Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— Я? — не паверыў Рыбак.
Падлога пад ім дзіўным чынам хіснулася, сцены гэтага заплёванага пакоя раздаліся ўшыркі, праз хвілінную збянтэжанасць у сабе ён раптам адчуў недзе волю, прастор, нават подых свежага ветру ў полі. Усё ягонае жыццё пераварочвалася дагары нагамі, але, здаецца, давала надзею выжыць.
— Да, ты. Ці не згодны? Можаш адразу не адказваць. Ідзі падумай. Але помні: альбо пан, альбо прапаў. Гаманюк!
Перш чым ён, ашаломлены і акрыяны адначасна, паспеў зразумець, што будзе далей, дзверы расчыніліся, і на парозе вырас той самы Стась.
— У склеп!
Стась дурасліва цепнуў на следчага сваімі выразнымі вачамі.
— Дык гэта, Будзіла чакае.
— У склеп! — віскнуў следчы,— Ты што, глухі?
Стась трапятнуўся.
— Яволь у склеп! Бітэ, прашу.
Рыбак выйшаў, як і заходзіў, у вялікай разгубленасці, толькі ўжо з другое прычыны. Хоць ён яшчэ не ўсвядоміў усяе складанасці перажытага, але адчуваў востра і радасна — будзе жыць! З’явілася магчымасць жыць — гэта было галоўнае. Іншае — потым.
— Га, значыць, адкладваецца? — тузануў яго за рукаў Стась, калі яны выйшлі на двор.
— Да, адкладваецца! — цвёрда сказаў Рыбак і ўпершыню з выклікам зірнуў у прьігожы, з’едліва-ўсмешысты твар паліцая. Той рагатнуў хрыпатым, накшталт казлінага бляяння голасам.
— Нікуды не дзенешся! Аддасі! Дабравольна, але абязацельна, вантробы з цябе вон!
«Дурны ці прытвараецца?» — падумаў Рыбак. Але ў яго з’явіўся абаронца, і Стась цяпер мала палохаў, ён быў для яго нястрашны.
13
Сотнікава ратавала ягоная немач: як толькі Будзіла падступаўся да яго са сваімі катаўніцкімі прыладамі, ён хутка траціў прытомнасць. Яго адлівалі, але ненадоўга, змрок небыцця зноў засцілаў свядомасць, цела не рэагавала ні на раменныя церассядзёлкі, ні на стальныя абцугі, якімі Будзіла здзіраў з пальцаў пазногці. Марна павалэндаўшыся так з гадзіну, двое паліцаяў вывалаклі Сотнікава з памяшкання і кінулі ў тую самую камеру да старасты.
Нейкі час ён моўчкі ляжаў на саломе ў мокрай ад вады адзежы, з акрываўленымі кісцямі рук і ціха стагнаў. Прытомнасць то вярталася да яго, то прападала. Калі за дзвярамі сціхлі крокі паліцэйскіх, Пётра на каленях падпоўз да жывой яшчэ ахвяры іх допыту.
— Ай-яй! А я і не пазнаў. От што зрабілі...
Сотнікаў учуў новы голас, ён здаўся яму знаёмы, ды толькі спакутаваная яго свядомасць не магла ўзнавіць у памяці, хто гэты чалавек. Але, безумоўна, чалавек быў добразычлівы да яго, Сотнікаў адчуў гэта па голасе і папрасіў:
— Вады!
Чалавек, чутно было, падняўся, ціха, але настойліва пастукаў у дзверы. Пасля зноў — і мацней.
— Чорта! He чуе ніхто.
Рэшткамі памутнелай свядомасці Сотнікаў сцяміў, што дапамогі не будзе, і нічога больш не прасіў.
Ён дрэнна разумеў ужо, што з ім здарылася і дзе ён, толькі адчуваў, як пякучым болем гараць на руках пальцы, і надта хацеў піць. Нейкі цягучы туман завалокваў усё навакол. Сотнікаў знясілена і без мэты цягнуўся ў ім на ватных нагах, пакуль не ўбачыў ля плота калодзеж з вядром на асверы. Слабымі неслухмянымі рукамі ён пачаў апускаць гэта вядро ў калодзеж, ды раптам з глухой чорнай бездані, напалоханы вядром, з фыркатам кінуўся ў бакі дзікаваты каціны вывадак. Сотнікаў ненавідзеў катоў і з гідлівасцю адхіснуўся, амаль напалоханы. Потым ён неяк апынуўся на вуліцы ў іх колішнім вайсковым гарадку і спаткаўся на вуліцы з Рэдзькіным, яго даваенным ардынарцам, які нёс аднекуль
цэлую звязку мокрых, налітых вадою пляшак. Сотнікаў узрадавана схапіўся за адну з іх, але замест пляшкі ў яго руках чамусьці апынулася процівагазная сумка, а ў сумцы якая ж вада...
