Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— Вольна! Дваццаць хвілін перакур,— сказаў ён і позіркам зачапіўся за Рыбака,— Ты зайдзі да мяне.
— Ёсць! — мярцвеючы ад чагось непазбежнага, што зусім падступіла да яго, буркнуў Рыбак. Сусед таўхнуў яго локцем у бок.
— Яволь, а не ёсць. Прывыкаць нада.
«Пайшоў ты к д’яблу! — вылаяўся ў думках Рыбак. — I наогул хай усё ідзе к д’яблу. У тар-тарары. Навек!»
Каманду распусцілі. Рыбака ўсё болей апаноўвала раз-
губленасць, ён кідаў наўкола здзічэлыя позіркі і не ведаў, куды падацца. Вакол гаманілі, тапталіся паліцаі, лязгала зброя, у паветры запахла салодкім дымком цыгарэт. Некаторыя скіравалі ў памяшканне, адзін павярнуў да вузкай дашчанай збудоўкі з дваімі дзверкамі на драўляных закрутках. Рыбак бокам таксама падаўся туды.
— Эй, ты! Куды?
Ззаду з чуйнай устрывожанасцю ў вачах стаяў Стась.
— Зараз. На хвілінку.
Здаецца, ён сказаў спакойна, стаіўшы ў сабе свой адзіна магчымы цяпер намер, і Стась адвярнуўся да купкі сяброў: там абмяркоўвалі акцыю. Але к д’яблу! Усіх і ўсё! Рыбак ірвануў скрыпучыя дзверы, зашчапіўся на драцяны кручок, паглядзеў угору. Столь была невысокая, але, мабыць, для яго справы вышыні хопіць. Між няшчытна пакладзеных дошчак чарнелі пасткі толю, за папярэчыну лёгка можна было прадзець папружку. Са злоснай рашучасцю ён расшпіліў кажушок і раптам схамянуўся — папружкі на штанах не было. I як ён забыўся, што яе адабралі перад тым, як пасадзіць іх у склеп. Рукі яго марна замітусіліся ў адзежы, але нідзе ў яго не знаходзілася нічога, на тое здатнага.
За перагародкай глуха тупнулі боты, цяіуча праскрыпелі дзверы. Рыбак сцяўся ў абсалютнай бездапаможнасці — не было нават магчымасці выканаць сваю апошнюю волю. Хоць ты рынься галавой уніз. Неадольная роспач ахапіла яго, і ён аж застагнаў ад нясцерпнасці, гатовы заплакаць.
Але знаёмы голас знадворку вярнуў яму частку цвярозасці.
— Ну ты доўга там? — пракрычаў здалёку Стась.
— Счас, счас...
— Начальства заве.
Ну вядома, начальства не любіць чакаць, да начальства належыць з’яўляцца бягом. Тым больш калі вырашана зрабіць цябе паліцаем. Яшчэ ўчора ён марыў пра тое, як пра збавенне. Сёння ж здзяйсненне гэтае мары абарочвалася катастрофай.
Рыбак высмаркаўся і, не адразу трапляючы гузікамі ў пятлю, зашпіліў кажушок. Мусіць, ужо нічога не зробіш —
такі яго лёс. Ненавісны вайсковы лёс, які гэтак яго ашукаў. He могучы зрабіць што іншае, Рыбак адкінуў кручок і, стараючыся зацяць у сабе разгубленасць, ступіў з прыбіральні.
На парозе, нецярпліва выглядаючы яго, стаяў начальнік паліцыі.
1970
Сцюжа
Аповесць
Гарадзілаў памёр на світанні — ціха, неўпрыкмет сканаў у сцюдзёным, прадзьмутым ветрам буданчыку. Азевіч, які сам задрамаў на сконе ночы, нават не заўважыў таго, хоць і адчуваў звечара, што пракурору ўжо не падняцца. Тры апошнія дні той не ўставаў на ногі, палаў у гарачцы, сіпата, дробненька дыхаў і — што асабліва ўразіла Азевіча — перастаў пазнаваць яго. Гэтую ноч звечара незразумела, дзікавата трызніў, вёрз немаведама што пра нейкага (ці нейкую) Кузю, тузаўся, скрыгаў зубамі, увесь час сцягваючы з сябе шынелак, якім яны накрываліся разам. Азевіч стаміўся за ноч рупіцца каля хворага, бясконца атуляць адзежынай яго гарачае цела. I толькі на золку неяк знерухомеў у цішыні, заснуў, аж покуль не прахапіўся ад падазрона страхавітага спакою, што запанаваў у будане. Гарадзілаў ляжаў нерухома і ўжо быў сцюдзёны — гарачыня без рэшты сышла з яго цела, грудзі пад ватоўкай не паднімаліся. Азевіч прыклаў да іх вуха і не пачуў нічога. Мусіць, усё ўжо скончылася.
