Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Лугавіна побач ляжала па-восеньску шэрая і пустая, дарожка на ўзлеску здалася Азевічу болей уезджанай, чым у лесе, і ён падумаў, што дзесь недалёка павінна быць вёска. Усё ж гэты лесавы закутак належаў суседняму раёну які ён ведаў не надта,— не тое што свае раённыя мясціны, выез-
джаныя і выхаджаныя ім і ўздоўж і ўпоперак. I тады, як рабіў у выканкоме, і пазней, як стаў працаваць у райкоме партыі. Але да свайго раёна адсюль, мабыць, яшчэ кіламетраў з дзесяць — там бы ён арыентаваўся болей упэўнена. A тут, выйшаўшы з лесу, неяк пачаў асцерагацца — не хацелася асабліва трапляць камусці на вочы. Розныя ўсё ж людзі вакол, асабліва цяпер, у вайну. Хто паможа, а хто і прадасць — са страху ці каб выслужыцца, паддобрыцца да немцаў. Тут ужо як выпадзе. Вунь іхняму Клімянкову выпала і зусім кепска — пайшоў на сувязь са сваім чалавекам у Чарнаручча, дарогай нідзе ніхто яго не спыніў, сустрэліся, пагаварылі, а той і запрасіў пераначаваць. Якраз ішоў дождж, Клімянкоў добра прамок і пагадзіўся спачыць да золаку. Моцна заснуў з дарогі і, мусіць, бачыў харошыя сны, бо нават і тады, як паліцаі пыралі яго вінтоўкай у бок, яшчэ ўсміхаўся ў сне і махаў рукой — адмахваўся ад тае вінтоўкі. Узялі Клімянкова і расстралялі праз тыдзень. Цяпер невядома, дзе яго і магілка. Таму, мабыць, лепш трохі счакаць, пераседзець дзень у стажку, а як пацямнее, рушыць тою дарожкай. Вёска, мабыць, тут, недалёка.
I Азевіч расслаблена знерухомеў, стараючыся, аднак, не заснуць. Зноў пачалі зябнуць ногі; плячам жа ў сене было ўвогуле добра — мякка і зацішна, хоць з-за стажка трохі пачаў задзімаць вецер — мусіць, на змену надвор’я. Хоць бы не паваліў снег, падумаў Азевіч, не засыпаў чорную сцежку. Мусіць, да снегу неяк трэба паспець дзе прытуліцца, а там будзе відаць. Вось толькі куды прытуліцца? Дзіўна, чым абярнулася тое іх партызанства. Тады, у самым пачатку, яны стараліся зашыцца куды глыбей у лясныя нетры, далей ад вёсак, людзей, стаіцца за балотамі, каб ніхто не ведаў, дзе яны і адкуль удараць па немцах. Тады кожны, хто паяўляўся паблізу ад іхняй стаянкі, выклікаў падазрэнне, думалі: шпіён, падасланы немцамі або паліцыяй. Неяк на пачатку восені ў Страшыцкім лесе хлопцы злавілі дзядзьку з аброццю: казаў, шукае кабылу. Дзядзька быў з не дужа блізкае вёскі (блізка вёсак там не было наогул), адышоўся з дому, можа, кіламетраў з пяць, тое выклікала падазрэнне — ці не шукае ён іх заместа кабылы? Няпроста было зразумець, як
яно было папраўдзе, але дзядзька набрыў на іхнюю стаянку, бачыў іх буданы і нават пазнаў некаторых з іхніх людзей,— як было адпушчаць такога? He адпусцілі, пасадзілі ў будан пад варту і пачалі раіцца, што рабіць. Яно, можа, і праўду кажа — хадзіў, хадзіў і заблудзіў у лесе, забрыў далекавата, трапіў на іх незнарок. А можа, і не. Можа, трапіў знарок, па заданню немцаў і цяпер выдасць стаянку і групу. Ды як праверыш? Нават калі пайсці ў Шалудзякі, што там можна ўведаць? Камісар Гарадзілаў мяркуе і так і сяк, хлопцы ламаюць галаву а камандзір Віткоўскі кажа: «Усё ясна. Гарэйка, спалняйце!» Гарэйку не трэба было загадваць двойчы, той разумеў камандзіра з першага слова, устаў і спакойна — да таго будана. Яны ўсе засталіся кружком, дзе сядзелі, маўчалі, утаропіўшы долу позіркі, слухалі. Чакалі, аднак, нядоўга, праз колькі хвілін ля балота нягучна трэснулі два рэвальверныя стрэлы, і неўзабаве паявіўся Гарэйка. Прыйшоў і моўчкі сеў на сваё ранейшае месца. «Усё, цяпер снедаць!» — сказаў Віткоўскі і ўстаў. Усталі і яны. I пайшлі снедаць, унікаючы, аднак, пазіраць адзін аднаму ў вочы. Тое, што адбылося, дало палёгку, іхняя стаянка засталася нерассакрэчанай, пакуль што можна было чуцца спакойна. Але спакою чамусь не было. Штосці сталася, абляглося на душу, хоць кожны і стараўся прыдушыць тое пачуццё, не даць яму дужа разрасціся.
