Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Трохі памарудзіўшы з адказам, Азевіч прыпамятаў адзін нядаўні выпадак — сапраўды на пачатку лютага. Неяк у выхадны ён забег да Дарошкі, каб аддаць часопіс «Полымя рэвалюцыі», які браў надоечы з цікавасцю да артыкула Лукаша Бэндэ, і ў парозе сутыкнуўся з незнаёмым хлопцам
у кажушку, той ужо развітваўся з гаспадаром. Тады ён толькі і пачуў адну фразу: «Дык напішыцс, калі што». Хлопец пайшоў, а Азевіч, калі яны засталіся ўдвох, запытаўся пра яго, і Дарошка неахвотна адказаў: «Ды так, прыезджы адзін». Мабыць, то і быў Дудар, пісменнік. Але што цяпер мог Азевіч? Схлусіць, што ні з кім не страчаўся, у яго не хапіла адвагі — а раптам гэтыя ўсё ведаюць? I ён коратка расказаў пра тую сустрэчу на парозе.
«Значыць, сказаў: напішыце? А пра што напішыце?» — утаропіўся ў яго Мілаван.
«Во гэта не ведаю»,— прастадушна цепнуў плячыма Азевіч. «Дык мы ведаем,— холадна сказаў гаспадар пакоя,— Пра нацдэмаўскую агітацыю... Да, да... Агітацыю на лесапільні. A ты думаў! Во што, бяры ручку і пішы». Рашучым жэстам ён падсунуў да госця чарніліцу з ручкай на беражку, паклаў аркуш паперы. «Што пісаць?» — «Што чуў, прыйшоўшы. Пра змову весці нацыяналістычную агітацыю».— «Дык я ж не чуў нічога»,— разгубіўся Азевіч. «Ах, не чуў? Ці не хочаш паведаміць? Але ўспомні Зарубу!»
Азевіч зперухомеў, адчуўшы, як па ягоным целе забегалі мярзотныя мурашкі,— сапраўды стала боязна. Ён і без напамінку добра памятаў свой колішні подпіс — лёс старшыні выканкома заўжды стаяў нерад ягонымі вачыма. I ён ціха, але цвёрда сказаў: «Не, пісаць нічога не буду. Я нічога не ведаю»,— «Не ведаеш?» — «Не ведаю». Мілаван тады ўскочыў за сталом, дужа грукнуў па ім кулаком і закрычаў, завішчэў — напружыўшыся сваім хілаватым целам. «Ды ты думаеш, што гаворыш? Ты адмаўляешся дапамагаць органам выкарчоўваць беларускіх фашыстаў! Ты іх абараняеш! Ты сам даўно ў іхняй арганізацыі! I ўжо выконваеш іхнія заданні...»
Азевіч сядзеў моўчкі і чуўся ні жывы ні мёртвы ад разлютаванага крыку гэтага начальніка, які ва ўсе бакі тузаў сваёй голенай галавой на вяртлявай жылістай шыі. Але Азевіч ужо трохі адышоўся ад першага спалоху, маўчаў і думаў: «Крычы, крычы! Хоць пасіней!.. » Ды гэпэушнік не пасінеў, а неяк на паўслове спыніў крык і закашляўся. Кашляў добра, нібы пры коклюшы, крыху перапыняўся, харкаў
кудысці пад стол, выціраў рот скамячанай насоўкай і пачынаў кашляць зноў. «Ці не сухотны?» — без жалю падумаў Азевіч. Падобна, аднак, у таго пайшла кроў, бо, чарговы раз харкнуўшы пад стол, ён выцерся, зірнуў у насоўку і махнуў на яго рукой — ідзі! На парозе Азевіч пачуў: «Яшчэ паклічу!» — і хуценька выскачыў на ганак.
