Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— Куды ішлі?
— Мы заблудзілі.
— He пройдзе. Хлусня! Даю дзве хвіліны на роздум.
— He старайцеся. Мабыць, у вас шмат работы.
Тут ён угадаў пэўна. Тхарыны тварык следчага зноў перасмыкнуўся, але, здаецца, ён умеў валодаць сабой. Ён нават не павысіў голасу.
— Жыць хочаш?
— А што вам да майго жыцця? Ужо вы мне яго не даруеце.
Следчы звузіў маленькія вочкі.
— He даруем! Бандытам не даруем! — сказаў ён і раптам крута павярнуўся ад акна; кавалак попелу з канца яго цыгарэты ўпаў і разбіўся аб насок бота — здаецца, яго вытрымка скончылася.— Расстраляем, гэта безумоўна. Але спярша мы з цябе зробім катлету. Фарш зробім з твайго маладога цела. Павыцягваем усе твае жылы! Паслядоўна пераламаем косці. А пасля аб’явім, што ты выдаў астатніх. Гэта каб цябе там, у лесе, не дужа любілі.
— He дажджацеся. He выдам.
— He выдасі ты — другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Паняў? Ну, як?
Сотнікаў маўчаў, яму рабілася млосна. Цела пакрылася потам, стала не да іроніі. Ён адразу адчуў, што гэта не проста пагроза, шантаж — яны здольны на ўсё. Гітлер іх вызваліў ад сумлення, ад людскасці і нават звычайнай чалавечай маралі, іх звярыная сіла ад таго, вядома, пабольшала. Ён жа перад імі толькі чалавек. Ён звязаны дзесяткам абавязкаў перад людзьмі і Радзімай, магчымасць хлусіць і апраўдвацца ў яго не надта вялікая. Так, іх сродкі ў гэтай барацьбе аказаліся няроўныя, перавага была на баку ворага: што выстаўляў Сотнікаў, тое з надзвычайнай лёгкасцю абвяргаў следчы.
Расставіўшы ногі ў абвіслых на каленях брыджах, Партноў упёрся ў яго вострым позіркам і чакаў. Сотнікаву было надта кепска, і ён пакутна падбіраў словы ў адказ, адчуваў — гэта будуць апошнія яго словы, і не знаходзіў нічога. Правая рука следчага асцярожна цягнулася да прэс-пап’е на стале.
Ну?
— Сволачы!
Следчы трошкі паспешлівей, чым трэба было, схапіў прэспап’е і прыстукнуў ім па стале, нібы ставіў апошнюю кропку ў гэтым бяскроўным і тым не меней жахлівым допыце.
— Будзілу ка мне!
У калідоры пачулася зычнае: «Будзілу к спадару следчаму!» — пасля чаго Партноў спакойна абышоў стол і ўсеўся ў сваім крэсле. На Сотнікава ён ужо не глядзеў, нібы яго і не было тут. Ён пачаў закурваць. Здаецца, яго місія была скончана, пачыналася другое аддзяленне допыту.
Сотнікаў увесь напружыўся: урэшце надышоў час таго, кім яго палохалі яшчэ ў вёсцы. I хоць ён ужо не чакаў нічога добрага і гатовы быў да найгоршага, але цяпер аж здрыгануўся, калі дзверы шырока расчыніліся і на парозе з’явіўся Будзіла.
Мусіць, гэта быў тутэйшы паліцэйскі кат — здаравенны бугай на два метры росту, з касцістым, нібы конская морда, тварам і аднавокі. Палохаў увесь яго драпежны медзведзяваты выгляд, асабліва вялізныя касматыя рукі, якія ён нёс,
нібы цяжкія, абвіслыя долу рычагі. Таксама мусіць, па ўсталяванай тут завядзёнцы, увайшоўшы, коса прыцэліўся ў ахвяру сваім цэлым вокам.
— Ану!
Сотнікаў сядзеў, рызыковым непаслушэнствам адцягваючы нешта безумоўна для сябе жахлівае. Тады той з размеранай спаважнасцю падышоў бліжэй і вялізнай пяцярнёй шырока і ўчэпіста згроб на запалых грудзях Сотнікава яго шынелак.
— Ану, бальшавіцкая гніда!..
12
«Дастукаўся!» — паныла, без злосці падумаў Рыбак, калі Стась яшчэ на двары схапіў Сотнікава. Паліцай бесцырымонна павалок таго ў памяшканне, а для іх з Дзёмчыхай адчыніліся ўнізе пад ганкам дзверы ў склеп. Ім развязалі рукі і падвялі да прыступкаў. Дзёмчыху штурхнулі туды сілай, Рыбак пайшоў сам.
