Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Надта занепакоены, ён, аднак, выйшаў праз гадзіну ці меней з выканкомаўскага падворка і пайшоў да царквы. Дзе было тое ГПУ, ён не ведаў, трэба было запытацца, але на вуліцы насустрач ніхто не паказваўся. I ён праміпуў царкву,
пратупаў праз райком партыі, у якім сёння арыштавалі першага сакратара. Ва ўсіх вокнах райкома гарэла святло, чуліся галасы, і, як ля ганка паявіўся нейкі чалавек у падпяразаным паліто, Ягор запытаўся, дзе ГПУ. Той спярша стаў, неяк спалохана паўзіраўся ў Ягора, а пасля паказаў на царкву. «Во там, за саборам, у папоўскім доме. 3 сінімі аканіцамі». I праўда, за царквой пад разложыстым клёнам прытуліўся невялічкі, але ладны дамок з нізенькім ганкам, вокны яго таксама свяціліся, але не надта, бо былі завешаны знутры. Ягор узышоў на ганак, памацаў клямку, пастукаў. Раз, а затым другі. Яму адчыніў нехта нябачны ў цемры і, не пытаючыся нічога, павёў у наступны пакой. За сталом, накрытым новым кумачовым абрусам, сядзеў той самы чалавек з паголенай галавой, які яго дапытваў у выканкоме. Тут было, мусіць, холадна, бо на плячах яго быў накінуты шынелак з шырокімі сінімі пятліцамі на каўняры. Той не спяшаўся з размовай, спярша ўважліва агледзеў Ягора, што ніякавата стаяў напалову ў ценю ад абажура вялікае дванаццацілінейнае лямпы, што вісела пад столлю. Затым гаспадар пакоя папытаўся, адкуль ён родам, якая гаспадарка дома, ці даўно возіць старшыню выканкома. Ягор скупа адказваў, адчуваючы, аднак, што, мусіць жа, не затым яго паклікалі сюды, каб дазнацца, колькі часу ён возіць Зарубу. Аказваецца, ён памыляўся. Мілаван трохі памаўчаў, перасмыкнуў худым, у абвялых зморшчынах тварам, паправіў на плячах шынелак. «Куды часцей за ўсё ездзіць Заруба?» — запытаўся ён і ўважліва ўставіўся ў Ягора. Той ніякавата пераступіў на падлозе, адчуўшы, што, здаецца, аднак, пачынаецца самая размова. Мусіць, яго цікавіў менавіта Заруба. Але нашто ён пытаецца ў яго, возчыка, чаму не папытае ў самога Зарубы? Думаючы, як адказаць, Ягор заклапочана пазіраў на канец стала, дзе ляжала мілаванаўская будзёнаўка, зграбная штуковіна з вострай шышачкай наверсе і сіняю зоркай спераду. На той сіняй зорцы блішчэла і яшчэ адна, чырвоная металічная зорачка. Спрытная была будзёнаўка, не тое што ягоная шапка-кучомка, якую ён няўцямна перабіраў у руках. Мілаван, аднак, не заўважыў таго і задаваў новыя пытанні. Наступнае з іх было, ці часта старшыня выканко-
ма наведвае вёску Кандыбічы. Ягор адказваў няпэўна, ён ужо адчуваў, што не павінен нешта выдаваць з жыцця ягонага старшыні, але і як было зусім не выдаць? I ён болей мычэў нешта няпэўнае, аж покуль тое не абурыла гэтага гэпэушніка. «Ты мне не круці, а адказвай прама! Колькі разоў быў з Зарубам у Кандыбічах?» — «Дык не лічыў. Можа, раз ці два».— «Брэшаш, не два. Лепей падумай, успомні!» — «Не памятаю я».— «Што, слабая памяць? Камсамолец, здаецца?» — «Так, камсамолец»,— сказаў Ягор і ўпершыню зірнуў Мілавану ў вочы. «Калі камсамолец, дык абавязаны шчыра супрацоўнічаць з органамі! — зласнавата абвясціў гаспадар пакоя,— За ўхіленне, ведаеш, што бывае?»
Дужа ўсё тое не падабалася Ягору галоўным чынам таму, што гэты чалавек таемна дапытваў яго пра Зарубу. Надта не хацеў выканкомаўскі возчык расказваць пра свайго начальніка, штосці ў ім заўпарцілася ўнутры, і ўжо з’явілася таемная варожасць да гэтага брытагаловага здыхляка. Стоячы ля стала, ён падумаў ужо, як заўтра раскажа Зарубу, што пад яго робіцца гэты паскудны падкоп. Але Мілаван нібыта здагадаўся пра намеры возчыка і, яшчэ з паўгадзіны памэнчыўшы Ягора, урэшце са строгасцю папярэдзіў: «Пра нашу размову — нікому! Паняў? Ніводнай душы. Паняў?» Хвіліну ён выпрабавальна паўзіраўся ў збянтэжаны твар Ягора, a пасля, перахапіўшы ягоны позірк, спытаўся трохі павальнелым голасам: «Што, падабаецца будзёнаўка? Тота. He ўсім даецца, трэба заслужыць. А цяпер ідзі. Будзе трэба — паклічу».
