Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Яны разбілі яшчэ два камяні, і іхняя патрэба ў Ліпаўцы была на тым скончана.
Вярталіся ў раён моўчкі, стомленыя, разварушаныя і галодныя. Ніхто нідзе не запрасіў іх пачаставацца, ды і ім было не да пачастунку. Дашэўскі зацята маўчаў, зыраючы спадылба на прыдарожны абсяг. Яго тут не любілі, ні ў мястэчку, ні ў раёне, і ён, падобна, зусім не імкнуўся прыдбаць чыю-небудзь прыязнасць. Азевіч ужо ведаў, што ўвесь прымус і бязладдзе ў раёне сяляне звычайна адносілі да свайго мясцовага кіраўніцтва. Думалі: гэта яно нахабна заганяе ў калгасы насуперак волі Сталіна, яно абкладвае цяжкім падаткам сераднякоў, раскулачвае і ссылае невядома куды. Усё гэта тутэйшыя, мясцовыя, сельсавецкія, раённыя начальнікі. Трэба скардзіцца вышай, пісаць Чарвякову ці нават Калініну. I пісалі, збіралі калектыўныя подпісы пад тымі лістамі — усёй вёскай ці нават некалькімі вёскамі. Ды ўсё марна, паслабкі не наставала. Тады думалася: зноў вінаваты мясцовыя — міліцыя ці ГПУ, перахапілі пісьмы, не туды паслалі, не так растлумачылі. Доўгі час так думаў і Азевіч, аж покуль не пачаў рабіць сам у райкоме. I тады зразумеў: э, не! He мясцовыя вінаваты ў бязлітасным стаўленні да селяніна — тое стаўленне ішло зверху. Ці не з самага верху нават. А мясцовыя дык нават часам змякчалі, расслаблялі
тыя жорсткія загады і патрабаванні, што нярэдка канчалася кепска для некаторых мясцовых. Можа, менавіта праз гэта сумны лёс напаткаў і Зарубу, бо ягоная сціплая чалавечнасць замінала шмат чаму ў новым стаўленні да селяніна. Усё ж той сам паходзіў з народа і, мусіць, не меў для яго неабходнай па тым часе жорсткасці. Пакуль ехалі, Азевіч не мог пазбыцца адчування, што ў раёне дужа не хапае Зарубы. He так ягонай працы ці клопату як проста ягонай прысутнасці на сваім месцы, у выканкоме, з ягоным спакойным, разважным характарам. Вельмі шкода рабілася пры думцы, што ён — вораг, хоць і слаба верылася ў тое, але ж... Хіба мала навокал благіх людзей, шкоднікаў і шпіёнаў. Можа, як ашукалі, злоўжылі ягонай дабрыпёй, зацягнулі ў свой шкодніцкі лагер. Мабыць, зацягнуць яго было нескладана — усё ж даверлівы і нязлосны быў гэты чалавек. Вельмі шкода яго было Азевічу і тачыў маўклівы дакор сабе, што і ён неяк дачыніўся да ягонай пагібелі. Хай не сам, не па сваёй волі, лічы, праз прынуку. Паліна!.. Во хто быў ягоны найбольшы боль і загадка, можа, на ўсё яго далейшае жыццё. Што гэта за чалавек, Паліна! Што за жанчына? Чаму яна так паставілася да яго, вясковага хлопца з яго неразбэшчаным даверам і маладой дурнотаю?
Прыехалі ў мястэчка не позна, але ўжо змерклася. Дашэўскі вылез каля райкома, астатнія таксама пазлазілі з лінейкі. I калі міліцыянер трохі ад’ехаў, Вайцяшонак сказаў: «Давай зойдзем? Замочым гэта клятае дзела». Яны пайшлі да Вайцяшонка, і Азевіч у той вечар першы раз у жыцці напіўся, як не напіваўся ніколі. Заснуў на чужой лаве на покуці, не распрануты. Яўген яго пе будзіў да ранку. Раніцай абодва пайшлі на работу — была нарада сакратароў, і яму належала выступіць — пра авангардную ролю камсамола ў калектывізацыі сельскай гаспадаркі.