У склепе было цёмна, ці, можа, яму здалося так пасля дзённага святла на дварэ. Паліцай, што ішоў спераду, загрукаў, залязгаў жалезнымі засовамі, а ён, упёршыся ў самыя плечы Дзёмчыхі, спыніўся, паціраючы набрынялыя свербам рубцы на руках.
— Марш, марш! Што стаў! — падштурхнуў яго той, што ішоў ззаду. Аказваецца, наперадзе ўжо адчыніліся новыя дзверы ў цемру. Рыбак праціснуўся каля Дзёмчыхі, угнуў галаву і апынуўся на парозе нейкай затхлай, смярдзючай каморкі. Ён нічога не бачыў тут, маленькае акенца слепа свяціла пад столлю, унізе быў змрок. У нос шыбала чымсь кіслым, нясвежым, цяжкім для грудзей, і ён спыніўся, не ведаючы, куды ступіць ад дзвярэй.
Ззаду тым часам бразнуў засоў, Дзёмчыха асталася з паліцаямі, і нечы голас там запытаўся:
— А бабу куды? У вуглавую?
— Давай у вуглавую.
— Штось пуста сёння?
— Немцы ўчора разгрузілі. Адно жыдзянё асталося.
Яны адышліся, недзе непадалёк забразгаў засоў, і тады ён, трохі ўжо абвыкшыся ў змроку, згледзеў яшчэ некага ў куце. Заняты чымсьці сваім, чалавек варушыўся-корпаўся, не то распранаўся, не то слаў пад сябе адзежыну — мусіць, рыхтаваўся легчы. Цьмянае акенца амаль не свяціла на яго месца, толькі сівая галава чалавека ды плечы то з’яўляліся, то прападалі ў рэдзенькім сейве святла.
— Сядайце, чаго ж стаяць. Стаяць ужо няма чаго.
Рыбак здзівіўся і нават міжвольна ўзрадаваўся: голас старога здаўся знаёмы, і ён тут жа ўспомніў: стараста! Ну так і ёсць, у куце варушыўся іх начны знаёмы, лясінаўскі стараста Пётра.
— I вы? — вырвалася ў Рыбака.
— Ды во, папаў. Авечку ж апазналі, ну і...
«Так, так»,— стукала ў галаве надарэчная думка, хоць усё ўжо было зразумела. Дзіўна, але ён толькі цяпер успомніў тую злашчасную авечку і толькі цяпер з недаравальным спазненнем падумаў, чым яна можа абярнуцца яе гаспадару.
Але там што ён мог зрабіць?
— А пры чым тут вы? Мы ж яе забралі,— трошкі фальшыва здзівіўся Рыбак. Стараста нешта разаслаў ля сябе, ды не лёг, а ўсеўся спіной да сцяны. Цяпер ён амаль увесь мясціўся ў змроку, відаць былі толькі сагнутыя яго калені.
— Як сказаць. Калі забралі, дык трэба было далажыць. A я... Ды цяпер што ж! Цяпер ужо ўсё роўна...
Цяпер, мусіць, сапраўды ўсё роўна, цяпер позна ўжо меркаваць наконт авечкі, падумаў Рыбак. Цяпер ужо ўсё ясна.
He расшпільваючы кажушка, ён паныла апусціўся на зляжалую саламяную падсцілку і таксама прыхінуўся плячамі да сцяны. Было невядома, што рабіць далей, ды апроч як чакаць, тут наогул рабіць нічога не выпадала. Толькі цяпер ён адчуў, што здорава замарыўся за ноч, гарнула на сон, але думкі трывожна таўкліся ў галаве. Апынуўшыся тут са старастам, ён падумаў, што няблага было б, згаварыўшыся, адмаўляць іхні заход у Лясіны — хай бы стараста сказаў, што прыходзілі не яны — другія. Старасту ўсё роўна, на каго ўказваць, а ім бы, мусіць, была ў тым палёгка. Якой-небудзь віны або нават няёмкасці ў адносінах да гэтага Пётры Ры-
бак не адчуваў ні на кроплю — ці першы раз такім спосабам яму даводзілася здабываць харч? Зноў жа — узялі ўсяго толькі авечку і не ў якой чырвонаармейскай кабеты, а ў самога старасты. Тут ён быў зусім спакойны і не мог сцяміць, як гэта атрымалася, што стары не зваліў усяе віны на заходжых і даў сябе так недарэчна засадзіць у гэты смярдзючы склеп.
