Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Так сябе суцяшаў Ягор, але неяк няўзнак яму тая яго звыклая аблавушка пакрысе рабілася апрыклай. I ён ужо думаў: хутчэй бы лета, цяпло, дома ў яго вісела на цвіку неблагая кепка з увогуле цэлым, трохі толькі пагнутым казырком; ён надзене кепку і будзе як усе хлопцы ў мястэчку. I Паліна тады яго не папракне за шапку.
Ды цяпло не наступала, наадварот, пад вясну сталі даймаць маразы. Аднойчы пад ранак ноччу Ягор аж прачнуўся ў сваёй сцюдзёнай стадоле, пачуўшы, як страляе мароз па вуглах — нібы са стрэльбы — бух ды бух. А тут якраз трэба было ехаць па раёне, Заруба сказаў: дні на тры. Ехаў старшыня выканкома не адзін, а з цэлай брыгадай упаўнаважаных — на трох вазках. Ягор ранічкай прыбег да стайні, каб у час падрыхтавацца, але там ужо быў стары Волкаў, ужо ахаджаў свайго стаенніка. Ён жа і сказаў Ягору, што паедуць Фірштэйн з райкома, Бугаенчанка і Саладуха з выканкома. I яшчэ Пташкіна з жанаддзела. Як ён назваў Пташкіну, сэрца ў грудзях у Ягора ажно здрыганулася ад незразумелай радасці, але затым і заныла — з кім яна едзе? Ну але ці не ўсё роўна з кім, ведама, не з Зарубам жа. 3 Зарубам, калі на тое пайшло, сядзе Фірштэйн — начальнік з начальнікам. Пасля таго як пасадзілі першага сакратара, Фірштэйн як бы заступіў на яго месца, хоць яго яшчэ і не выбралі.
На выканкомаўскім падворку яны пачалі запрагаць свае санкі-вазкі. У Ягора быў, мабыць, самы лепшы, лёгкі, пафарбаваны ў сіні колер вазок, які дужа падабаўся возчыку, і той ужо прыкідваў, як бы ў ім сядзела Паліна. Побач з Зарубам. Але наўрад ці сядзе. 3 гэткімі думкамі Ягор толькі завёў у аглоблі каня, як нехта ззаду схапіў з галавы яго шапку і на самыя вочы насунуў штосці сцюдзёнае. Ягор спалохана крутануўся на нагах — ззаду, смеючыся, з ягонай кучомкай у руках стаяла Паліна. «Во, будзеш прыгажун! Гэта табе ад жанаддзела»,— смеючыся, казала яна, схаваўшы ззаду свае рукі з кучомкай — каб не адабраў. Ягор няўцямна пазіраў на яе, пасля на тое, што трымаў у руцэ — то была самая сапраўдная, трохі паношаная будзёнаўка. Ладна сшытая, суконная, з зашпіленымі навушнікамі і нават разлапістай чорнаю зоркай, нашытай на лобе. Але чаму гэта яму і завошта? «На-
дзявай, надзявай, няма чаго разглядваць! Хай дзеўкі разглядваюцца».
Але ён усё разглядваў, не адчуваючы марозу,— і маленькія гузікі з зорачкамі, і востры ладны пупок наверсе. I гэта — ад Паліны. Дарма кажа, што ад жанаддзела,— якія ў яго адносіны да жанаддзела, дзе ён нікога не ведаў? Ён проста быў надта ўзрушаны і здзіўлены, каб нешта пытацца ці нават падзякаваць. Але трэба было запрагаць каня, і ён аберуч ашчадна надзеў на галаву будзёнаўку,— аж горача стала ад няёмкасці. Тая аказалася трохі цеснаватая на галаве, але нічога. Прыносіцца. Цяпер ён сапраўды, мусіць, падобны на чырвонаармейца ці якога начальніка, цяпер ён не проста возчык, выканкомаўскі фурман. Зачаткі ганарлівага пачуцця варухнуліся ў ім і прапалі. Паліна ж не вельмі любавалася ім — крутанулася і пабегла ў выканком, а ён тады азірнуўся. Побач заварочваў свой вазок Волкаў. «Падаруначак атрымаў? — неяк з намёкам прагудзеў стары фурман.— Ну, ну...»
