Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Нічога не зробіш, Азевіч мусіў паехаць у Ліпаўку.
Ехаць павінны былі трое, апроч Азевіча яшчэ раённы пракурор Гарадзілаў, нядаўна прысланы з Менска, і Ягоўдзік з райзага. Але Ягоўдзіка ў апошні момант перакінулі ў іншую брыгаду, а яму, Азевічу, сказалі: «Управіцеся і ўдвох». Так яны пагодлівым красавіцкім днём паехалі фурманкай у родныя, даўнавата не бачаныя Ягоравы мясціны.
Пакуль ехалі, Ягор дужа трывожыўся. Арганізаваны ў Ліпаўцы калгас ледзьве ліпеў, насення для сяўбы не хапала, коні за зіму падупалі ад бяскорміцы. За год у калгасе змяніліся аж тры старшыні: аднаго пасадзілі за шкодніцтва, другі ўцёк — з’ехаў немаведама куды, прыхапіўшы дзве тысячы калгасных грошай. Цяпер там старшынстваваў Мікіцёнакстарэйшы, неблагі, старанны, але малапісменны і мяккаваты чалавек, нейкая далёкая радня Азевічаў. Разоў колькі ён прыязджаў у райцэнтр і ўсё звяртаўся да Ягора па тое-гэта, але чым яму мог памагчы райкомаўскі інструктар Азевіч? Тут ужо без карысці быў і Дашэўскі, які таксама нічога не мог і не меў, апроч хрыплага, сарванага ад пастаянных мацюкоў голасу. Азевіч ведаў, што ў Ліпаўцы, як і скрозь, было голадна, хлеба ў красавіку, мусіць, ужо ні ў каго не засталося, даядалі бульбачку. Ён узяў з сабой у партфель паўбохана хлеба, што атрымаў на тры дні па картках, бляшанку рыбных кансерваў. Пракурор Гарадзілаў, мяркуючы па ўсім, быў чалавек гарадскі, бо, як ехалі, усё захапляўся краявідамі: які прыгожы беразняк, якое здатнае возера! Азевічу было не да краявідаў, ён думаў, як там у маці. Бацьку яна пахавала зімой. Ягор праз сваю працу не мог прыехаць на пахаванне — быў на семінары ў акрузе і даведаўся аб той
смерці, як бацьку ўжо закапалі. Цяпер там маці і сястра. Сястра так і не выйшла замуж — пазнікалі жаніхі, а каторыя засталіся, дбалі не пра жаніцьбу — пра тое, як пракарміцца.
Яны прыехалі ў Ліпаўку надвячоркам. Збіраць сход, мусіць, было яшчэ рана, і Ягор паехаў у дальні канец сяла, да свае хаты. Думаў: ці дома маці, дзе Ніна? 3 тою думкай увайшоў на свой падворак, трохі здзіўлены, што кудысь зніклі вароты, на дрывотні ляжала ўсяго некалькі сырых палак. Значыць, кепская справа і з дрывамі. Дзверы хляўка-свіронка таксама былі насцеж расчыненыя. Ён моўчкі, наперадзе пракурора, увайшоў у хату, нізенькая столь якой бы яшчэ паніжэла. Усё шукаў позіркам маці. Ды пачуў яе голас аднекуль з запечча — слабы, хваравіты голас, які аддаўся ў ім балючай трывогай.
I праўда, маці хварэла. He адразу, спакваля выпаўзла да сына, захутаная ў нейкія транты, заплакала. Ен таксама гатовы быў заплакаць, расчулены, ды прысутнасць старонняга чалавека стрымлівала ад сантыментаў. Упаўнаважаны Гарадзілаў, здаецца, не меней за яго ўражаны гэтай сустрэчай, няўцямна стаяў пасярод хаты, не ведаючы, куды прыткнуцца. Ягор папытаў пра Ніну, аказваецца, маці жыве адна, Ніна з’ехала на шахты, бо жыць няма як, есці няма чаго, апрануць таксама. «А як жа ты?» — вырвалася ў Ягора. «А што ж, сынок, мне ўжо прыйшоў канец, ужо каб вам лепей было, каб ужо вы, маладыя, жылі. А мне ўжо следам за бацькам, да яго ў пясочак...»