Тады ім ніхто патрэбны не быў, яны спадзяваліся на саміх сябе: група мела сілу, у іх быў спрыт, здароўе, даволі харчоў, зброя і боезапас. Яны маглі даць бой і нават перамагчы, бо ўжо зболыпага навучыліся рабіць засады, нападаць знянацку. Цяпер жа Азевіч застаўся адзін, нібыта ўжо не партызан, а згаладнелы няўдака-чалавек, і яму патрэбны былі людзі, харч, жытло. Без таго, адчуваў ён, нядоўга стрывае. На носе зіма. Зімою ж аднаму ў лесе — пагібель.
Ен выбраўся са свайго лаўжа, хоць яшчэ было віднавата, яшчэ толькі пачало змяркацца. Цяпер ягоная пара — ноч. Ну і, можа, яшчэ восеньскі вечар. Уздзеў на плячо вінтоўку, на другое плячо ўскінуў свой старэнькі, аблезлы рукзак, з якім пайшоў у той ранак з мястэчка, сабраўшы што-нішто з неабходных рэчаў: пару запасных ануч, бялізну, брытву,
кніжку «Гісторыя ВКП(б), кароткі курс», па якой ён як агітатар праводзіў заняткі ў групе. Тошчы гэты рукзак не шмат важыў і не замінаў у шляху. Цяпер болей замінала таўстая гарадзілаўская сумка, і ён раз-пораз адкідваў яе за сцягно. Патроху, аднак, цямнела, кустоўе і лес за лужком браліся змрокам, дальні падлесны канец лугавіны і зусім прапаў у туманістай навалачы. Азірнуўшыся, Азевіч спорна пайшоў дарожкай і думаў, што, мабыць, з такой яго экіпіроўкай толькі і хадзіць паначы, удзень нельга. Удзень хто ні ўбачыць, нават здаля, адразу здагадаецца, што за прахожы. Добра яшчэ, калі адно — здагадаецца. А калі пакліча паліцыю? Што ж тады яму — распачынаць перастрэлку ці гінуць па-дурному? He, па-дурному гінуць ён не хацеў. Хіба калі ўжо нявыкрутка, тады што ж... He ён першы, не ён апоіпні.
Дзень сапраўды быў зусім караценькі — ва ўсіх адносінах сумны восеньскі дзянёк, вечар наступаў на ранак. Хутка зусім сцямнелася, і вакол нічога не стала відаць. Узлесак побач адсунуўся кудысці ўбок, дарога вывела яго ў поле, на якім усё мацнеў напор даволі сцюдзёнага ветру. Часцей стала трапляцца гразь, неглыбокія лужыны пад нагамі. Азевіч ужо разы два ўлез у нейкую твань на ўзбочыне, прамачыў ногі. Увесь час ён пільна ўзіраўся ў цемрыва ночы і неўзабаве згледзеў, як наперадзе зачарнелася штось доўгае і грувастае. Здаецца, то былі будынкі, два ніжэйшыя ля самай дарогі і штосці высокае далей. Паркан, які ён намацаў, урэшце прывёў яго да варотцаў у падворак, праз акенца хаты за гародчыкам хліпка ліпеў чырвоны агеньчык. Часам ён знікаў у цені — мабыць, там хтосці варушыўся каля газнічкі. I ён наважыўся. Мабыць, гэта быў першы двор на ўскрайку ад лесу, ён таіў пэўную небяспеку. Але іншых Азевіч шукаць пабаяўся і, увайшоўшы на падворак, ціхенька прыхінуў за сабой варотцы.
— Хто там?
Усё ж хтосці яго ўчуў у цемрадзі — стрымліваючы хваляванне, Азевіч ступіў са два крокі і гэтак жа ціха адказаў:
— Свае. Можна да вас? На хвіліну...
У адказ было няпэўнае маўчанне, але ён ужо згледзеў невыразную постаць з чымсці грувастым у руках, мабыць,
то быў гаспадар ля ганка. Азевіч падышоў бліжэй, праз цемрыва адчуваючы на сабе насцярожана-страхавітую ўвагу чалавека, які, аказваецца, трымаў на руках абярэма дроў, чакаў яго.
— Можа, зойдзем, a то...
