Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Аддаўшыся думкам і аціхшы, ён аж здрыгануўся, калі побач у саломе нешта шаснула і цераз яго боты перакулілася нешта жывое і мяккае. Стараста ў куце варухнуў нагой: «Кыш, халера на вас!» — і тады ён згледзеў пад сцяной пацука. Хуценька поркаючы, нібы абнюхваючы, салому, шэры порсткі камяк прашыбаваў краем падлогі і знік у цёмным кутку.
— Развялося іх тут, — сказаў Пётра. — I на людзей не зважаюць, лётаюць, як халеры якія. Мусіць, яшчэ Іцкавы. Некалі тут крама была, Іцка цукеркі прадаваў. Пасля сельпо зрабілі. Колькі чаго памянялася, а пацукі ўсё бегаюць.
— Пацукам цяпер толькі і жыць!
— Аняго ж. Ніхто іх не вынішчае. Ах ты, божа...
Ён не паспеў дагаварыць, як за дзвярыма недзе загрукала, лязгнуў засоў, і ў вочы ўдарыла дзённая яркасць. На парозе з’явілася галянастая постаць Стася ў знаёмым бушлаце, з вінтоўкай за плячом.
— Ну, дзе цвай бандыт? К следчаму!
Паліцай рагатнуў, коратка і агідна, а ў Рыбака нешта раптам і пакутна апала ўнутры. Мусіць, з залішняй паспешлівасцю ён ускочыў на ногі, коўтаючы ў свядомасці недаўменне: а дзе ж Сотнікаў? Спярша ж, мусіць, павінны прывесці Сотнікава, а пасля ўжо ўзяць на допыт яго. Ці, можа, Сотнікава ўжо забілі?
Ён пакорна пайшоў да прыступкаў, счакаў трохі, пакуль Стась замыкаў за ім дзверы, потым паперадзе яго ўзышоў наверх. Ступаў ён амаль механічна, без удзелу свядомасці, не заўважаючы нічога навокал, і адчуваў сябе вельмі кепска. He, гэта не быў страх — ён пакутаваў ад бяссілля, ад немагчымасці звярнуцца да выпрабаванага сродку — сілы, каб уратаваць сябе. Адсутнасць усялякага выбару надта звузіла яго магчымасці, думка наконт старасты асталася марным намерам — ён як след не прадумаў яе, нічога не падрыхтаваў і цяпер нёс поўную збянтэжанасць у душы.
— Во, кажушок і скінеш! — пругка цопнуў яго Стась па плячы. — Анішто паўшубачак, яй-богу! I боты. Ну, боты я
забяру. A то шкада такія трапаць, праўда? — Ён матлянуў наперад сваёю нагой у ладным хромавым боце. — У цябе які нумар?
— Трыццаць дзевяць,— схлусіў Рыбак, запавольваючы крок: пасля смярдзючага склепа хацелася хоць надыхацца.
— Халера, замалыя! Эй, у рот табе аглоблю! — раптам вызверыўся паліцай.— Шырэй шаг!
Асцерагаючыся кухталя, Рыбак не стаў упарціцца — праскочыў дзверы, нядоўгі цемнаваты калідор з мардатым днявальным ля тумбачкі. Стась сціпла пастукаў сагнутым пальцам у дзверы.
— Можна?
Нібы ў сне, прадчуваючы, як зараз канчаткова рухне і спрахне ягонае жыццё, Рыбак пераступіў парог і ўпёрся позіркам у магутную печ-галандку, якая нейкім загадкава кепскім знакам з’явілася на яго дарозе. Яе чорны колер і крутыя асадзістыя бакі прыгняталі, нагадваючы недарэчны помнік па чыімсьці жыцці. За сталом ля акна стаяў шчуплаваты чалавек у пінжаку, ён чакаў. Рыбак спыніўся непадалёку ад дзвярэй, недаўменна згадваючы: няўжо гэта і ёсць той самы следчы, у якога не выкруціўся стараста?
— Прозвішча! — адразу гыркнуў чалавек. Відаць, ён быў чымсь раззлаваны, нервозны тварык яго нядобра хмурнеў, позірк спадылба цвёрда ўтаропіўся ў арыштаванага.
— Рыбак.
— Год нараджэння?
— Дзевяцьсот шаснаццаты.
— Дзе радзіўся?
— Пад Гомелем.
Следчы адышоўся ад акна, сеў у крэсла. Паводзіў ён сябе насцярожана, энергічна, але, здаецца, не надта пагрозліва.
— Сядай!
Рыбак ступіў два крокі і асцярожна апусціўся на рыплівае венскае крэселка насупраць стала.
— Жыць хочаш?