Ушчэнт знясілены, ён ледзьве датупаў тады да свае халупы над рэчкай, не распранаючыся сеў ля стала, сядзеў, думаў. Пацершыся аб яго ногі, ціхенька ўселася на падлозе ласкавая бабчына кошка, а ён усё думаў. Можа, кепска зрабіў, што не паслухаўся Мілавана, мо цяпер пасадзяць самога? I не ведаў ён: як яму цяпер быць з Дарошкам? Можа, зараз пайсці да яго і расказаць, што ад яго дамагаліся ў аддзеле. Але што падумае пра яго Дарошка? Урэшце, не стрываўшы адзіноты ў хаце, выйшаў на двор і паплёўся да Вайцяшонка. Той у сподніках адчыніў дзверы, упусціў яго на кухшо, і Азевіч сцішана расказаў яму пра свае вечаровыя прыгоды. Вайцяшонак пакутна маўчаў, бы нямы, аж стала няёмка. Толькі бліскаў на яго пакутным позіркам пры цьмяным святле газнічкі. Тады Азевіч сказаў, што, мабыць, трэба папярэдзіць аб тым Дарошку, ад чаго Вайцяшонак ажно падскочыў на ўслоне. «Ні ў якім разе! Ты што! Загубіш і сябе і Дарошку не паможаш. Павер мне, ужо я ведаю». Азевіч паверыў: усё ж ягоны сусед рабіў у райкоме, не тое што ён — на лесапільні,
На тым яны і развіталіся, а назаўтра, прыйшоўшы на працу, Азевіч дазнаўся, што нацдэма ўзялі. Людзі ўжо ведалі, за што. Нібыта рыхтаваў дыверсію на лесапільні і наогул быў польскі шпіён. Толькі прыкідваўся беларусам. Азевіч слухаў, што пляткарылі людзі, і думаў: наконт польскага шпіёна — лухта. Ён прыпамятаў адну размову з Дарошкам, як той дужа наракаў на палякаў за іх даўнія намаганні завалодаць беларускімі землямі. He любіў нацдэм палякаў, то пэўна. А наогул ён не ведаў, як адносіцца да Дарошкі, шкадаваць яго або не. Часам Азевіча брала злосць, што праз яго столькі наперажываўся гэтай зімой. Часам з’яўлялася ціхае задавальненне, што ўсё ж не прычыніўся да ягонай пасадкі. Увогуле Азевіч паводзіў сябе з ім сумленна: калі не
абараняў, дык і нс паддаваў ні ў чым. Усё папраўдзе, не тое што з Зарубам. Гісторыя з Зарубам з’явілася для яго добрым урокам, ён не забудзе яе да смерці. Але Мілаванава абяцанка паклікаць яго яшчэ надоўга атруціла яму жыццё. Ён са страхам чакаў таго выкліку кожны дзень на працы, ідучы дадому, бываючы ў райкоме, дзе на вуліцы ці нават уначы ў ціхай бабчынай хаціне над рэчкай. Тое пакутнае чаканне працягвалася доўга, ды Мілаван чамусці не клікаў. А пасля паклікалі, відаць, самога Мілавана. Казалі, паехаў на нараду ў Менск, з якой так і не вярнуўся. Hi праз дзень, ні праз месяц. Знік без следу і гуку.
...На нейкі няпэўны час Азевіч нібы выпаў з жыцця, напэўна, страціў усялякае адчуванне явы і быў ці то ў сне, ці ў трызненні, а можа, у мінулым, якое таксама было не лепшае за самы пакутны сон. Як некалі ў дзяцінстве. Звычайна ўсё ішло ад пачуцця адзіноты, пакінутасці ў цёмнай хаце, яго ахопліваў страх, ён баяўся немаведама чаго. I ў той яго страх паступова ўваходзіў нехта знадворку, нехта варушыўся за акном. Ягор заплюшчваў вочы, а як расплюшчваў, бачыў за шыбінай цьмяную касмылявую морду, то, канешне, быў воўк. Ён стрыкаў вушамі, напружана зазіраў у акно невядома з якім намерам, можа, каб улезці ў хату. Ад страху Ягор нібы прачыпаўся, але навакол была тая ж адзінота, толькі Ягор пачуваўся зусім не дзіцем — цяперашнім дарослым чалавекам, але ўсё роўна яго апаноўваў той даўні дзіцячы страх — пакутны страх, якога немаведама як было пазбыцца. I зноў ваўчыная пыса за цьмяным акном. Хіба ў адрозненне ад дзіцячага сну цяпер ён не прачнуўся — ён проста не меў сілы на тос — і трываў, пакуль здані прывіднага самі па сабе не змарнелі, не сышлі на іншае — такое ж цьмянае, невыразнае, але па-ранейшаму страхавіта пакутнае.
Дзіва, але ён нс мог саўладаць з сабой, не мог намагчыся прачнуцца. Ён нібы зачапіўся дзесь на мяжы прывіднага сну і явы, адчуваючы толькі, што яму кепска. Нават дужа кепска. Што і дзе балела, таго Азевіч уцяміць не мог, проста яму было блага — можа, болей у змэнчаных пачуццях, чымсі ў целе. Хаця і цела ўспрымалася ім як суцэлыіы немачны боль. Дужа хацелася піць, унутры, здавалася, усё сохла, і
было то горача, то так сцюдзёна, што на ім хадуном хадзіла гарохавінне, пад якое ён закапваўся ўсё глыбей і глыбей. Толькі наўрад ці ён адчуваў тое, таксама як не адчуваў ужо, дзе ён апынуўся.
