Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Вот боўдзіла, падумаў Рыбак. Ужо такое дурной упартасці ён ад яго не чакаў. Зрэшты, сам адной нагой у магіле, дык яму што — не хоча нават падумаць, каб не пацягнуць туды і таварыша.
— Ты паслухай! — памаўчаўшы, зашаптаў Рыбак— Нам нада іх павадзіць. Знаеш, як шчуку на вудзе. Інакш перасіліш, парвеш, і ўсё прапала. Нада прыкінуцца смірнымі. Знаеш, мне прапанавалі ў паліцыю,— неяк, сам не жадаючы таго, сказаў Рыбак. Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай.
— Во як! I што ж — пабяжыш?
— He пабягу, не бойся. Я з імі патаргуюся.
— Глядзі, пратаргуешся, — з нядобрасцю прасіпеў Сотнікаў.
— Ну а што ж — прападаць? — ледзь не крыкнуў са злосцю Рыбак і змоўк, вылаяўшыся пры сабе: чорт з ім! He хоча — ягоная справа; Рыбак жа будзе змагацца за сябе да канца.
Сотнікаў задыхаў цяжэй, ад хвалявання ці ад знямогі, зрабіў спробу адкашляцца — у грудзях яго страшна захрапло, Рыбак аж спалохаўся: памірае, ці што? Але ён не паміраў і неўзабаве, саўладаўшы з дыханнем, сказаў з рашучасцю ў голасе:
— Дарма паскудзішся, во што! Паганіш армейскі гонар. Жывымі яны нас не пусцяць.
— Як сказаць. Калі пастарацца...
— Для каго старацца?! — ледзь не крыкнуў Сотнікаў і задыхнуўся. Хвілінку ён пакутна кашляў, пасля хвіліну зморана дыхаў, потым сказаў надта змораным голасам:
— He ў карты ж гуляць яны цябе ў паліцыю завуць. Мабыць, не ў карты, пагадзіўся ў думках Рыбак. Але ён ішоў на гэтую гульню, каб выйграць сабе жыццё — хіба гэтага мала? А там яно будзе відаць, толькі б не забілі, не закатавалі. Толькі б вырвацца з гэтае клеткі, а чаго благога ён сабе не дазволіць. Хіба ён вораг сваім?
— He бойся,— сказаў ён— Я таксама не лыкам шыты. Сотнікаў засмяяўся аслабелым, ненатуральна кароценькім смехам, які прагучаў, нібы енк.
— Дзівак! 3 кім ты ўздумаў цягацца?
— А вот пабачыш.
— Гэта — машына! Або ты будзеш служыць ёй, або яна сатрэ цябе ў парашок! — задышліва прасіпеў Сотнікаў.
— Я ім паслужу!
— Толькі пачні!
— He, відаць, з ім не згаворышся, з гэтым дзіваком-чалавекам,— падумаў Рыбак. Як у жыцці, так і перад смерцю ў яго на першым месцы ўпартасць, нейкія там прынцыпы, a ўвогуле ўся справа ў характары — так разумеў Рыбак. Але каму не вядома, што ў той гульні, якая завецца жыццём, куды з большым выйгрышам аказваецца той, хто ўмее хітра-
ваць, хто дбае пра свой лёс, а не пра свой не заўсёды здаровы гонар. Ды і як жа інакш? Сапраўды, фашызм — машына, якая здратавала сваімі калясьмі паўсвету і бадай усю Еўропу, хіба можна ўвесь час бегчы ёй напярэймы і размахваць голымі рукамі? Можа, куды здатней будзе паспрабаваць ціхенька сунуць ёй між колаў якую-небудзь патарчаку; глядзі — забуксуе і тым дасць магчымасць уратавацца.
Сотнікаў змоўк ці, можа, забыўся ў знямозе, і Рыбак перастаў лезці да яго з размовай. Хай робіць, як знае,— Рыбак жа будзе кіравацца сваім розумам.
Ён скурчыўся на баку, паставіў каўнер кажушка. Пакуль што няблага было б падрамаць якую гадзіну, каб яснейшая стала галава, бо неўзабаве, мусіць, прыйдзецца папацець, каб як абысці свой лёс. Аднак ён верыў у сваю шчаслівую зорку і патроху ўпэўніваўся, што ягоныя адносіны з паліцаямі павярнулі ў патрэбны кірунак, якога і трэба пакуль што трымацца. Калі б толькі Сотнікаў сваёй недарэчнай упартасцю не сапсаваў яму ўсе разлікі. Але, мусіць, Сотнікаў доўга не працягне — на тое была ўся надзея. Дзіўна гэта было і незвычайна — жадаць смерці таварышу, але, пэўна, інакш не выпадае.