Дзіўнаватае гэта пытанне сваёй нечаканасцю трохі зняло напружання, Рыбаку нават пачулася ў ім нешта ад жарту, і ён ніякавата паварушыўся на крэсле.
— Ну хто ж жыць не хоча! Вядома...
Аднак следчы, здаецца, быў далёкі ад таго, каб жартаваць, і ў ранейшым тэмпе прадаўжаў насядаць з пытаннямі.
— Так! Куды ішлі?
Энергічная пастаноўка пытанняў патрабавала, мусіць, гэткае ж энергіі ў ягоных адказах, але Рыбак не адразу цяміў часам патайнага сэнсу паліцаевых слоў і трохі марудзіў.
— Ішлі па харчы. Трэба было папоўніць запасы,— сказаў ён і падумаў: «Чорт з ім! Хто не знае, што партызаны таксама ядуць. Які тут можа быць сакрэт!»
— Так, праўда. Паверу. Куды ішлі?
Следчы ўвесь аж напяўся за сталом, сочачы за рухам кожнае жылкі на яго твары. Рыбак разгладзіў палу кажушка на калене, паскроб пазногцем нейкую там плямку.
— Дык, гэта, ішлі на хутар, а ён аказаўся спалены. Ну, пайшлі куды вочы глядзяць.
— Які хутар спалены?
— А той, Кульгаёў, ці як яго. Пры лесе.
— Праўда. Кулыаёў спалены. Немцы спалілі. А Кульгай і ўсе кульганяты расстраляны.
«Слава богу, не давядзецца ўзяць грэх на душу»,— задаволена падумаў Рыбак.
— А як апынуліся ў Лясінах?
— Ды так. Напаткалі ўначы, ну і... Зайшлі да старасты.
— Так, так, зразумела, — аб чымсь раздумваючы, прыкінуў следчы. — Значыць, ішлі да старасты?
— He, чаму? Ішлі на хутар, я ж сказаў...
— На хутар, зразумела. А хто камандзір банды? — раптам запытаў следчы і, поўны ўвагі, замёр, утаропіўшы ў яго жорсткі, уважлівы позірк. Рыбак падумаў, што тут ужо можна схлусіць — хай праверыць. Хіба што Сотнікаў...
— Камандзір атрада? Ну, гэты... Дубавы.
— Дубавы? — чамусьці здзівіўся следчы, і Рыбак працягла паглядзеў у яго вочы. Але не затым, каб упэўніць следчага ў праўдзівасці свае хлусні, — важней было зразумець, вераць яму або не. Аднак на востранькі, як бураўчык, позірк следчага набег цень задуменнасці.
— Прахвост! Ужо і з Дубавым знюхаўся! Я так і ведаў. Увосень не ўзялі — і вось, калі ласка...
Рыбак не зразумеў, каго ён мае на ўвазе? Старасту? Але як жа тады? Відаць, ён тут штосьці наблытаў... Аднак разважаць не было калі — Партноў імкліва вёў далей допыт.
— Дзе атрад?
— У лесе.
Тут ужо ён адказаў без затрымкі і нават прама і бязгрэшна паглядзеў у сцюдзёна насцярожаныя вочы следчага — хай упэўніцца.
— У Баркоўскім?
Ну.
(Дурныя яны, ці што, сядзець у Баркоўскім лесе, які хоць і вялікі, ды пасля ўзрыву моста на Іслянцы абложаны з чатырох бакоў. Хопіць таго, што там асталася група гэтага Дубавога, рэшткі ж іхняга атрада перабраліся за шаснаццаць кіламетраў на Гарэлае балота.)
— Колькі чалавек у атрадзе?
— Трыццаць.
— Лжэш! У нас ёсць звесткі, што болей.
Рыбак паблажліва ўсміхнуўся. Ён адчуў патрэбу прадэманстраваць лёгкую пагарду да недасведчанасці следчага.
— Было болей. А цяпер трыццаць. А астатнія выбылі. Ведаеце, баі, страты...
Следчы задаволена паёрзаў у крэсле.
— Што, пашчыпалі? Во-во! Скора пух-пяро паляціць ад усіх вас.
Рыбак памаўчаў. Ягоны настрой пайшоў угору — здаецца, ад Сотнікава яны не многа даведаліся, значыць — можна набаяць баек — хай правяраюць. Зноў жа падобна на тое, што следчы пачаў дабрэць у сваіх адносінах да яго, і Рыбак падумаў, што гэтую добрасць трэба неяк умацаваць, каб можна яшчэ і пакарыстацца ёю.
— Так! — следчы адкінуўся ў крэсле.— А цяпер ты мне скажы, хто з вас двух страляў ноччу? Нашы бачылі — адзін пабег, а другі страляў. Ты?
