• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 3

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 656с.
    Мінск 2005
    171.74 МБ
    можа, каму спатрэбіцца. А сам перакінуў цераз плячо рэмень ад міліцэйскага нагана, сумкі, падхапіў сваю вінтоўку. Трэба было ісці.
    Вось толькі куды?
    Пра тое, куды ісці, яны нямала перагаварылі з таго часу, як асталіся ўдвох, гаварылі яшчэ ў Страшыцкім лесе, па якім іх двойчы ганяла нямецкая жандармерыя. I тады ім здалося, што найлепш зашыцца ў самы непраходны лясны куток, дзе іх ніхто не спаткае і не выдасць. Спярша так і было — іх ніхто не спаткаў, вёскі ўсе засталіся ў старане, за балотам, і яны дзён колькі не баючыся палілі ў гушчары вогнішчы, грэліся, сушылі анучы і апратку. Але, на бяду, скончыўся харч, з’елі ўсю бульбу, з хлеба застаўся ўсяго счарсцвелы акрайчык, які яны падзялілі спярша на чатыры часткі, а затым апошнюю яшчэ на тры. Учора Азевіч даеў апошні ўсохлы кавалак, памерам з папяросны пачак. Болей харчу ў іх не было. А голад, як назло, дацінаў усё болей. Натузаўшыся з гэтым пахаваннем, Азевіч да болю адчуваў, як смокча пад грудзьмі, у жываце. Ну але, мабыць, пакуль што прыйдзецца трываць,— суцяшаў ён сябе, да вёскі трэба яшчэ дайсці. На гэты раз ён не палезе ў балота, у балоце цяпер пагібель. Ён скіруе ў іншы бок, можа, больш небяспечны, але што ўжо яму небяспека? Бліжэйшыя вёскі павінны быць на поўдзень ад грудка, Гарадзілаў яшчэ называў якія, але тады яны не мелі пэўных намераў, і Азевіч не запомніў іх. Ведаў толькі, што дзесь недалёка павінны быць Манякі, у якіх жыло некалькі знаёмых калгаснікаў, мабыць, трэба да іх і ісці.
    I ён нетаропка пайшоў паміж елак з грудка, беручы ў бок ад балота. Рэдкія сняжынкі ўсё ляталі-сыпаліся з хмарнага неба, але да зямлі быццам не даляталі, раставалі ў паветры. У ельніку было зацішна, толькі дзесь угары ад ветру гайдаліся стромкія яловыя верхавіны, і па лесе шырока расплываўся цягучы несціханы пошум. Дол быў чысты, без хмызу і сучча, месцамі густа абсыпаны яловымі шышкамі, з калючым кустоўем ядлоўцу; скрозь нікла да зямлі счахлае каліўе папараці. Праз якую гадзіну Азевіч далёка ўжо адышоўся ад грудка, лес патроху пачаў мяняцца, ельнік паволі саступаў месца бярэзніку, ужо голаму і непрытульнаму, без лісця,
    якое цяпер спласталася ў доле і шархацела пад нагамі. Часцей сталі трапляцца зараснікі з хворастам у доле, яны заміналі ісці, і Азевіч думаў, што няблага б узбіцца на якую сцяжыну, іначай ён і да вечара не выберацца з гэтага лесу. I праўда, неўзабаве яму трапілася зарослая паніклай травой, даўно не езджаная лесавая дарожка. Вось толькі пралегла яна якраз упоперак яго кірунку, і ён, выйшаўшы на яе з гушчару, не адразу сцяміў, у які бок падацца. Чамусці, аднак, скіраваў управа, здалося, у той старане радзей стаяў беразняк, можа, там было поле. А дзе поле, там пэўна будуць і людзі. Па дарожцы ісці стала спарней, ён угрэўся, сагрэліся ногі ў ботах, і ён раптам са здзіўленнем падумаў, як гэта дзіка і неспадзеўна ён апынуўся адзін. I ў такім становішчы. Ніколі ён не прадбачыў такога — заўжды ў ягоным жыцці былі поруч людзі — добрыя і благія, начальства і падначаленыя, просты тутэйшы люд. А тут во, нібы воўк, у голым восеньскім лесе — галодны, прастуджаны, без пэўнае мэты і аніякай падтрымкі. Дажыліся, называецца, ліха яго матары, злосна падумаў ён, успомніўшы Віткоўскага ды і Гарадзілава таксама. Хоць што ўжо было наракаць на нябожчыкаў? Але і як было не наракаць? Найперш хоць бы на таго начпрода Углова, якога нейкі безгаловы дурань залічыў