Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Тут таксама была такая магчымасць, па нейкай прычыне падораная паліцаямі, і ён бы выкарыстаў яе, каб не Сотнікаў. Але з Сотнікавым далёка не ўцячэш. Яны яшчэ не вылезлі на пагорак, як той закашляўся, ажно ўгнуўся, некалькі хвілін цела яго аж скаланалася ад марных намаганняў нешта выкашляць. Рыбак спыніўся, пасля вярнуўся да напарніка, спрабаваў падтрымаць яго пад руку. Але той ужо амаль не стаяў на нагах, і ён апусціў яго на вылізаны ветрам снег.
— Пачакай, дай аддыхацца.
— Што, кепска?
— Відаць, не выбрацца нам...
Рыбак не хацеў цяпер гаварыць аб тым — няшчыра запэў-
ніваць яго ў адваротным, не хацеў і суцяшаць — ён сам не ведаў, як выбрацца. I нават у які бок выбірацца.
Хвіліну ён стаяў над знямоглым таварышам, які сцяўся на баку, падкурчыўшы параненую нагу. У адчуваннях Рыбака перамешваліся розныя пачуцці да яго: і ціхі жаль, што столькі дасталося аднаму (мала было прастуды, дык яшчэ і падстрэлілі), і ў той жа час пачала з’яўляцца няпэўная яшчэ прыкрасць: як бы гэты Сотнікаў не наклікаў бяды на абодвух. Сярод усяго патаемна трымцела, часам заглушаючы іншае, страхавітая трывога за сваё жыццё. Праўда, Рыбак стараўся гнаць яе ад сябе і трымацца як мага спакойней. Ён ведаў ужо, што страх за ўласнае жыццё — першы крок да разгубленасці, бо варта толькі страціць цвярозую разважнасць, занервавацца, як беды пасыплюцца адна за адной. Тады ўжо сапраўды канец. Цяпер жа хоць і давялося туга, але, магчыма, не ўсё яшчэ страчана.
— Так. Ты пачакай.
Пакінуўшы таварыша на снезе, Рыбак паплёўся ўгору: трэба было агледзецца. Яму ўсё здавалася, што за пагоркам лес. Яны столькі ўжо прайшлі па начы,і калі ішлі правільна, дык павінны апынуцца недзе паблізу ад лесу.
Кепска, што зусім прапаў месяц, воддаль нічога не было відаць — ноч танула ў змрачнаватай туманнай імгле, густое сутонне шчытпа абвалакло ўсё навакол. Тым не менш вялікага лесу нідзе не было. За пагоркам зноў слалася поле, убаку нібыта шарэў лясок, мусіць, хвойнічак — надта малы хвойнічак, лапінка ў полі, не больш. Але ў тым кірунку мроілася ў змроку нешта падобнае на прамую кароценькую рысу ў доле. Скрозь былі няпэўныя плямы, цёмныя на снезе пырскі быльнягу, размытыя, з невыразнымі абрысамі кусты, а тут са снежнага паўзмроку вынікала кароценькая рыска — пралегла наўкос і знікала. Рыбак з раптоўнаю лёгкасцю пакрочыў да яе і не заўважыў, як гэтая рыска неяк неўзаметку ператварылася на снезе ў цьмяную паласу дарогі. Даволі ўбітая, з раз’езджанымі каляінамі і слядамі ад конскіх капытоў, яна з’явілася зусім дарэчы і абяцала памагчы ў іх нялёгкай бядзе.
Раптоўна абнадзеены, Рыбак лёгка збег з пагорка да нерухомае на снезе постаці Сотнікава.
— Дарога тут!.. Чуеш?
Той вяла падняў круглявую і нейкую ненатуральна малую ў пілотцы галаву, пачаў уставаць.
— 3 дарогі дзе-небудзь сашмыгнём — не знойдуць. Толькі не напароцца каб.
Сотнікаў маўчаў і здаваўся абыякавы да гэтай навіны. 3 дапамогай Рыбака ён падняўся са снегу, ямчэй ахапіў пальцамі ствол вінтоўкі.
Вельмі памалу яны пабрылі да дарогі, якую Рыбак яшчэ здалёк трывожліва азіраў у змроку — ці не пакажуцца дзе людзі. Ягоны напружаны позірк прабег аж да шараватага лапіка наводдаль, і тады зусім неспадзявана для сябе ён заўважыў, што неба над абсягам па-ранішняму засінелася, зоры прытушылі свой бляск, толькі самыя буйныя сям-там яшчэ ярка гарэлі на небасхіле. Гэтая нечакана ім заўважаная прыкмета світанку ўзварушыла яго болей, чым калі б ён убачыў людзей. Усё ў ім тузанулася, памкнула кудысь наперад, хутчэй з гэтага пагрозліва пустога поля. Але ногі былі скуты стомай, да таго ж стрымліваў таварыш — хочаш ці не, трэба было марудна валачыцца па дарозе, іншага выйсця ў іх не было.