Задумаўшыся, Рыбак не адразу пачуў, як нешта ціхенька шкрабанула па ягоным боце, потым яшчэ раз. Ён варухнуў нагой і тады выразна пачуў пацука — шэры камяк матлянуўся ад бота да сцяны і стаіўся там; хвост яго тонкім кончыкам пугі насцярожана пралёг на саломе. Скалануўшыся ад гідлівага спалоху, Рыбак піхнуў туды абцасам — пацук піскнуў і шмыгануў некуды ў цёмны кут. Па шастанню саломы Рыбак адчуў, што ён там не адзін. Мусіць, трэба было чымсь шпурнуць у іх, ды нічога не траплялася пад рукамі. Тады Рыбак сарваў з галавы шапку і кінуў яе ў кут.
Калі там прыціхла, ён на кукішках споўзаў па шапку і зноў прыхінуўся плячамі да халоднай мураванай сцяны. Аднак спакой яго ўжо мінуўся, спаць ён не мог. Чакаючы новай атак грызуноў, захінуў шынялём босую нагу Сотнікава і з незразумелым гідлівым страхам пачаў узірацца ў кут. He мінула і хвіліны, як там падазрона заварушылася, зашкрэбла — мабыць, вылазілі зноў Рыбак памацаў па
сцяне рукамі, у адным месцы адкалупаў кавалак тынкоўкі, разламаў яго пальцамі і пачаў час ад часу шпурляць у кут — палохаць пацукоў.
14
Пётру прывялі няскора, мусіць, ужо на захадзе сонца, калі ў камеры зусім згувцеў змрок і акенца ўгары ледзь свіцілася скупымі рэшткамі марознага дня. Ды і ў дзвярах, калі яны адчыніліся, не было ўжо ранейшае віднасці — угнуўшы сівую галаву, стараста моўчкі пераступіў парог і сунуўся ў свой змрочны кут пад акенцам. Рыбак ля сцяны не варухнуўся, толькі сцяўся ўвесь, нібы стараючыся знікнуць у цемры гэтай смярдзючай камеры. Было боязна, што наступным зноў паклічуць яго, хоць ён разумеў, што ад паліцая гэта зусім не залежала. Але не паклікалі нікога, дзверы зачыніліся, лязгнуў засоў. Паліцай, аднак,— гэты раз нехта іншы, не Стась,— пайшоў не да прыступак, а павярнуў у другі бок па калідоры; неўзабаве недзе ў глыбіні склепа загрукала, пачуўся глухаваты вокрык і кароткі жаночы ўсхліп.
Гэта бралі жанчын.
Калі ў склепе зноў усё сціхла, да Рыбака памалу пачала вяртацца яго раўнавага. Што ж, бяда пакуль мінула яго, спасцігла другога, і гэта, як заўжды на вайне, насуперак усяму, супакойвала. Нібы тым самым давала яму нейкія шансы выжыць. Хоць, вядома, шансы гэтыя былі дужа хліпкія.
Рыбак не меў ніякай ахвоты размаўляць з Пётрам, падобна было, старасту білі не дужа, ва ўсякім разе не так, як Сотнікава. Але тое, што ён гэтак маўкліва-адчужана сцішыўся ў сваім куце, нядобрым прадчуваннем занепакоіла Рыбака.
— Ну як? Абышлося? — знарок бадзёра і трохі помсцячы за ягонае ж падобнае пытанне, запытаў Рыбак. Пётра не варухнуўся, памаўчаў. Пасля азваўся надта невясёлым голасам:
— He, пэўне, не абыдзецца. Кепскія нашы справы.
— Горш і быць не можа,— згадзіўся Рыбак.
Пётра высмаркаўся, відаць было ў прыцемку — звыкла
разгладзіў вусы і паведаміў, нібы між іншым, ні да каго не звяртаючыся:
— Застаўлялі, каб выведаў ад вас. Пра атрад, ну і яшчэ некаторае.
— Во як! — здзівіўся Рыбак і непрыемна паморшчыўся, успомніўшы, як яны нядаўна размаўлялі з Сотнікавым,— Шпіёніць, значыць?
— Ну, бытта. Шэсцьдзесят сем год пражыў, а пад старасць на такое дзела... Не-е, не па мне гэта.
Побач з саломы падхапіўся Сотнікаў, неяк спалохана ўздрыгнуў і прыўзняўся на руках.
— Хто гэта?
— Ды той, лясінаўскі стараста,— апанурана сказаў Рыбак.
