Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Усё, што Сотнікаў перажыў на вайне, яшчэ і каторы раз, даводзіла неабвержнасць не новага ўжо меркавання, што адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце — яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з’яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамадства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць што ж — смерці не мінуць нікому. Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыстаць і без таго не надта вялікі свой час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё.
Суцяшалі хіба што духоўныя магчымасці, часам непадуладныя ніякай самай пагрозлівай сіле. На ўсё жыццё Сотнікаў запомніў, як улетку ў шталагу немцы дапытвалі старога сівога палкоўніка, пакалечанага, з перабітымі кісцямі рук, ледзь жывога. Гэты палкоўнік, здавалася, проста не ведаў, што такое пачуццё страху, і не гаварыў, а адчайна крычаў у вочы нямецкаму афіцэру гнеўныя словы пра Гітлера, фашызм і не зважаў ні на што. Немец мог бы прыбіць яго кулаком, мог застрэліць, як за гадзіну перад тым застрэліў двух палітрукоў-пехацінцаў, але гэтага чалавека ён нават не абразіў лаянкай. Ён, падобна было, збянтэжыўся, мабыць, упершыню ўчуўшы такое, схапіўся за тэлефон і нешта далажыў, відаць — чакаючы загаду ад начальства. Вядома, палкоўніка потым расстралялі. Але тыя некалькі хвілін перад расстрэлам былі ягоным трыумфам, яго подзвігам, мабыць, не меншым, чымсьці на полі бою, бо палкоўнік не ведаў нават, што яго хто ўчуе са сваіх (яны выпадкам аказаліся побач за сцяной барака).
Трываючы сцюжу, Сотнікаў цярпліва пазіраў на край могілак, дзе адразу ўбачыў Рыбака, як толькі той паявіўся ад хаціны. Рыбак дбайна зайшоў ад поля, каб не відаць было
з вёскі, і хуткім крокам кіраваў да напарніка. Праз хвіліну ён задышліва ўпаў пад хваінай побач.
— Здаецца, парадак. Панімаеш, там хата, клямка на шчэпачцы. Паслухаў, быццам нікога...
Ну?
— Дык гэта, панімаеш... Можа, я цябе завяду, пагрэемся, а пасля...
Рыбак чагось змоўк, заклапочана паглядзеў у ранішняе поле, якое ўжо было відаць ва ўсю далячынь. Голас яго стаў трохі няпэўны, бы вінаваты, і Сотнікаў здагадаўся.
— Ну што ж! Я астануся.
— Да, знаеш, так будзе лепш,— прыкметна ўзрадаваўся Рыбак,— А мне трэба... Толькі дзе той лес, чорт ведае. Зблудзілі мы.
— Папытаць трэба.
— Папытаем... А ты, гэта, патрывай. Пасля, можа, пераправім куды.
— Ладна, нічога,— знарок бадзёрым голасам заспакоіў яго Сотнікаў.
— I не турбуйся, я дамоўлюся. Накажу, каб глядзелі, і наогул...
Сотнікаў змоўчаў. Увогуле ўсё было лагічна і, бадай, правільна, тым не менш штосьці крыўдлівае варухнулася ў яго душы. Праўда, ён тут жа адчуў, што гэта — ягоная слабасць, можа, ад ператомы і знерваванасці. Чаго было крыўдаваць? Адносіны іх самыя раўнапраўныя, ніхто нікому не абавязаны. I так, дзякуй богу, Рыбак зрабіў усё, што толькі было магчыма. Можна сказаць, уратаваў у самых безнадзейных абставінах, і цяпер настаў час развязаць яму рукі.
— Што ж, тады пайшлі. Пакуль нікога няма.
Сотнікаў першы спрабаваў падняцца, але толькі варухнуў параненай нагой, як тая люта забалела, і ён прутка выцягнуўся на снезе. Усё ж неяк стрываў боль, сцяў зубы і, апіраючыся на хваіну, падняўся.
Ускрайкам могілак пад навіссю галін яны сышлі з пагорачка. Непадалёк трапілася добра ўтаптаная сцяжына, яна прывяла іх на голы, нічым не агароджаны падворак. Гэта была даволі вялікая, але старая хаціна з замазанымі глінай
вугламі, выбітым і заткнутым нейкай зрабнінай акенцам. У счарнелым прабоі на дзвярах сапраўды тырчала наспех уваткнутая трэска — мабыць, нехта непадалёк выйшаў, і дома нікога не асталося. Сотнікаў падумаў, што так, можа, і лепш: абыдзецца без роспытаў і тлумачэння.
