Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Той адразу спыніўся на прыступках, калянуў арыштанта цяжкім уладным позіркам.
— Што такое?
— Я параніў вашага паліцая. Я партызан! — не дужа гучна сказаў ён і кінуў у бок Рыбака: — Той выпадкам тут апынуўся, я магу растлумачыць. Астатнія зусім ні пры чым. Калі караць, дык карайце аднаго мяне.
Начальства на ганку прымоўкла, двое пярэдніх немцаў насцярожана пераглянуліся, Рыбак адчуў, як прыемная, амаль выратавальная іскрынка ўзгарэлася ў ім і адразу запаліла слабенькую яшчэ надзею: а можа, павераць? Ад гэтага яго радаснага пачуцця з’явілася ціхая ўдзячнасць Сотнікаву за яго заступніцтва.
Аднак насцярожаная цікаўнасць начальніка хутка змянілася нецярплівай строгасцю ў яго цвёрдым, поўным рашучасці позірку.
— Гэта і ўсё? — холадна запытаў ён і саступіў з прыступкі на снег. Сотнікаў нібы заікнуўся ад нечаканасці.
— Mary расказаць падрабязней.
Адзін з немцаў незадаволена буркнуў, і начальнік махнуў рукой.
— Вядзіце!
«Ось так, не хоча нават і слухаць...» — падумаў Рыбак. Мабыць, ужо ўсё вырашана загадзя. Але як жа тады ён? Няўжо яму так нічым і не паможа гэтае заступніцтва Сотнікава?
Тупаючы па драўляных прыступках, паліцаі сходзілі з ганка, і раптам у адным з іх, што гэты раз таксама быў у новенькай паліцэйскай форме, Рыбак пазнаў Партнова. Ну безумоўна, гэта быў той самы ўчарашні следчы, які гэтак абнадзеіў яго і цяпер нібы адступіўся, забыўшыся на сваю прапанову. Рыбак як згледзеў яго, дык ажно страпянуўся і памкнуў наперад. Была ні была — цяпер яму ўжо не здавалася ні страшна, ні нават няёмка.
— Гаспадзін следчы, гаспадзін следчы! Адну хвілінку! Вы гэта ўчора гаварылі, дык я згодны. Бо я тут, яй-богу, ні пры чым. Вунь ён жа пацвердзіў.
Чыны, што ўжо кіравалі купкаю са двара, зноў незадаволена, па адным сталі спыняцца. Спыніўся і Партноў. Новы паліцэйскі шынелак быў яму яўна вялікі і даволі нязграбна сядзеў на яго мізэрнай постаці, чорная пілотка тырчала ўбок, але ў абліччы следчага яшчэ паболыпала начальніцкай важнасці, нейкай паказной суровасці. Высокі перахлябісты немец у вайсковым запытальна павярнуўся да яго, і следчы нешта бойка растлумачыў яму па-нямецку.
— Падыдзіце сюды!
Пры пільнай увазе з абодвух бакоў Рыбак падышоў бліжэй да ганка. Кожны яго крок нейкім страхавітым шматзначным ударам адгукаўся ў ягонай душы. Нітачка яго яшчэ не ўзмацнелай надзеі напялася, гатовая назаўжды абарвацца.
— Вы згодны ўступіць у паліцыю? — па-ўчарашняму жорстка свідруючы яго вочкамі, запытаў следчы.
— Згодзен,— з усёю шчырасцю, на якую толькі быў здольны, адказаў Рыбак. Ён таксама не зводзіў свайго амаль адданага позірку з нясвежага і немаладога, хоць і добра паголенага твару Партнова. Той і немец яшчэ нешта перагаварылі па-нямецку.
— Так. Развязаць!
— Сволач! — як удар, стукнуў яго ў патыліцу нягучны злы вокліч. Гэта, вядома, Сотнікаў, які тут жа і выдаў сябе знаёмым кашлем.
Але хай! Нешта пагрозлівае і цяжкое, што гэтак блізка падступілася да Рыбака, стала аддаляцца, ён хапіў ротам паветра і адчуў, як нечыя рукі тузанулі ззаду вяроўку. Але ён не азірнуўся нават. У радасным нечаканым змярцвенні ён адчуваў толькі адно: будзе жыць! Развязаныя рукі яго збалела апалі ўздоўж цела, і ён зрабіў крок убок, падсвядома імкнучыся адасобіцца ад іншых,— цяпер яму карцела быць як мага далей ад усіх. Здаецца, усё было шчасліва і хутка вырашана, ён адышоўся яшчэ на тры крокі, і ніхто не спыніў яго. Нехта з начальства павярнуўся, каб ісці да варот, як раптам ззаду раздаўся здзічэлы крык Дзёмчыхі:
— Ага, дык яго пускаеце! Тады пусцеце і мяне! Пусцеце! Я скажу, у каго яна хавалася! Во гэта! Я скажу! У мяне малыя, а божачка, на каго ж яны...