На дзіва сабе ён не адчуў ні асаблівага страху, ні нават жалю — нейкае цьмянае прадчуванне перамены (невядома, да лепшага ці да горшага) паволі ўлівалася ў яго. Хоць ён і не ведаў яшчэ, чым тое абернецца, што ён зробіць цяпер, застаўшыся зусім адзін. Сцяўшыся пад шынелкам на ўлежанай хвойнай падсцілцы, ён спрабаваў трохі сагрэцца ў спакоі, звыкла ўслухоўваючыся ў абрыдлы за непрытульную восень лесавы шум. Галоўнае — цяпер ён застаўся самнасам, мог рабіць, як захоча, кіравацца толькі сваім намерам, уласнай патрэбай, без чыёй-небудзь прынукі. Да таго,
з Гарадзілавым, было трохі інакш, усё ж той быў ягоным начальствам — пракурор раёна і камісар групы, зноў жа старэйшы па гадах, на ўсё меў сваю думку і не надта любіў лічыцца з думкаю інпіых. Можа, і сканаў праз гэты свой непадаткі характар — прастудзіўшыся на Макрынскім балоце, падхапіў гарачку. Мусіць, трэба было б падацца куды да жытла, цяпла і людзей, бо якое ж здароўе на сцюжы, у гэтым во тошчым буданчыку? Азевіч і казаў яму: пойдзем куды, прэч з гэтага змрочнага лесавога грудка, які даў ім прытулак у самы жахлівы восеньскі месяц — пяты месяц вайны. Ды Гарадзілаў заўпарціўся: не і не. Ну і, вядома, дачакаўся горшага. Цяпер яму ўжо не спатрэбяцца ні цяпло, ні засцярога — патрэбна адна маці-зямля, на якой ён неспакойна пражыў без малога пяць дзесяткаў гадоў.
Азевіч вылаяўся — ад прыкрасці, ад злосці — і пачаў уставаць; адзін, побач з засцюдзянелым нябожчыкам, зусім скалеў над воглым шынелкам, аж стукалі неўпрыцям зубы ад дрыжакі. У змрочнай нары-будане трохі зашарэў ранак — на ўваходзе сталі відаць нізка абвіслыя лапкі хвояў, шэрыя сукаватыя камлі тоўстых елак насупраць. Штось там, аднак, мільганула — раз і другі, Азевіч з трывогай угледзеўся, адразу прагнаўшы сон, і апанурана пачаў надзяваць у рукавы піынелак — між хвояў рэдка мільгалі белыя мухі — то пайшоў снег. Значыць, даседзеліся, падумаў Азевіч, да белых мух, што будзе далей? Але што будзе далей, ведама і малому — пасля зазімку будзе зіма, сцюжа і мароз, сляды на снезе. А што рабіць яму? Аднаму на гэтым яловым грудку?
На кукішках ён выбраўся з будана, ледзьве асільваючы дакучную дрыжаку ў целе, агледзеў лясное наваколле. Між яловага вецця ўгары лёталі-мільгалі сняжынкі, няроўна запарушваючы іглісты, з апалымі шышкамі дол, скрозь перавіты жылістымі каранямі елак. Трава тут бадай не расла, месца ўвогуле было схоўнае — хвойны гушчар — і сухое: мабыць, якую ямку-магілу ён тут і выкапае. Праўда, у яго не было рыдлёўкі, зато ў нябожчыка быў штых — тупы нямецкі цясак, якім япы секлі на будан хвойнік і рэзалі палкі. Цяпер, узяўшы гэты цясак, Азевіч крыху прайшоў па грудку
між таўшчэзнага ельніку, паазіраўся, памеркаваў і, трудна, злосна ўздыхнуўшы, пачаў калупаць дол.
Калупаў ён нетаропка, доўга, памалу грэючыся пасля неспакойнай халоднай начы,— сек цесаком карані, выграбаў рукамі зямлю. Добра, зямля была не цвярдая — пад пластом лесавога перагною ляжаў рыхлы пясок, у які без натугі лез яго штых. Сняжынкі патроху сыпаліся між елак, але вялікі снег яшчэ не ішоў, а тыя, што ападалі долу, патроху таялі на свежай зямлі — марозу яшчэ не было. Як толькі берагі той вузкаватае ямкі дайшлі да каленяў, падумаў, што, мабыць, хопіць. Пакуль што нябожчык перабудзе і ў такім прытулку, а там будзе відаць. Калі надарыцца магчымасць і ён, Азевіч, будзе жывы, дык, можа, куды перахаваюць. А калі не, дык што ж... I так добра, што ёсць каму закапаць. Яшчэ невядома, ці будзе каму закапаць яго самога...
