Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
жылася бабка на гэтым свеце ў чужых людзей, за той час павырасталі малыя, забілі на вайне гаспадара, гаспадыня ледзь магла пракарміць сябе — што ёй было да бабкі? А смерць усё не ішла. Развітваючыся тады, кожны з іх па шчырасці жадаў ёй як мага хутчэй скончыць свае турботы на гэтым няласкавым свеце. А цяпер вось зноў тое самае. Толькі ж гэта дзіця.
Што дзеецца на свеце.
— А тады мне лепей стала. Раз дужа напужалася ўранку. Толькі заснула — здалося, звер нейкі крадзецца па беражку пад кустом. Аж гэта кот. Вялізны такі шэры кот, з мястэчка, мусіць, астаўся адзін, ну і шукае сабе пракорму. Рыбу ловіць. Замрэ на беразе, угледзіцца ў ваду, а потым як скоча! Вылезе — і ў зубах ужо рыбінка. Вот, думаю, каб мне так налаўчыцца. Хацела я адабраць рыбку, ды не паспела, уцёк кот і пад другім кустом з’еў усю, і хвосціка на асталося. A потым мы з ім падружыліся. Прыйдзе калі ўдзень, улезе ў куст, ляжа поруч і мурлыкае. Я гладжу яго і трошкі сплю. A ён чуткі такі. Калі хто дзе паблізу акажацца, адразу натапырыцца, і я ўжо знаю: трэба баяцца. А як дужа голад даняў, вылезла ноччу ў гарод, што паблізу, здаепда, Арона крывога. Агуркі там былі яшчэ, семянныя каторыя, морква. Дык я нарву і ем. А кот усё глядзіць і мяўкае. Але кот не есць гародніны. Так мне шкада яго робіцца...
— Хай бы мышэй лавіў,— азвалася ў цемры Дзёмчыха.— У нас, там, у Паддуб’і, у адных была кошка, дык зайчанят насіла дамоў. Яй-богу, не ліу. А раз прывалакла занца, ды на гарышча не ўсцягнула. Раніцай выйшаў Змітра, глядзь: заяц пад вуглом ляжыць.
— А, дык то, мусіць, у яе кацяняты былі,— здагадаўся Пётра,
— Ну, кацяняты.
— Дык то панятна. Тут ужо кацянятам старалася. Як маці каторая... Ну, а пасля ж як ты?
— Ну, так і сядзела, — ціхенька і даверліва гаварыла Бася,— Цётка... Ну, тая самая, яшчэ колькі разоў хлеба выносіла. A потым дужа сцюдзёна стала, дождж пайшоў, пачало лісце ападаць. Увечары, як дождж пайшоў, залезла ў нечую асець. Там пераседзела дні тры. Ды вобыск быў. Шукалі нейкае збожжа і чуць мяне не знайшлі. Тады я перайшла ў хлеў...
— А божухна! Bo намучылася, бедная! — уздыхнула Дзёмчыха.
— Ну. Але там цёпла было.
— А як жа з харчам? Ці даваў хто?
— He, я не паказвалася.
— Ой, да чаго людзей давялі, божа, божа! I хто ж злавіў цябе?
— Ды немцы ж. Заспала аднаго разу — ужо снег быў. Выскачыла, каб перабегчы на другі бок вуліцы — там стаяў дом, і мяне ў тым доме потым хавалі. Толькі вуліцу перабегла, а тут яны. Як крыкнулі, я за клён захінулася, тоўсты такі клён...
— Ай, мусіць, напроці аптэкі, ага? — здагадалася Дзёмчыха. — Дык то ж Ігналя Супрон жыў.
— А табе што? — няласкава перапыніў яе Пётра,— Хто ні жыў, ці не ўсё роўна. Нашто пытацца?
Дзёмчыха пакрыўдзілася:
— Дык а што я? Калі і сказала, дык што?
— Анічога! — строга абарваў яе былы стараста. — Ну дык як яно далей? Расказвай, усё скарэй ноч мінецца.
Іш ты, стары індык, падумаў Рыбак. Яму ноч мяшае. Нешта ён надта падазрона чакае таго заўтра. Ці, можа, думае, што заўтра яго выпусцяць?
Але заўтра наўрад ці будзе ім радасць.
Рыбак хацеў перапыніць Басю — навошта тут было расказваць усё тое? Каму не вядома, што і ў сцен часам ёсць вушы. Але пагадзя разважыў: мабыць, позна ўжо нешта таіць, чаго асцерагацца. Калі Стась сказаў праўду, дык заўтра ўсім будзе крышка. He пакінуць нікога.
— Ну, закрычалі, а я ўцякаць. Бегла, бегла па снезе, аж пакуль не ўпала за гародамі. Да лесу не дабегла. Ну, яны і схапілі мяне за рукі, прывялі сюды. Тут білі дужа. А пасля... Ай-ай!
