• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 3

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 656с.
    Мінск 2005
    171.74 МБ
    гэты звычай тутэйшага люду — зважліва чакаць, што скажа чужы чалавек. Была ў тым і дасціпная павага да госця, і боязь яго, невядомага, а можа, і небяспечнага. I праўда, было чаго пабойвацца, асабліва ў такі кляты час.
    — Дык як жа вы тут пажываеце? Ці, можа, вайна абышла стараной? — запытаўся Азевіч.
    — Гэ, каб жа абышла,— жвава адгукнуўся дзед,— Вайна не абыдзе... Падпёрла ўсім. Вунь гаспадар тожа ж з вайны прыйшоў,— кіўнуў ён на маладзейшага мужчыну.
    — Акружэнец?
    — Акружэнец, анягож! 3 пекла ледзь выкараскаўся, вошай кучу прынёс. А і цяпер...
    — Ладна, памаўчы ты,— перапыніў старога гаспадар. Але дзядок, мабыць, рады быў пагаварыць са свежым чалавекам.
    — А што! Такі сакрэт... I цяпер во чапляюцца. У паліцыі...
    — Ну ты! — ужо са злосцю гыркнуў на яго гаспадар.— Патрымай свой язык! A то распусціў, як лейцы...
    I праўда, стары прымоўк, даволі непрыемна ўразіўшы тым Азевіча, якому ў гэтай кароценькай перапалцы пачулася штось не надта прыемнае. Нейкі нават намёк на патаемнае, якое ён не павінен быў ведаць. 3 гэтай не пераадоленай у сабе непрыемнасцю ён устаў з лаўкі, калі маладзіца з касой клікнула яго вячэраць за шафу, куды панесла ўжо і газнічку. 3 глінянай міскі на стале ішла пара і пахла чымсці паўзабытым з хатняе ежы; не кідаючы вінтоўку, Азевіч няўклюдна палез у цеснае застолле.
    Ад міскі позірк яго міжволі матлянуў па цэлай шарэнзе абразоў у куце, якія таксама непрыемна ўразілі яго — надта ўжо было іх шмат, усе прыбраныя ў рушнікі, з папяровымі кветкамі па ражках. Стараверы тут гэтыя гаспадары, ці што, падумаў Азевіч, усю ўвагу якога ўжо захапіла страва.
    За стол, аднак, ніхто больш не сядаў, і ён не стаў марудзіць, узяў лыжку. У місцы былі камы: бульбяная каша з бобам, згаладнелы Азевіч еў яе з хлебам, не зважаючы на прыціхлых гаспадароў, якія зважліва пазіралі на яго з паўцемры хаты. Толькі аднойчы ён злавіў на сабе стоены позірк маладзейшай жанчыны, і здалося яму, у тым позірку мільга-
    нуў клопат і шкадаванне яго ці, можа, і сябе таксама. А можа, яны пабойваліся яго? Але што ён цяпер быў для іх, хоць і пры зброі — жабрак, знясілены і галодны, ён цалкам меўся ў іхніх руках і адно спадзяваўся на іхнюю да сябе спагаду.
    — Гляджу, ці не вы ў мястэчку рабілі перад вайной? — зважліва азвалася маладзіца.
    — Было, трохі рабіў,— сціпла і знарок не зусім пэўна адказаў ён, павёўшы позіркам да маладзіцы. Тая бы сумелася трохі.
    — Здалося, бытта бачыла вас. У РДК.
    — Можа быць, можа быць...
    Ён не хацеў прызнавацца тут, дзе і кім рабіў да вайны,— ён іх не ведаў, лепш, каб і яны яго не ведалі таксама. Маладзіца моўчкі пачакала трохі, а затым узялася ладзіць яму пасцелю за шафай, у пярэдняй палавіне хаты: прысунула да лаўкі ўслон, прынесла нейкія транты, падушку. Тым часам ён хутка апаражніў міску, нават дбайна паскрэб яе ў дне лыжкай. Недаедзеную лусту хлеба няўзнак сунуў сабе ў кішэню.
    — Дык дзякуй вам, людзі.
    — Богу дзякаваць,— сказаў стары, які ўсё сачыў за ім аднекуль з запечча, хоць і нічога ўжо не пытаўся.