у іх атрад. Наўрад ці тое абышлося без начальніка райаддзела ўнутраных спраў Віткоўскага ці без пракурора Гарадзілава? Хоць тады іх можна было і зразумець: каму, як не старшыні райпо, даручыць харчовую справу. У таго ж былі ўсе прадукты, транспарт, ды і Страшыцкі лес ён ведаў няблага, сам некалі жыў побач у вёсцы Лясной. Непагоднаю іюччу цішком нагрузілі на складзе райпо дзве палутаркі мукой, крупамі і бульбай, прыхапілі некалькі скрынак цукру, кансерваў і нават махоркі, адвезлі ў самы глухі канец таго лесу, дзе абсталявалі ў яме лясны прадуктовы схоў. Замаскавалі так, што за пяць крокаў не заўважыш нічога, нават пасадзілі зверху пару маладых ялінак. Здавалася, ніхто ніадкуль не бачыў, на імшаніку не засталося ні следу, ні каляіны, так усё зараўнялі, схавалі. У верасні ні разу не дакрануліся да таго запасу, абыходзіліся тым, што было пад рукой, болей карысталіся з уласных тарбін,— асноўны запас ашчаджалі на пасля, на зіму,
    калі прыціснуць халады, знікнуць пад снегам лесавыя сцежкі. Думалі з тым харчам пераседзець зіму. Ды во дачакаліся. Калі ў пачатку лістапада яны ўпершыню зрабілі засаду пад пушчай і пра іх дазналіся ў мястэчку, у Страшыцкім лесе стала куды як трывожна, два разы на іх наляталі немцы з паліцыяй, яны па-дурному страцілі двух забітымі, а трох параненых схавалі на хутарах за дальнім балотам. На фронце рабілася чорт ведае што, нават невядома, дзе быў той фронт, напэўна, ужо пад Масквой. I тады неяк ноччу з атраднай стаянкі знік гэты самы Углоў — увечары быў, а ранкам прапаў, і ніхто не ведаў куды. Добра яшчэ, Віткоўскі адразу закамандаваў змяніць стаянку. Пахапаўшы сваё майно, яны хуценька пакінулі будан, радуючыся, што паспелі ўцячы ад немцаў, якія гадзіны праз чатыры і праўда паролі ўжо там сваімі шырокімі штыхамі. Але каб толькі паролі ў буданах — горш, яны паролі ўрэшце іхнюю схованку, хоць была яна праз два кіламетры ад лагера. Пасля аказалася: гэта Углоў перабег да паліцыі і ўсё выдаў. Так яны засталіся на зіму без солі і без курава, без хлеба і жмені мукі.
    Мабыць, апоўдні Азевіч выбраўся з лесу на вузкі і доўгі лугавы прасцяг з крывулястай рачулкай пасярэдзіне. Тут дарожка скіроўвала ўлева краем лугавіны, і ён, паазіраўшыся, таксама пайшоў налева. Снег тым часам перастаў ужо лётаць у паветры, з нізкага неба трошкі нібы церушыла слатой, але вецер быў ціхі, дзьмуў ззаду, ісці ён не дужа замінаў. Праўда, Азевіч ужо прытаміўся, хацелася есці, у намоклых ботах ацежалелі ногі, і як ён згледзеў наперадзе на ўскрайку лугавіны стажок, дык і павярнуў да яго. Відаць было, стажком пакарыстаўся ўжо хтосці, аднізу ўбаку цямнелася неглыбокая выскубіна, у якую Азевіч уваліўся спіной, выцягшы долу стомленыя ногі. На хадзе ўвесь час замінала палявая сумка Гарадзілава, ён перакруціў яе ззаду наперад, каб ямчэй было сядзець, і падумаў: чаго гэта туды напіхаў нябожчык? У цяжкой сумцы, аднак, былі спрэс паперы: нейкія палітычныя брашуры з даўжэзнымі назвамі на сініх вокладках, пацёртыя вучнёўскія сшыткі з планамі палітычных мерапрыемстваў, гутарак, напісаная хімічным алоўкам прадмова да кастрычніцкай гадавіны, яшчэ нейкія паперы з