3 вялікай палёгкай Ягор пратупаў цераз сенцы і выйшаў з папоўскай дамоўкі. Адчуваў ён сябе надзіва змораным, нават нібыта абражаным чымсці. У будьгаку райкома свяціліся ўсяго два акны, а ў выканкоме толькі адно, у прыёмнай,— мусіць, прыбіральшчыца Лукерка заканчвала сваю справу. Зарубы там ужо не было. А калі б і быў — раптам падумаў Ягор. Усё роўна цяпер ён не меў права нічога нікому сказаць. Ён ужо адчуваў, што з гэтым гэпэушнікам Мілаванам трэба паводзіць сябе дужа ашчадна, не дай Бог парушыць ягоную забарону. Зноў жа, а што ён скажа там другі раз, калі зноў паклічуць, як абяцаў. «Во прычапіўся, каб цябе
паралюш!» — з непрыяззю падумаў Ягор, ідучы ў Ісакаву стадолу. He хапала яму гэтага клопату...
Клопат, аднак, толькі пачынаўся.
Можа, дні праз два ці тры пасля тае гутаркі з Мілаванам Ягор адвозіў Зарубу на станцыю, каб таму ехаць далей — у Менск на нараду. У вазок сеў яшчэ нейкі невядомы чалавек у новым бобрыкавым палітоне, мабыць, хтось з прыезджых упаўнаважаных — ён таксама меўся ехаць на Менск. Дарога была няблізкая, але ўжо добра ўезджаная санямі, завеі даўно скончыліся, таксама як і адлігі. Нідзе ні заносаў, ні гурбаў, Белалобік за два дні добра адпачыў і рахмана бег трушком між неглыбокіх каляін, абдаючы фурмана снегавой пацярухай. Ззаду сядзелі начальнікі, ціха перагаворваючыся між сабой. Ягор уважліва слухаў. Спярша гаварылі пра нейкую пастанову ЦВК, якая значна ўмацоўвала партыйную лінію, пасля гаворка пайшла ўсё пра тое ж — марудныя тэмпы калектывізацыі, затым пра нейкага Барабашова, якога, як зразумеў Ягор, нядаўна выкрыла ГПУ. Незнаёмы выказваўся ў тым сэнсе, што Барабашоў даўні замаскаваны вораг, а Заруба казаў, што яго падседзелі зайздроснікі, што зусім ён не вораг. Ягор не меў наконт таго ніякага меркавання, бо зусім не ведаў таго Барабашова. На станцыі ён падвёз седакоў да будынка вакзальчыка і ўлегцы паехаў сабе дадому. Час яшчэ быў не позні, думаў, прыедзе і, можа, яшчэ забяжыць у Ісакаву стадолу — падчытаць у канспекце. Вечарам меліся быць заняткі, і Паліна магла яго выклікаць. Перад Палінай ён дужа саромеўся выявіць сваё няведанне. Але не паспеў ён на стайні ўпарадкаваць каня, як згледзеў ля para выканкома ўсё таго ж белабрысага Мілаванавага памочніка, які кіўнуў яму галавой у бок царквы, што значыла: началыіік кліча.
На гэты раз Ягор ішоў раздражнёны, амаль злосны — чаго прычапіўся? Хай сам пра што трэба і дазнаецца, Ягор за старшынёй выканкома шпіёніць не будзе. Але ягоны злосны імпэт адразу астыў, як ён пераступіў парог папоўскай дамоўкі. Мілаван быў трохі болей лагодны, чым першы раз, і цікавіла яго, пра што гаварылі ў дарозе Заруба з седаком у бобрыкавым палітоне. Прозвішча яго было Каламіец, як цяпер дазнаўся Ягор. Ягор пачаў бажыцца, што нічога не
чуў, бо сядзеў спераду і вецер забіваў іхнія словы, здаецца, нічога такога яны не гаварылі. Болей пра тое, што хутка вясна, а пасяўная кампанія вымагае клопату. Зноў жа насенне... «Ах, насенне,— зазлаваў Мілаван,— А пра Барабашова не гаварылі? Што пра яго казаў Заруба?» — «Ды не, я не чуў... Каб чуў, што б, я не сказаў»,— шчыра здзівіўся Ягор, і Мілаван доўга маўчаў, з’ядаючы яго злым позіркам. Ды гэтым разам Ягор не міргнуўшы вытрымаў той позірк. Сямутаму ён патроху ўжо вучыўся.