Рыбак выняў трэску, прапусціў у сенцы Сотнікава, дзверы ціха прычыніў знутры. У сенцах было цемнавата, пад сцяной стаялі нейкія кублы, вялікая, акутая ржавымі жалезнымі палосамі скрыня, а ў куце відаць былі жорны. Сотнікаў не раз ужо бачыў гэтую несамавітую вясковую прыладу малоць збожжа: два круглыя камяні ў скрынцы і прымацаваная недзе ўверсе палка-круцёлка. Маленькае, заплеценае павуціннем акенца ў сцяне дало ім згледзець дзверы ў хату.
Трымаючыся за сцяну, Сотнікаў як-колечы дабраўся да гэтых дзвярэй, з дапамогай Рыбака пералез высокі парог. Хата сустрэла іх затхлаю сумессю пахаў і — цеплынёй. Ён хапіўся рукой за абшкрэбаны бок печы — тая была свежа напаленая, і ў яго цела шыбанула такая асалода, што ён ажно застагнаў, мусіць, першы раз не стрымліваючы сябе за ўсю гэту жахлівую ноч. Знясілена і няспрытна ён апусціўся на ўслончык пры печы, ледзь не паваліўшы нейкія чыгункі на падлозе. Пакуль ён уладкоўваў параненую нагу, Рыбак зазірнуў за дыван-занавеску ў хату, дзе разы два насцярожана рыпнуў ложак. Сотнікаў напяўся, навастрыў слых — зараз павінна было вырашыцца самае для іх важнае.
— Вы адны тут? — цвёрдым голасам запытаў Рыбак у дзвярах.
Ну.
— А бацька дзе?
— Дык нетуці,— пачуўся дзіцячы голас.
— А матка?
— Матка ў дзядзькі Амялляна малоціць. На хлеб зарабляе. Нас жа чацвёра едакоў, а яна адна.
— Ого, як ты разбірасшся! A то едакі спяць? Ладна, хай спяць,— сцішыў голас Рыбак. — Ты чым пакарміць нас знойдзеш?
— А бульбу мамка ўранку варыла,— ахвотна азвалася малое.
Зараз жа там аб падлогу тупнулі босыя ногі, і з-за шырмачкі з’явілася гадоў дзесяці дзяўчынка ў даўгаватай паркалёвай сукенцы. Яна коратка зыркнула на Сотнікава жвавымі чорнымі вачанятамі, але не спалохалася, на цыпачках звыкла пацягнулася ў чалеснік і забразгала засланкай. Каб не замінаць ёй, Сотнікаў крыху пасунуў убок сваю бедалагу-нагу.
Пад акном стаяў стол, ля стала была лаўка з алюмініевай міскаю, дзяўчынка пераставіла міску на канец стала і вытрасла ў яе з чыгунка бульбу. Рухі яе маленькіх рук былі натужлівыя і не надта спрытныя, хоць і старанныя; бачна было — яна са шчырасцю хацела дагадзіць людзям: дастала лыжкі, шмыганула некуды ў цемнаваты кут і паставіла на стол яшчэ і талерку з вялікімі зморшчанымі агуркамі. Пасля адступіла да печы, з цікавасцю пазіраючы на маўклівых, узброеных, аброслых шчэццю, мусіць, страшнаватых, але, безумоўна, цікавых для яе дзядзькоў.
— Ну, давай падрубаем,— падаўся да стала Рыбак. Сотнікаў яшчэ не адагрэўся, накалелае цела яго дробна трэслася, але ад бульбы на стале струменіла лёгкая пара, і ён памкнуўся з услона. Рыбак памог яму перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Так было лепей. Ён узяў цёплую, падгарэлую з аднаго боку бульбіну і прываліўся плячыма да беленых бёрнаў сцяны. Дзяўчынка з ранейшай спаважнасцю стаяла ў дзвярах, церабіла край шырмачкі, не зводзячы з дзядзькоў свайго зыркага позірку.
— А хлеба няма? — запытаў Рыбак.
— Дык учора Лёнік усё з’еў. Як мамку ждалі.
Рыбак неспяшліва дастаў з-за пазухі старастаў акраец і адламаў ад яго кавалак, потым адламаў яшчэ і моўчкі працягнуў дзяўчынцы. Тая далікатна ўзяла хлеб, але есці не стала — занесла кудысь за перагародку і вярнулася.
— I даўно матка малоціць? — запытаў Рыбак.
— Ад пазаўчора. Яна яшчэ тыдзень малаціць будзе.