Са стогнамі і вохканнем маці пачала збіраць пачастунак, ды нешта не збіралася. Хлеба не было зусім, яна паклала на стол дзве закаржэлыя ляпёхі-траўнікі, прынесла аднекуль зжаўцелы кавалачак сала і знаёмы Ягору з дзяцінства счарнелы нож з адскапяным тронкам. Паклыпала кудысь з падворка — пазычаць яйкі на яешню, сваіх курэй ужо не было. 3 прыгнечаным выглядам Ягор тупаў па хаце, няўцямна слухаючы, як пракурор Гарадзілаў толькі паўтарае загадкава: «Да-а, да-а-а. Дзяла...» — «Вось так»,— сказаў Ягор, стараючыся, аднак, нічым не выдаць сваіх ушчэнт разварушаных пачуццяў. Але ўпаўнаважанага займала, відаць, трохі іншае, і ён запытаўся: «Каго ж мы тады падпішам? Ці гэта
толькі ў вас так? Мабыць, ваша дзярэўня — выключэнне? Як вы лічыце?» — «Выключэнне! — злосна кінуў Ягор і з яшчэ большай злосцю дадаў: — I раён выключэнне! I ўся Беларусь выключэнне!» Сказаў і спалохаўся, убачыўшы ў вачах пракурора такі ж самы спалох. Абодва, зацяўшы ў сабе страх, змоўклі. Ягор паныла пазіраў у запэцканае мухамі акно.
«Што ж гэта робіцца, што ж гэта робіцца?» — не мог прагнаць з галавы тую недарэчную думку, адказу на якую ў яго не было.
Няхутка, аднак, прыйшла маці, прынесла пяток пазычаных у суседзяў яек, засмажыла на прыпечку яешню. Ягор дастаў з партфеля свой абкрышаны кавалак хлеба, адкроіў тры лусты. Маці ашчадна ўзяла сваю, з прагнасцю зжавала бяззубым ротам. Таварыш пракурор тым часам даследаваў траўнік: разламаў на дзве часткі, паднёс бліжэй да акна. «Скажыце, мамаша, тут якія інгрыдзіенты? Мука, так?» — «Ай, сынок, каб жа мука, a то вотруб’е, ну, ды трава, бульбін некалькі... Бульбачка каб жа была, a то ўжо скончылася. У калгас жа два бурты забралі, на пасяўную...» — «Так, панятна. А трава якая для таго ўжываецца?» — не мог задаволіць цікаўнасць пракурор. «Дык то ж крапіўка. Якая ж яшчэ трава па вясне — крапіўка»,— сціпла казала маці. «Да, але ж... крапіва жгучая! Як жа яе ў пішчу?» — «Дык жгучая, гэта калі на абмежку. А ў траўніку нічога... Калі б не калючая, a то... У рот няможна ўзяць: колецца. Калі зубы ў каго маладыя, дык гожа...»
Яны ледзьве даседзелі да вечара, калі быў прызначаны сход. Маці ўсё скардзілася на жыццё і хваробу, і нейкая безнадзейнасць была ў яе голасе, у поўных жальбы словах. Ягору было дужа пакутна ад усведамлення тупіка, у які павярнула вясковае жыццё, трохі няёмка перад чужым тут чалавекам — пракурорам. I ён усё думаў: як жа пройдзе падпіска? Ці падпішуцца хоць?.. 3 такой думкай-клопатам яны выправіліся на агульны сход.
