Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Хай сабе Заруба быў і вораг народа і выкрыты белагвардзеец, але Ягор у яго сяму-таму навучыўся. Ну, хоць бы як выступаць. Наслухаўшыся за зіму ягоных прамоў, ён зразумеў, што галоўнае ў іх — упэўненасць. He так важны словы, як важны тон, якім іх гавораць. Заўжды трэба настойліва, упэўнена, напірыста, не шукаць словы, не мычэць і думаць, а рэзаць першыя, што ідуць з языка. Тады будуць слухаць і будуць верыць. Бо як не паверыць таму, хто гаворыць гэтак упэўнена?
А гаварыць даводзілася процьму прамоў і выступленняў. Кожнага дня зноў раз’езды па вёсках, хутарах і сельсаветах, і скрозь — сходы, сходы, нарады, паседжанні. Азевіч хутка і без натугі спасцігаў сэнс новай работы, галоўным у якой безумоўна было паскараць тэмпы калектывізацыі. I яшчэ выбіваць выкананне планаў нарыхтовак збожжа, мяса, малака, яек, воўны і асабліва льну. Адны толькі льнонарыхтоўкі неслі столькі клопату, што ад іх круцілася ў галаве і не было спакою многія тыдні.
Часам у рэдкія вольныя вечары да яго ў пустую стадолу прыходзіў гаспадар гэтай дамоўкі стары Ісак. Сапучы астматычнымі грудзямі, сядаў на зэдлік у парозе і заводзіў даўгую і нудную гаворку, якую Азевіч не ведаў, як скончыць. Звычайна ён пачынаў з міжнароднага становішча, у якім яго найболей цікавілі праблемы сусветнай рэвалюцыі.
«Калі ж гэта там паднімецца рабочы клас, ці не хопіць ужо яму спаць, цярпець сусветны буржуйскі прыгнёт? Ды і мы тут марнеем, адны будуючы камуну, ды ходзім у дзіравых ботах». Азевіч спасылаўся на аб’ектыўныя прычыны ў гэтае справы, упамінаў здраду справе рэвалюцыі з боку сацыялдэмакратаў, а Ісак, жмурачы цёмнае вока, уважліва слухаў яго тлумачэнне і зноў пытаўся: «Можа, вы скажаце, таварыш, чаму гэта спаборніцтва так шпарка разгарнулася, што мануфактуры няма ні ў мястэчку, ні ў горадзс, а чэргі, калі яе прывязуць, становяцца ад царквы да рэчкі?» Азевіч тлумачыў пра цяжкасці з вытворчасцю, а Ісак ужо меў новае пытанне: «Дзе мы будзем купляць яйкі, як калектывізацыю выканаем на сто працэнтаў? Во і цяпер дзесятак каштуе на рынку пяцёрку. Хіба гэтак было пры цару?»... Такіх і іншых пытанняў у яго было процьма, і, адказаўшы на першыя, Азевіч пачаў злаваць на гэтага яўрэя, які не спрачаўся, не абвяргаў яго тлумачэнні, цярпліва і да канца слухаў і пытаўся зноў. Ды так, што, відаць было,— не надта той яму верыць. Хутчэй за ўсё не верыць. Але навошта тады пытаецца?
Органы між тым рэгулярна прарэджвалі раённае кіраўніцтва, хапалі ўвесну, хапалі ўлетку. Азевіч даўно ўжо не ламаў галаву над пытаннем: завошта або каго ўзялі? I ён, і ўсе навокал ведалі, што могуць узяць кожнага, абы знайшлася якая прыдзірка. Зрэшты, і без прыдзіркі бралі таксама. Тое было як лёс, як знянацкая благая хвароба. Між тым, не зважаючы на старанную працу ГПУ, работнікаў апарату нс меншала, нават большала. У райком прыслалі новага першага — доўгага і худога, бы жардзіна з плота, таварыша Дашэўскага. Невядома, дзе ён рабіў раней, мусіць, на чыгунцы, бо з’явіўся ў чорным чыгуначным шынялі і чыгуначнай гімнасцёрцы. Твар меў хваравіты, худы і ў зморшчынах, але характар паказаў жалезны. Гэты зусім быў скупы на словы, выступаў рэдка, мала і брыдка, са смакам лаяўся. На кожнай нарадзе ён некага выкрываў, называў нацдэмам ці польскім шпіёнам, і таго ўночы бралі органы Мілавана. Апарат у таго таксама пабольшаў. Аднекуль прыехалі два хлопцы-гэпэушнікі, якія пакуль што хадзілі ў цывільным і ўсё нешта вынюхвалі па канторах, гарталі дакументы, аса-
бістыя справы і маўчалі. Служачыя са страхам пазіралі на іх і чакалі вынікаў.
