Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
старшыні выканкома, хоць нешта ў той прапанове засвяцілася радаснае, але і страхавітае адначасна. «Дык я... не ведаю. Каб... Але ж гаспадарка...» — «Ну, з гаспадаркай і бацька ўправіцца. Зноў жа — суцэльная калектывізацыя градзёт, так што згаджайся...»
Пакутныя то былі хвіліны для Ягора Азевіча, рашыць канчаткова ён тады не мог. Ды разумны Заруба, мабыць, адчуў, што рабілася ў душы ў хлопца, і не стаў дужа патрабаваць адказу, нешта загаманіў да гаспадара, як зразумеў Ягор, настаўніка тае школы, якога ён зваў Арцём Андрэевіч.
Ягор выпіў шклянку гарбаты з нейкімі сушкамі, і Арцём Андрэевіч павёў яго ў трэці цёмны пакой з ляжанкаю пры сцяне, скінуў з сябе кажух — яму накрыцца. Як за ім зачыніліся дзверы, Ягор сцягнуў боты, падумаўшы са страхам: каб хоць не адвалілася падэшва, і, не распранаючыся, выцягся „а старой мулкаватай ляжанцы. Нейкі час ён яшчэ слухаў ціхую мужчынскую гаману з-за дзвярэй, але дужа не ўслухоўваўся ў яе і заснуў, бы праваліўся ў нябыт. Нічога яму не прыснілася, толькі раптам здалося, што праспаў ранак,— прахапіўся, адразу зразумеў, дзе ён. Але ў намерзлых вокнах была чарната, і ў суседнім пакоі панавала ўжо ціш, мабыць, ягоны старшыня з гаспадаром таксама недзе спалі ў гэтым вялікім панскім доме, які цяпер займалі пад школу і пад настаўніцкія кватэры таксама. Хаця настаўнікаў тут, пэўна, было няшмат, школа лічылася пачатковай — на чатыры класы. У пакоі было халаднавата, і Ягор адчуў, што хутка, мабыць, настане світанак. Трэба было дагледзець каня ды, мабыць, збірацца ў дарогу. Як ён выйшаў з таго пакоя, насустрач аднекуль з цемрадзі вынікла постаць гаспадара — той ціха сказаў, што старшыня яшчэ адпачывае, але праз гадзіну ён яго пабудзіць, а пакуль што можна папаіць каня, вядро і вада ў сенцах.
Ён упарадкаваў каня, які ўжо быццам неяк прывык да яго і не касавурыўся. To быў неблагі Белалобік, здаецца, нетутэйшай заводкі, падобна — кавалерыйскі. Ва ўсякім разе, куды лепшы на выгляд за спрацаваных сялянскіх дэрбін, ахаджваць такога была адна ахвота. Але ж там, дома, застаўся яго Варанок... Канешне, галодны стаяць не будзе, ужо
бацька дагледзіць, ды ўсё ж у Ягора варухнулася ў грудзях шкадаванне да ягонага трудзягі — што з ім будзе далей? Вядома, ён пагадзіўся ўжо з прапановай рабіць у выканкоме возчыкам, хоць бы каб вырвацца з вёскі ў людзі. Усё ж у мястэчку жыццё, культура... Дый, мусіць жа, будуць плаціць нейкае жалаванне, не трэба будзе рваць кішкі на гаспадарцы. Тым больш калі калектывізацыя. Але калі і не, дык Нінка возьме прымака Міколу Савасценю, які ўжо набіваўся, каб ажаніцца. Ведама, хлопец ён не дужа каб хуцавы жаніх, але працаваць будзе. Тым болей што Ніна, бы мурашачка — круглы год у працы, ад цямна да цямна, за ўвесь дзень не прысядзе, бывала. Усё рупіцца, усё носіцца...
Неўзабаве ўстаў і Заруба, зноў папілі чайку і, падзякаваўшы гаспадару, які іх праводзіў за вароты, паехалі. Ягор чуў, як, на запросіны заязджаць, Заруба ціха сказаў з вазка: «У чацвер, мабыць. Калі ў Полацак не паеду...»