    зацёртымі запісамі. Вядома, Гарадзілаў быў трохі фармаліст, і Азевіч ажно падзівіўся, што ўсё гэта той месяцамі насіў на сабе ў сумцы. Ці не лепш было спаліць паперы, бо сэнсу ў іх было ўрэшце не шмат, падумаў Азевіч. Групы няма, усё рассыпалася, пагінула, разбрылося. Ён, Азевіч, застаўся ці не апошні з іх дваццаці двух раённых работнікаў, якія тры месяцы таму на золаку ціха выбраліся з мястэчка, каб распачаць народную вайну супроць захопнікаў. Распачаць дык распачалі, але во як скончылі? Даўжэй за ўсіх трымаліся яны з Гарадзілавым, які, канешне ж, адчуваў сваю адказнасць за групу як камісар, асабліва пасля гібелі Віткоўскага, ды нешта ў яго не заладзілася з людзьмі, тыя яго не надта каб слухалі. Мабыць, групе болей стасавала маўклівая зацятасць камандзіра Віткоўскага, які за ўвесь дзень, бывала, не вымавіць трох фраз, болей дацінаў каго позіркам ці часам кароткім злым мацюгом, і надзіва яго разумелі. Гарадзілаў жа стараўся ўсё растлумачыць, давесці да свядомасці — ці чыю правінку, ці агульны іх абавязак перад радзімай, ці кожнаму ягоную задачу ў іх агульным заданні. Ужо бывае ўсё ўсім зразумела, а Гарадзілаў усё тупае перад іх кароценькім строем і тлумачыць, тлумачыць. Скончыць, запытаецца: «Усім ясна?» Усім усё зразумела, а ён зноў пачне новы круг тлумачэнняў. Віткоўскі ў такіх выпадках стаіць побач нязрушна і моўчкі, толькі сочыць, каб ніхто не парушыў строй і ўсе ўважліва слухалі камісара. Гэты болей любіў вайсковыя каманды, найболып папулярнымі з якіх былі ў яго «Падцягнісь», «Разгаворчыкі» ды «Шырэй шаг!». Сам хадзіў роўна і лёгка, падаткнуўшы пад дзягу полы шыняля і пагардліва пазіраючы на камісара, які валюхаста клыбаў побач ці ў канцы калоны, ссунуўшы са спатнелага лба свой пакамечаны картуз.
    Мякка і зручна ўмясціўшыся ў сене, Азевіч раздумна перабіраў камісараву сумку, на сподзе якой знайшоў маленькі пахучы абмылак з загорнутым у паперку памазком ад брытвы — і зноў склаў усё ў сумку. Канешне, камісаравы дакументы трэба было б зберагчы, калі іх збярог Гарадзілаў,— несці з сабой ці лепш закапаць дзе ў здатнай мясціне. Тошчы пацёрты камісараў кашалёк з трыма савецкімі чырвон-
    цамі ён запіхаў у цесны кішэнь свайго фрэнча, які насіў да вайны і цяпер, у вайну, таксама. Фрэнч быў зручны, з кішэнямі на грудзях, зашпільваўся да падбароддзя. Амаль з такога ж матэрыялу цяпер быў і картуз на яго галаве — чым не вайсковец?
    Але, мабыць, ужо не вайсковец і не партызан нават — здаецца, пакуль што з партызанкай не выйшла нічога. Мабыць, трэба дзесь пераседзець, перахавацца, звязацца з вышэйшым кіраўніцтвам, далажыць, як і што адбылося ў іх з такім драматычным зыходам. I хто вінаваты? Але каго ўжо вінаваціць, калі абодвух начальнікаў няма ў жыцці, а людзі?.. Людзі надзіва аказаліся розныя. I хто б падумаў! Як збіралі групу, тады ўсе здаваліся такія патрыёты, бальшавікі, свае, знаёмыя, без аніякіх сумненняў гатовыя на ўсё — на жыццё і на смерць, дзеля перамогі. Але во як прыперла бяда ля Макрынскага балота, калі іх акружылі нямецкія жандары і яны нейкім цудам усё ж прарваліся — братоў Фесякоў не засталося і следу. Таксама харошыя былі хлопцы, маладыя і здаровыя, да вайны рабілі ў леспрамгасе, старэйшы — нават майстрам участка, добра ведалі тутэйшыя лясы,— мусіць, тым і пакарысталіся ў здатны для сябе час. He далічыўшыся іх, як вырваліся з акружэння, камандзір паслаў двух партызан шукаць братоў, думалі, мо дзе адсталі параненыя. Праз суткі вярнуўся адзін Калыпаў, другі ж, малады камсамолец Лёня Полазаў, быў забіты ў засадзе. А праз тыдзень дачуліся, што гэтыя Фесякі ўжо дома, у мястэчку, выбіраюць з жонкамі бульбу на агародах і ніхто іх не чапае — мабыць, павініліся ўжо ў паліцыі. Пачуўшы тое, Віткоўскі толькі скрыгатнуў зубамі, а Гарадзілаў сказаў, што нядоўта паядуць яны тае бульбачкі. Аж во мінуў месяц, не стала ні Віткоўскага, ні камісара, а Фесякі ўсё ядуць сваю бульбачку ў мястэчку — і вараную і смажаную, у мундзірах і ў клёцках. Пякуць дранікі з салам...