У Суботкаў, на тым самым падворку, з якога ён тры гады таму з’ехаў з вёскі ў людзі, ужо сабраліся вяскоўцы, чакалі. Мужчыны абселі ганак, сядзелі і стаялі ля плота, курылі і
неяк дужа ціхмана, амаль паныла глядзелі на іх двух, як яны падыходзілі сюды з вуліцы. Азевіч павітаўся, яму адказалі некалькі стрыманых галасоў, і ўсе змоўклі. Ён з цікаўнаю насцярогай азіраў іх знаёмыя, да часу састарэлыя, нейкія спакутаваныя твары і ні на адным не ўбачыў ні ўсмешкі, ні шчырае добразычлівасці — хутчэй чаканне чагось боязнага і нядобрага. «Ну, як жысць?» — запытаўся Ягор, ні да каго не звяртаючыся, і яму не адразу адказалі: «Ды якая жысць? Жытуха!» — «Памерці дзешавей было б, чым такая жысць»,— «Чакай, памрэм. Тады ўзрадуюцца...» — «Не засееш — канешне, памрэш. Што ж есці будзеш?» I зноў усе змоўклі. Некаторыя спадылба падазрона пазіралі на яго і асабліва на незнаёмага ім Гарадзілава. I Ягор думаў усё: як жа яны падпішуцца, ці паслухаюцца яго? «Не, лепш не расчыгіаць гаворкі,— падумаў Ягор.— He кранаць болек». I ён загаварыў толькі, калі сеў на сваё звыклае месца ў прэзідыуме.
Якраз з падпіскай вялікай праблемы не было. Старшыня калгаса задаў тон — трыста рублёў, і мужыкі не спрачаліся. Праўда, наступны падпісаўся на 250 рублёў, а іншыя з безпадзейнай пакорай толькі пацвярджалі: «Калі ўсс, дык... пішыце. Усё адно...» Азевіч трохі здзівіўся: нібыта не разлічвалі выплочваць, такая была абыякавасць. Адна толькі кабеціна, мнагадзетная ўдава Дашка, заўпарцілася: «А не буду, і ўсё. Што хочаце робце, а не падпішуся». Яе і ўгаворвалі, і застрашвалі — не, і ўсё. «А што — пасадзіце ў турму? Дык садзіце, і дзяцей садзіце таксама, там хоць з голаду не памруць, можа». Азевіч і выступаў, і ўгаворваў, і патрабаваў актыўнасці ад актыву і камсамольцаў, а сам ніяк не мог выгнаць з галавы неадчэпнае пытанне: «Што ж гэта робіцца?.. Што робіцца?.. Перасталі і баяцца...»
У тую пару Азевіч быў дужа незадаволены сабой, асабліва як стаў партыйцам, бо не выпрацаваў ён у характары бальшавіцкай цвсрдасці, патрэбнай бязлітаснасці да тых, хто замінаў, не хацеў рабіць, як загадвалі. Часам шкадаваў якуюнебудзь цётку, што не магла сплаціць даведзеныя ёй нарыхтоўкі ці падатак,— клялася, што нічога не мае, што дзеці галодныя. I ён тады разгублена замаўкаў дзе на сходзе — не ведаў, што сказаць. He тое што Дашэўскі, ці Маладцоў, ці
які ўпаўнаважаны з акругі, якіх ніякія прычыны невыканання не зводзілі ў зман, не бянтэжылі. Здаць, і ўсё, хоць памры. Можаш і памерці, казаў Дашэўскі, калі супраць савецкай улады, але памятай, што савецкая ўлада і мёртваму не зважыць. He ўмееш — навучым, не хочаш — прымусім, такі быў галоўны прынцып савецкай улады ў адносінах да ўсіх — партыйцаў, непартыйцаў, служачых і сялян. Але Азсвіч яшчэ так не ўмеў, мабыць, не навучыўся. А можа, і не дазваляў характар. Але ён спадзяваўся адолець тую загану, перамагчы сябе. Інакш які ж ён бальшавік?