    Пасля сядалі вячэраць сямейнікі, а ён, сыты і распараны, зняў урэшце шынелак, боты і, не здзеючы фрэнча і галіфэ, лёг на лавах. Вінтоўку паклаў ля сцяны побач. Укрыцца яму далі стары кажух, але было цёпла, і ён з даўно не адчуванай асалодай аддаўся спакою. Гаспадары ў хаце паводзілі сябе сцішана, можа, з увагі да яго, іутарылі шэптам, але менавіта гэтая сцішанасць трохі і не падабалася Азевічу: здавалася, гавораць пра яго. Было часам трывожна, ды ён намаганнем волі прыцінаў трывогу — ці яны яму зробяць благое? За што? Здаецца, людзі як людзі, гаспадар сам нацярпеўся на вайне, мог зразумець іншага. ён ужо засынаў, калі стукнулі дзверы, хтось выйшаў, але неўзабаве вярнуўся зноў. Дзед з ціхім крэктам і войканнем мясціўся на печы; дзесь пачуўся мерны рытмічны шэпт — здаецца, маліліся на ноч. Апошнім ён пачуў ціхае пытанне маладзіцы пра тое, ці зашчапілі дзверы, і заснуў.
    Спаў без сноў, забыўшыся на сябе і на ўвесь белы свет,
    але доўга ці не — не ведаў. Ды раптам прахапіўся невядома ад чаго — нейкага адчування трывогі, і не адразу зразумеў, што гэта стукнулі дзверы. Была яшчэ ноч, здаецца, усе спалі, але знянацкая пужлівая трывога азвалася ў ім сонным спалохам, і ён ускочыў на ногі.
    — Хазяін! Хазяін!.. Дзе хазяін?..
    Надзіва яму не адказалі, хоць ён адчуваў, што там, у запечку, за агародкай, яго ўчулі. Ды ўсе маўчалі. Але дзе ж гаспадар? Мабыць жа, ён клаўся разам з усімі, увечары быццам ніхто не выходзіў з хаты — ці не выйшаў ён зараз? Нарэшце на яго ўстрывожанае пытанне азвалася жанчына, якая дрыготкім няпэўным голасам вымавіла:
    — Ды ён да каровы... Карова там сцельная, дык выйшаў паглядзець.
    — Карова? Дзе карова?
    Азевіча калаціла — ад сполаху і чорнага цяжкога падазрэння, у якім, адчуваў, не памыляецца.
    — У хляве, вунь за дваром.
    Азевіч таропка абуўся, ускочыў, хістаючыся са сну, напяў на сябе шынелак, накінуў рамяні — ад кабуры і сумкі, падхапіў вінтоўку. Моўчкі, не развітваючыся, выскачыў праз сені ў шэрае начное сутонне падворка, кінуўся да зачыненых дзвярэй хлява, да другіх, стоена-гучна гукаў:
    — Хазяін!.. Хазяін!..
    Адказам яму было ціхае соннае кудахтанне на курасадні, сцішана рохнула дзесь свіння. У астатніх хляўках было ціха, гаспадар не азваўся, і ён злосна вылаяўся.
    Ён выскачыў на вуліцу і адразу спыніўся, не ведаючы, у які бок падацца. Хацеў назад, у лес, адкуль ён прыйшоў увечары, але падумаў: на дарозе дагоняць. Тады ён ірвануў наўпрост цераз дарогу ў поле; выламваючы на глыжах ступні, перабег раллю і гразкім стаптаным іржэўнікам пабег кудысці ў ноч. Наўкола ляжала цёмнае поле, дзе-нідзе грувасціліся адзіночныя дрэвы, дзьмуў сцюдзёны напірысты вецер; праўда, дажджу не было. Нізкае неба густой чарнатой прыдушыла палявы прастор, да раніцы, мабыць, было яшчэ далёка... Неўзабаве, аднак, ён угрэўся ад бегу і хуткай хады, нават стаміўся. Са шкадаваннем успомніў пра свой рукзак, які
    пакінуў ля ўслонаў. Ну, але хай падавяцца яго жабрацкім майном. Яму б зберагчы галаву. Куды бегчы далей, не ведаў, хацелася далей ад таго здрадніцкага хутара, дзе накармілі і паклалі спаць. Мабыць, каб прадаць паліцыі, бо куды яшчэ сярод ночы шаснуў той гаспадар? Добра яшчэ, што Азевіч пачуў, прахапіўся, а то б узялі на золаку цёпленькага, як таго Клімянкова. Ну, але цяпер не дагоняць, цяпер ужо ён уратаваўся ад іх. Хай шукаюць ветру ў полі. Вось толькі куды ён кіруе? I куды кіраваць наогул?
    Паволі ён збавіў крок, пайшоў цішай. Абышоў нейкі голы хмызняк, за якім пачалася мяккая трава пад нагамі — мабыць, зноў лугавіна ці, можа, поплаў. Калі поплаў, дык будзе кепска — за поплавам можна набрысці на рэчку, як тады перайсці яе ў цемры? Увесь час ён узіраўся наперад, прысядаў, каб на фоне трохі святлявага неба што-небудзь пабачыць ды зноў не налезці на які хутар ці вёску. Цяпер ён ужо баяўся паселішчаў і людзей, ведаў: ад іх трэба быць далей. Але і як быць без людзей? Неўзабаве пачне развідняцца, што тады рабіць? Дзе схавацца? Хоць бы як перабыць дзень.
