Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
«Ну, як справы, малады чалавек? Адолеў марыніста?»
Хлопчык праглынуў даўкі камяк — напярэдадні ён узяўся чытаць Станюковіча. 3 іншых кніжак, што ляжалі ў вялізным дзедавым сундуку-куфры, ужо мала што асталося не прачытанае ім, хіба што збор твораў Пісемскага і некалькі томікаў Станюковіча, адзін з якіх і выбраў яму надоечы бацька. Але цяпер было не да кніжак, і ён сказаў:
«Тата, я браў твой маўзер».
Бацька матнуў галавой, хутка паклаў пінцэт, звыклым рухам рукі зняў адны акуляры і цераз другія строга паглядзеў на сына.
«Хто дазволіў?»
«Ніхто... I ён стрэліў»,— запалым голасам выціснуў з сябе сын.
Нічога болей не кажучы, бацька ўстаў і выйшаў з пакоя. Ён жа астаўся стаяць ля дзвярэй з такім адчуваннем, нібы яго павінны зараз пакласці пад нож гільяціны. Але ён ведаў, што вінаваты, і гатоў быў прыняць самую бязлітасную кару.
Неўзабаве бацька вярнуўся.
«Ты — шчанюк! — сказаў ён з парога.— Нявыхаваны, рас-
пешчаны смаркач! Як ты пасмеў без дазволу дакранацца да баявой зброі? Якое ты меў права лезці, як злодзей, у камод?»
Бацька доўга і бязлітасна крычаў на яго — і за неасцярожнасць, і за стрэл, які мог учыніць няшчасце, а найбольш за таемны намер, свавольства. Ён дасканала разабраў усе незайздросныя маральныя аспекты яго ўчынку і нарэшце сказаў:
«Адзінае, што змякчае тваю віну, дык гэта тваё прызнанне. Толькі гэта цябе ратуе. Зразумеў?»
«Ну».
«Калі сам, вядома, надумаўся. Сам?»
Адчуваючы, што канчаткова гіне, хлопчык матнуў галавой, і бацька, трохі спакайнеючы, трудна, працяжна ўздыхнуў:
«Ну і то дзякуй!»
Гэта было ўжо занадта — міжвольнай хлуснёй купляць бацькаву падзяку; у вачах у яго пацямнела, кроў хлынула да твару, і ён стаяў, не могучы ступіць кроку з месца.
«Ідзі гуляй»,— сказаў тады бацька.
Так увогуле лёгка абышлося яму тое непаслушэнства — пакаранне дзягай яго мінавала, але яго маладушны ківок балючаю драпінай астаўся саднець у душы. 3 таго часу ён ні ў чым і ніколі не схлусіў ні бацьку, ні каму другому, за ўсё трымаў адказ, гледзячы людзям у вочы,— надта добра ён памятаў пакутную цану аслушэнства і маладушнае свае без’языкасці. Ён не ведаў пэўна, але, мабыць, і маці не сказала бацьку, па чыёй ініцыятыве адбылося тое прызнанне. Са шчаслівай упэўненасцю ў добрасумленнасці сына так і скончыў свой шлях на зямлі гэты кавалерыйскі камандзір, інвалід вайны і гадзіннікавы майстра, усцешаны перад смерцю надзеяй, што сыну дастанецца лепшая доля. I вось дасталася...
17
У ранішняй дрымотнай цішыні выразна затупалі боты, зверху глухавата данесліся галасы, гучней заляскалі дзверы. Тут, у склепе, найбольш былі чутны гэтыя дзверы, часам
ад іх асабліва моцнага стуку ажно сыпалася са столі. Рыбак не спаў — падкурчыўшы ногі, моўчкі ляжаў на баку пад сцяной і слухаў. Цяпер уся яго ўвага перайшла ў слых. У акенцы патроху святлела, мусіць, на дварэ ўжо развіднялася, і ў гэтай іхняй каморы таксама стала што-колечы бачна. 3 ранішняй шэрасці вынікалі бязладныя, нібы скамечаныя постаці арыштантаў: Дзёмчыхі пад сцяной насупраць, далей у куце патроху варушылася высокая кучомка Пётры; Басі, праўда, амаль не было відаць у густым яшчэ змроку пад акенцам. Сотнікаў, як і раней, ляжаў на спіне побач і дыхавічна сіпеў. Каб не гэтае яго сіпенне, можна было б падумаць, што ён нежывы. Наставаў трудны, мабыць, апошні, дзень іх жыцця, яны ўсе адчувалі тое і прымоўклі, кожны паасобку перажываючы сваю паныласць і сваю бяду.