...Адным часам ён выразна адчуў, што спіць. Нічога яму не снілася, і наваколле да яго амаль не даходзіла, ён быў у глыбокай санлявай немачы, і тая немач, можа, упершыню не здалася яму пакутнай. Нават спрыяла ягонаму стану, якому ў сваю чаргу спрыяў спакой. Яму стала лспш, ён гэта адчуў яшчэ да таго, як прачнуўся. Яшчэ не расплюшчыўшы вочы, адзначыў, што хвароба нібыта трохі адступіла, здаецца, ён упершыню ўгрэўся пад кажухом і нават спатнеў. Трохі адхінуў ад твару касматы каўнер — у пуні было неяк дужа відна, рэзка свіціліся шчыліны ў сценах, у падстрэшшы, поўнячы цесную пуньку нейкім белым, падта чыстым святлом. Уверсе на саломе ціўкалі, пырхалі вераб’і, але на гэтую палавіну не заляталі, можа, баяліся яго. А можа, не звярталі ўвагі на нямоглага чалавека. Азевіч паспрабаваў павярнуцца на другі бок, да сцяны, ды гэта аказалася так трудна, што за адзін раз ён таго не здолеў. Ен добра ўлежаў сваё лаўжо, якое правалілася ў гарохавінні ледзь не да самай зямлі. Знясілена патузаўшыся пад кажухом, трохі ўладкаваўся зручней і тады адчуў, што хочацца есці. Здалося, знясілеў менавіта з голаду, хоць цела яшчэ поўнілася разлітай ва ўсіх частках немаччу. Але тое была ўжо не дужа страшная немач. Ен думаў, што, можа, яшчэ неяк абыдзецца і гэты раз ён выкарабкаецца. Можа, ён яшчэ ііе памрэ.
Горш было тое, што ён страціў усякае адчуванне часу — не ведаў, колькі праляжаў тут — суткі ці двое, і якая цяпер пара на дварэ — ранак ці вечар. Што не ноч, тое было пэўна. I ён пачаў чакаць цётку. Павінна ж яна прыйсці. Ён не ведаў дагэтуль, хто яна, яго ратавалка, хто
там яшчэ ў яе дома. Але ён прагна чакаў яе — ведаў, яна прыйдзе не з пустымі рукамі, яна прынясе нешта, каб яго пакарміць. Як тады прыходзіла ўвечары, ён адмовіўся есці, толькі піў з белай вялікай кварты. Ен паглядзеў каля сябе і ўбачыў пад крывым бервяном ля сцяны тую кварту і ў ёй з палавінку малака. Неяк дацягнуўшыся рукой, ашчадна паднёс кварту да рота. Сцюдзёнае малако здалося смачнейшым, чым той раз, і ён усё яго выпіў. Пасля знясілена аблёгся ў лаўжо, улез пад кажух і пачаў пазіраць на ластаўчыны гнёзды ў падстрэшшы. Адно з трох гнёздаў было, мабыць, старэйшае за астатнія, большае памерамі і абкрышанае з аднаго краю. Можа, яго ўлетку бурылі хлапчукі? Але было яно тут прыладжана лепей за іншых — у самым кутку пад кроквай і трымалася. Прыйдзе вясна, прылятуць ластаўкі, наносяць у дзюбках свежай гразі з лужын і падновяць сваё гняздзечка. А пасля там паявяцца тры-чатыры маленькія ў крапінку яечкі, якіх ні ў якім выпадку нельга чапаць, бо самога па твары абсыпле рабацінне. Як нельга і бурыць — пароць палкай тое гняздо. Птушыныя гнёзды бурыць нельга, вялікі то грэх. А вось чалавечыя... Жыццё толькі тое і робіць, што бурыць, не баючыся граху, спрадвечныя людскія гнёзды, разам з іхнім набыткам і лёсам. А што цяпер ужо, у вайну, дык і думаць не хочацца. Але без гнязда не пражыве не толькі птушка, а і чалавек. Ён дык во ведае...