    Світанак застаў яго на краі нейкага чэзлага драбналесся — алешнік з маладым бярэзнікам ціха высвістваў на ветры сваю несканчоную песню. Азевіч доўга ішоў, кіруючы панад узлескам, ужо зусім не ведаючы куды. Ён ужо добра ўгрэўся, ажно спатнела спіна, вінтоўка муляла на плячы, боўталася збоч таўстая гарадзілаўская сумка. I як трохі стала відаць наўкола, ён выгледзеў у голым зарасніку непадалёк адзінокую хвойку і праз гушчар пралез да яе. Мабыць, вінтоўка яму ўжо не спатрэбіцца, падумаў ён і, зняўшы яе з пляча, сунуў пад нізкае голле хваінкі. Туды ж запіхаў і сумку. Адышоўшыся, азірнуўся: мясціна ўвогуле была прыкметнай, хваін тут было няшмат, і гэтая стаяла сама бліжэй ад узлеску, насупраць адзінокага дрэва ў полі. Кабура на даўгім рэмені дакучліва целяпалася па сцягне, і ён, зазлаваўшы, выняў з яе наган, а кабуру шпурнуў у хмызняк. Наган, канешне, ён пакуль што не кіне, глядзі, той яшчэ спатрэбіцца. Але зверху навідавоку хай нічога не будзе. Цяпер ён — проста чалавек. Прахожы. Ідзе з акружэння.
    Калі яшчэ больш павіднела, непадалёк; за які кіламетр,
    ён заўважыў дароіу — рад тэлеграфных слупоў, і за павароткай — фурманку ўдалечы. Яму ж трэба было ісці цераз поле, дзе яго ўжо маглі ўбачыць здалёк. 1 ён спыніўся. Мабыць, трэба было лезці ў хмызняк, усё ж там больш схоўна, чым у адкрытым полі. I ён пабрыў хмызняком, часам абыходзячы самы гушчар, a то і нагінаючыся і падлазячы пад нізкае ляшчынавае голле, прытрымліваючы картуз на галаве. Тут ужо яго ніхто ўбачыць не мог. Аднак ён не ведаў, ці хутка выберацца з гэтых зараснікаў, каб хоць як агледзецца і зразумець, дзе ён апынуўся. Усё ж, мабыць, трэба было кіраваць на поўдзень. Толькі вось зразумей, дзе ён, той поўдзень?
    Так ён набрыў на купку хвойнага маладняку, які тут палетняму зелянеў сярод сумна аголенага драбналесся, і палез у яго сярэдзіну. Між калючага голля было сцішана і схоўна, вецер сюды бадай не дасягаў, і Азевіч бокам апусціўся на мяккі, усыпаны ігліцай дол. Мабыць, тут і пераднюе. Спачне за д’ябальскі турботную ноч, а галоўнае, яму трэба было вырашыць, як быць далей, куды падацца. Бо такое бадзянне, адчуваў ужо пэўна, дабром не скончыцца. Скончыцца бядою, якая можа стацца для яго апошняй.
    Вецер, аднак, густа шумеў угары, сярод хвойнага вецця, унізе ж было цішэй. Азевіч скорчыўся на баку, сашчапіў у шырокіх рукавах азызлыя рукі. Галаву, як можна было, уцяў у шырокі каўнер шыняля, дыхаў сабе на грудзі — тым грэўся. У думках ён не першы ўжо раз перабіраў знаёмыя мясціны раёна, вёскі, дзе некалі быў, прыгадваў сяго-таго са знаёмых людзей. Цяпер не на кожнага можна было спадзявацца, многія, мабыць, апынуліся ў войску па мабілізацыі ці падаліся ў эвакуацыю, хто-ніхто, канешне, перамятнуўся да немцаў. А калі не перамятнуўся адкрыта, дык у душы наўрад ці спачуваў нядаўнім кіраўнікам раёна, мясцовым актывістам. Перш чым да каго завітаць, трэба было добра падумаць, прыпамятаць, чым ён дыхаў у нядаўнія часы перад вайной, гады класавай барацьбы, выкрыцця ворагаў народа. Хоць тады і вырвалі шмат з каранём, але ж, мусіць, не ўсіх. Мабыць, нямала яшчэ і засталося, хіба не выявілася тое на пачатку вайны? Во хоць і гэты акружэнец, да якога ён так няўдала завітаў учора: і накарміў, і мякка паслаў на