Боты наверсе затупалі часцей, усё грукалі дзверы. I раптам у склеп уварвалася гамана з панадворка. Рыбак падняў голаў, прыпёрся патыліцай да сцяны. Слоў нельга было разабраць, але было відавочна, што паліцаяў там назбіралася больш, чым учора. Што яны ўдумалі рабіць? I чаму ніхто яшчэ не спусціўся ў склеп? Быццам забыліся на іх.
Нехта прайшоў па-над самай сцяной, чутно было хрупасценне ботаў па снезе, непадалёк ад акенца штось стукнула, потым неяк дужа зблізку раздаўся грубы хрыпаты голас:
— Ды тут усяго толькі тры.
— А шуфля яшчэ была. Шуфлю паглядзі.
— Што мне шуфля! Рыдлёўкі трэба.
Нешта іучна залязгала, потым прарыпелі крокі, і зноў паблізу ўсё сціхла. Але гэта кароткая размова тужлівым спалохам ускалыхнула Рыбака — нашто рыдлёўкі? Рыдлёўкі толькі на тое, каб капаць, а што цяпер можна капаць? Акоп? Канаву? Магілу? Пэўна, магілу, але каму?
I тут ён успомніў: мабыць, сканаў той паліцай.
Ён павярнуў голаў, няўцямна паглядзеў перад сабой. Дзёмчыха з-пад пакамечанае хусткі гэтак жа трывожна-напружана глядзела на яго; у куце застыў, не варухнуўся Пётра. Ніхто не сказаў ні слова, усе ўслухоўваліся, тоячы ў душы страх і няпэўнасць.
Гэтая іх няпэўнасць цягнулася, аднак, нядоўга. Праз якую
хвіліну за сцяной зноў затупалі, ды так пэўна, што ні ў каго не ўзнікла сумнення — ішлі ў склеп. Калі забразгалі першыя дзверы, Рыбак хуценька сеў, адчуўшы, як нядобра страпянулася ў грудзях сэрца. Побач пачаў варушыцца і кашляць Сотнікаў. «Адчыняць — ірвануць, збіць з ног і — праз дзверы»,— са спазнелай рашучасцю падумаў Рыбак, але тут жа зразумеў: не, так не выйдзе! А дзверы сапраўды ўжо адчыніліся, у камеру шыбанула сцюжай, зімовай свежасцю, і няяркае святло адразу высвеціла іхніх пяць шэрых устрывожаных твараў. У дзвярным праёме стаяў спрытны Стась, за ім хмура глядзеў яшчэ нехта з вінтоўкаю на плячы.
— Генуг спаць! — ва ўсё горла зароў паліцай,— Адаспаліся! Выходзь: ліквідацыя!
«Значыць, не ашукаліся, сапраўды канец,— пранеслася ў збянтэжанай свядомасці Рыбака,— Каб каго аднаго, а калі ўсіх, значыць...» Ён расслаблена абвяў, раптам страціўшы ўсе сілы, з натугай падабраў бліжэй ногі, паправіў шапку на галаве і толькі потым абапёрся на салому, каб устаць.
— Ану выскоквай! Дабравольна, але абязацельна! — тым часам крыкліва падганяў Стась.
Пётра ў куце першы ўзгробся на ногі, заенчыўшы, пачала ўставаць Дзёмчыха; трудна паднімаючыся, заляпаў рукамі па сцяне Сотнікаў. Рыбак няўцямна зірнуў на яго збалелы, страшны, як у мерцвяка, твар, на якім, нібы ў вар’ята, ліхаманкава гарэлі запалыя спакутаваныя вочы, і, нешта не дадумаўшы і не адчуўшы, ступіў да выхаду.
— Давай, давай! Дваццаць хвілін асталося! — падганяў паліцай, уваходзячы ў іхняе смярдзючае стойла.— Ну, ты, аднаногі! Жыва!
— Прэч рукі! Я сам! — прахрыпеў Сотнікаў.
— А ты, жыдзяня, чаго жджэш? Ану вымятайся! He хацела прызнавацца, будзеш на вяроўцы гутатацца,— Стась засмяяўся са сваёй красамоўнасці і тут жа вызверыўся: — Гэць, юда паршывая!
Па слізкіх заснежаных прыступках яны вылезлі на падворак. Рыбак вяла пераступаў нагамі, не зашпільваючы паўшубка і не заўважаючы паветранай свежасці, якая пасля ночы ў смярдзючым склепе ап’яняла яго, і ён памалу хістаўся з
боку ў бок. Насупраць ад увахода ў склеп стаяла чалавек шэсць паліцаяў з вінтоўкамі. Яны чакалі. Ціснуў невялікі марозік, надвор’е было хмарнае і ветранае, з каміноў над стрэхамі апантана імкнулі рваныя космы дыму.
