Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
У сенцах іх абшукалі — выграблі ўсю драбязу з кішэняў, патроны, раменнымі супонямі туга звязалі рукі — Рыбаку ззаду, а Сотнікаву спераду — і пасадзілі на шурпаты гліняны дол. Потым той, старшы, са звераватым абліччам паліцай пайшоў у хату да Дзёмчыхі, а другі, якога называлі Стасем, астаўся на ганку іх пільнаваць.
Марознае паветра апякала хворыя грудзі Сотнікава, у галаве яго блажліва кружылася, пашчыпвала ад сцюжы падмёрзлыя вушы — пілотку ён недзе згубіў, мабыць, на гарышчы. Мерзла і таму яшчэ болей балела яго параненая нага. Калена распухла, ён проста не мог варухнуць ім, а босая ступня ссінела і азызла. Мусіць, трэба было б папрасіць бурак, але ён уявіў, як балюча будзе надзець яго, і перадумаў: чорт з ім! Цяпер ужо ўсё адно, хай мерзне нага, мабыць, хутка яна яму будзе ўжо без патрэбы. Седзячы ў доле і ўсё кашляючы, ён пазіраў на свайго канваіра— маладога хлопца ў чорнай фарсістай кубанцы, яго прыгожы з пародзістым носам твар, на якім часам з’яўлялася нечакана прываблівая ўсмешка. Адчувалася ў ім нешта людскае і нібы знаёмае, вайсковае, ці што; можа, таму, што той быў у вайсковым бушлаце і ботах — спраўных хромавых ботах, у якія былі запраўлены, аднак, чорныя цывільныя штаны. Стась трымаў на плячы вінтоўку, другім прысланіўся да шула і, палузгваючы гарбузныя семкі, паглядваў то на палонных, то некуды на вуліцу — мусіць, чакаў транспарт. Але транспарту пакуль не было, і ён, патаптаўшыся крыху, сеў на парозе, паставіў між ног
вінтоўку. Зблізку пільна, але без злосці, хутчэй насмешліва агледзеў абодвух.
— За пакулле залезлі, ха! Як прусакі!
Яны маўчалі, толькі Рыбак, з пакутнаю спробай нешта зразумець, зірнуў на яго і патупіўся.
— Цяпер вас памыюць, папрасуюць і таго — трошкі павесяць! Пасушыцца, ха-ха! — засмяяўся паліцай так дабрадушна і натуральна, што Сотнікаў аж схамянуўся — так гэта было падобна на прыяцельскі, нахабнаваты, але добразычлівы жарт. Але смех гэты раптам абарваўся, і ўжо зусім іншым тонам, ад якога нельга было не здрыгануцца, паліцай вылаяўся.
— Такія-сякія нямазаныя! Хадаронка ўгробілі? Цяпер мы вам разматаем на плоце кішкі.
— За што матаць? He ведаем мы ніякага Хадаронка,— паныла сказаў Рыбак.
— Ах, не ведаеце? Можа, гэта не вы ноччу стралялі?
— Мы не стралялі.
— Вы ці не, а рэбры ўсё роўна вам ламаць будзем. Паняў?
Стась пасур’ёзнеў, вочы яго пагрозліва засцюдзянелі, і ўсё тое чалавечае, што маладою добрасцю ляжала на твары, неяк дзіўна знікла з яго, саступіўшы месца злой бяздушнай рашучасці.
Яны ненадоўга змоўклі, паліцай — пазіраючы на іх са злосцю, а палонныя — непрыемна перажываючы яго жахлівую пагрозу. Пэўна, каб хутчэй пазбыцца яе, Рыбак запытаў пра іншае:
— У арміі служыў?
— У якой арміі?
— Чырвонай хаця б.
— С... я хацеў на вашу армію! — яшчэ больш вызверыўся паліцай і зрабіў страшныя вочы. Потым неяк паступова твар яго перамяніўся, на ім з’явілася ўсё тая ж паблажлівая ўсмешка. Адставіўшы ўбок нагу, ён наском бота размерана пацепаў па зямлі. — Ось так!
— А бушлат? — паказаў позіркам Рыбак.
— Ах, бушлат! У аднаго жыдка-камісара ўзяў. Таму не спатрэбіўся,— сказаў паліцай і, заўважыўшы яго запыталь-
ны позірк, спакойна дадаў: — Твой паўшубачак таксама прыбяром. Будзіла возьме, ягоная чарга. От так.
— А не падавіцеся? — раптам цвёрда, трошкі стрымліваючы хваляванне, сказаў Сотнікаў. Стась ускінуў галаву.
— Што?
— He падавіцеся, кажу? Паўшубачкамі, і наогул!
