Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Пакуль на яго дарозе не апынуўся Сотнікаў. 3 Сотнікавым ён сышоўся выпадкова тыдзень ці дзён дзесяць таму назад, калі, вырваўшыся з Баркоўскага лесу, атрад пераходзіў шашу. Тады яны таксама прыпазніліся, выйшлі на дарогу ўжо на світанні і сутыкнуліся з нямецкай калонай, якая адразу пачала іх праследаваць. Каб адарвацца ад немцаў, камандзір пакінуў заслон: яго, Сотнікава і яшчэ аднаго партызана — Гасціновіча. Але ці доўга могуць пратрымацца трое перад некалькімі дзесяткамі ўзброеных кулямётамі немцаў. Вельмі хутка яны пачалі адступаць, адстрэльваючыся з вінто-
вак; немцы ж насядалі, і Рыбак падумаў: будзе хана! Як на бяду, прыдарожны лясок скончыўся, наперадзе ляжала вялізнае голае поле, за якім толькі праз кіламетры два, не меней, цямнеў кучаравы сасоннік; туды ўжо ўцягваліся рэшткі іхняга атрада. Уцалець на тым полі пад агнём двух дзесяткаў немцаў было немагчыма. I тады Сотнікаў крыкнуў: «Уцякайце! Прыкрыю!»
Яны пабеглі ўдвух з Гасціновічам, камлюкаватым, не дужа маладым партызанам з мясцовых,— коратка перабягалі, разпоразу падаючы ў снег, а Сотнікаў у той час страляў, ды так трапна, што ніводзін з пярэдніх немцаў не мог падняць галавы. Мабыць, ён там падстрэліў яшчэ некалькіх, пакуль яны ўдвух не дабеглі да крушні камення ў полі, з якое таксама адкрылі агонь па хмызняку.
Хвілін пяць яны білі туды з дзвюх вінтовак, даючы тым магчымасць адбегчы Сотнікаву. Немцы таксама пачалі страляць, але ўсё ж яму ўдалося адарвацца, дабегчы да іхняе крушні, і ён, упаўшы, зноў пагнаў іх далей, за сваімі. Добра, патронаў тады хапала, Сотнікаў адразу прымусіў залегчы не ў меру порсткага аўтаматчыка, што выскачыў наўздагон і сеяў па полі чэргамі, іншыя трымаліся зводдаль. Тым не менш нейкая куля ўсё ж трапіла ў Гасціновіча. Бегучы, Рыбак нават і не заўважыў, калі той упаў, але як распластаўся на снезе сам, Гасціновіча ледзь убачыў каля грыўкі быльняіу на мяжы. Да яго зараз жа кінуўся Сотнікаў, падхапіў вінтоўку забітага і хутка нагнаў таварыша. Яны абое леглі за пагорачкам, тут ужо было болып-менш схоўна, можна было бегчы далей, але Рыбак тады ўспомніў, што ў Гасціновіча ў сумцы астаўся акрайчык хлеба, якім той учора разжыўся на хутары. Усе тыя дні яны былі згаладнелыя, і Гасціновічаў акрайчык так заўладаў іхняй увагай, што Рыбак, крыху павагаўшыся, папоўз да забітага. Сотнікаў пасунуўся на вышэйшае і зноў узяў пад абстрэл немцаў, пакуль Рыбак двойчы не адолеў якіх сто метраў, што аддзялялі іх ад Гасціновіча. Яны тут жа разламалі акрайчык напалам і, пакуль даганялі сваіх, амаль усё з’елі.
Так яны прыкрылі выхад атрада з бою і адарваліся самі — і ўсё дзякуючы Сотнікаву. Яны і сышліся тады з ім, амаль
пасябравалі; хоць зусім мала што ведалі адзін пра аднаго, але ўжо трымаліся разам, разам вырываліся з-за чыгункі і, мабыць, таму разам трапілі на гэта заданне.
Але цяпер будзе капут, гэта пэўна. Мала што яны не адстрэльваліся — усё ж іх узялі са зброяй, і гэтага было дастаткова, каб расстраляць абодвух. Вядома, на што іншае Рыбак і не разлічваў, калі вылазіў з-за пакулля, але ж...
Ён хацеў жыць! Ён яшчэ і цяпер не траціў надзеі, кожную секунду шукаў выпадку, каб як абысці свой лёс і ўратавацца. Цяпер ужо Сотнікаў не меў для яго ранейшага значэння. Апынуўшыся ў палоне, былы камбат вызваляў яго ад усіх абавязкаў у адносінах да сябе. Цяпер абы толькі пашчасціла, і Рыбакова сумленне перад ім было б амаль чыстае — не мог жа ён уратаваць яшчэ і параненага. I ён прагна лавіў вачыма ўсё навакол з самае той хвіліны, як падняў рукі: на гарышчы, пасля ў сенцах усё лучыў момант, каб выскачыць. Ды там выскачыць не надарылася выпадку, а потым ім звязалі рукі — колькі ён неўзаметку ні высільваў іх з тае супонькі, нічога не атрымлівалася. I ён думаў: праклятая супоня, няўжо праз яе давядзецца загінуць?