Мабыць, Ягор зноў не спраўдзіў надзей Мілавана, выйграў сваю маўчанку, хоць настрой быў сапсаваны дашчэнту. У Ісакаву дамоўку ён ужо не пайшоў, ленінскага канспекта не пачытаў ні разу, а на занятках, куды ён ледзьве паспеў, Паліна яго выклікала першым. Быў вялікі канфуз, Ягор спрабаваў адказаць, але заблытаўся, Паліна задала просценькае пытанне наконт парадку дня з’езда пераможцаў, якое яго заблытала канчаткова. Спатнелы і няўклюдны, ён бездапаможна стаяў перад гэтай маладой адукаванай жанчынай і чырванеў. Штосці зласнаватае мільганула ў яе жвавых вачах, але затым яна неяк міла ўсміхнулася і сказала: «Ну нічога, Азевіч, у чацвер адкажаш. Падвучыўшы...» I ўжо зусім па-сяброўску заўсміхалася яму, ласкава і лагодна, ад чаго стала куды лягчэй на душы. Усё ж ён быў ёй удзячны, слаўная яна была жанчынка. Прыгожая і разумная. Дужа прывабная. Ведама, яна падабалася бадай ці не ўсім хлопцам, але ці мала тут было куды спрытнейшых за Азевіча — бойкіх і разумных. Вунь хоць бы Байдура, рослы чарнявы гаварун, можа, байчэйшы за ўсіх, які, калі паяўлялася Паліна, не адліпаў ад яе. Ды і не дзіва — той рабіў на льнозаводзе, у рабочым асяродку, не тое што Ягор, конюх, па сутнасці. Хоць і ў райвыканкоме. Азевіч пазнаў ужо розніцу паміж сялянамі і рабочымі, носьбітамі пралетарскай свядомасці. Гэтыя апошнія былі куды вышэй коштам, іх хвалілі, вылучалі ў авангард, пра іх колькі вунь пісаў Ленін. Зноў жа — дыктатура пралетарыяту. А што сялянства? Дробнаўласніцкая ідэалогія...
Заруба пабыў у Менску нямнога — дні два, Ягор з’ездзіў на станцыю да цягніка і прывёз яго ў мястэчка. Старшыня
выканкома, як заўжды, амаль не размаўляў па дарозе, толькі запытаў цяпер: «Ну што там у нас?» — «Ды так, навінаў няма»,— адказаў Ягор. Заруба, памаўчаўшы, дужа трудна ўздыхнуў і мовіў: «Навіны будуць, Азевіч. Кепскія, браце, навіны». Тыя словы затрывожылі возчыка, ён чакаў, што Заруба нешта патлумачыць, ды той нічога больш не сказаў, і Ягор зважліва не пытаўся. Калі сам не кажа, дык, мусіць, нягожа пытацца. Усё яму карцела сказаць старшыні пра свае выклікі ў папоўскі дамок, ды Ягор ніяк не мог асіліць сябе — было няёмка і страхавіта. А раптам Заруба зазлуе? Ці не паверыць? Ці скажа пра тое Мілавану? I ён усё маўчаў. Трудна пра штось думаючы, усю дарогу маўчаў Заруба.
На другі дзень яны павінны былі ехаць у Забалаць, ды якраз на местачковай вуліцы Ягор убачыў, што закульгаў конь. Ён спыніўся каля мастка цераз рачулку, злез з вазка. Аказалася, раскаваўся, на левай пярэдняй зламалася падкова. Ягор спрабаваў зусім адарваць яе, ды не хапіла сілы. Было позна ўжо, каб ехаць у кузню, вырашыў тое зрабіць заўтра, зранку, каб ужо затым паехаць у Забалаць. Старшыня да той неспадзяванкі аднёсся абыякава. «Затым дык затым»,— толькі і сказаў ён, пачуўшы Ягорава меркаваіше. Назаўтра ранічкай з Белалобікам на повадзе Ягор тупаў местачковай вуліцай да рэчкі, дзе была кузня. Менавіта тады яму нечакана сустрэлася Паліна — некуды бегла ў сваім пальтэчку з пацёртым партфелем у руках. Пабачыўшы яго з канём, весела заўсміхалася. Ен павітаўся, яна ўсё азірала то яго, то каня, і Ягор вытлумачыў: «Во ў кузню вяду. Падкова зламалася, дык перакаваць трэба». Тады яна павярнулася да яго і неяк не ў лад зазначыла: «Ну і шапка ў цябе, Азевіч!» — «А што?» — не зразумеў Ягор, сашморгнуўшы з галавы сваю аблавушку. «Бы ў падкулачніка!» — усмешыста, аднак, кінула Паліна і пабегла па вуліцы. А ён, дарэшты ўражаны тым, мала што навакол заўважаючы, патупаў з канём уніз да рэчкі. Шапка? Ужо якая ёсць, іншай дзе возьмеш. У краме шапкі не прадаюцца, пашыць няма з чаго. Гэтая, праўда, нехуцавая з выгляду пакамячаная, але цёплая, з аўчыны. Шыў явічэ дзед, насіў колькі год бацька, і ён яе носіць трэці год. Зносу на яе няма. Добрая шапка.