Аднойчы, у рэдкую вольную нядзелю, прыехаўшы з раёна, Азевіч надумаў схадзіць у лазню. Там, аднак, сабралася чарга, і ён з венікам на каленях сядзеў на лавачцы побач з пяццю мужыкамі — чакаў. Было сонечна, цёпла, ужо распусцілася лістота на дрэвах, буяла вясна. Якраз у той час з лазні выйшаў распараны, счырванелы Мілаван разам з адным са сваіх новых хлопцаў. Выціраючы ручніком потную, свежапаголеную галаву, ён заўважыў і кінуў яму — падыдзі. Ягор у думках паслаў яго на тры літары, але мусіў падняцца і павітацца. «Ты ўсё ў Ісака жывеш?» — запытаў гэпэушнік. «У Ісака».— «У яго, кажуць, пакой вольны?» — «Можа, і вольны,— сказаў Азевіч з палёгкай, што гаворка не пра яго — пра іншага,— Я ж адзін займаю»,— «Ёсць, ёсць у яго яшчэ жылплошча»,— казаў Мілаван, уладкоўваючы на лысай галаве форменны картуз з сінім верхам і чырвоным аколышам. Побач моўчкі стаяў з пакункам бялізны ў руках ладны, спартыўнай паставы яго супрацоўнік, уважліва слухаў. «Ты во што, Азевіч, пагавары з Ісакам. Трэба во таварыша Кмета ўладкаваць. Усё ж сям’я, двое малых, а жыць няма дзе. Пагавары з яўрэем. А заўтра скажаш»,— «Добра, што ж, пагаварыць можна»,— сказаў няпэўна Азевіч. «I ўгаварыць,— дадаў Мілаван,— Гэта табе наша заданне. Ад органаў. Лады?»
Яны пайшлі сабе з падворка да вуліцы, а Азевіч у думках зноў вылаяўся. Называецца, атрымаў заданне. Хай бы самі ішлі і гаварылі. I прасілі Ісака. Ён тады доўга, з асалодай мыўся, як дачакаўся свае чаргі, ленай хадой ішоў дадому, нібы адцягваючы момант непрыемнай размовы. Быў амаль упэўнены, што Ісак не пагадзіцца — нашто яму сям’я, ды яшчэ з малымі дзецьмі. Так у іхнім гародчыку разрасталіся кветкі, узышлі вяргіні, а з дзецьмі... Асабліва калі хлапчукі. Зноў жа і садавіна — некалькі яблынь расло за хляўкамі, хаця цвету ў тым годзе было не надта, яблык мелася быць небагата. Але хлопцы папоруць астатнія, тое ён па сабе ведаў. Тым не менш трэба было пагаварыць з гаспадаром, хоць бы перадаць яму просьбу галоўнага іх гэпэушніка. I ён надвячоркам пастукаўся ў каморку да Ісака.
Мабыць, стары яўрэй таксама меў выхадны і сядзеў дома. Азевіч застаў яго ля стала з нейкаю чорнай кніжкай у руках і ў ярмолцы на галаве. Ісак не здзівіўся прыходу кватаранта, ветліва пасадзіў яго ў высокае, але вузкае крэсла з такім жа высокім падгалоўнікам. «Я да вас па справе,— адразу пачаў Ягор.— Кажуць, у вас ёсць вольны пакой...» — «Пакой? — здзівіўся Ісак.— Які гэта пакой? Гэта куратнік, а не пакой. Хіба ў такім пакоі можа жыць прыстойны чалавек? Во, паглядзіце самі, во, хадзіце сюды». Ён расчыніў дзверы ў суседні пакой і даў Азевічу зазірнуць туды. Ну так, пакой быў даволі нехуцавы — не то сенцы, не то кухня пры адным акенцы ў двор. «Разумееце,— сказаў Ягор,— упаўнаважаны ГПУ таварыш Мілаван просіць уладкаваць свайго таварыша. Сям’я, а жыць недзе».
Ісак пляснуў сябе рукамі па сцёгнах, неспакойна прабег вакол стала. «Ах, ах! Няма дзе жыць! А пры чым тут Ісак? Ісак што — багаты домаўладальнік? Я — халодны сапожнік. Што гэта, мой дом? Быў мой. А цяпер я сам тут кватарант, нічога не маю. Hi грошай, ні права, ні дроў. Адзін гэты кут»,— «А ў іх і кутка няма. Двое дзяцей»,— ціха ўставіў сваё Азевіч. Ісак прабег да парога, зноў да сцяны, зірнуў у акно. «Двое дзяцей, двое дзяцей... I ў мяне было двое дзяцей, я ведаю... Ба, ба, ба... Можа, прывязуць дроў, зімой цяплей будзе... Ну хай. Скажыце, хай. Што ўжо тут зробіш».