Для Ягора Азевіча пачалося новае, спярша ажно страхавітае жыццё ў раёне. Пакуль што яно абмежавалася клопатам пра Белалобіка, ні пра што іншае ён і не думаў. А ўсё — каб запрэгчы, распрэгчы, накарміць, напаіць цёплай вадой, дагледзець збрую. Сядзёлка трохі націрала хрыбет, ён гэта выявіў, як раніцай чысціў каня, і трохі падправіў лямец на сядзельнай падушцы. На выканкомаўскай стайні было яшчэ тры кані і тры фурманы-возчыкі. Але бадай усе дні яны былі ў раз’ездах, Азевіч бачыў іх толькі мелькам, калі ўранку ці ўвечары. To былі ўжо ў гадах дзядзькі, а адзін, Волкаў, дык нават стары, можа, яшчэ дарэвалюцыйны фурман з сівой барадой. Казалі, у яго хацелі рэквізаваць каня, каб для ўлады, дык ён не аддаў таго ў чужыя рукі і пайшоў сам разам з канём на рэквізіцыю. 3 таго часу і робіць у выканкоме, возіць загадчыка райза. Казалі, харошы фурман, толькі не актыўны, не любіць сядзець на сходах, дзе дым і гармідар, лепш у вазку ці на стайні, дзе начуе ягоны стаеннік. Ягор жа дык падабаў сходы. Звычайна дзе ў вёсцы, упарадкаваўшы Белалобіка, сядаў ля парога і слухаў усё, што там рабілася. Асабліва любіў ён слухаць свайго начальніка Зарубу, як той выступаў з прамовамі. Пачуўшы яго першы раз у Стадолішчах, Ягор аж здзівіўся. Удзень негаваркі, нават болей маў-
клівы, старшыня на сходзе ўвачавідкі мяняўся — па меры таго як казаў сваю прамову ўсё пра тое, як блага жылі пры цару, як тады трывалі ўціск. Пачынаў быццам з неахвотай, спаважна, неяк бы зморана. Але чым далей гаварыў, асабліва натрапіўшы на перспектывы новага калгаснага жыцця, тым болей пачуцця прыбывала ў ягоным голасе. Ужо недзе пад канец той голас дасягаў мяжы пераканаўчасці, а затым ішоў марудлівы спад, бы ад стомы. I канчаў Заруба тым жа памяркоўным тонам, як і пачынаў. Слухалі ж яго мужыкі і бабы, паразяваўшы раты. Мусіць, такі ж разяўлены рот быў і ў Ягора, які думаў: во каб мне навучыцца выступаць гэтак прыгожа.
Канешне, тады ён не ўмеў гэтак прыгожа, але марыў навучыцца. На сходзе местачковай камсамольскай ячэйкі, дзе ён ужо ўзяўся на ўлік, яму неяк давялося выступіць, і так гэта атрымалася няўклюдна, нават сарамліва сярод незнаёмых дзяўчат і хлопцаў, што ён аж спацеў, пакуль выціснуў з сябе некалькі фраз пра абавязак камсамольца ў справе калектывізацыі. Добра, яго перапыніў нехта з байчэйшых, і толькі адна камсамолка, што сядзела наперадзе, усмешыстая, з белай высокай стрыжкай, добра ўсміхнулася аднымі вачмі і шапнула: «Нічога, нічога». Як пасля дазнаўся Ягор, гэта была камсамолка Паліна Пташкіна. Пасля яна таксама выступіла — натхнёна, баявіта, не па-жаночы рэзка. У хлопцаў і дзяўчат ажно гарэлі твары ад яе заўзятага выступлення. Во гэта малайчына, думаў Ягор. Дзе гэтак Настачцы, ды і яму таксама. Мабыць, трэба было падцягвацца, авалодваць новымі завядзёнкамі, як гэта і належала перадавой у раёне моладзі. 3 таго сходу ён узяў сабе за правіла кожнага ранку прачытваць невялікі аркушык раённай газеты «Шлях камунізму», стосік якіх два разы на тыдзень клаўся на стол у прыёмнай старшыні РВК. Ягор начаваў у суседнім пакоі на двух ссунутых разам сталах, уставаў рана, даглядаў у дваровай стайні каня і, пакуль прыходзіла сакратарка Рыма, меў трохі вольнага часу. Калі ж не спраўляўся прачытаць усю газеціну, дык абавязкова праглядаў хоць перадавіцу, з якой даведваўся пра галоўныя справы ў раёне. Галоўнай справай тады, вядома, была калектывізацыя, тэмпы якой якраз апы-
нуліся пад пагрозай зрыву. Звычайна ўжо зранку Ягор разумеў, што сёння выпадзе яму немалая дарога — у тры ці чатыры вёскі, не меней. Калі яшчэ была гадзіна часу, дык ён паспяваў збегаць цераз вуліцу ў сталоўку — талоны яму ўжо выдалі. Але ў сталоўцы ён збольшага снедаў, абедаць жа ці вячэраць даводзілася абы-дзе. Дзе Бог пашле. Часам перападала і няблага, пават з чарчынай, калі трапляў да добрых людзей, a то бывала, што і абыходзіўся на пусты жывот. Вярталіся ўвечары позна, сталоўка ўжо зачынялася, Ягор карміў каня і самотна выпростваўся на сталах, нацягваючы на плечы караткаватыя полы паддзёўкі.