Бабчын падворак ля рэчкі адгароджваў ад суседняга стары трухлявы паркан, да самага всрху зарослы кустоўем парэчак — з гэтага боку і півонямі — з другога. Неяк праз адчыненае акно Ягор пачуў ціхенькі дзявочы спеў па той бок агароджы. Хоць ён тут перабыў ужо зіму і дачакаўся лета, але неяк недабраў часу пацікавіцца, хто жыве ў сусе-
дзях. Цяпер тая цікавасць прарэзалася, і ён, выпнуўшыся з акна, зірнуў на падворак. Над зараснікамі парэчак відаць стала бялявая галоўка дзяўчыны, якая нешта поркалася ў асветленых сонцам кветках і спявала — ціхенькае і шчымлівае штосці. Слоў ён не мог разабраць, але крадком палюбаваўся дзяўчом і зачыніў акно. Доўга любавацца не было калі — трэба было бегчы на працу. Другі раз ён убачыў знаёмую бялявую галоўку выпадкам на вуліцы. Якраз, спяшаючыся, хацеў перагнаць худзенькую дзяўчынку ў лёгенькай стракатай сукенцы, што ішла наперадзе, і здагадаўся, што гэта — суседка. Тады ён параўняўся з ёй і, павітаўшыся, гулліва сказаў: «Во суседзі, а незнаёмыя. Я ж у бабкі жыву. А вы — побач. Я бачыў...» — «Ды я ведаю,— усміхнулася дзяўчо,— Яшчэ як вы перабіраліся да Мальвіны, бачыла»,— «Во як! А я не бачыў. Мяне Ягорам клічуць. А вас?» — «Мяне? Анэля». Анэля, быццам каталічка, адзначыў у думках Ягор і папытаўся, каб не маўчаць: «Куды гэта вы кіруеце? На працу?» — «Не, не на працу. У нардом за білетамі. У кіно»,— «У кіно, гэта добра. А на які фільм?» — «Вы не ведаеце? — «Кацька — залаты ранет», кажуць, дужа смешная карціна, трэба паспець, каб білет купіць»,— «Тады купіце і мне,— нечакана для сябе папрасіў Ягор,— У дзевяць вечара я пастараюся прыбегчы. Сёння паеду ў Залескі сельсавет, але надвячоркам вярнуся. Добра?» Анэля трохі павагалася з адказам, быццам засаромелася нават, але ён падумаў, што нічога сарамлівага ў ягонай просьбе няма — у яго проста не было сёння часу бегчы ў нардом па білет. I Анэля, відаць было, моўчкі пагадзілася. На рагу яны разышліся ў розныя бакі — Ягор пабег у райком, а Анэля павярнула за сінагогу ў нардом.
Увечары, аднак, ён прыпазніўся і ледзьве не падвёў дзяўчо. Калі, увесь спатнелы, прыбег да нардома, на вуліцы перад ім ужо было пуста — кіно пачалося. Анэля журботна стаяла зводдаль пад таполяй, пазіраючы ў канец вуліцы, і ён, згледзеўшы яе, прыветна памахаў рукой. Іх упусцілі ў цёмную, поўную народу залу, яны прымасціліся недзе ў апошніх радах, адразу аддаліся чароўным перыпетыям кіношнага жыцця на экране. Часам Ягор кідаў таемныя позіркі на
суседку, тая сядзела напружаная, сцішаная, здаецца, дужа нясмелая. I, бадай, нічым не выдавала сваіх пачуццяў, нават калі зала дружна рагатала над незайздроснымі прыгодамі кіношнага героя. Адзін раз толькі засмяялася, як той пасля, як скокнуў з моста, падняўся на доўгія ногі, мокры, смешны і расчараваны. Ягор таксама ледзьве пераборваў смех, які час ад часу ў ім усё ж прарываўся.
Як выйшлі з нардома, было ўжо цёмна, яны моўчкі, бы з няёмкасцю, пайшлі ў сваю вуліцу. Патроху неяк разгаварыліся, Анэля сказала, што працуе ў аптэцы памочніцай правізаркі, што жывуць яны ў гэтым мястэчку шосты год, да таго жылі ў Полацку, а нарадзілася яна ў Ленінградзе. Ягор праводзіў яе да веснічак, пастаяў крыху, і яны развіталіся. Праўда, перад тым ён сказаў, каб наступны раз брала адразу два білеты. «А не спозніцеся?» — запыталася яна, быццам крыху дакараючы за яго спазненне, і яму тое здалося прыемным. «Ну ўжо не! — сказаў ён.— Жывы ці мёртвы буду роўна ў дзевяць».
I дарма сказаў так рашуча — той наступны раз ён наогул не трапіў на суботняе кіно — суботу і нядзелю праседзеў у Глыбачанскім сельскім Савеце, дзе разваліўся сарганізаваны калгас і з ім камсамольская ячэйка. Паўцякалі камсамольцы — хто куды. Прыехаўшы ў панядзелак, пайшоў у аптэку, але тая ўжо зачынілася, тады ён проста пайшоў да падворка суседзяў. Пастаяў каля веснічак, паслухаў. Чакаў, можа, яна выйдзе з хаты, убачыць яго, загаворыць. Але замест дачкі выйшла маці — нестарая яшчэ кабеціна з гладка зачэсанымі валасамі і куртаценькім фартушком наперадзе. Яна сказала, што Анэлі пакуль няма ў хаце, але павінна восьвось прыйсці. Калі яму трэба бачыць яе, дык можа зайсці ў пакой, дзе можна будзе яе пачакаць. Ен падумаў і нясмела патопаў цераз падворак да ганка.