У тлумным трызненні мроілася нейкая даўніна, штось з даўно перажытага, надта пакутнае, яно перапынялася ягоным фізічным, не меней пакутным пачуццём. I толькі краёчкам свядомасці на кароткі час ён цяміў сваё лаўжо ў шархоткім каляньш гарохавінні, наўрад ці разумеючы, як і калі ён трапіў у яго. Як трохі вальнела і мешаніна прывідаў адступала ў сваёй выяве, пачуцці зноў апаноўвала страхам ад усведамлення таго, што ён хутка памрэ. Памрэ, як памёр Гарадзілаў, бо хвароба магутна ўхапіла яго сваёй кашчавай рукой, адабрала сілу і нават волю да паратунку.
Ён не ведаў, колькі мінула часу, як ён запоўз сюды і наогул які цяпер час, толькі раптам расплюшчыў вочы і ўбачыў, як рэзка блішчыць побач шчыліна між бярвення, з якой пругка б’е вецер. Убачыў рэдкую крапанку гарохавіння ля твару, штосці падумаў ці, можа, памкнуўся падумаць і зноў упаў у нябыт.
Другі раз яго пабудзіў голас, здалося, выразна, бы наяве, штосці гукае нябожчыца маці. Адчуўшы сябе дашчэнту скалелым і спакутаваным, ён, аднак, хутка згубіў той голас і зноў упаў у праваліну пакутна санлявай знямогі. Гэтае чаргаванне забыцця і цьмянае явы працягвалася доўга, нібы бясконца, і бясконца доўжыліся ягоныя пакуты. Іншы раз ён лавіў сябе на тым, што імкнецца крыкнуць, тады сам палохаўся тае магчымасці і нейкім падсвядомым імкненнем вырваўся з непрытомнасці. Шчыліны ўжо не было побач, мабыць, трызнячы, ён скінуў з сябе гарохавінне і павярнуўся ці споўз да самай сцяны. У пуні развіднела, відаць стала змрачнаватае саламянае падстрэшша з трыма ластаўчынымі гнёздамі ля кроквы. Пад імі на бэльцы сядзеў шэры, з натапыраным пер’ем верабейка, напружана ўзіраўся ўніз, якраз у самы ягоны твар. Як Ягор цепнуў вачмі ці варухнуў чым, верабейка жвава чырыкнуў, разы два пераскокнуў з месца на месца па тоўстай счарнелай бэльцы. To была першая адзнака жывога і ў ёй праява хілай надзеі — можа, яшчэ ён
неяк выкараскаецца. Азевіч варухнуў рукой, нібы вітаючы верабейку, і той, ціўкнуўшы, сарваўся з бэлькі і знік за высокай гарой саломы на тым канцы пуні.
Ветраную ціш у пуні, здаецца, парушылі нейкія новыя гукі — шархаценне, ці што, але чуліся яны за сцяной знадворку. Азевіч расплюшчыў вочы — у шчыліне між бярвення хіснуўся і замёр нейкі цень, быццам спыніўся хто. Тады ён скасіў позірк убок па шчыліне, і праўда, ля сцяны на момант мільгнула чорная постаць з настырчанымі вушамі, прыціхла, штосці паслухала і знікла. To быў сабака. Добра, што не забрахаў, падумаў Азевіч, але, мусіць, учуў яго тут. А можа, не ўчуў, можа, так сабе ходзіць па загуменні. Азевіч заплюшчыў вочы — было не да сабакі. Што ўжо яму сабака?
Між тым яго магутна скаланула дрыжака, стала нясцерпна холадна. Ён сцяўся, скорчыўся і ў апошнім намаганні шаснуў глыбей у гарохавінне, ледзьве стрымліваючы дробны ляскат зубоў. Доўга ён не мог саўладаць з тым ляскатам, не мог сагрэцца, аж покуль непрытомнасць новым заходам не ахінула яго адчуванні.
Другі раз ачнуўся ад усведамлення таго, што паблізу хтосці варушыцца. Яшчэ не зусім дапяўшыся да явы, прыціх, нават перапыніў разгарачанае дыханне, услухаўся... Яўна дзесь побач шархацела салома, але не ад ветру з падстрэшша. Шархацела настойліва, рэзка, з невялікімі прамежкамі цішыні. Азевіч расплюшчыў вочы, аднаруч ціхепька адгарнуў ад твару калівы гарохавіння. Ён нічога паблізу не ўбачыў, ды раптам адчуў, што з-пад гарохавіння вытыркаліся ягоныя ногі. Памкнуўся падкорчыць іх ды, мабыць, спазніўся.