— Гэта чаму нам давіцца? За нас Германія — паняў ты, чмур? А вот вам точна капут! Будзьце ўпэўнены, у бога душу маць! — свірэпа закончыў Стась.
Што ж, і гэта было зразумела і натуральна. Рыбак задумліва апусціў галаву, Сотнікаў асцярожна паспрабаваў варухнуцца — дранцвела сцягно, вузкая сырамятная супонь рэзала яго тонкія рукі.
Урэшце паліцай прыгнаў двое саней. Адны асталіся на вуліцы, а другія са скрыпам і конскім тупатам пад’ехалі пад самы ганак, і Стась усхапіўся з парога. Першага ён упіхнуў у развальні Рыбака, потым дужым рыўком за каршэнь падняў з долу Сотнікава. Калі той, дастыргікаўшы, неяк уладкаваўся поруч з таварышам, паліцай уваліўся ў сані ззаду. Возчык — стараваты напалоханы дзядзька ў драным кажуху — боязна прыткнуўся ў перадку. Змёрзлую босую нагу Сотнікаў патроху падапхнуў пад сена, зверху прыкрыў палой шыняля. Яму зноў рабілася надта дрэнна, але неяк трэба было трываць. Цяпер трэба было толькі адно: трываць. I ён трываў, ашчадна выдаткоўваючы не надта багаты запас гэтага свайго трывання.
Ён думаў, што яны адразу паедуць, але з хаты нешта не выходзіў старшы паліцай, па яго пайшоў той, што хадзіў па сані. Неўзабаве адтуль пачуліся галасы і плач Дзёмчыхі, Сотнікаў нявесела ўслухаўся: пакінуць яе ці не? Хвіліну яшчэг падобна было, там нешта шукалі, стукала аб папярочыну драбіна ўгары, плакалі дзеці, а потым гучней загаласіла Дзёмчыха.
— Праклятыя вы! Каб вам да нядзелі не дажыцьі Каб вы маці сваіх не ўбачылі!
— Ну-ну! Жыва, сказана! Жыва!!
— На каго я дзяцей пакіну, гадаўё вы неміласэрнае!..
— Жыва!
Так, не выйшла, забіралі і яе — значыць, іхняе становішча і яшчэ ўскладнялася. Мабыць, будзе і горш. Сотнікаў зірнуў на Рыбака. Той сядзеў да яго бокам, і здалося, на яго аброслым шчаціннем твары слізгануў пакутлівы цень. Было ад чаго.
Па той самай сцяжынцы ўздоўж плота яны выехалі на дарогу і павярнулі паўз могілкі. Сотнікаў уцягнуў галаву ў каўнер, трохі прыхінуўся плячом да аўчыннае спіны Рыбака і заплюшчыў вочы. Развальні тузаліся пад імі, палазы часам заносіла ўбок. Стась ззаду, чуваць было, лузгаў і пляваўся сваімі семкамі... Мусіць, іх везлі ў паліцыю або СД — значыць, спакойнага часу асталося надта мала — трэба сабрацца з душэўнымі сіламі, падрыхтавацца да яшчэ большых пакут. Вядома, яны не скажуць ім праўды, хоць таго, што яны з лесу, відаць, утаіць не ўдасца, але каб хоць выгарадзіць Дзёмчыху. Бедная цётка! Бегла дадому і не сніла, не ведала, што яе чакае там. Цяпер яна нешта ўсё крычала ззаду, сварылася і плакала, звераваты паліцай лаяўся на яе — брыдка, са смакам і з намерам як найбольш дапячы жанчыну. Але Дзёмчыха таксама не аставалася ў даўгу.
— Звяры! Фашысты! Куды вы мяне везяцё? Там дзеці! Дзетачкі мае родненькія, залаценькія мае! Гэлечка мая, як жа ты будзеш...
— Трэ было раней думаць!
— Ах ты, погань нячыстая! Ты мяне папракаеш яшчэ, запраданец нямецкі! Што я зрабіла вам?
— Бандытаў хавала.
— Гэта вы бандыты, а тыя як людзі: зайшлі і выйшлі. Што я знала, што яны на гарышча ўзлезлі? Што я — сваім дзіцям на загубу? Гадаўё вы паганае! Гітляроўскае!
— Маўчаць! Бо кляп усаджу!
— Каб табе кол усадзілі, нячысцік!
