Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Далей ён брыў, нібы п’яны, па костачкі грузнучы ў рыхлым снезе, слепа абмінаючы хмызняк і кустоўе драбналесся. Што будзе за тым драбналессем — лес, поле ці вёска, ён не ведаў, ён даўно ўжо страціў арыенціроўку і зусім не ўяўляў тутэйшых мясцін. Каторы раз падумаў: хоць бы незнарок не прыбіцца да рэчкі. Рэчка яго пагубіла б дарэшты.
Рэчка, аднак, не трапілася, а драбналессе скончылася, ён зноў адчуў пад нагамі цвярдзейшае, мусіць, сенажаць ці ніву з іржэўнікам. Як заўжды, вецер у полі буяў з большым імпэтам, снегавымі крупамі сек цяпер па левай шчацэ, і Азевіч усё адварочваўся, міжволі забіраючы ўправа. Раззлаваўшыся на адарваную падэшву, якая яму надакучыла за дарогу, ён паспрабаваў зусім адарваць яе ад бота, ды не знайшоў сілы, толькі аб іржавыя цвікі да крыві абдзёр пальцы. Так і павалокся далей, дужа заграбаючы нагой снег. Добра, завея хутка засыпала ягоны след. Ён увесь час ішоў з угнутай галавой, так было зручней на ветры, і так слепа ледзьве не налез на жэрдкі. To быў паламаны, засыпаны снегам плот. Азевіч спыніўся, угледзеўся праз віхуру — непадалёк шарэлі
стрэхі нейкіх будынін. Тады ён угледзеўся пільней — пад заснежанымі стрэхамі быццам чарнелі бёрны сцяны без вокнаў; значыць, то былі не хаты, а можа, гумно — ток і павеці. Трохі нават абнадзеены такой сустрэчай, ён пералез цераз нізкія жэрдкі плота і паклыпаў да крайняй будыніны.
Гэтая нізкая будыніна, аднак, стаяла без дзвярэй, з чорнай прадранай страхой, у дол яе скрозь намяло снегу. Ён толькі зірнуў туды і павалокся да наступнай крокаў праз дваццаць. Здаецца, гэтая была спраўней, шырокія вароты былі зашчэплены на трэсачку ў прабоі — значыць, не пакінутая, мабыць, варта было туды зірнуць. Адубелымі пальцамі ён выцягнуў трэсачку і асцярожна прачыніў палавінку варотаў. На яго з цемры шыбануў летні травяны пах, у доле ад парога ляжалі пасікі снегу, а так увогуле, здаецца, тут было зацішна, і ён зайшоў, прычыніў вароты. Адразу яго абняла цемра, выцягнуўшы рукі, ён ступіў са два крокі і ўпёрся рукамі ў высокі — вышэйшы за яго — каптур саломы, асцярожна пасунуўся ўбок. Тут ягоныя рукі намацалі сцюдзёныя бёрны сцяны, а ногі ступілі на штосці няўлежанае, шархоткае — на сухую кучу гарохавіння, ці што. Яшчэ не разумеючы, што ён робіць, Азевіч пераваліўся цераз гэты высакаваты гарохавінны горб, каб далей ад варот, бліжэй да сцяны, рукамі і нагамі памкнуўся закапацца, залезці як мага глыбей. Ён ужо адчуў, што далей не пойдзе, і прагнуў спакою, цяпла, ягонае цела здрыжэлася на ветравым снегавеі, і карцела суняцца, сабрацца ў камяк, каб як-небудзь сагрэцца. У грудзях гаркотна гарэла, дыханне доўга не магло выраўняцца, ён дрыжэў-тросся ў гарачцы і шумна і часта дыхаў. Свядомасць яго спакваля марнела, у галаве ўсё неслася снегавая крутня, і ён плыў у ёй кудысь у пакутны агорклы прыцемак. У пачуццях жыло пязбыўнае адчуванне небяспекі, прыцьмелага страху, алс ўжо не ставала сілы, каб адолець страх ці ілто зрабіць для паратунку. Знямога была мацней за страх і за інстынкт да жыцця.
...Неяк напрадвесні, як ён чысціў на стайні Белалобіка, сакратарка паклікала яго да старшыні выканкома. Ягор таропка ўвайшоў у кабінет, Заруба сядзеў, цяжка аблегшыся на стол, неяк уважліва паглядзеў на возчыка. Той аж абмёр
пад гэтым ягоным позіркам, але старшыня спярша толькі трудна ўздыхнуў і сказаў, што сёння і заўтра яны нікуды не паедуць. Калі, можа, патрэбна Ягору, дык хай бы з’ездзіў у сваю Ліпаўку, у якой, пэўна ж, не быў ад пачатку зімы. Ягор дужа ўзрадаваўся, хуценька сабраўся і запрог Белалобіка. 3 даўно ўжо адвыклай радасцю борздка імчаўся знаёмай дарогай цераз знаёмыя палі і вёскі, цераз край Галубяніцкай пушчы і праз пару гадзін убачыў заснежаныя стрэхі канцавых хат пад голым суччом дрэў. To была ягоная Ліпаўка.
