• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 3

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 656с.
    Мінск 2005
    171.74 МБ
    Яна яшчэ не адчыніла ў хату дзвярэй, як з-за перагародкі сунулася дзятва: дзве дзяўчынкі асталіся пад адхінутаю шырмачкай, а гадоў пяці хлопчык, босы, у падраных, на шлейцы штоніках, кінуўся насустрач.
    — Мамка, а ў нас палцізаны! Палцізаны во!
    Яна памкнулася ўзяць яго, ды раптам выпрасталася — з недаўменным спалохам зірнула на незнаёмага за сталом.
    — Здраствуй, хазяйка,— як мага прыветлівей сказаў Рыбак.
    Але яна ўжо сагнала з твару здзіўленне, хуценька зыркнула на стол з пустой міскай, і ў яе позірку штось нездаволена перасмыкнулася.
    — Здраствуйце, — холадна адказала яна, адхінаючы ад сябе малога. — Парцізаны!
    — Ды во, як бачыце. Вас чакаем.
    — Гэта якая ж у вас да мяне патрэба?
    He, тут штосьці не ладзілася, жанчына была яўна не настроена на той лад, які ёй прапаноўваў Рыбак,— нешта суровае, зласнаватае і нават сварлівае прабівалася ў яе голасе.
    Ён пакуль што прамаўчаў, а яна тым часам расшпіліла старэнькі лаплены кажушок, сцягнула з галавы хустку. Рыбак уважліва паглядзеў на яе — зваляныя, нячэсаныя валасы, запыленыя мочкі вушэй, змораны, не надта стары твар з рэзкімі заўчаснымі зморшчынамі ля вачэй і рота, якія красамоўна сведчылі пра горыч турботнага жыцця жанчыны.
    — Якая яшчэ патрэба? — Яна кінула хустку на шасток ля печы, косым позіркам матлянула па канцы стала з міскай гуркоў. — Хлеба? Сала? Ці, можа, яек на яешню захацелася?
    — Мы не немцы,— стрымана сказаў Рыбак.
    — А хто ж вы? Можа, красныя армейцы? Дык красныя армейцы на фронце ваююць, а вы во па завуголлі шастаеце. Ды яшчэ падавай вам... бульбачкі, агурочкаў... Гэлька, вазьмі Лёніка! — крыкнула яна старэйшай, а сама не раздзелася, a пачала прыбіраць ля прыпечка: чыгункі — на прыпек, цабэрак — у парог, венік — у кут.
    За сталом пачаў натужліва кашляць Сотнікаў. Яна пакасілася на яго, нахмурылася, але змоўчала, не пакідаючы прыбіраць,— тузанула брудную фіранку над дзіркай у падпечча. Рыбак устаў. Здаецца, ён даў маху— абыходзіцца з ёй, мабыць, трэба было стражэй, з гэтаю сварлівай раззлаванай бабай.
    — Дарма, цётка! Мы да вас па-добраму, а вы сварыцеся.
    — Хіба я сваруся? Каб я сварылася, вашай бы і нагі тут не было. Цыц вы, халеры! Вас яшчэ не хапала! — шыкнула яна на дзятву, якая церлася ля занавескі,— Гэля, вазьмі Лёніка, сказала! Лёнік, наб’ю!
    — А я, мамацка, палцізанаў глядзець буду.
    — Я табе пагляджу! — пагрозліва тупанула яна да перагародкі, і дзеці пазнікалі,— Парцізаны! Адно што звання — парцізаны. Лепей бы ўжо дома сядзелі.
    Рыбак пільна сачыў за ёй, згадваючы, чаго яна такая ўзлаваная, гэтая Дзёмчыха, У галаве яго праносіліся самыя
    розныя меркаванні: жонка паліцая, якая радня іх ці, можа, пакрыўджаная чым пры Савецкай уладзе? Але, падумаўшы, ён адкінуў тыя здагадкі — усе яны не надта стасаваліся да гаротнага жыцця гэтай жанчыны.
    — А дзе твой Дзёмка? — раптам спытаў Рыбак.
    Яна разагнулася і неяк насцярожана, амаль боязна паглядзела на яго.
    — А вы скуль Дзёмку ведаеце?
    — Ды ўжо ведаем.
    — Чаго ж тады пытаецеся? Хіба цяпер жонкі ведаюць, дзе іх мужыкі? Пакідалі во, жыві як хочаш.
    Яна ўзяла з парога венік і пачала замятаць ля печы. Усе яе рэзкія і шырокія рухі сведчылі пра злосць і неспакой. Рыбак сядзеў, не ведаючы, як урэшце падступіцца да гэтай Дзёмчыхі з той размовай, дзеля якой ён і чакаў яе.
    — Тут бач, цётка, таварыш таго...
    Яна зноў разагнулася, зірнула на Сотнікава ў куце. Той варухнуўся, памкнуўся ўстаць і хваравіта перацяў стогн. Дзёмчыха на момант знерухомела з венікам у руках. Рыбак падаўся к таварышу.