Яе роспачна адчайны крык зноў прымусіў усіх спыніцца, і найперш спыніўся Партноў. Высокі немец нешта незадаволена пракартавіў, і следчы падышоў да жанчыны.
— Ану, ану! Скажы, у каго?
— А развяжыце!
— Тарасюк! — кіўнуў галавой Партноў.
Паліцай, што вязаў Рыбака, падскочыў да Дзёмчыхі і
хуценька вызваліў яе рукі ад вяроўкі. Тая разгублена ўзялася церці іх аб крысо кажушка. Але паліцаі і немцы чакалі са строгай нецярплівасцю на халодных, надзьмутых варожасцю тварах.
— Дык у каго хавалася? — напомніў Партноў.
— У гэтага, як яго...
— Дурное плявузгаеш,— ціха, але цвёрда сказаў Пётра.— Пабойся бога.
— Дык гэта... У Хведара Бурака бытта.
— Якога Бурака? — нахмурыўся Партноў,— Бурака тут даўно ўжо і духу няма. Ану падумай лепш.
Дзёмчыха патупілася і маўчала, а ўсе навокал напружана пазіралі на яе з варожасцю. Адзін толькі Рыбак быў да яе абыякавы — яму было ўсё роўна, ці яна скажа праўду, ці схлусіць. Вядома, бабе хочацца жыць, але ён ведаў ужо, што ашукаць іх трудна — тады нашто і пнуцца, не ўмеючы.
— Ну? — не трываў Партноў.
— Дык я ж сказала.
— Лжэш! Тарасюк!
Тарасюк, які напагатове стаяў за спіной жанчыны, усё зразумеў і ўчэпіста схапіў яе за рукі.
— Я ж сказала! Я сказала вам!І — закрычала Дзёмчыха.— Ах, каб вас пярун забіў! Што вы робіце? У мяне ж дзеці...
— Цыц, сука! — гыркнуў паліцай, бязлітасна падламваючы яе рукі. Дзёмчыха заенчыла, але хутка ўсё было скончана, і ён штурхнуў яе ад сябе.— Гатова!
— Вядзіце! — сказаў Партноў і павярнуўся да Рыбака.— Вы падсабіце таму,— паказаў ён на Сотнікава.
Рыбаку гэта мала спадабалася, ад Сотнікава цяпер ён хацеў трымацца далей. Але загад ёсць загад, і ён з гатоўнасцю падскочыў да нядаўняга свайго напарніка, узяў яго пад РУку.
Праз шырока расчыненыя вароты іх павялі на вуліцу. Паліцаі з вінтоўкамі напагатове ішлі па абодва бакі, група начальства трохі прыадстала, прапускаючы іх наперад. Першы ішоў Пётра, высокі і стары, з белаю без шапкі галавой і заламанымі назад рукамі. За ім, давячыся ў плачы ад свае трагічнае роспачы, плялася Дзёмчыха, поруч у нейкай світцы
з доўгімі рукавамі хуценька пераступала голымі нагамі апанураная Бася.
Рыбак падтрымліваў пад руку Сотнікава, які неяк увачавідкі сцяўся, яшчэ болей змарнеў і, пакутліва кашляючы, стыргікаў на адной назе. Счарнелая яго босая ступня, нібы нежывая, нягнутка калупала пальцамі снег, пакідаючы ў ім ненатуральны па зіме след. Сотнікаў маўчаў, ні словам болей не абзываўся да Рыбака, і Рыбак не наважваўся загаварыць з ім. Ідучы разам, яны ўжо сталі па розныя бакі той рысы, якая раздзяляла людзей на сяброў і ворагаў. Рыбак хоць і адчуваў, нібы ён у чымсь правініўся, стараўся пераканаць сябе, што вялікай віны ў яго няма. Вінаваты той, хто нешта робіць для выгоды сабе ці па сваёй злой волі для іншых, а ў яго хіба выгода? Проста ён меў болей магчымасцяў і схітрыў, каб выжыць. Але ён не здраднік. Ва ўсякім разе, служыць ворагам ён не збіраўся. Ён усё чакаў, каб падпільнаваць зручны момант, можа, цяпер, а можа, трошкі пазней,— і толькі яны яго ўбачаць.
18
Сотнікаў усё болей выразна адчуваў, што не дамогся нічога. Ягоны намер, які гэтак натуральна вынік уначы і прынёс яму заспакаенне, лопнуў, як мыльная бурбалка. Відаць, ён чагосьці не зразумеў або недадумаў, магчыма, ён перацаніў уласную вартасць або недацаніў нізасць гэтых прадажнікаў. Вядома, паліцыя была марыянеткай у руках у немцаў і таму ігнаравала яго паведамленне — напляваць ёй на тое, хто з іх двух вінаваты, калі прыйшоў адпаведны загад або з’явілася патрэба ў ахвярах.