Азевіч зусім не ўзрадаваўся — хутчэй засмуціўся ад тае згоды старога гаспадара. Ну але, можа, так будзе лепш. Можа, з удзячнасці Мілаван перастане лезці да яго са сваімі патрэбамі. Ды не стане цікаваць за ім, як некалі за Зарубам. Тыя на ўсё здольныя. А з гэтым Кметам ён, можа, пасябруе нават. Калі па-суседску. Усё ж будзе знаёмы чалавек у іхніх органах, ад якіх, як ужо зразумеў Азевіч, не застрахаваны ніхто. Тым болей што ён чакаў прыёму ў кандыдаты партыі, усе дакументы аформіў, сабраў рэкамендацыі. Рэкамендацыі, апроч камсамола, далі загадчык аргаддзела райкома Скаблова, жанчына з іхняга сельсавета, нядаўняя настаўніца, а таксама ягоны таварыш па райкоме камсамола Яўген Вайцяшонак. Той ужо быў членам ВКП(б), але па службе не надта вылучаўся, можа, таму, што быў ад нараджэння
кульгавы. А так увогуле здаваўся неблагім таварыскім хлопцам. Азевіч тым часам прывыкаў да іювага камсамольскапартыйнага жыцця ў мястэчку, вёску часам успамінаў з сумам. Сумленне яго трохі тачылі ўспаміны пра Настачку, аб якой ён нічога не ведаў з зімы. Можа, ужо выйшла за каго замуж? Невялікі заробак, што ён атрымліваў, выдаткоўваў ашчадна, часам карміўся ў сталоўцы, а болей — па гаспадарках у камандзіроўках. Палініну будзёнаўку насіў да зялёнай травы і здзеў з неахвотай — дужа падабалася яму тая будзёнаўка. Вясной ён справіў сабе новую апратку: штаны-галіфэ і кортавую гімнасцёрку, якую пашылі ў арцелі. У такім напаўвайсковым выглядзе мала чым адрозніваўся ад іншых саўслужачых. Амаль усе пераймалі густы начальства і падладжваліся пад выгляд першага сакратара Дашэўскага, які зімой і ўлетку хадзіў у сваёй чорнай чыгуначнай гімнасцёрцы. Паліна зноў перайшла на працу ў местачковую школу, і ён рэдка бачыў яе. Але заўважыў, што яна стала зусім не той, якой ён некалі яе ўведаў. Яна перш перастала займацца камсамольскімі справамі і яўна пазбягала Азевіча, пры выпадковай сустрэчы з якім суха віталася, і толькі. Ён дужа пакутаваў ад таго, але нічога з сабою зрабіць не мог. Здаецца, на сваю бяду, ён усё кахаў гэту незразумелую жанчыну.
Вельмі хутка пасля тае размовы з Ісакам у іхняй дамоўцы з’явіліся новыя кватаранты. Неяк надвячоркам Азевіч вярнуўся з раёна і, зайшоўшы на падворак, сутыкнуўся з двума хлапчукамі, якія адзін у аднаго адбіралі кіёк. Малодшы ўжо румзаў, але кійка не аддаваў, а старэйшы рашуча насядаў на яго, выкручваючы рукі. Паяўленне незнаёмага дарослага дзядзькі не суняло хлапчукоў, ягоны вокрык таксама не падзейнічаў на іх. Тады на ганку паявіўся іх бацька, гэпэушнік Кмет. Азевіч чакаў, што той падасца разнімаць сыноў ці хоць бы крыкне на іх. Але бацька хвіліну спакойна назіраў за бойкай, а пасля, як старэйшы адышоўся з кійком, пачаў ушчуваць малодшага: «Чаго равеш? He смей плакаць! Ах, цябе пакрыўдзілі? Тады пакрыўдзі і ты. Біся да перамогі. Сілы мала? Нарошчвай сілу, вучыся ў старэйшага брата. I не румзай. I не ябеднічай. Закаляй волю. Мужчына ты або трапка? Ах, мужчына? Ну дык дагані брата і дай яму ў
хрыбет...» Ягор з цікавасцю слухаў бацькоўскую навуку — для яго тая навука была навіной. Дома, калі ён часам крыўдзіў сястрычку, бацькі дужа сварыліся на яго. А тут, мабыць, іншая мараль. Перадавая мараль новага часу.