    — Ось бачыш, кепска яму,— сказаў ён.
    Сотнікаў хвіліну курчыўся ад болю ў назе, аберуч трымаючыся за калена і сцяўшы зубы, каб не стагнаць.
    — Халера, прыкарэла, мусіць.
    — А ты не тузайся, ляжы. Цябе ж не гоняць.
    Пакуль Рыбак уладкоўваў нагу ўздоўж лавы, Дзёмчыха хмурылася, але што далей разкаваты выраз яе стомленага твару пачаў мякчэць.
    — Падкласці што трэба,— сказала яна і пайшла за перагародку, адкуль неўзабаве вынесла старую, з клоччам шэрае ваты, ватоўку— На, мякчэй будзе.
    «Так,— адзначыў у думках Рыбак.— Гэта ўжо іншая справа. Можа, яшчэ падабрэе гэта злосная кабеціна». Сотнікаў прыўзняўся, яна паклала ватоўку ў кут пад яго галаву, і ён, пакашліваючы, тут жа апусціўся зноў. Дыханне яго па-ранейшаму было частае і труднае.
    — Хворы,— ужо іншым тонам, спакойна сказала Дзёмчыха,— Жар, пэўна. Вунь як гарыць.
    — Гэта пройдземахнуў рукой Рыбак — Гэта не страшна.
    — Ну канешне! — зазлавала жанчына.— Вам усё не страшна. I страляюць у вас — не страшна. I што маці гора — не страшна. Нічога не страшна. А нам... Зёлак зварыць нада, напіцца, спацець. A то вунь могілкі побач.
    — Могілкі не самае горшае,— праз кашаль сказаў Сотнікаў.
    Ён неяк нядобра ажывеў пасля кароткага забыцця, мусіць, ад тэмпературы, ці што. Рыбак проста не пазнаваў яго: рэзка счырванелы твар, ліхаманкавы бляск вачэй і нейкая ненатуральная парывістасць у рухах.
    — Што ж яшчэ можа быць горш? — спытала Дзёмчыха, збіраючы са стала талеркі. — Мабыць жа, у пекла не верыце?
    — Мы ў рай верым,— сказаў Рыбак.
    — Дачакаецеся раю, а як жа.
    Гаспадыня забразгала засланкай, палезла ў печ, пачала шоргаць там чыгунамі. Аднак, падобна было, яна ўжо спакойнела, нават дабрэла. Рыбак адчуваў тое і думаў, што, можа, як-небудзь усё яшчэ ўладзіцца.
    — Цёплай бы вады рану абмыць. Ранілі яго, цётка.
    — Ды ўжо ж бачу — не сабака ўкусіў. Вунь усю ноч ля Стараселля бахалі,— паведаміла яна і абаперлася на вілачнік,— Кажуць, аднаго паліцыянта падстрэлілі. Невядома, ці выжыве.
    — Паліцая?
    Ну.
    — А хто казаў?
    — Бабы казалі.
    — Ну, калі бабы, то пэўна, — усміхнуўся на канцы лаўкі Рыбак. — Яны ўсё ведаюць.
    Дзёмчыха зласліва азірнулася ад печы.
    — A то не? Мабыць, ведаюць. Вы ж во пытаецеся, бо не ведаеце.
    Яна падала ім ваду ў чыгунку, скінула кажушок і ступіла за шырмачку да дзетвары.
    — Ну вы ўжо самі. A то не хапала мне яшчэ вам порткі знімаць.
    — Ладна, ладна,— пагадзіўся Рыбак і падступіўся да Сотнікава.— Давай бурак знімем.
    Сотнікаў сашчаміў зубы, учапіўся рукамі ў лаўку, і Рыбак як-колечы сцягнуў з яго нагі акрываўлены мокры бурак. Далей трэба было зняць штаны, і Сотнікаў, паморшчыўшыся, выціснуў:
    — Я сам.
    Было пакутна і балюча, і ўсё ж ён, расшпіліўшы, ссунуў да каленяў таксама скрываўленыя штаны. Сярод падсохлых крывавых пацёкаў на яго целе Рыбак згледзеў урэшце ранку. Яна аказалася зусім невялічкай, падпухлай, з сіняватым абадком наўкруг — тыповай кулявой ранай, якая трохі яшчэ крывяніла. 3 другога боку сцягна выхаду не было, што значыла: куля засела ў назе. Гэта ўжо было горш.
    — Да, сляпое, — заклапочана сказаў Рыбак. — Трэ даставаць.
    — Ты ж не дастанеш,— пачаў раздражняцца Сотнікаў,— дык завязвай, і годзе.