Праз нейкі час ён усё ж дарваўся да кацялка з вадой і доўга, пакутліва піў. Але вада была цёплая, нясмачная, яна не спатольвала смагі, толькі агідна напаўняла жывот, яму рабілася блага. Пакуты яго павялічыліся. Галаве было надта горача ад паўдзённага сонца; у акопчыку дзе ён стаяў, скрозь перасыпаўся пясок, тырчала сухая трава і ні кусціка не было побач. Ён зусім яшчэ не напіўся, як за спіной раздаўся вокрык кіраўніка стрэльбаў палкоўніка Логінава: «Тэмп! Тэмп!» Сотнікава гэта здзівіла і збянтэжыла адначасна: як жа ён мог патраціць столькі часу на гэты вадапой пры стральбе? Ён жахнуўся, што не ўкладзецца ў тэмп падачы каманд, які замест 6—10 секунд, мабыць, пераваліў за хвіліну.
Паступова, аднак, ягоныя відовішчы прыглушыліся, сталі меней выразныя, часам перамешваліся з недарэчнымі вобразамі і знікалі. Нязменныя асталіся толькі пакуты...
Калі ў камеру вярнулі Рыбака, Сотнікаў, нібы труп, ціха ляжаў у забыцці, прыкрыты шынелкам. Рыбак адразу апусціўся побач, пацягнуў шынелак, паправіў Сотнікаву руку. Паламаныя яго пальцы зліпліся ў крыві, і Рыбак жахнуўся ад думкі, што гэта ж самае маглі зрабіць і з ім. На першы раз расправа нейкім цудам абмінула яго, але што будзе заўтра?
— Хлопец, тут, гэта, вады трэба! — сказаў з кута Пётра, пакуль Стась упраўляўся з дзвярамі.
— Я табе не хлопец! А пан паліцэйскі! — зверавата выпнуўся Стась.
— Хай паліцэйскі. Звініце. Чалавек от памірае.
— Туды і дарога бандыту. I табе тожа.
3 перуновым ударам зачыняіліся дзверы, стала цёмна. Пётра, уздыхнуўшы, апусціўся на салому ў куце.
— Звяр’ё!
— Ціха вы, — сказаў Рыбак. — Пачуюць.
— Хай чуюць. Што ўжо баяцца...
Зачыніліся і другія дзверы, на прыступках заглухлі Стасевы крокі. Зрабілася дужа ціха, і стала чутно, як дзесь
непадалёк у склепе нехта ціхенька плакаў — кароткія ўсхліпы, паўзы, мабыць, дзіця ці жанчына. На саломе трапянуўся, напружыўся і сціх Сотнікаў.
— Да-а, гэтага знявечылі. Ці выжыве? — сказаў Пётра. Рыбак падумаў: «Мусіць, не выжыве». I раптам яму дужа выразна і шчасліва адкрылася: калі Сотнікаў памрэ, дык ягоныя шансы выжыць, відаць, павялічацца. Іншых тут сведак няма, можна будзе казаць пра атрад што здасца патрэбным, праверыць не будзе ў каго.
Ён сам разумеў нялюдскасць свайго жадання, але, колькі ні думаў, вяртаўся да высновы, што так будзе лепш. Яму, Рыбаку ды і самому Сотнікаву, бо пасля ўсяго, што сталася з камбатам, хіба ён жыхар на свеце? А Рыбак, можа б, як выкруціўся і тады ўжо напэўна расквітаўся б з гэтымі свалачамі за ягонае жыццё і за свае страхі таксама. Вядома, ён не збіраўся выдаваць ім партызанскіх сакрэтаў, ні тым болей ісці ў паліцыю, хоць і ведаў, што ўхіліцца ад яе, мабыць, будзе нялёгка. Але яму важна было выйграць час — усё астатняе залежала ад таго, колькі ён пратрымаецца.
Сотнікаў цяжка і хрыпата дыхаў, трохі стагнаў, але толькі ледзь-ледзь, і Рыбак падумаў: не выцягне. Тут і з моцным здароўем нядоўга загнуцца, дзе ўжо яму!
— А табе, гляджу, болей пашэнціла, — памяркоўна сказаў стары. Гэта непрыемна зачапіла Рыбака — якая ягоная справа? Але ён адказаў спакойна:
— Маё ўсё наперадзе.