Вярнуўшыся ў будан, Азевіч укленчыў каля нябожчыка, трохі памарудзіў. Мусіць, трэба было зняць ватоўку, нашто закапваць у зямлю? Але куды яму з ватоўкай? Надзенеш ватоўку, тады трэба скідаць шынель, а шынель ён скідаць не хацеў. Перамагаючы пэўную няёмкасць, усунуў руку за пазуху пракурору выцяг адтуль тошчы пацёрты кашалёк, мабыць, з дакументамі, не разгартаючы запіхаў сабе ў кішэню. Палапаў іншыя кішэні ў нябожчыкавым пінжаку — выняў з аднаго жменю патронаў да нагана, мяккі скураны партабак з рэштаю самасаду, якім яны на днях разжыліся ў дзядзькі на лесавой дарозе. У другой кішэні ён знайшоў брудную насоўку і блакнот з нейкімі напаўсцёртымі запісамі,— усё паклаў сабе за пазуху. Апроч таго, пад галавой у Гарадзілава муляла кірзавая сумка з паперамі, побач ляжала вінтоўка і наган у абдзёртай па баках скураной кабуры, і Азевіч падумаў, што, мабыць, усяго грузу будзе для яго залішне. Дзве вінтоўкі яму не трэба, а наган ён, канешне, возьме, наган яму ўжо спатрэбіцца. Як спатрэбіўся Гарадзілаву пасля іх камандзіра — начальніка райаддзела міліцыі Віткоўскага, забітага ля моста на шашы. Тады пад нямецкім агнём толькі і паспелі што зняць гэты наган ды сумку, самога ж Віткоўскага нават не вынеслі з канавы, дзе яго і падабралі немцы. Але, мабыць, Віткоўскаму тады было ўжо ўсё роўна.
He знімаючы з нябожчыка ватоўкі, Азевіч вывалак яго з будана, пад пахі давалок да ямы. Перад тым як апусціць у зямлю, трохі аддыхаўся, паазіраўся. Сняжынкі ўсё раздумна лёталі між галля ў лесавым зацішку, асядалі долу. Бралася на макрэдзь, з начы зяблі яго заўжды мокрыя ногі, боты зусім раскіслі ў балотна-лесавой твані, прэлыя анучы бадай ніколі не прасыхалі. Але і ў Гарадзілава боты былі не лепшыя, падэшва на правым зусім адстала і ледзьве трымалася на пары цвіках у наску. Мусіць, трэба было як развітацца, думаў Азевіч, але ён не ведаў як і марудзіў. Аброслы сіваватаю шчэццю, шырокі твар нябожчыка быў надзіва спакойны, падкрэслена абыякавы да ўсяго, што так непакоіла яго пры жыцці і асабліва ў гэтую жахлівую восень. Засталіся ўжо ўсе ягоныя клопаты ззаду, не трэба будзе перажываць за няўдачы з атрадам, за няшчасці, пагібель адных і здраду другіх, недарэчную тую прастуду на балоце, што гэтак неспадзеўкі згубіла ўвогуле здаровага і дужага чалавека.
Азевіч быў не дужэйшы за пракурора, але маладзейшы і неяк убярогся, хоць яны тады абодва дужа вымаклі ў балоце, пакуль выбраліся на гэты грудок. А Гарадзілаў на другі дзень ужо не падняўся. I цяпер вось — магіла. Памерці ў часе вайны ад хваробы — невялікую, аднак, раскошу нарыхтаваў чалавеку ягоны ваенны лёс.
Стараючыся як мага ашчадней, каб неасцярожным рухам не абразіць нябожчыка, Азевіч апусціў яго нагамі ў яму, затым, прытрымліваючы за руку, паклаў у дно даволі грувасткае цела. Ну во і ўсё. Засталося загрэбці зямлёй, можа, зараўняць магілку, каб не пакідаць знаку. А можа, і не: зрабіць надмагільны горбік. Хай будзе відаць, каб не згубілася.
У будане ён ужо заставацца не мог, хоць там было зацішней і больш схоўна, карцела хутчэй пайсці — далей ад гэтага праклятага месца. Ён выцяг з-пад лапніку пракурораву сумку, сваю торбу на почапках, узяў абедзве вінтоўкі. Тут жа валялася шапка нябожчыка — руды, падобны на вайсковы, картуз з самаробным тэкстыльным казырком, і Азевіч насунуў яго сабе на галаву. Сваю картовую кепку, размахнуўшыся, шпулянуў між елак. Трохі падумаўшы, гарадзілаўскую вінтоўку павесіў на елку прыкладам угору — хай вісіць,