Сотнікаў вяла апаў на салому, хвіліну маўчаў. Адчуваў ён сябе куды як кепска, нага па-ранейшаму балела ад сцягна да ступні, калола ў пальцах на руках, у грудзях усё гарэла, цела пылала жарам. Свядомасць яго раз-пораз абрывалася змрочным праваллем: ён то выразна адчуваў наваколле, то яно амаль знікала ў тлумнай мешаніне прывідаў. Гэты раз, аднак, ён хутка ўспомніў начны іх заход у Лясіны, старасту Пётру і цяпер, учуўшы яго побач, усё зразумеў адразу. Праўда, асаблівага жалю да яго ў Сотнікава не было: стараста — не Дзёмчыха. I ўсё ж было непрыемна бачыць гэтага старога поруч з сабой у паліцэйскім засценку, выйсці з якога, мусіць, не ўдасца нікому.
Размова на тым абарвалася, Рыбак і Пётра сцішыліся кожны ў сваім кутку. Сотнікаў не то задрамаў ці, можа, забыўся ў гарачцы. Акенца зусім пагасла і ледзь шарэла пад столлю, раздзеленае жалязякамі кратаў на чатыры квадраты. У камеры стала зусім цёмна. Гаварыць нікому не хацелася, кожны паглыбіўся ў сябе і свае невясёлыя думкі.
I тады зноў на прыступках затупалі, расчыніліся надворныя дзверы і нечакана лязгнуў засоў іхняе камеры. Яны ўсе насцярожыліся, сцятыя аднолькавым у такіх выпадках пытаннем: па каго? Тым не менш і цяпер, відаць, не забіралі нікога, — наадварот, некага вялі сюды.
— Ну, марш!
Хтось нябачны і амаль нячутны прашмыгнуў у дзверы і стаіўся каля парога ля самых ног Рыбака. Калі дзверы за ім зачыніліся і паліцай, пасвістваючы, замкнуў надворны замок, Рыбак кінуў у цемру:
— Хто тут?
Я.
Голас быў дзіцячы, гэта стала зразумела адразу — невялічкая постаць сцялася ля самых дзвярэй і маўчала.
— Хто я? Як завуць?
— Бася.
«Бася? Што за Бася? Быццам яўрэйскае імя, але адкуль яно ўзялося, гэта дзяўчо? — здзівіўся Рыбак.— Усіх яўрэяў у мястэчку расстралялі яшчэ ўвосень, здаецца, не асталося ніводнага — як гэта апынулася тут? I чаму яе прывялі ў іхнюю камеру, а не да Дзёмчыхі?»
— Адкуль ты? — не тоячы заклапочанае цікаўнасці, запытаў Рыбак. Дзяўчынка маўчала. Тады ён запытаў другое: — А колькі табе гадоў?
— Трынаццаць.
У куце заварушыўся Пётра.
— Гэта самае... Ці не Мэера-шаўца ты дачка?
— Ну,— ціха пацвердзіла дзяўчынка.
— А-я! Мэера ж тады застрэлілі з усімі. Як жа ты ацалела? Мусіць, схавалася дзе?
У адказе было ціхае, насцярожанае, а можа, недаверлівае, маўчанне. Зрэшты, Рыбак ужо не чакаў яе адказу, ён раптам згубіў усякую цікавасць да гэтай дзяўчынкі, устрывожаны іншым: чаму яе сюды прывялі? У склепе ж былі, напэўна, і яшчэ месцы, недзе паблізу сядзелі жанчыны — навошта дзяўчынку падсадзілі ў мужчынскую камеру? Які ў гэтым сэнс?
— I чаго ім трэба ад цябе? — тым часам распытваў Басю Пётра.
— Каб сказала, у каго хавалася.
— А-а, во як! — зразумеў у кутку Пётра,— Ну што ж... Гэта так. А ты не сказала ж?
Бася зацялася, нібы і не дыхала, абмерла і маўчала.
— I не кажы,— проста адобрыў стараста — Нелыа
такое казаць. Людзі дабро зрабілі, дык і маўчы. Калі і біць будуць. Ці, мусіць, цябе ўжо білі?
Замест адказу ў парозе пачуўся хліп, за якім прарваўся нясцерпны, балючы плач. Ён быў кароценькі, але столькі дзіцячай роспачы вылілася ў ім, што ўсім у гэтай камеры зрабілася ніякавата. Сотнікаў на саломе нібы ачнуўся і на момант зацяў дыханне.
— Рыбак!
— Я тут.
— Там вада была.
— Што, піць?
— Дай ёй вады. Ну што ж ты сядзіш! Намацаўшы пад сцяной кацялок, Рыбак пацягнуўся ў парог да дзяўчынкі.
— He плач. На вады.
Бася трохі папіла і адразу неяк суцішылася.
— Ідзі да мяне, — паклікаў Пётра. — Тут во месца ёсць. Будзем сядзець. Во ля сцяны дзяржыся.