Бася спалохана крыкнула на ўвесь голас, Пётра, чуваць было, падхапіўся з месца, і Рыбак зразумеў: пацукі. Абнаглелі ці згаладнелі ўжо так, што перасталі баяцца і людзей. Стары ўстаў і ботам некалькі разоў тупнуў у куце. Бася, ускочыўшы, стаяла на сярэдзіне, захінаючы светлы квадрат акна, і калацілася ад страху.
— Яны ж кусаюцца! Яны ж мае ногі пагрызлі. Я ж іх баюся, а дзядзечка!..
— Нічога, не бойся. Пацукі што? Пацукі не страшныя. Укусяць, ну і што? Гэткай бяды. Ідзі во ў мой кут сядай. A я тут... Я іх, халераў!..
Ён патупаў яшчэ, паварушыў там у куце і сеў. Бася прыткнулася на яго належаным на саломе месцы. Сотнікаў быццам бы спаў. Насупраць то ўздыхала, то смаркалася ў хустку Дзёмчыха — мусіць, плакала.
— Так, што ж... Што ж цяпер зробіш? — пытаўся ў кагось Пётра і сам сабе адказваў: — Нічога не зробіш. Цярпі, нямнога асталася.
Яму ніхто не адказаў, стала ціха. Рыбак вальней выцяг к парогу ногі, думаў заснуць у спакоі, але сон да яго не ішоў — свядомасць тачыла нязбыўная, як боль, трывога. Перад ім быў абрыў.
Ён выразна адчуў гэта, асабліва цяпер, уначы, у хвіліны спакою, і думаў, што нічога ўжо зрабіць нельга. Гэтае пачуццё непапраўнасці рэдка калі так апаноўвала яго нават на вайне; усюды і заўжды ён умеў знайсці нейкае выйсце, але не цяпер. I яму пачало рабіцца страшна, як у тую незабыўную з дзяцінства хвіліну, калі жах ахапіў яго так моцна, што перасіліў і розум.
Праўда, тое было даўно, у пару яго вясковага маленства — што было ўспамінаць пра яго? Але чамусьці ўспаміналася міжволі, бо, мусіць, той выпадак меў нейкую еднасць з яго цяперашнім станам.
Здарылася гэта яшчэ да калгасаў. У іх быў ладны буланы конік, старанны і цягавіты, хіба трохі малады і залішне рухавы. Аднак Коля Рыбак з ім ладзіў няблага. У вёсцы хлапчукі рана бяруцца за сялянскую працу, у свае няпоўныя дванаццаць год Коля ўжо спрабаваў памалу і касіць, і араць, і баранаваць. Умеў ужо запрэгчы і распрэгчы, не хапала сілы хіба што засупоніць хамут, трэба было клікаць каго з дарослых, але спакваля навучыўся і гэтаму. Мусіў вучыцца, бо працы хапала,— бацька меў тры надзелы зямлі, каб абрабіць яе, ніхто ў іх сям’і не знаў перадыху ніколі.
Тады з поля вазілі снапы.
Гэта была ўжо зусім хлапчукоўская справа. Увесь дзень Коля тросся ў пустой дрогкай брыцы цераз поле пад параснікі, затое адтуль, седзячы на высокім возе са снапамі, важна ехаў у вёску на сваё гумно. Дарога была знаёмая, вывучаная да апошніх драбніц. Ён ведаў на памяць, дзе трэба павярнуць крыху ўбок, дзе ехаць па каляінах, як абмінуць глыбокую з вадой рытвіну ў лагу. Самым небяспечным месцам была Капцова гара — касагор, спуск і вузкі ўзровак панад абрывам. Але і там Коля ўпраўляўся няблага, брыка толькі хілілася, конік трымаў, хоць хамут часам наязджаў на ягоную галаву да самых вушэй. Усё абыходзілася добра. Той раз бацька падбіраў апошнія бабкі ў канцы нівы і, відаць, наклаў у брыку трохі залішне — ледзь хапіла вяроўкі, каб увязаць воз. Да яго на самы верх узлезла яшчэ сямігадовая сястрычка Маня і суседская дзяўчынка Люба. Суседзі, Міходзя з жонкай, таксама скончылі працу і пайшлі дамоў пешкі.
Усю дарогу яны ціха ехалі, валюхаючы на высокім возе. Коля, як заўжды, няблага кіраваў канём. Перавалілі Капцову гару, дарога пайшла ў лог. I тады нешта ў збруі трэснула, конь не стрымаў, брыка жахліва паднялася адным бокам і стала хіліцца направа. Коля зірнуў уніз і скульнуўся долу.