Мінула гадзіна ці болей, Сотнікаў не вяртаўся, і Рыбак не без кароткага шкадавання падумаў: можа, яго там і прыбілі? Размаўляць тут яму ні пра што не хацелася, настрой быў самы прыгнечаны. Ён адчуваў, што вось-вось павінны прыйсці па яго, і тады пачнецца самае горшае. Ен усё думаў, прыкідваў і так і гэтак, каб як абхітрыць паліцыю, выкруціцца або хоць адцягнуць кару. Каб адцягнуць кару, мусіць, быў адзін сродак — расцягнуць следства (усё ж якое-ніякое павінна быць следства). Але тады трэба знайсці важкія факты, такія, каб зацікавіць паліцыю; бо калі тая вырашыць, што ўсё ясна, тады ўжо трымаць іх не стане. Тады ім канец.
У склепе было ціха і сонна, толькі аднекуль знадворку чуліся галасы, тупат ног у будыніне. Часам тупат быў надта густы, як ад крокаў мноства людзей, штось там прыглушана грукала і далятаў голас-лаянка. Тупат гэты жыва нагадаў Рыбаку пра Сотнікава, які недзе адзін там сярод такой зграі. Пры думцы аб напарніку ў Рыбака пакутна сціснулася ўнутры — той самы лёс чакаў і яго. Але ён стараўся не надта паддавацца паныласці, куды важней было надумаць, як апраўдацца перад паліцыяй, каб выратавацца ад смерці і, можа, яшчэ і пасабіць Сотнікаву.
Але, мусіць, тое было няпроста.
3 высокага, чымсь застаўленага знадворку квадратнага акенца цадзілася рэдзенькае святло, яно напаўняла камеру прывіднай шэрасцю, у якой выразна былі відаць толькі святлявы лапік затаптанай саломы ды нагнутая сівая галава старасты пад акном. Той нерухома сядзеў ля сцяны, аддаўшыся сваім, мусіць, таксама невясёлым думкам.
— Казалі, там нехта паліцыянта ўначы параніў, невядома, ці будзе жыць, — пасля доўгага маўчання сказаў-
намякнуў стары. Рыбаку тое раненне не было навіна, але ён проста забыўся пра яго і цяпер, пасля напамінку старасты, затрывожыўся яшчэ болей. Аднак размову перавёў на іншае.
— Вас ужо бралі наверх? — запытаў ён з нясмелай надзеяй, што чарга на допыт можа яшчэ не яго. Але стараста тут жа і разбурыў гэту яго надзею.
— На допыт? А як жа! Сам Партноў дапрашваў.
— Які Партноў?
— Следчы іх.
— Ну і як? Здорава білі?
— He, мяне не білі. За што мяне біць? Б’юць, калі хто ўтойвае. А я што мог утаіць?
Рыбак, зацяўшы дыханне, уважліва слухаў: хацелася па магчымасці ўведаць, што яго самога чакала наперадзе.
— Гэты Партноў, я табе скажу, хітры, як чорт. Усё ведае,— нявесела зазначыў стары.
— Але ж ты выкруціўся.
— А што мне выкручвацца! Віны за мной ніякай няма. Што перад богам, тое і перад людзьмі.
— Такі бязвінны?
— А ў чым мая віна? He пабег дакладваць пра авечку? Дык я стары па начы бегаць. Шэсцьдзесят сем год маю.
— Да-а, — уздыхнуў Рыбак. — Значыць, кокнуць. Гэта ў іх проста: пасобніцтва партызанам.
Такім жа роўным голасам, як і дагэтуль, Пётра сказаў: — Ну што ж! Значыць, такая судзьба. Дзе дзенешся?
«Якая пакорлівасць!» — падумаў Рыбак. Зрэшты, шэсцьдзесят сем гадоў — сваё ўжо аджыў. А тут усяго дваццаць шэсць, хацелася б трохі пажыць яшчэ. He тое што страшна, а проста брыдка класціся па зіме ў прамёрзлую яму.
— He, трэба змагацца.
А што, калі ва ўсёй гэтай гісторыі зрабіць большы ўпор на старасту? Сапраўды, калі выдаць яго за партызанскага агента ці хоць бы памагатага, сказаць, што ён не першы ўжо раз рабіў паслугі атраду, накіраваць усё следства ў фальшывым напрамку? Пачнуць дадаткова расследаваць, спатрэбяцца новыя сведкі, паказанні, пройдзе час. Мабыць, Пётру гэта
не шмат павялічыць ягонай віны перад немцамі, а ім двум можа яшчэ і пасобіць.