Можа, на другім тыдні ягонае працы ў раёне здарылася тое, чаго ён чакаў і баяўся — адарвалася падэшва. Адарвалася якраз уранку, як ён нёс вядро з пойлам яго Белалобіку. Ён спрабаваў неяк прыладзіць яе, тую стаптаную падэшву, але не паспеў таго зрабіць, як у прыёмную ўвайшоў Заруба і ўсё зразумеў з першага позірку. «Ты гэта во што,— сказаў ён.— Ідзі сюды!» Ягор, накульгваючы, пайшоў за старшынёй у ягоны кабінет з вялікім сталом, пакрытым кумачом, паверх якога блішчэла вялізная шыбіна на розных паперах, і старшыня нешта напісаў на невялікім аркушы. «Во, ідзі ў арцель, спытаешся там Ісака. Аддасі яму гэта»,— «А запрагаць?» — «Запрагаць сёння не трэба. Паедзем заўтра»,— сказаў Заруба і павярнуўся да сцяны, дзе пад партрэтам Леніна вісеў тэлефонны апарат — пачаў круціць ручку.
Ягор ужо ведаў, дзе была шавецкая арцель, і памалу паклыпаў наезджанай снегавой вуліцай за вялізную будыніну сінагогі. Па-над доўгім сталом у прасторнай дамоўцы сядзелі чалавек дзесяць шаўцоў — усе стукалі малаткамі, шылі дратвай, курылі махорку і гаманілі. Як Ягор увайшоў, першы, хто звярнуў на яго ўвагу, быў сівабароды стары яўрэй, ён паўзіраўся ў яго счырванелымі вачыма і адказаў на яго «добры дзень». Ягор папытаўся, хто тут Ісак, і дастаў паперку. Сівабароды, не адкладваючы з каленяў гамаш, працяг да яго руку. «Во тут таварыш Заруба напісаў». Шавец паправіў на носе акуляры і выцяг далей руку з запіскай. «Зараз пачытаем, што піша таварыш старшыня РВК,— сказаў ён так, каб усе пачулі,— Ага, усё панятна! Скідывай свой бот, бу-
дзем глядзець-радзіць, якія там справы...» Ягор прысеў на канец услона і сцягнуў бракаваны бот, рукой няёмка прытрымліваў на нямытай назе бруднаватую анучу. «Ай-яй-яй! Тут работы на дзень. Трэ новую падмётку. Ды і саюзкі...» — «Саюзка быццам цэлая»,— нясмела ўставіў Ягор. «Ага, цэлая! Вы на яго паглядзіце: ён кажа цэлая! А за што яе падбіць? Ці яна будзе на чэсным слове трымацца?» — «Ісак, а ты яе за язык падчапі»,— з’едліва сказаў хтосці з шаўцоў, а іншыя ахвотна засмяяліся. «Ісаку што, Ісаку не шкада... Калі Заруба піша, дык я з ягонага фонду. Ужо фонду таго засталося на пару ботаў...»
Між тым Ісак хуценька вывернуў халяву, надзеў бот на чыгунную прыладу, якая ў шаўцоў называецца «лапай». Ягоныя вялікія чорныя рукі так замільгалі над ботам, што Ягор не мог сцяміць, што і як ён там робіць. А ён рабіў, усё прыгаворваючы, штосці жартуючы да суседзяў-шаўцоў, разпораз кідаючы позіркі па-над акулярамі на прымоўклага кліента. «А ты што — у выканкоме робіш? Ага, возчык? Дык возчыкам жа Даўнарскі быў? Звольнілі, кажаш? Правільна. Даўно трэба было звольніць. Бо п’яніца. А сам скуль родам? А, з Ліпаўкі! А жывеш дзе? Ці ў прымаках у каго?» — «А ты, Ісак, можа, хлопца сасватаць хочаш?» — падняў ад бота белабрысы твар маладзейшы шавец. «Магу і сасватаць, а што? У мяне рука лёгкая, гэта жысць цяжолая. Што, у выканкоме спіш? Гэ, то не гадзіцца»,— «Вось і ўзяў бы да сябе. Твае ж настаўнікі з’ехалі»,— сказаў нехта з другога канца стала, і Ісак зноў уважліва зірнуў на Ягора. «А што ты думаеш — магу і ўзяць. Халастога-нежанатага чаму не ўзяць? Калі ўпадабае»,— «Дык было б добра»,— сумеўся Ягор. «Праўда? Тады прыходзь увечары — вунь трэці дом пад гонтай»,— паказаў Ісак у акно. Ягор зірнуў туды — сапраўды, крыху далей на вуліцы, якраз на пагорку, між дзвюма ліпамі ў гародчыку, стаяла нішто сабе дамоўка з гонтавым дахам.