— He, не я, — сказаў Рыбак, не надта, аднак, рашуча. Тут
ужо яму проста няёмка было апраўдвацца і тым самым перакладваць віну на Сотнікава. Але што ж, браць яе на сябе?
— Значыць, той? Так?
Гэтае пытанне асталося без адказу — Рыбак толькі падумаў: «Каб ты здох, сволач! Так спрытна ловіць». Ды і на самай справе, што ён мог яму сказаць?
Зрэшты, Партноў не надта настойваў.
— Так, так, зразумела. Як яго прозвішча?
— Karo?
— Напарніка.
— Прозвішча! Навошта б яно ім здалося, гэтае прозвішча?
Але калі Сотнікаў не назваў сябе, тады нягожа называць яго і яму. Мабыць, трэба было б неяк схлусіць, ды Рыбак не мог знайсці як.
— He ведаю, — урэшце сказаў ён. — Я нядаўна ў гэтым атрадзе, яшчэ не ўсіх знаю па прозвішчах.
— Так, не ведаеш,— з лёгкай прытворнай прыкрасцю канстатаваў Партноў.— А стараста гэты, кажаш, Сыч? Так ён у вас значыцца?
Рыбак напружыў памяць — здаецца, ён не чуў нават і прозвішча старасты, не толькі ягонай мянушкі.
— А не ведаю. Чуў — у вёсцы яго завуць Пётра.
— Ах, Пётра.
Яму на хвіліну здалося, што Партноў гэты нейкі недалужны блытанік, але тут жа ён здагадаўся: следчы хоча заблытаць яго.
— Так, так. Значыць, родам адкуль? 3 Магілёва?
— 3-пад Гомеля, — цярпліва паправіў Рыбак. — Рэчыцкі раён.
— Прозвішча?
-Чыё?
— Тваё.
— Рыбак.
— Дзе астатнія з банды?
— На... У Баркоўскім лесе.
— Колькі да яго кіламетраў?
— Адсюль?
— Ну, адкуль жа яшчэ?
— He ведаю точна. Кіламетраў васемнаццаць будзе.
— Правільна, будзе. Якія вёскі радам?
— Вёскі? Дзягцярня, Уклеіна. Ну і гэта, як яе... Драгуны.
Партноў зазірнуў у паперку, што ляжала перад ім на стале.
— А якія ў вас сувязі з гэтай... Вокунь Аўгінняй?
— Дзёмчыхай? Яй-богу, ніякіх. Проста зайшлі перахавацца, паесці. Ну а вашыя хлопцы...
— А хлопцы і награнулі! Малайцы хлопцы! Дык, кажаш, ніякіх?
— Абсалютна. Аўгіння тут ні пры чым.
Следчы борздзенька ўскочыў за сталом, локцямі смыкнуў угору — мусіць, велікаватыя ў паясніцы штаны.
— He вінавата! А вас прымала? На гарышча хавала? Што, думаеш, не знала, каго хавала? Добра знала!
— Пакрывала, значыць. А па законах ваеннага часу за гэта што палагаецца?
Рыбак ужо ведаў, што за гэта палагаецца па законах ваеннага часу, і падумаў, што, мабыць, трэба адмовіцца ад намеру абараніць Дзёмчыху. Было зразумела, што на кожную такую спробу следчы будзе рэагаваць, як бык на чырвоны шкумат. I ён рашыў не дражніцца. Ці да Дзёмчыхі тут, калі невядома яшчэ, як выкараскацца самому.
— Так, добра! — Следчы падышоў да акна і жвава павярнуўся на абцасах, рукі яго былі засунуты ў кішэні штаноў, пінжак на жываце расхінуты,— Мы яшчэ пагаворым. А ўвогуле я скажу: ты хлопец разумны. Магчыма, мы табе пакінем жыццё. Што, не верыш? — следчы іранічна ўхмыльнуўся,— Мы можам. Гэта Саветы нічога не мелі. А мы можам караць, а можам і мілаваць. Гледзячы каго. Дык вось слухай.
Ён падступіў да Рыбака амаль упрытык, і той, адчуўшы, што допыт на тым, мабыць, канчаецца, зважліва падняўся з крэсла. Следчы быў яму да пляча, і Рыбак падумаў, што з лёгкасцю прыдушыў бы гэтага маламерка. Але, падумаўшы так, ён амаль спалохаўся свае такой недарэчнай цяпер тут думкі і з робленай адданасцю зірнуў у рухавыя, з начальніцкім халадком вочы паліцэйскага.
— Дык вось. Ты нам раскажаш усё. Толькі мы праверым,
не думай. He налжэш — пакінем жыць, уступіш у паліцыю і будзеш служыць вялікай Германіі.