Зразумеўшы гэта, ён прыглушыў у сабе непрыемнае пачуццё і тужэй сцяў сківіцы. Ён ні слова не сказаў Сотнікаву — той і так шкандыбаў ледзь жывы, выдаткоўваючы апошнія свае сілы, і ў Рыбака нешта роспачна сцялася ўнутры: ён пэўна ўжо ведаў — удачы не будзе. Ноч канчалася і тым знімала з іх сваю апеку, дзень жа абяцаў мала прыемнага, і Рыбак з паніклай душой назіраў, як павольна і няўхільна займалася ранне. Угары хутка святлела неба, з-пад начнога змроку ўсё выразней вынікаў самотны снежны абшар; дарога наперадзе даўжэла і рабілася бачнай далёка.
Па гэтай дарозе яны пайшлі да ляска.
8
Сотнікаў не горш за Рыбака бачыў, што ў полі віднее, і добра разумеў, якой нечаканасцю для іх можа абярнуцца гэты заўчасны ранак.
Але ён ішоў. Ён сабраў у сабе ўсё, што яшчэ здольна было яго знясіленае цела, і, памагаючы сабе вінтоўкай, з натугай пераступаў нагамі. Сцягно яго пакутна балела, ступні ён ужо і не адчуваў нават, мокры ад крыві бурак змёрз і закасцянеў, другі, не да канца надзеты, загнуўся на палове халявы, доўгім носам грабучы снег. Сотнікаў ведаў, што повідну іх схопяць, але гэта ўжо не адзывалася ў ім вялікай трывогай — яго апанавала абыякавасць да ўсяго, што не было болем, яго рэальнай штохвіліннай, а не ўяўнай, пакутай. Каб не Рыбак, ён бы, мусіць, даўно ўжо скончыў гэтыя марныя пакуты, але цяпер, пасля ўсяго, што той зрабіў для яго, у Сотнікава ажылі зачаткі нейкага абавязку ў адносінах да намаганняў таварыша.
Пакуль яны дастыргікалі да ляска, развіднела яшчэ болей. Стала відаць поле наўкруг, пагоркі; злева, воддаль .ад дарогі, цягнулася па лагчынцы кустоўе, але гэта, мусіць, у тых месцах, адкуль яны ўцякалі. Таго ж вялікага лесу, які так быў ім трэба цяпер, не было нават на краявідзе — нібы ён праваліўся за ноч пад зямлю.
Рыбак, як заўжды, настойліва імкнуўся наперад, зрэшты, гэта было зразумела: яны ішлі як па лязе брытвы, кожную секунду іх маглі згледзець, дагнаць або пераняць. Іхняе шчасце, што дарога ўсё яшчэ ляжала пустая, а купка хвоек наперадзе, хоць і патроху, ды ўсё ж набліжалася. Шкандыбаючы, Сотнікаў праз боль раз-поразу кідаў туды кароткія позіркі — ці хутка дойдуць, але найперш не дзеля таго, каб схавацца, а болып — каб знайсці спакой.
Але яны яшчэ не дайшлі да гэтае купкі, як Рыбак разгублена вылаяўся і спыніўся.
— Тваё-маё! To ж могілкі!
Сотнікаў узняў голаў — сапраўды, цяпер ужо было ясна відаць, што той хамлачок хвоек, які ім здаўся ляском, быў вясковымі могілкамі — пад разложыстым суччам хваін тырчала некалькі крыжоў, агароджаў і невялікі цагляны помнік у глыбіні на пагорачку. А найгорш было тое, што з-за могілак выглядвалі саламяныя стрэхі хат; вецер, відаць было, коса цягнуў у неба хамлак дыму з коміна.
Рыбак высмаркаўся на дарогу, выцер рукой нос.
— Ну, куды дзявацца?
Дзявацца сапраўды не было куды, але і не стаяць жа пасярод дарогі. I яны, яшчэ больш апанураныя і ўстрывожаныя, маркотна пастыргікалі да вёскі.