— Так! Стась, стой! — гукнулі з задніх саней, і абое сані спыніліся, не даязджаючы дзвюх тоненькіх бярозак, што пагойдваліся на ветры ў кусце лазняку за канавай. Рыбак і возчык цікаўна азірнуліся, а Сотнікаў толькі сцяўся нутром, чакаючы чагось абразлівага і страшнага. I сапраўды Дзёмчыха неўзабаве закрычала, затузалася, сані ззаду скранулі-
ся на дарозе, рыпнуў хамут, і нават конь неспакойна пераступіў на снезе. Потым усё сціхла. Стась саскочыў быў з развальнёў, ды хутка зноў задаволена паваліўся на сваё месца.
— Хе! Рукавіцу ў зяпу — не крычы, шалёная баба!
Сотнікаў з натугай павярнуў галаву і апынуўся твар у твар з канваірам.
— Падлюгі!
— Ты, заступнік! Адвярні нюхаўку, a то красную юшку спушчу!
Паліцай зрабіў страшны выраз твару, вочы яго нядобра схаладнелі, зрэнкі патанулі ў іх некуды ўглыб. Але Сотнікаў ужо ведаў, з кім мае справу, і з выклікам і непрыкрытай варожасцю вытрымаў гэты позірк.
— Спрабуй, гад!
— Ха, пагражае! Ды знаеш — я цябе зараз шпокну і атвячаць не буду! Гэта табе не Саветы!
— Шпокні! Зрабі ласку.
— А то слабо? — Паліцай узяўся за затвор вінтоўкі, але толькі пырануў ствалом у грудзі і вылаяўся. Сотнікаў нават не міргнуў — ён ужо не баяўся гэтага вылюдка. Ён ведаў, што на яго нахабства трэба адказваць такім жа нахабствам — гэтыя людзі разумелі абыходжанне толькі ў іх тоне. Самая малая прыкмета страху, залежнасці адзывалася ў іх звыклай рэакцыяй драпежніка перад безабароннай ахвярай.
— Жанчына ні пры чым, запомні,— сказаў ён з разлікам — не так для паліцая, як для Рыбака: каб той зразумеў, што трэба казаць на допытах,— Мы без яе залезлі на хату.
— Будзеш бабцы байкі баіць! — заківаў галавой Стась і апусціў вінтоўку,— Нябось, Будзіла з цябе ўсё выцягне. 3 вантробамі вырве.
— Пляваць мы хацелі на таго Будзілу.
— Чакай, паплюешся!
«На якога д’ябла ён задзіраецца з ім?» — раздражнёна думаў Рыбак, слухаючы злосную сварку Сотнікава з паліцаем.
Іх везлі дарогай, якой уранку яны пляліся да вёскі, толькі цяпер поле не здавалася такім доўгім і паныла-раўнінным, конік ладна варушыў нагамі, пасцёбваючы па санях жорсткім
валассём хваста. Рыбак з прыкрасцю адзначыў, што яны едуць хутка, і яму з усяе сілы хацелася запаволіць язду, адчувала яго душа — гэта апошнія гадзіны на волі з яе апошняй магчымасцю ўцячы, болей такой не будзе. Ён праклінаў сябе за неасцярогу, за тое, што так бязглузда ўзлез на тое гарышча, што не абышоў за вярсту той крайняй хаты — колькі яму ўжо было навукі не совацца да крайняй, у якую заўжды лезлі і немцы. Ён не мог дараваць сабе таго, што яны гэтак неабдумана забрылі ў тую злашчасную вёску — лепш бы пераднявалі дзе ў хмызняку. Наогул з самага пачатку гэтага задання ўсё пайшло не так, наперакос, калі ўжо цяжка было і спадзявацца на ўдалы канец. Але таго, што здарылася, проста немагчыма было прадбачыць.
Зрэшты, усё праз Сотнікава. Тое незадаволенне напарнікам, якое ўвесь час прабівалася ў ім і якое ён намаганнем волі збольшага глушыў у сабе, цяпер ужо заглушыць было нелыа. Рыбак ужо выразна разумеў, што,калі б не Сотнікаў, не яго прастуда, яны б напэўна дайшлі ўжо да лесу. Ва ўсякім разе, паліцаі б іх не ўзялі. У іх былі вінтоўкі — можна было пастаяць за сябе. Але калі цябе загналі на гарышча, а ў хаце куча дзяцей, тады ўжо з вінтоўкай не дужа разгонішся.
Рыбак коратка вылаяўся ад прыкрасці, жыва ўявіўшы сабе, як нецярпліва іх чакаюць у лесе, даядаючы апошнія крошкі з кішэняў. Напэўна, думаюць, што яны гоняць карову і таму так забавіліся. Вядома, можна было б і карову... Ніколі яшчэ ён не падводзіў таварышаў і не трапляў у гэткі тупік сам, бо меў на плячах цвярозую галаву. Дагэтуль яму шанцавала.