Яны трохі пастаялі на выездзе з падворка, чакалі. Мусіць, усе паязджане ўжо сабраліся, ды нешта не спяшаліся на мароз з выканкома, з паўгадзіны раіліся ў кабінеце старшыні. А як там скончылася іх нарада, першай выбегла на ганак Паліна і, нічога не пытаючыся, ускочыла ў вазок да Ягора. «Во са старшынёй паеду»,— толькі кінула яму і схавала тварык у настаўленым каўняры палітончыка. У Ягора скаланулася сэрца — ад цьмянай радасці абяцання чагосці невядомага. Але ён тут жа і засмуткаваў — усё ж легкавата яна была апранута для паездкі, хоць бы не прастудзілася. Ды ён, бы змярцвелы, стаяў побач з лейцамі ў руках, пазіраючы, як выходзілі з выканкома начальнікі, рассаджваліся па фурманках.
Заруба трохі затрымаўся з Фірштэйнам, той патупаў, патупаў каля сіняга вазка, мусіць, хацеў уладкавацца з Зарубам, ды пайшоў да другога. Заруба цяжка ўмасціўся no634 з Палінай.
Выехалі ўсе разам, але за Выганкамі раз’язджаліся ў двух кірунках. Заруба з Палінай кіравалі ў лясны бок раёна, a два іншых вазкі паварочвалі на Аб’ездзе. Паліна ў дарозе
амаль не размаўляла, як заўжды, маўчаў і Заруба. Ягор, дужа няёмка адчуваючы сябе перад імі ў неспадзяванай будзёнаўцы, таксама маўчаў. Ён думаў, Заруба папытае, дзе ён узяў такую шыкоўную шапку, ды той быццам і не заўважыў яе. Затое заўважалі сустрэчныя. Трое саней з дзядзькамі і кабетамі спаткаліся ім на шляху, і, як згледзеў Ягор, усе кіравалі свае позіркі найперш на яго, возчыка ў будзёнаўцы. Пасля ўжо на Паліну і Зарубу. Гонару ў Ягора ад таго прыбаўлялася, і ён рашуча кіраваў канём, размінаючыся на вузкай дарозе.
Першы сход праводзілі ў Аб’ездзе ў школе. Якраз была нядзеля, дзяцей не вучылі, сабралася нямала народу — ці не з усяго сельсавета. Ягор валэндаўся з канём, на сход толькі заскочыў. Зірнуў адным вокам цераз людскія галовы — на сцэне за чырвоным сталом пад кумачовымі лозунгамі сядзелі з паўтузіна мужчын і сярод іх — Паліна, маленькая, счырванелая з твару ад нядаўняй сцюдзёнай дарогі і прывабная. Выступаў Заруба. Гаварыў якраз пра класавую барацьбу на вёсцы, пра супраціўленне кулака, якога трэба было сцерці бязлітаснай рукой пралетарскай дыктатуры. У гэтай справе Заруба быў бязлітасны. Ягор ужо ведаў, што той паходзіў з віцебскіх рабочых і бацька яго быў рабочы. А тут скрозь сяляне — беднякі і сераднякі... Добра яму, быўшы рабочым, — заклікаць да калгаснага ладу. He разумеюць яго сяляне. Чаму — Ягор не мог зразумець таго. Колькі іх ні заклікалі да будаўніцтва лепшага, заможнага калгаснага жыцця — не ішлі да яго, упарціліся, калгасы арганізоўвалі з вялікай неахвотай, пад націскам партыйцаў. Нават і ў ягонай Ліпаўцы ўсё не маглі сарганізаваць калгас, і Ягору ад таго было нават ніякавата перад старшынёй выканкома за сваіх землякоў. Мусіць, трэба б неяк з’ездзіць туды, даўно не быў. Але ўсё не выпадала. Дарогі кіравалі ў іншы бок — раён быў вялікі, раскіданы ледзь не на паўсотні вёрст ад мястэчка.
У другой палове дня правялі і яшчэ адзін невялікі сходзік у прыдарожнай вёсцы, дзе адразу запісалася ў калгас якраз палавіна насельнікаў. Але Заруба казаў, што тое — ненадзейна. Яны ўжо не першы раз запісваюцца, а як начальства
паедзе, тыя спісы дзесь прападаюць. Крадзе нехта. I зноў збіраюць сход і зноў агітуюць нанова.