Рыбак стаў перад ганкам, побач спыніліся Дзёмчыха і Бася, якая цяпер прыкметна тулілася да жанчыны, зябка горнучы адна да адной босыя скарэлыя ступні. Пётра са спаважнай паныласцю ва ўсім сваім старэчым абліччы стаў трошкі наводдаль. Стась, лаючыся, вывалак па прыступках Сотнікава, якога тут жа зморана кінуў на снег. Але той з натугай узгробся на ногі і выпрастаўся ў сваім пакамечаным, скрываўленым шынялі.
— Дзе следчы? Паклічце следчага! — сказаў ён глухаватым голасам. Рыбак спахапіўся, што і яму таксама вельмі трэба да следчага, і, стараючыся як мага лагодней, загаварыў да паліцаяў:
— Вядзіце нас да следчага. Ён учора казаў.
— Завядзём, а як жа! — са з’едлівай шматзначнасцю намякнуў вепрукаваты паліцай. Ён ляснуў па пале вяроўчынай, якую трымаў у руцэ, і рашуча ступіў насустрач,— Ану, рукі!
Рабіць нечага было, Рыбак даў рукі, той хвацка заламіў іх назад і з дапамогай другога пачаў туга скручваць за спіной. Рыбак паморшчыўся не так ад болю ў запясцях, як ад скрухі, што ахапіла яго,— гэта ж сапраўды быў канец.
— Далажыце следчаму. Нам патрэбны следчы,— вымавіў ён не дужа, аднак рашуча, усё болей адчуваючы, як зямля хінецца кудысь з-пад яго ног. Але паліцай злосна тузануў ззаду.
— Позна! Адследчыліся!
— Як гэта — адследчыліся?! — зазлаваў Рыбак і зірнуў цераз плячо: нейкая няголеная ў белай шчэці морда, лыплівыя, зусім свінаватыя вочкі, у якіх таіліся нахабства і пагарда да яго, — крыкам такога не спалохаеш. I тады ён з жахам тапельца ўхапіўся за адзіную сваю магчымасць — прасіць.
— Ну паклічце Партнова. Я вас прашу. Людзі вы ці не? Але да Партнова, мусіць, было далей, чымсі да смерці.
Ніхто яму не адказаў нават.
Між тым рукі яго былі ўмела і туга скручаны тонкай вяроўчынай, якая балюча ўелася ў скуру, і яго адпіхнулі ўбок. Узяліся за Дзёмчыху.
— Ты, кліч сюды следчага,— з апантанай настойлівасцю патрабаваў Сотнікаў ад Стася, які з вінтоўкай за плячом завіхаўся ля Дзёмчыхі. Але той нават не зірнуў на небараку, ён, як і ўсе яны тут, нібы аглух да іх просьбы, нібы гэта былі не людзі, а якая жывёла. I гэта яшчэ болей пераканала Рыбака, што справы іх дрэнь. Будзе смерць... Але як жа тады?.. Чаму ж ён не рашыўся, калі былі вольныя рукі?
Адчуванне адзіна зручнай і безнадзейна ўпушчанай магчымасці зусім прыдушыла яго. Нешта ў ім жаласна затрымцела ўнутры ад усведамлення нейкай сваёй памылкі, і ён разгубленым позіркам залыпаў наўкола. I тады на ганак адзін за адным з памяшкання пачало выходзіць начальства — нейкія чыны ў новай паліцэйскай форме: чорных караткаватых шынялях з шэрымі каўнярамі і такімі ж абшлагамі на рукавах, пры пісталетах; за імі выйшлі чацвёра немцаў, мабыць, афіцэраў, у даўгіх шынялях і фуражках з высока задраным верхам. Чалавекі са тры, апранутыя ў цывільныя паліто і захутаныя шалікамі, баязліва пазіралі на немцаў і трымаліся збоч, нібы госці, запрошаныя на чужое свята. Паліцаі на падворку зважліва пацішэлі, прыкметна выцягнуліся. Нехта спяшаючыся палічыў ззаду:
— Раз, два, тры, чатыры, пяць...
— Усё гатова? — запытаў з ганка плячысты паліцай з маленькім кабурам на жываце. Менавіта гэты кабур, a таксама постаць дужага, віднага сярод другіх чалавека далі Рыбаку зразумець, што гэта начальнік. Толькі ён падумаў пра гэта, як ззаду сіпата загаманіў Сотнікаў:
— Начальнік, я маю зрабіць паведамленне!