    — Нічога, нешта прыдумаем. Хазяюшка, можа, перавязаць чым знойдзецца? — гукнуў Рыбак за перагародку, а сам мокрым ручніком пачаў аціраць падсохлую кроў. Hara ў Сотнікава нервова падрыгвала, мабыць, было балюча, той, аднак, намогся і трываў, і Рыбак падумаў, што ўвогуле рана не такая і страшная, калі толькі куля на зачапіла косці. Калі яе выняць, дык праз месяц усё загоіцца. Куды важней гэты месяц недзе перабыць, перахавацца, каб не папасціся ў лапы да немцаў.
    Калі Дзёмчыха з’явілася ў дзвярах з кужэльным кавалкам у руках, Сотнікаў сарамяжліва схамянуўся, і яна заўважыла тое.
    — He бойся. На во, перавязвайце, чым знайшла.
    Увесь час, пакуль Рыбак абкручваў сцягно, Сотнікаў душыў у сабе стогн і, калі ўсё было скончана, пластам упаў на лаву. Рыбак спаласнуў у чыгунку рукі.
    — Ну во, аперацыя і скончана. Хазяюшка!
    — Бачу, не сляпая,— сказала Дзёмчыха, з’яўляючыся ў дзвярах.
    — А што далей, ось загвоздка! — Рыбак з відочным кло-
    патам ссунуў на патыліцу шапку і запытальна паглядзеў на жанчыну.
    — А я хіба ведаю, што далей.
    — Ісці ён не можа — факт.
    — Сюды ж прыйшоў.
    Мабыць, яна нешта адчула ў яго далекаватых закідах, і яны пільна і насцярожана паглядзелі адно на аднаго. I гэтыя іх позіркі засведчылі куды болей, чым было сказана ў словах. Рыбак зноў адчуў сваю няўпэўненасць, слабасць свайго лагічнага грунту — як было давесці гэтай жанчыне, што іншага выйсця ў іх няма. Але і яна, відаць, няблага разумела, чым рызыкавала, згадзіўшыся на іх патрэбу, і мела намер стаяць на сваім.
    У даволі лёгкай, амаль дробязнай дагэтуль размове настала дакучлівая замінка. Сотнікаў задышліва прыціх на лаве, а Рыбак у клапоткім роздуме зірнуў у акно.
    — НемцыІ!
    Як уколаны, ён адскочыў у парог, за якую долю секунды ўсё ж паспеўшы згледзець некалькі ўзброеных постацяў, што стаялі на могілках. Менавіта стаялі, а не ішлі, ён нават не зразумеў, куды яны былі звернуты тварамі, ён толькі ўбачыў абрысы постацяў са стваламі вінтовак над іх плячамі.
    Сотнікаў падхапіўся з лавы, шырока замахаў ля сябе рукой — стараўся схапіць вінтоўку. Гаспадыня як стаяла, так і збялела да белага палатнянага колеру. Рыбак спярша хацеў быў выскачыць за дзверы, ды зноў вярнуўся зірнуць у акно, але яго апярэдзіла Дзёмчыха.
    — Ідуць! Трое сюды ідуць!
    Сапраўды, трое з могілак накіроўваліся ўніз да сцежкі, якраз, мусіць, па нядаўніх іхніх слядах. Як толькі Рыбак згледзеў тое, усё ў ім апала ўнутры ў шчымлівым прадчуванні бяды. Ніколі ён не палохаўся так, нават сёння ўначы, а цяпер нешта сказала яму, што будзе найгоршае. На нейкае імгненне ён сапраўды разгубіўся. Здаецца, найлепей было ўцякаць, аднак ён зірнуў на скурчанага на лаве Сотнікава, які сціскаў у адной руцэ вінтоўку, і спыніўся. Уцякаць не выпадала. Дзёмчыха, мусіць, таксама зразумела гэта і трывожлівым шэптам загаманіла:
    — На гарышча! Лезьце на гарышча!!
    Вядома, на гарышча, куды ж яшчэ можна было падацца ў сялянскай хаце? Яны сунуліся ў цемнаватыя сенцы, у куце якіх чарнеў квадратны лаз на гарышча, але драбіны пад ім не было, і Рыбак ускочыў на круглыя камяні жорнаў. Найперш ён перакінуў на гарышча вінтоўку і азірнуўся.
    — Давай тваю!
    Сотнікаў, расставіўшы рукі, гробся цераз парог, Дзёмчыха падтрымлівала яго, ён падаў вінтоўку, і Рыбак таксама сунуў яе ў цёмную дзірку гарышча. Потым, ледзь не паваліўшы жорны, узвалок на іх Сотнікава. Верхняе бервяно адсюль усё яшчэ было высока, ухапіўшыся за яго рукамі, ён зашкрэбаў па сцяне ботамі і неяк ускараскаўся. Тут жа ўхапіў працягнутыя рукі Сотнікава. Дзёмчыха ўвесь час старанна і няўлад пасабляла знізу, паўхвіліны Сотнікаў напружана высільваўся на сцяне, але ўрэшце таксама пераваліўся цераз верхняе бервяно і апынуўся на столі хаты.