Дома на падворку яго сустрэла маці з пустым вядзёркам, у якім толькі што аднесла парсюку есці. Бацькі не было дома — з Нінай каторы дзень рабілі ў лесе, тралявалі бярвенне. Меліся прыехаць позна ўвечары, і ён крыху падумаў: што рабіць? Ці вяртацца ў мястэчка ці счакаць бацьку? Рашыў, аднак, счакаць. Даў Белалобіку сена на двары, а сам з’еў яешню, што маці хуценька сасмажыла на прыпечку. Частуючы яго, яна не пераставала бедаваць пра тое, як ён там, сярод незнаёмых людзей, невядома, як і кім там дагледжаны. Яшчэ яна бедавала-скардзілася на жыццё, што ўсчалося навакол, як сялян заганяюць у калгасы, што ў калгаснікаў усё забіраюць: і збожжа, і бульбу, якое насенне, інвентар і коней. «Ой, будзе голад, ой, паямо траўкі, і мякіны не хопіць, што ж гэта робіцца! Што яны там, кіраўнікі вашы, павар’яцелі, ці што, нашто так абыходзяцца з народам, у чым ён перад імі правініўся? Ці яны нелюдзі там, у раёне...»
Слухаць тое было не надта прыемна, але тыя скаргі ўжо не былі ў навіну Ягору. На сходах ён ужо наслухаўся рознага. I ён пачаў супакойваць маці, казаў, што, можа, спярша і труднавата будзе, але затым... Дзяржава дасць трактары і камбайны, дасць добрую жывёлу, гатунковае насенне, усё наладзіцца, і людзі зажывуць лепш, чым пры аднаасобніцтве. Маці, аднак, не верыла, хаця трохі і спакайнела.
«Ну, а як жа, сынок, ты з жаніцьбай? Надоечы Настачка прыбягала»,— «Настачка? А чаго?» — «Пра цябе пыталася. Кажа, за ўсю зіму ні лістка, ні прывета. Як жа быць ёй? Сватаюцца да яе з Закарыцця, дык яна пытаецца пра цябе. А я ўжо думаю, лепей бы ты з ёй ажаніўся, усё ж свая, блізкая,
a to яіпчэ якая камсамолка местачковая акруціць. Во тады дасць Бог нявестачку на старасць». Ягор маўчаў і думаў: як у ваду глядзіць маці. Акручвае, лічы, акруціла яго местачковая не камсамолка нават, камуністка, што яму цяпер з суседняе вёскі Настачка. Так ён і сказаў маці: «Хай не чакае. Відаць, не судзьба нам сысціся». Маці зноў заплакала, мабыць, адчуўшы і тут благое.
Настрой яго сапсаваўся ад тае навіны пра Настачку, хаця што ўжо яму Настачка! Сядзеў у застоллі, еў, а з галавы не выходзіла Паліна, тачыла пытанне: што здарылася з ёй? I як цяпер яму быць? I якая яна да яго будзе?
Увечары прыехаў бацька з сястрой, абое змакрэлыя, стомленыя і галодныя. Бацька пад’еў трохі, вылаяўся на савецкую ўладу і пачаў смаліць свае самакруткі. Сястра Ніна ўсё дапытвалася, як ён і што, ці добрае ў раёне начальства, ці шмат моладзі і як тая адпачывае, ці часта танцы і ці ёсць у яго там хто. Ён адказваў скупа і, дагледзеўшы каня, сказаў, што хоча спаць. 3 даўно не адчуванаю радасцю лёг у свой знаёмы з дзяцінства скрыпучы ложак пад наклееным на сцяне малюнкам—паўстаннс на браняносцы «Пацёмкін». Згледзеў там знаёмы, разварушаны бядою гурт матросаў і перапалоханых афіцэраў з наганамі, усміхнуўся. Радасць яго на тым скончылася. Мусіць, канчалася і юнацтва.
Назаўтра раненька ён паехаў.
Маці паплакала на развітанне, бацька панура маўчаў. A сястра сказала, што прыедзе перад Вялікаднем у адведкі. Паглядзець, можа, браток прыжаніўся да якой местачковай... Памерала яго будзёнаўку, якая ёй дужа спадабалася. Відаць, спадабалася і маці, якая аж перастала плакаць.