— Ну ведама ж, наперадзе. Так яны не даруюць. Рыбак насцярожана паглядзеў у кут — яму не падабаліся няпрошаныя прароцтвы гэтага чалавека: адкуль яму знаць, даруюць ці не. У яго ішоў залік па асобнаму ад іншых рахунку, у дабратворную сілу якога ён ужо амаль што паверыў і стараўся як мага падрабязней усё гэта абдумаць. Але месца гэтае, мусіць, было не надта прыдатнае на роздум: толькі ён засяродзіўся ўвагай на сваіх клопатах, як на прыступках зноў затупалі крокі. Думаў — каго вядуць, але загрымеў засоў іхніх дзвярэй, і на парозе з’явіўся той самы Стась.
— На вады! Жыва! I каб гэты бандзюга быў да заўтра як штых! А ты, стары падла, марш да Будзілы!
Рыбак патушыў у сэрцы трывогу, пераняў з рук паліцая круглы кацялок са сцюдзёнай вадой. Пётра ў куце няўцямна ўставіўся ў дзверы.
— А навошта, не знаеш?
Стась з непадробнай шчырасцю рагатнуў:
— Знаю: у падкіднога гуляць. Ну, давай, жыва!
Стары падняўся, падабраў з долу кажушок і, угнуўшы голаў, выйшаў з каморкі. Дзверы зноў з грукатам зачыніліся.
Рыбак стаў на калені і пачаў далікатна тармашыць Сотнікава. Той, аднак, толькі стагнаў. Тады ён адною рукой нахіліў кацялок, а другой прыпадняў голаў напарніка і бадай сілком нешта ўліў таму ў рот. Сотнікаў здрыгануўся, але тут жа прыпаў вуснамі да шурпатага берага кацялка, некалькі разоў глытнуў.
— Хто гэта?
— Гэта я. Ну, як ты? Лепей?
— Рыбак? Фу ты! Дай яшчэ.
Рыбак зноў прытрымаў яго галаву. Сотнікаў, лязгаючы зубамі па кацялку, выпіў болей. I пластам аблёг на салому.
— Што, мучылі здорава? — спытаў Рыбак.
— Да, брат. Дасталося,— выдыхнуў Сотнікаў. Рыбак нацягнуў на яго шынелак, сам прываліўся спіной да цаглянай сцяны, услухоўваючыся ў хрыпатае дыханне таварыша, якое, аднак, патроху выроўнівалася.
— Ну, як пачуваешся?
— Цяпер добра. Лепш. А цябе?
— Што?
— Білі?
Гэтае пытанне застала Рыбака знянацку, ён не знаў, як коратка сказаць таварышу, чаму яго не білі.
— Ды не, не дужа.
Сотнікаў знямогла заплюшчыў вочы, схуднелы, з адрослаю бародкай яго твар ледзь шарэў на саломе, у грудзях хрыпела на адной ноце. I тады Рыбак падумаў, што, мабыць, пакуль ёсць такая магчымасць, ім трэба аб чым-колечы дамовіцца.
— Слухай, я, здаецца, іх абхітру, — шапнуў ён, схіліўшыся да напарніка. Той здзіўлена расплюшчыў вочы — шыро-
кія бялкі ў вачніцах бліснулі адбіткам святла з акенца. — Толькі нам трэба казаць аднолькава. Найперш: ішлі па харчы, хутар спалены, прыбіліся да Лясін, ну і ўзялі авечку.
— Нічога я ім не скажу,— перапыніў яго Сотнікаў. Рыбак прыслухаўся, ці няма дзе каго паблізу, але, здаецца, скрозь было ціха. Толькі зверху даносіліся галасы і крокі, якраз над іх камерай. Але адтуль яго не пачуюць.
— Ты не дуры, чуеш? Трэба нешта і сказаць. Дык слухай далей. Мы з групы Дубавога, ён цяпер у Баркоўскім лесе. Хай правераць.
Сотнікаў знерухомеў, перацяў дыханне.
— Але атрад Дубавога сапраўды там.
— Ну і што?
Рыбак пачынаў злавацца: от жа незгаворлівы чалавек, ці ў тым справа! Вядома, гэты атрад там, але ад таго, што яны назавуць месца, яму будзе ні холадна ні горача — паліцаям да яго не дабрацца. Іхні ж якраз у куды болей ненадзейным месцы.
— Слухай. Ты паслухай мяне. Калі мы іх не падманем, не схітрым, яны нас закатуюць. Трэба трохі і ў паддаўкі згуляць. He рваць цераз сілу.
Сотнікаў, чуваць было, быццам насцярожыўся, напяўся, дыханне яго прыглушэла, здаецца, ён нешта думаў.
— Нічога не выйдзе!
— А што ж тады выйдзе? Смерці дастукацца лягчэй за ўсё.