Ён ураз сцяміў, што павінна зараз жа здарыцца, і ў якімсьці бяздумным імкненні кінуўся пад цяжкую, нахіленую брыку, падставіў пад яе край сваё яшчэ слабаватае хлапечае плячо. Цяжар быў страшэнны, іншы раз ён бы нізашто не вытрымаў, але тады ўсё ж асіліў. Дзяўчаты скаціліся на зямлю, яго заваліла снапамі, але конь усё ж неяк управіўся з брыкай і адхіліў перадок ад пагрозлівай круцізны абрыву.
Пасля яго хвалілі ў вёсцы, ды і сам ён быў задаволены сваім учынкам — усё ж такі ўратаваў ад бяды сябе, каня і дзяўчынак — і пачаў думаць тады, што інакш зрабіць і не мог. I яшчэ Коля ўпэўніўся, што ён хлопец смелы. Самае важнае было не разгубіцца, не спалохацца ў самым пачатку.
Цяпер зноў той самы абрыў.
Толькі цяпер з воза не скочыш. Цяпер Рыбак прывязаны да яго нябачнай вяроўкай і, каб не развязаўся, узяты яшчэ пад варту.
Але няўжо той следчы брахаў, калі нешта абяцаў яму, нават як бы ўгаворваў? Мусіць, дарма Рыбак тады не згадзіўся адразу — заўтра як бы не было позна. Яно і вядома. Следчы тут — не самы вялікі начальнік, ёсць большыя, яны загадалі — і ўсё. А цяпер паправіць што-небудзь, перарабіць, мусіць, будзе позна.
Дык як жа тады быць? Няўжо прападаць?
He, на пагібель ён не мог пагадзіцца, нізашто ён не прыме ў пакоры смерць — ён разнясе ў трэскі ўсю іх паліцыю, голымі рукамі задушыць Партнова і таго Стася. Хай толькі падступяцца да яго!
16
Пасля кароткай размовы са старастам, якая, тым не менш, зусім стаміла яго, Сотнікаў ненадоўга заснуў. Калі ж ён прачнуўся, дык найперш адчуў, што ўвесь мокры ад халоднага поту; жар, які столькі паліў ягонае нутро, змяніўся на патлівую прахалоду ва ўсім целе, і Сотнікаў зябка ўздрыгнуў пад шынелкам. Але галаве стала нібы лягчэй, гарачы тлум неўпрыкмет сплыў з ягонай свядомасці, агульнае адчуванне палепшылася. Калі б не скалечаныя, распухлыя пальцы і набрынялая застарэлым болем нага, дык ён збольшага адчуў бы сябе здаровым.
У склепе было зусім цёмна і ціха, аднак ніхто, мабыць, не спаў, гэта адчувалася па частых выпадковых рухах, варушэнні, а таксама па сцішана-насцярожаным дыханні людзей. I тады са спазнелай выразнасцю Сотнікаў адчуў, што гэта — апошняя іх ноч на свеце. Раніца ўжо будзе належаць не ім.
Што ж, трэба было сабраць у сабе апошнія сілы, каб з годнасцю прыняць смерць ад рук ворагаў. Вядома, іншага ён і не чакаў ад гэтых вылюдкаў — пакінуць яго жывым яны не маглі — маглі хіба закатаваць, знявечыць, прыбіць у той катоўніцкай каморы Будзілы. А так, можа, і няблага. Куля імгненна і без пакут абарве жыццё — не самы горшы з магчымых, ва ўсякім разе, звычайны, салдацкі канец на вайне.
А ён, дурань, баяўся калісь за сваё жыццё, калі мог лёгка
і неўпрыкмет загінуць у баі, да апошняй хвіліны змагаючыся з ворагам. Цяпер такая пагібель са зброяй у руках здалася яму раскошай. Ен амаль ужо зайздросціў тысячам тых шчасліўцаў, што знайшлі свой канец на шматлікіх палях баёў. Сам жа, выходзячы з бою жывым, ён таіў у сабе ціхенькае задавальненне, што куля абмінула яго. Але што яму далі гэтыя лішнія месяцы жыцця, поўныя штодзённых трывог, дробных і вялікіх пакут, сцюжы і голаду, якія завяршаліся цяпер усё тым жа банальным на вайне вынікам — смерцю.
Праўда, за пяць партызанскіх месяцаў ён нешта зрабіў для свайго абавязку грамадзяніна, байца і камуніста. Хай не так, як хацеў — як дазволілі акалічнасці: некалькі ворагаў усё ж знайшло смерць і ад яго рукі. Толькі гэта і суцяшала, гэта наогул апраўдвала яго дваццаціпяцігадовае існаванне на свеце. Бо што яшчэ карыснага ён зрабіў людзям, калі не пасадзіў дрэва, не выкапаў калодзежа, не забіў ніводнай вужакі — без чаго, паводле ўсходняга павер’я, нельга лічыць удалым ніводнае жыццё на зямлі.