самы звычайны дарожны вокрык на каня: «Нэ-э»... У наступнае імгненне стаў чуцен і ціхенькі ўдалечы тупат капытоў — яны абое ўраз павярнулі твары пад вецер і не так убачылі, як угадалі далёка ў прыцемках ледзьве прыкметны рух. Рыбак спярша ледзь не збянтэжыўся — здалося, даганяюць, але неўзабаве зразумеў, што гэта не наўздагон, а хутчэй наперарэз, мабыць, па той самай дарозе, якую яны шукалі. Непрыемна адчуўшы, як закалацілася ў грудзях сэрца, ён узяў карабін, хуценька закінуў яго за плячо. Але тут жа аўтаматычным, амаль падсвядомым адчуваннем сцяміў, што небяспека кіруе міма, толькі ці дастаткова далёка ад іх, каб не згледзець уночы, вызначыць таго не мог. I ён, прысеўшы, дужым рыўком зноў узваліў на сябе тушу авечкі. Поле ішло на пагорак, ім трэба было як найхутчэй пераваліць цераз яго, і тады, мусіць, іх бы ўжо не ўбачылі.
— Давай, давай! Бягом! — гукнуў ён да Сотнікава, прыбаўляючы кроку. Ногі яго адразу падужэлі, цела, як заўжды ў хвіліну небяспекі, набыло лёгкасць і спрыт. I раптам ён згледзеў за пяць крокаў ад сябе дарогу — раз’езджаныя яе каляіны кіравалі ім наўкось. Цяпер ужо стала зразумела, што гэта тая самая дарога, па якой ехалі; ён зірнуў убок і выразна ўбачыў наводдалі цемнаватыя рухавыя плямы, чутно было ціхае бразганне чагось з вупражы; сані ху-