Люта пакутуючы ад болю ў назе, Сотнікаў ледзьве плёўся за ўсімі, стараючыся не надта апірацца на чужую цяпер і агідную яму Рыбакову руку. 3 усяе сілы ён намагаўся ісці сам. Тое, што адбылося ў двары паліцыі, зусім збянтэжыла яго — такога ён не прадбачыў. Безумоўна, ад страху ці нянавісці людзі здольныя на самае чорнае прадажніцтва, але Рыбак, здаецца, не быў ворагам, таксама як не быў баязліўцам. Інакш ён мог бы ўжо сотні разоў перабегчы ў паліцыю;
ды і каб спалохацца, было нямала выпадкаў, аднак заўжды ён трымаў сябе, прынамсі, не горш за другіх. Тут жа, напэўна, чагосць не хапіла яму — вытрымкі ці прынцыповасці. A можа, справа ў далёкім шкурніцкім разліку дзеля свайго паратунку, ад якога заўжды патыхае здрадай? Але ёсць жа на свеце штосьці непамерна важнейшае за сваю шкуру.
Гарачлівая ўзрушанасць яго паступова сціхала, ён мусіў мірыцца з непазбежнасцю і ў дадатак да ўсяго пачынаў пакутаваць ад сцюжы. Ад слабасці на лобе выступіў пот, які паволі сох на марозным ветры, і галава ад таго калела да ламаты ў мазгах. I наогул вецер, здаецца, дашчэнту выдзьмуваў з яго ўсё назапашанае за ноч цяпло, цела зноў пачала біць дрыготка. Але ён стараўся датрываць да канца.
На пустой местачковай вуліцы яны перайшлі масток без пярылаў, далей з аднаго боку пачынаўся вузенькі скверык з натапыранай блытанінай марознага галля ўгары. Наперадзе на пагорачку стала відаць белая двухпавярховая камяніца; шырокае палотнішча фашысцкага сцяга трапяталася на яе рагу — мабыць, гэта была тутэйшая ўправа ці камендатура. Ля камяніцы варушыўся натоўп людзей. Згледзеўшы іх цераз голавы пярэдніх, Сотнікаў падзівіўся: якая патрэба сабрала іх столькі ў адно месца? Пасля ён падумаў, што, мажліва, сёння кірмаш. А можа, што здарылася? Ці, хутчэй за ўсё, сагналі насельніцтва, каб запалохаць расстрэлам? Калі так, хай страляюць, ім яшчэ лягчэй будзе прыняць смерць на людзях. Што ж да страху, дык яго і так хапае на вайне, і тым не менш барацьба разгараецца. На змену пакараным прыйдуць другія. Смелыя заўсёды знойдуцца.
Яны пляліся далей.Сотнікава ступня, нібы пратэз, нягнутка выкручвала ямкі ў рыхлым, расцёртым палоззем і конскімі капытамі снезе, нага гарэла пякучым нутраным болем і нязграбна падпарадкавалася яму. Відаць, ён усё ж перабольшваў свае сілы, калі ў пачатку наважыўся ісці сам цяпер ён амаль віснуў, падчэплены пад паху цвёрдай рукой Рыбака. Ад мосціка было трошкі ўтору, і стала яшчэ трудней, дыханне яго захліпалася, дарога слізгала з-пад ног. Ён спалохаўся, што не дойдзе, упадзе, тады прыб’юць на дарозе, як апошняга «дахадзягу», у канаве. He, гэтага ён не мог
дазволіць сабе, гэта было занадта. Сваю смерць, якой бы яна ні была, ён павінен сустрэць з салдацкай годнасцю. Гэта стала цяпер галоўнаю мэтай яго апошніх хвілін. Па дарозе яны ўзышлі на пагорачак, параўняліся з беленай камяніцай і сталі. Сотнікаў, трудна выдыхнуўшы, прытуманеным позіркам упёрся ў спіны пярэдніх, чакаючы, што неўзабаве зноў рушаць далей. Але канвойныя паліцаі таксама сталі, наперадзе пачулася нямецкая мова — некалькі чалавек, мабыць, начальства, асобнаю купкай чакалі каля будыніны. Насупраць цераз вуліцу ля штыкетніка, што агароджваў сквер, ля дзвюх аблезлых будак-ларкоў застылі ў нядобрай страхавітай увазе пяць-шэсць дзесяткаў людзей, якія таксама чагось чакалі. Стала падобна, што іх невялікая працэсія дашкандыбала да прызначанага ёй месца — дарогі далей ужо не будзе. I тады Сотнікаў убачыў вяроўкі.