Чалавек павярнуўся і, угнуўшы галаву, моўчкі пераступіў парог, Азевіч падаўся следам і, мінуўшы сенцы, апынуўся ў хаце з нізкаю змрочнай столлю на таўстых бэльках. Ля парога на століку гарэла газнічка, і насупраць цьмяна свяцілася беленым бокам вялізная печ. Некалькі посных твараў з паўзмроку спалохана ўтаропіліся ў яго. Гаспадар грукнуў перад печчу дрывяным абярэмам і выпрастаўся.
— Мне пераначаваць каб...— нерашуча вымавіў Азевіч.
У хаце ўсе знерухомелі ў напружанай увазе, ён разы два пераступіў па цёмнай падлозе, перастаўляючы ля нагі знятую з пляча вінтоўку. I тады маладзіца з касой на спіне, што стаяла бліжэй за іншых, падхапіла з цемры нейкую адзежыну, даючы яму месца на лаўцы:
— Ідзіце, сядайце во...
Ён падзякаваў у думках і ступіў да лаўкі, зняў з сябе сумку, скінуў з плячэй лямкі рукзака. Насупраць, перад газнічкай і каля печы, стаялі цёмныя постаці, але ён паспеў ужо зразумець, што, мабыць, гэта сямейнікі — тая маладзіца і старая згорбленая бабуля ў хустцы і яшчэ жанчына, мабыць, жонка гаспадара, апранутая ў нязграбную тоўстую ватоўку. Наводдаль у запеччы, хваравіта вохкаючы, варушыўся згорблены сівы дзядок, які доўга прыладжваўся там, каб ямчэй сесці, і першы азваўся да яго:
— Прахожы ці тутэйшы будзеце?
— Прахожы,— сказаў Азевіч — Акружэнец.
— Гэтак? Цяперака яны ідуць — акружэнцы,— з гаркотаю ў голасе сказаў дзед,— Ад самага лета ідуць. А родам жа адкуль? Ці здалёку будзеце?
— He. Суседні раён.
— Ну, то блізка,— сказаў дзед.— Калі суседні раён, дык блізка... A то на Пакроў былі ў нас двое, дык аж з Расеі родам. Ідуць, ідуць людзі. Што робіцца...
Азевіч тым часам азіраў з лаўкі змрочную хату, яе жыха-
роў; тое, што з ім ахвотна загаварыў дзед, абнадзейвала. Але яго трохі азадачваў маладзейшы, плячысты, гадоў сарака мужчына з кароткімі вусікамі пад шырокім носам, які таксама надта ўважліва разглядаў яго і маўчаў. Ці не хоча ён пазнаць яго, падумаў Азевіч. Можа, дзе бачыў у тыя гады? Праўда, пакуль той не сказаў ані слова, паўзіраўся, зняў кажушок і пачаў мыць рукі над цэбрам. Хата была вялікая, шафай і посцілкай разгароджаная на дзве няроўныя палавіны. Стары застаўся на ранейшым месцы ля печы, а жанчыны памалу затупалі сюды-туды па сваіх хатніх справах — нешта прыбіралі, прыносілі-выносілі, корпаліся пры печы. Распрануцца яму не прапаноўвалі, але пакуль што і не адмаўлялі ў ягонай просьбе, і ён падумаў, што, мабыць, пераначуе. А калі пераначуе, дык, пэўна, і штосці з’есць — не можа ж таго быць, каб спаць паклалі, не даўшы есці.
— Вот забрыў паначы, а не ведаю, як і дзярэўня ваша называецца,— сказаў Азевіч, болей каб не маўчаць.
— А мы на хутарах,— сказаў дзед.— Хутары нашы Аўдзееўскімі называюцца. Яшчэ за царом як выдзеліліся з той вунь вёскі Карачуны, так і асталіся...
— Карачуны? Чуў, здаецца,— сказаў Азевіч.— Гэта каля возера?
— Во яно, відаць у вакно,— кіўнуў галавой стары, хоць у акне ўжо не было нічога, апроч непрагляднай восеньскай цемры.
На нейкі час яго пакінулі без увагі. Маладзіца нешта спыталася пра карову, мужчына коратка зазначыў, што ўсіх напаіў, вада пакуль ёсць. Здаецца, урэшце жанчыны пачалі збіраць на стол: бразнула засланка ў печы, па хаце паплыў пах чагось смачнага, і Азевіч парадаваўся, што, мабыць, паесць. Вячэру збіралі, аднак, даўгавата, хоць, здаецца, нічога ўжо не варылася, у печы не гарэла. У хаце, аднак, было цёпла, Азевіч расшпіліў усе аплікі шыняля, аднак не распяразваўся, толькі прысланіў вінтоўку да лаўкі. Ён усё ж чакаў роспытаў, нават хацелася пагаманіць, самому распытаць пра шмат што, але нейкая насцярожаная маўклівасць запанавала ў хаце і стрымлівала яго ад празмернай гаворкасці. Праўда, пакуль што ў тым не было благога, ён ужо ведаў