Можа, варта было паспрабаваць кінуцца са звязанымі рукамі? Але на гэта патрэбна больш зручнае месца; не роўнядзь, а якая-небудзь паваротка, роў з хмызам, які-небудзь абрыў або лес. Тут жа, як на бяду, было поле, пагорак, потым дарога пайшла логам. Трапіўся масток, але раўчук пры ім быў зусім неглыбокі, адкрыты, у такім не схаваешся. Стараючыся не дужа круціць галавой у санях, Рыбак тым не менш пільна азіраўся навокал, шукаючы хоць колькі-небудзь прыдатную для ўцёкаў мясціну, і не знаходзіў нічога. I чым болей мінала часу, і чым яны бліжэй пад’язджалі да мястэчка, тым усё большы неспакой, амаль разгубленасць апаноўвалі Рыбака. Станавілася ўсё болей зразумела: яны прапалі.
11
У тым, што яны прапалі, Сотнікаў не сумняваўся ні на хвіліну, намеру ўцякаць у яго не было, надзеі на літасць паліцаяў таксама. I ён напружана маўчаў, прыдушаны ця-
жарам свае віны, што вісела над ім падвойным грузам. Асабліва яго непакоіла Дзёмчыха. Пакуль, аднак, невядома было, што дазналіся пра яе паліцаі і наколькі сур’ёзнае іх падазрэнне адносна яе сувязі з лесам. Ён думаў таксама і пра начную перастрэлку, у якой, мяркуючы па ўсім, дасталося некаму з гэтых бобікаў. Нейкаму Хадаронку. Вядома, падстрэліў яго Сотнікаў, тут ужо ні Рыбак, ні тым болей Дзёмчыха ні пры чым.
Яны ўязджалі ў мястэчка. Дарога ішла між прысадаў — два рады крывых вербаў стылі абапал гасцінца, пасля пачалася вуліца. Было ўжо не рана, але сям-там дымілі каміны, невысока пад заінелымі стрэхамі ў марознай смузе вісела зімовае сонца. Наперадзе цераз вуліцу таропка перайшла кабета з каромыслам на плячах. Адышоўшыся па сцежцы да дома, прыпынілася, пільна паглядзела на гэтыя двое саней з паліцаямі. У двары насупраць выскачыла з хаты проставалосае, у галёшах на голых нагах дзяўчо, пляснула на снег памыямі, таксама зыркнула на дарогу і хуценька схавалася ў дзвярах. Недзе гаўкаў сабака, мітусіліся вераб’і ў голым галлі дрэў. Тут ішло сваё — трывожнае, палахлівае, але ўсё ж мірнае жыццё, якога даўно не ведалі, а цяпер ужо ніколі не ўведаюць яны.
Сані пераехалі масток і каля драўлянага двухпавярховага дома павярнулі ў бакавую вулічку. Мусіць, яны ад’язджалі. Як ні дзіўна, Сотнікаву хацелася як найхутчэй прыехаць, ён пакутна намёрзся на ветры ў полі; паселішча, як заўжды, абяцала які-ніякі прытулак, хоць гэты раз, вядома, прытулак іх не парадуе. Але ўсё роўна карцела хутчэй у якое памяшканне, каб хоць трохі сагрэцца. Яшчэ здаля Сотнікаў угледзеў вароты і ля іх паліцая ў кажусе з вінтоўкай, побач месцілася ладная цагляная дамоўка, пэўна — колішняя крама ці якая ўстанова, з чатырма закрачанымі вокнамі. Калі яны пад’ехалі бліжэй, Паліцай закінуў за спіну вінтоўку і расчыніў вароты. Абое раней уехалі на даволі прасторны, ачышчаны ад снегу двор са старой абгрызенай конавяззю, нейкім хляўком і дашчанай шпакоўняю-прыбіральняй у куце. На ганку з’явіўся яшчэ адзін паліцай — франтаваты малады хлапец у нямецкім кіцелі з белай павязкай на рукаве.
— Прывезлі?
— A то як жа! — ахвотна азваўся Стась.— Мы ды каб не прывезлі. Во, прымай галубчыкаў!