У выканкоме, як ён толькі прыехаў, адчуў — нешта здарылася. Сакратаркі Рымы не было за сталом, у прыёмнай наогул было пуста, на дзвярах Зарубы чырвансла вялікая сургучная пячатка. Азевіч выскачыў у двор, там на розвальнях ля стайні сядзеў барадаты Волкаў, курыў цыгарку. Ягор кінуўся да старога фурмана: «Што здарылася?» Той няўцямна паглядзеў на яго. «А нічога».— «Як нічога, дзе Заруба?» — «Зарубу ўзялі. Ноччу».— «Ну, а кажаце нічога»,—задрыжаў Ягор. «А што ж такога? Усіх бяруць. I Скублакова
ўзялі. I Фірштэйна. I ветэрынара таго аднарукага. I нас пабяруць. Маць яго туды!.. Во жысць настала!»
Падобна, сапраўды штось пачыналася адмысловае, ніколі не чутае. На месца Зарубы прыехаў нейкі мізэрны злы чалавек, да якога адразу першым прыйшоў Мілаван. Паўдня да абеду яны аб чымсь раіліся, а назаўтра была склікана сесія. З’ехалася нямала народу, засядалі ў нардоме. Такіх, як Азевіч ці Волкаў, туды, вядома, не пушчалі, што там абмяркоўвалі, было невядома. Але раённая газета надрукавала шырокі, на ўсю старонку, загаловак-заклік: «Ворагам народа — ніякай пашчады», і ўсё было зразумела. Ніжэй быў артыкул, у якім ударнік з бровара выкрываў слепату раённага кіраўніцтва, што не ўбачыла між сабой ворагаў. Іншыя аўтары таксама заклікалі да пільнасці і яшчэ раз пільнасці. Вораг між намі! Азевіч цэлы дзень сланяўся па выканкомаўскім падворку, хадзіў па вуліцы. Падыходзіў і да нардома, дзе стаяла многа саней, вазкоў і розвальняў прыезджых з сельсаветаў членаў камітэта. Там жа было і ўсё райкомаўскае начальства, і камсамол, і жанаддзел. Ягор думаў, можа, пабачыць Паліну. Да змяркання не пабачыў нікога і, перакусіўшы ў пуставатай сталоўцы, паплёўся ў сваю стадолу.
А назаўтра яго паклікалі да камсамольскага сакратара Галадкова. Гэты энергічны і гаваркі хлапец з густым чорным чубам на галаве аб’явіў, што камсамолец Азевіч каапціруецца ў райком камсамола і залічваецца на пасаду інструктара. «Так што, таварыш, здавай свайго скакуна і прыхадзі на работу. Работы процьма, а кадры слабыя, не ўберагліся ад ворагаў, двух арыштавалі органы, трэба свежыя сілы з народа, з гушчыні сялянства, а Азевіч якраз такая сіла, годзе яму круціць конскія хвасты, трэ арганізоўваць моладзь на барацьбу за інтарэсы бальшавіцкай партыі і савецкага народа». Ён і яшчэ гаварыў нешта, усё ў тым жа сэнсе, а Ягор сядзеў, слухаў і думаў, што, можа, пакуль не позна, паслухаць маці і даць дзёру ў вёску, дамоў. Ды не: мусіць, позна ўжо. Ходу назад, пэўна, няма.
I трэба ж таму здарыцца — з затлумленай галавой выйшаўшы з райкома, якраз на рагу вуліц сустрэўся з Палінай.
Тая спынілася, неяк няўцямна ўставілася ў яго. «Ну,
віншую! Правільнай дарогай ідзеш»,— сказала яна. Але ранейшай прывабнай гуллівасці ў яе голасе ён не адчуў, нешта суровае і чужое стаяла ў яе вачах. I ён запытаўся: «Гэта ты памагла?» — «Я»,— сказала яна проста. «За тое, што тады напісаў?» — «Не-а. Што будзёнаўскі шлем надзеў»,— загадкава адказала яна і, не развітаўшыся, пабегла па вуліцы. Ягор пастаяў, не ведаючы, што думаць, як цяпер адносіцца да Паліны. Усё ж ён спрабаваў з ёй сустрэцца яшчэ і сустракаўся, але ўсё на людзях — то ў райкоме, то на вуліцы, і Паліна заўжды стрымана суха віталася, і не болып. Называла яго «таварыш Азевіч»,— быццам забылася, як яго імя і як яна звала яго раней. Ён яе не называў ніяк. Клікаць Палінай было ўжо няёмка, а па прозвішчы таварыш Пташкіна не паварочваўся язык. Неяк, аднак, абыходзіўся.