He шмат у каго з ягоных знаёмых местачкоўцаў ён быў дома, болей у Вайцяшонка, хатні лад якога мала чым адрозніваўся ад звычайнага вясковага. Вялікі стол у таго заўжды быў завалены кніжкамі і пачкамі вучнёўскіх сшыткаў жонкінастаўніцы, сярод якіх часцяком выглядвалі шкляпкі і талеркі з недаедкамі, даччыны лялькі; на ложку ляжала воп-
ратка, сярод якой можна было прысесці, бо зэдлікаў было ўсяго два. Таму яго прыемна падзівіла ў гэтай кватэры не так абстава — круглы стол пад сурвэткай, камод, канапа,— як свежая чысціня вышараванай да жоўтага колеру падлогі, пакрытай пярэстымі паласамі дываноў. На ўсіх трох невялікіх вокнах з чысцюткімі шыбамі ружавелі кветкі, кветкі былі і на лаўках пад вокнамі. Мабыць, тут любілі кветкі, не дзіва, што цэлыя зараснікі іх буялі на падворку. У куце за некалі шыкоўным, хоць і пацёртым крэслам высілася шафа з кнігамі ў некалькі ярусаў. Такой чысціні і парадку Ягор яшчэ не бачыў — ні ў нрыватным жытле, ні ў важных казённых установах,— аж боязна было ступіць. Тым не менш гаспадыня ветліва запрасіла яго ў самае шыкоўнае крэсла, у якім ён сеў — бы праваліўся да самай падлогі. «Вы наш сусед, кватарант бабкі Мальвіны? — з ветлівай усмешкай пыталася гаспадыня,— Анэля расказвала, як вы з ёй хадзілі ў кіно. Яна кіно дужа любіць, не прапускае ніводнай карціны. Раней з Лінай, сяброўкай, хадзіла, а цяпер засталася адна. Лінка паехала вучыцца ў Віцебск, а ёй тут трохі адзінока. Дык вось вы...» — «Ну, я так, за кампанію,— сказаў Ягор.— Мне, ведаеце, не надта да кіно: мала часу»,— «Ведама ж, у вас дэфіцыт часу, вы ж у райкоме працуеце? Наш бацька таксама совслужачы, праўда, не такога маштабу, але вольнага часу зусім не мае. Усё праца, праца...» — «А дзе працуе ваш бацька?» — папытаўся Ягор, тое было для яго важна. «Ды ён на льнозаводзе. Бухгалтарам»,— сціпла адказала жанчына, стоячы з ручніком па другі бок стала, і Азевіч прыпамятаў. Ён некалі нават знаёміўся на нарадзе з бухгалтарам ільнозавода — немаладым ужо, ціхманым чалавекам у акулярах. Тады льнозавод не выканаў план, і ўсё яго кіраўніцтва на бюро райкома атрымала добрую нахлабучку ад Дашэўскага. Думалі, дырэктара пасадзяць, ды неяк абышлося. «Анэля павінна прыйсці, а пакуль, каб не было сумна, я пачастую вас гарбаткай з малінай. Ну і кніжкі можаце паглядзець. Вунь Дзюма ў нас ёсць. Ці Дастаеўскі, калі паважаеце». Гаспадыня выйшла, а ён павярнуўся да паліцы з кнігамі. Было шмат мяккіх кніжак з разрэзанымі старонкамі, а яшчэ болей тоўстых, у каляных вокладках з чорнай або пярэстай, пад мармур, па-
перы, з залатымі літарамі на скураных корках. Ягор выцягнуў адну, пагартаў, ды малюнкаў у ёй не было, і ён запіхнуў яе назад у вузкую шчыліну між іншых кніжак. Побач была і яшчэ такая, і яшчэ. Нешта падобнае на ціхенькае шкадаванне ці зайздрасць з’явілася ў ім— усё ж столькі чалавечай мудрасці ідзе стараной, паўз яго, неспазнанае, няздзейсненае для яго. Ну, але, мабыць, такое іхняе жыццё, такі лёс. Да ўсяго не дапнешся, тут хоць бы ўхапіць якія вяршкі людскіх ведаў.