Ён лёгка саскочыў з саней, паддаў локцем вінтоўку — тут ужо ў ёй не было пільнай патрэбы, тут не ўцячэш. Пакуль возчык і Рыбак вылазілі з саней, Сотнікаў паныла аглядаў будыніну, дзе, мяркуючы па ўсім, ім хутка давядзецца сербануць ліха: мураваныя сцены, высокі ганак з паддашкам, крутыя прыступкі ў склеп. Адно з закрачаных вокнаў было пабіта, а ніжнія шыбы застаўлены жоўтымі фанерынамі з абрыўкамі нейкага гатычнага надпісу. Усё тут было прыбрана, падмецена. Тым часам паліцай у кіцелі дастаў ключ і па сходках пайшоў уніз да дзвярэй пад ганкам — там на пагрэбчыку віднеўся здаравенны вісячы замок з перакладзінай.
— Давай усіх сюды!
Ужо ўсе павылазілі з саней — Стась, Рыбак з возчыкам, воддаль паліцаі з тых развальнёў і Дзёмчыха, ад выгляду якой у Сотнікава жаласна сцялася сэрца: яе за што? Са звязанымі ззаду рукамі яна згорбілася, угнулася, хусцінка спаўзла на патыліцу, а ў роце дзіка і недарэчна ўсё тырчала суконная рукавіца — відаць, яны не спяшаліся вызваляць яе ад гэтага кляпа.
Сотнікаву аднанож было горш выбрацца з саней; як ні павярніся — заходзілася болем нага. Трываючы той боль, усё ж вылез на снег і трохі скокнуў каля саней. Ён знарок прычакаў Дзёмчыху і, калі тая параўнялася з ім, унікаючы яго позірку, падняў абедзве звязаныя рукі і рвануў за рукавіцу.
— Ты што? Ты што, чмур?! — гыркнулі ззаду, і ў наступнае імгненне ён паляцеў тварам на снег, збіты лютым ударам нечага бота. Боль у назе абцугамі сцяў яго адчуванне, ён сашчаміў зубы, але не здзівіўся і не пакрыўдзіўся — ён прыняў гэты ўдар як заслужаны. Пакуль ён, кашляючы, узграбаўся на адно калена, недзе побач абурана гудзеў знаёмы бас старшага паліцая:
— Ах ты, вырадак камісарскі! Бач — самаўпраўца! Ану цягні яго ў штубу! Да Будзілы яго!
Аднак ззаду, выкрыкваючы праклёны Гітлеру, залямантавала Дзёмчыха, і яны там усе разам накінуліся на яе. У іх
злоснай хватцы і ў галасах адчувалася набрынялая злая варожасць, якая кожную секунду гатова было выбухнуць з усёй сваёй лютасцю. Тут, вядома, было яшчэ горш, чым там, дзе іх узялі, або ў дарозе, тут на поўную сілу даваў сябе знаць крыважэрны фашысцкі орднунг. Чалавек тут пераставаў быць чалавекам і ператвараўся ў часова жывую істоту, пазбаўленую права і цалкам аддадзеную ва ўладу гэтае банды наймітаў. Апеляваць да справядлівасці ці сумлення тут было бескарысна.
Усё той лёгкі на падхваце Стась падскочыў да яго, дужа хапіў пад паху, тузануў; ён зноў упаў голымі звязанымі рукамі на снег, але бяздушная сіла гэтага паліцая падхапілапавалакла яго да ганка, пхнула ў дзверы.
Ратуючы хворую нагу, ён дужа ўдарыўся плячом аб вушак. Стась адным дыхам правалок яго па калідоры, шырока расчыніў яшчэ нейкія дзверы і дужым рыўком кінуў на затаптаную, у мокрых слядах падлогу. Сам жа на развітанне вылаяўся, пнуў яго ботам і з сілай грукнуў дзвярыма.
Стала ціха. Было толькі чуваць, як дзесь, нібы з рукамыйніка, капала вада і за сцяной бубніў нейкі голас. Сотнікаў, трываючы боль і задышку, марудна адольваючы слабасць, падняў галаву. У пакоі болей нікога не было, гэта трохі здзівіла. Ён з нечаканай надзеяй зірнуў на акно, але яно было моцна загароджана кратамі з самадзелкавых, прыбітых да вушака прантоў. He, адсюль не ўцячэш! Зразумеўшы гэта, ён расслаблена апусціўся на падлогу, без цікавасці агледзеўся. Пакой меў звычайны казённы выгляд, здаваўся няўтульным і пуставатым, хоць тут быў засланы шэрай байкавай коўдрай стол, аблезлае крэсла за ім і лёганькае гнутае крэселка ля печы-галандкі, ад чорных круглых бакоў якой ішло густое, тако'' прыемнае цяпер цяпло. Але ззаду па падлозе цякла з дзвярэй сцюжа. Сотнікаў азябла скалануўся і, стрымліваючы стогн, патроху-памалу з асцярогай выцягнуў убок параненую нагу.