— Панятна. Ты — старшая?
— Ага, я большая. Каця з Лёнікам малыя, а мне ўжо дзевяць гадоў.
— Многа. А немцаў у вас няма?
— Раз прыязджалі. Як мы з мамкай да цёткі Галены хадзілі. У нас падсвінка рабога ўзялі. На машыне павезлі.
Толькі Сотнікаў з’еў са дзве бульбіны, як прычапіўся кашаль. Хвіліну ён так біў яго, што аж выпінала ўсё з грудзей. Калі трохі палягчэла, стала ўжо не да бульбы — ён выпіў паўкварты вады і заплюшчыў вочы. У галаве хмельна кружылася, цела калаціла дрыжака. У адчуваннях нешта плыло, гойдалася, хваравітая знямога звабліва клікала туды, дзе забыццё і нябыт. Ён намагаўся асіліць яе, унутрана супраціўляўся, але адчуваў, што сілы яго хопіць ненадоўга. У завалочанай туманам хваравітай свядомасці хутка адплывалі ўдалячынь рэшткі тутэйшай явы, з якой хвіліну яшчэ гучалі пераблытаныя галасы Рыбака і дзяўчынкі.
— А маці тваю як зваць? — хрупаючы гурком, пытаўся Рыбак.
— Дзёмчыха.
— Ага. Значыць, ваш татка Дзёмка?
— Ну. А яшчэ Аўгіння мамку завуць.
Чутно было, Рыбак пацягнуўся за сталом, мусіць, каб узяць новую бульбіну, затупаў на падлозе ботамі. Размова на які час замоўкла, але потым азваўся цішэйшы, з прытоенай цікаўнасцю голас дзяўчынкі:
— Дзядзька, а вы парцізаны?
— А табе нашто ведаць? Малая яшчэ.
— А вот ведаю, што парцізаны.
— Ведаеш, дык маўчы.
— А таго дзядзьку, мусіць, ранілі? Ага?
— Ранілі ці не — аб тым ні гу-гу. Паняла?
Дзяўчынка памаўчала, Рыбак гучна хрупаў гурок.
— Я па мамку збегаю, добра?
— Сядзі і не рыпайся. A то яшчэ наклічаш якую халеру.
— ...Халера на іх! Людзі мы ці...
— Былі людзі...
Але гэта ўжо не цяперашняе — гэта голас з мінулага. Свядомасць яго яшчэ спраўляецца адзначыць амаль няўлоўны пераход у забыццё, і далей ужо Сотнікаў бачыць таго незнаёмага, параненага ў нагу лейтэнанта, які ледзьве шкандыбае ў калоне, апіраючыся на плячо таварыша. У лейтэ-
нанта яшчэ забінтавана галава. Бінт стары, брудны, са счарнелаю карыной крыві над скроняю; ссохлыя вусны і нядобры ліхаманкавы бляск у счырванелых вачах надаюць яго схуднеламу твару нейкі напаўвар'яцкі выгляд. Ад параненае яго нагі ідзе гэткі смурод, што Сотнікава ажно блажыць; саладкаваты пах гнілі атручвае паветра. Іх гоняць калонай у лес — рэдзенькі саснячок пры дарозе, пад нагамі перасыпаецца белы пясок з ігліцай, няшчадна пячэ паўдзённае сонца. Конныя і пешыя немцы ідуць абапал калоны.
Кажуць, гоняць расстрэльваць.
Яно падобна на праўду — тут тыя, каго адабралі з усёй тысячнай масы ў шталагу: палітработнікі, камуністы, яўрэі і розныя іншыя, што выклікалі чымсь падазрэнне ў немцаў. Сотнікава паставілі сюды за няўдалыя ўцёкі. Мусіць, там, на пясчаных пагорках, у хвойнічку іх і расстраляюць, яны ўжо адчуваюць гэта па тым, як, збочыўшы з дарогі, сабраліся, гучней загаркалі іх канваіры — пачалі збіваць у адзін гурт калону. На пагорках, бачна было, стаялі і яшчэ салдаты, мабыць, чакалі, каб арганізавана зрабіць сваю справу. Але, відаць, здараюцца непаладкі і ў немцаў. Калона яшчэ не дайшла да пагоркаў, як канваіры нешта загергеталі з тымі, што былі на лясным ускрайку, спыніліся і падалі каманду ўсім сесці на дол — як гэта звычайна рабілі, калі трэба было затрымаць калону. Палонныя паселі — цесненька, як і ішлі, на спякоце — і пад рулямі стрэльбаў сталі чагосьці чакаць.