Вечаровы сход было вырашана правесці ў вялікай залеснай вёсцы Трыкунах, каб там і заначаваць. Тут не было школы, мужыкоў сабралі ў нейчай вялікай хаце, пасастаўлялі лаўкі. У застоллі было чацвёра: Заруба з Палінай і двое мясцовых — старшыня сельсавета і, мусіць, настаўнік — малады хлапец з нейкім нядобрым, худым, бы сухотным, тварам. Ён выступаў другім, пасля старшыні сельсавета, і такога нагнаў на сялян страху, што тыя прыціхлі, бы ў царкве, ніхто і не кашлянуў. А той палохаў ГПУ, пасля Сібір’ю, пасля пралетарскай дыктатурай. Ягор стаяў у парозе, не знімаючы сваёй будзёнаўкі, на яго некаторыя азіраліся, асабліва дзеўкі, але ён трымаў сябе незалежна і адно таемна любаваўся Палінай. Тая была ўсё ў сваім палітончыку, толькі ссунула хустку з беленькіх, высока падстрыжаных валасоў і, вядома, была тут прыгажэйшая за ўсіх дзевак. Часам яна пазірала ў парог і тады неўпрыкмет аднымі вачмі ўсміхалася яму. Ягор быў шчаслівы, толькі ў глыбіні душы штосці трывожна ныла, быццам балела нават. I ён здагадваўся, чаму балела, як толькі ўяўляў перад сабой наіўную далікатную Настачку. Але хіба можна было параўнаць Настачку з Палінай? Варта было паслухаць, як гэтая выступае перад сялянамі, нават лепш за Зарубу. Той нібы граў на гармоніку — басавіта і патрабавальна, а Паліна — нібы на скрыпачцы — сардэчна, дужа пераканаўча, нават пранізліва, асабліва як звярталася да жанчын і абяцала ім шчаслівую долю. Тады здавалася, Паліна ўжо бачыць тую долю і вось-вось раздасць яе ўсім жанчынам і дзеўкам, што сабраліся ў той хаце. Толькі трэба было ўступіць у калгас, іншай дарогі для савецкіх жанчын няма. Па заканчэнні яе прамовы вясковыя дзеўкі дружна білі ў ладкі. Мужчыны, аднак, сядзелі не крануўшыся. У мужчын быў свой клопат.
Тым не менш калгас ў Трыкунах арганізавалі. Праўда, уступілі не ўсе, нават не палавіна, але Заруба сказаў, што важна пачаць. Пачатак жа быў зроблены, і яны позна ўвечары паехалі ў канец вёскі да старшыні сельсавета. Там Ягор уладкаваў каня, паставіў у хлявок, напаіў цёплым пойлам, і, як прыйшоў у хату, госці з гаспадаром ужо сядзелі за на-
крытым сталом, вячэралі. Гаспадар нават дастаў бутэльку «Рускай горкай». Заруба не адмаўляўся, выпіў шклянку, наліў Паліне. Тая бойка аднеквалася, казала, галава будзе балець. Тады гаспадар пераставіў шклянку да Ягора. Той нерашуча спадылба зірнуў на Зарубу, і Заруба стрымана кіўнуў у знак згоды. «Выпі, каб лепш спалося». Ягор выпіў. Як пачаў закусваць, Паліна раптам папрасіла, каб налілі і ёй. Гаспадар з ахвотай наліў поўную шклянку, з якой Паліна трохі адпіла і закашлялася. «Закусвай, закусвай, во гурочкам, капусткай»,— падсоўваў ёй гаспадар закусь. «Не гурочкам — салам трэба»,— стрымана сказаў Заруба, і Ягор, бліжэй да якога стаяла міска з нарэзанымі кавалкамі сала, падсунуў яе да Паліны. Тая з хітраватай удзячнасцю стрэліла ў яго змоўніцкім позіркам.
Рэшту тае вячэры Ягор сядзеў за сталом добра-такі захмялелы, вельмі хацелася спаць, але ён неяк трымаўся, слухаючы размову. Зрэшты, размаўлялі болей мужчыны, нават болей гаварыў Заруба, хоць і не так, як на сходзе,— разважна, нешматслоўна, але ўпэўнена. Гаспадар слухаў, часам круціў галавой — ад клопату ці нязгоды. Што-нішто хуценька ўстаўляла Паліна. Гаспадыня і яе дачка болей стаялі ля печы ці падавалі-прымалі міскі, у размову не ўмешваліся. На нейкім часе Ягор задрамаў, ці што, і гаспадар сказаў да яго: «Ішоў бы спаць, прытаміўся, мабыць»,— «Ідзі, ідзі,— сказала і Паліна,— Чаго мэнчыцца!» I ён устаў з-за стала, пайшоў за гаспадыняй у трысцен.
У трысцене было не так і сцюдзёна (нават цёпла ў параўнанні з яго стадолай), у куце стаяў ложак, засланы стракатай коўдрай з пульхнай, як пагорак, падушкай, і ляжаў кажух. Ягор трохі распрануўся, зняў боты, штаны, шкарпэткі і лёг пад кажух. Як лёг, дык, мусіць, і заснуў — адразу і глыбока.