Напачатку ім, мусіць, пашчасціла. Яны дашкандыбалі да могілак, і ніхто ім не папаўся насустрач — мабыць, вёска яшчэ толькі прачыналася. Слядоў жа тут хапала — на дарозе і каля яе ў полі. Па слаба азначанай у снезе сцяжынцы яны паспешліва сышлі з дарогі. Звычайна ў Сотнікава жыло нейкае страхавітае пачуццё да гэтай нярадаснай людской мясціны, заўжды ён імкнуўся абмінуць яе не затрымліваючыся, але цяпер могілкі тыя нібы паслаў бог ім на паратунак. Хваіны і некалькі агароджаў трохі засланялі абодвух ад вясковых вокнаў, яны пратупалі паўз свежы, яшчэ не прысыпаны снегам, глеісты курганок дзіцячай магілкі. Сотнікаў тут памагаў сабе рукамі, хапаўся то за крыж, то за камель дрэва ці агароджу. Трохі адышоўшыся ад дарогі, ён дабраўся па снезе да таўшчэзнага камля хвоі і ўпаў. Цяпер толькі б сцішыцца, як-небудзь зацяць боль у назе, і, здаецца, для яго настала б шчасце. Усё ў ім напакутавалася, намерзлася, зайшлося ад болю, і ягоная прыцьмелая свядомасць часам ледзь успрымала абставіны, свет і сваё ў ім становішча. Вядома, становішча гэта было незайздроснае, калі не зусім безнадзейнае, і найболыпыя яго душэўныя пакуты ішлі ад выразнага ўсведамлення гэтае свае няздольнасці што-небудзь змяніць да лепшага. Так, розум, свядомасць тут адступаліся ўбок — цяпер усё вырашала элементарная фізічная сіла. Л сілы якраз і не было.
Ён ляжаў, прываліўшыся каркам да шархоткага камля хваіны, заплюшчыў вочы, каб не сустракацца позіркам з Рыбаком, не размаўляць з ім. Ён адчуваў сябе нібы вінаватым, што, пакутуючы сам, вымагаў на пакуты таварыша, які без яго, вядома, быў бы ўжо далёка. Рыбак быў здаровы, меў большую, чым Сотнікаў, прагу жыць, і гэта ўскладвала на яго пэўную адказнасць за абодвух. Так думаў Сотнікаў, ніколькі не дзівячыся пэўнай настойлівасці Рыбака выручыць яго ў гэтую ноч — ён адносіў яе да звычайнай салдацкай узаемавыручкі і не меў нічога супроць Рыбаковай дапамогі, калі б яна была скіравана на іншага. Але сам ён, хоць
і быў паранены, нізашто не хацеў прызнаць сябе слабым, які апусціўся да патрэбы ў дапамозе, гэта было агідна ягонай істоце. Як мог, ён стараўся ўправіцца з сабой сам, а там, дзе гэта было немагчыма, зменшыць сваю залежнасць ад каго б там ні было. I ад Рыбака таксама. Але Рыбак, мабыць, мала турбуючыся клопатамі таварыша, па-ранейшаму дбаў пра яго, і цяпер, крыху перадыхнуўшы, сказаў:
— Пачакай тут, а я падскочу. Вунь хата блізка. Калі што, мо ў гумне перахаваемся.
Пачакаць — гэта добра, адзначыў у думках Сотнікаў, абы не ісці. Чакаць ён гатовы быў доўга, толькі б дачакацца чаго. Рыбак зморана падняўся на ногі, карабін, каб не кідаўся здалёку ў вочы, узяў, як кіёк або палку, за ствол і пайшоў, ступаючы між перамеценага снегам куп’я магіл. Сотнікаў расплюшчыў вочы і павярнуўся крыху на бок, падабраў бліжэй вінтоўку. У тым канцы могілак між камлёў сосен за пагорачкам відаць была крайняя хата вёскі, развалены хляўчук пры ёй; на паламаным паркане вецер матляў нейкай забытай анучай. Людзей там не было.
Некалькі доўгіх хвілін Сотнікаў самотна дрыжаў за дрэвам, час ад часу пазіраючы між хвой у другі канец могілак. Рыбак неўзабаве прапаў з яго поля зроку, але ў вёсцы было па-ранейшаму пустэльна і ціха, гэта абнадзейвала. Каб трохі лаўчэй палажыць параненую нагу, ён ухапіўся за шурпатую палку агароджы, і тая, ціха хруснуўшы, асталася ў яго руцэ з іржавым цвіком на канцы. Магілка была старая, даўно закінутая, у агароджы тырчалі з-пад снегу нейкія тры камяні, не было нават крыжа. Струхлелая загародка дажывала свой век, мабыць, гэта было апошняе, што асталося ад чалавека на зямлі. I раптам Сотнікаву стала надта самотна на гэтых могілках, сярод загародак, камення і пахілых крыжоў, гледзячы на якія ён з маркотай падумаў: навошта? Калі нельга навек, нашто тады на некалькі год — каму гэта трэба? У адвечным змаганні чалавека з часам перамога заўжды на баку апошняга, і ўся гэтая завядзёнка з помнікамі — хай сабе мармуровымі ці драўлянымі — не болып, чым наіўная спроба чалавека прадоўжыць сваю прысутнасць на зямлі пасля смерці. Але хіба гэта магчыма? I навошта гэта патрэбна?