Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
Рыбак на поўныя трудзі выдыхнуў, а Сотнікаў, мусіць, таму, што нейкі час таксама перацінаў дыханне, пачаў глуха кашляць.
Хвіліну яго неадчэпна біў кашаль, як ён ні зацінаў яго ў грудзях, услухоўваючыся, ці не пачуюцца стрэлы яшчэ. Праўда, і без таго было ўжо зразумела, чый гэта стрэл,— хто ж яшчэ, апроч немцаў і іх прыслужнікаў, мог па такім часе страляць у вёсцы?
Стрэлаў, аднак, больш не было, разы два данеслася па ветры нешта падобнае на голас — размова ці вокліч, не разабраць,— і Рыбак вылаяўся:
— Стараюцца, сволачы. Для вялікай Германіі.
Яны яшчэ пастаялі трохі, услухоўваючыся ў ветраную ціш, занепакоеныя пытаннем: што рабіць далей, куды па-
дацца? Рыбак усё ўзіраўся туды, дзе ў змроку знікала дарога, а Сотнікаў адвярнуўся ад ветру і дробненька ціха калаціўся: яго біла дрыжака.
— Значыць, туды не паткнуцца,— рашыў Рыбак і патаптаўся на рыпучым снезе.— Як ты, нічога? Мо давай лагчынкай пройдзем? Тут недзе за кустамі павінна быць яшчэ вёсачка.
— Давай,— знарок абыякава цепнуў плячом Сотнікаў. Яму сапраўды было ўсё роўна, абы толькі не стаяць на марозлівым ветры і мець у надзеі хоць які-небудзь агеньчык, які б свяціў наперадзе. Пачуцці яго тупелі, засцілаліся прывіднай смугой, па-ранейшаму кружылася ў галаве. Усе яго намаганні ішлі на тое, каб не спаткнуцца, не ўпасці, бо тады ён наўрад ці падняўся б.
Яны збочылі з дарогі і пайшлі па снегавым цаліку туды, дзе шырокім лапікам цьмеў уночы хмызняк. Снег на касагорыне спярша быў неглыбокі, па костачкі, але чым далей, тым большаў, асабліва ў лагчынцы. Праўда, лагчынка выдалася нешырокая, яны хутка перайшлі яе і падаліся ўздоўж паскі хмызу, блізка, аднак, не падыходзячы да яго. Сотнікаў тут ішоў упершыню, нічога не ведаў і спадзяваўся на Рыбака, які тутэйшыя месцы аблазіў яшчэ ўвосень, без следу, калі іхні атрад толькі збіраў свае сілы ў Гнілым балоце. Пачаўшы з невялікай дыверсіі на дарозе, гэты атрад потым перайшоў да больш рызыкоўных спраў — узарваў мост на Іслянцы, спаліў ільнозавод у мястэчку, але пасля забойства нейкага важнага чыноўніка з Германіі немцы раз’юшыліся. У канцы лістапада тры роты жандараў абкружылі Гнілое балота і пачалі аблаву, з якой яны ледзьве вырваліся тады ў суседні Баркоўскі лес.
Сотнікаў у той час быў далёка адсюль і наўрад ці думаў пра партызан — ён лічыў сваім абавязкам прабіцца да фронту. Дванаццаць сутак ён прабіраўся з-пад Слоніма ад рэчкі Шчары з невялічкаю групкай хлопцаў-артылерыстаў, што ўцалелі з усяго некалі магутнага артылерыйскага палка. Але на Бярэзіне ў часе пераправы яны ледзь не ўсе былі расстраляны з засады, а хто ўцалеў або не пайшоў на дно, апынуўся ў палоне ў немцаў.
To былі харошыя хлопцы, яго выхаванцы: наводчыкі Токараў і Галаўня, узводны малады лейтэнант Конкін, ягоны старшы на батарэі, з якім яны цэлы год на выдатна выконвалі ўсе батарэйныя стрэльбы. Менавіта гэтаму Конкіну ён абавязаны палавінай свайго даваеннага поспеху і найперш значком «За выдатную артылерыйскую стральбу» — прадметам яго сціплага гонару. Так, харошая была батарэя, колькі падзяк ад начальства вісела на яе стэндзе ў ленінскім пакоі — за агнявое майстэрства, за розныя іншыя поспехі ў баявой падрыхтоўцы.
А на вайне ўсё склалася інакш. Сталася так, што ў іх распараджэнні асталося некалькі лічаных секунд, і найбольшую карысць прынеслі тыя, хто не разгубіўся, спрытней управіўся зарадзіць, хто проста аказаўся дужэйшы...
Рыбак даволі ўпэўнена крочыў наперадзе, трымаючыся бліжэй да лесу. Снег тут быў неглыбокі, растаптаныя буркі Сотнікава, што нядаўна дасталіся яму ад забітага партызана з мясцовых, роўна шорхалі па снегавой замеці. Добра яшчэ — цяпер ім трэба было ісці ўніз, вецер заходзіў з плячэй, месячык цьмяна свяціў у небасхіле. Па-ранейшаму было дужа марозліва і сцюдзёна, ажно сцялася, здранцвела ўсё ўсярэдзіне. Здаецца, ніколі ў жыцці Сотнікаў так не пакутаваў ад сцюжы, як у гэтую ноч. Ад стомы і аднастайнага шорхання ног у голаў яго лезла мешаніна выпадковых вобразаў, напаўзабытых твараў, нават асобныя сцэны-прывіды мільгалі ўваччу, і ён ужо не мог вызначыць — былі гэта ўспаміны ці здані. Магчыма таксама, што гэта ўзнаўлялася перажытае ім, яго былое, якое цяпер здавалася прывідам, так яно было мала падобнае на звыклае, рэальнае жыццё.
Найгоршае для Сотнікава было ў тым, што гэта быў яго першы і яго апошні франтавы бой, да якога камбат рыхтаваўся, мабыць, з таго першага дня, калі яго прызвалі на службу. Паслухмяная яму, чакала ягоных каманд грозная тэхніка, былі снарады, напагатове ехалі натрэніраваныя за шмат месяцаў гарматныя разлікі, наперадзе рухалася баявая ахова — усё як і належыць паводле баявых статутаў... Тое ўспаміналася цяпер Сотнікаву, як страшны прывідны сон, і хоць і пасля на яго долю выпала нямала цяжкіх баёў,
той першы яму немагчыма забыць ніколі. ...Яны былі ў руху чацвёрты дзень. Чацвёрты дзень даўжэзная калона артпалка кідалася па лясных дарогах то на паўднёвы захад, то на поўдзень, адзін раз яе нават павярнулі ледзь не ў тыл, на поўнач. Трактары сваім несціханым ровам аглушалі наваколле, ад перагрэву кіпела вада ў радыятарах, пыл і пот сляпілі вочы байцоў. 3 самага ранку да цямна над імі вісела нямецкая авіяцыя, «юнкерсы» бясконца сыпалі на іх фугасныя бомбы, усё было закідана пяском, смярдзюча гарэлі цягачы, цэлыя аб’язджалі іх — калона не спыняла руху. Байцы са станін і трактароў бязладна лупілі ўгору з вінтовак, але карысці ад тае стральбы было мала. Яны нават не прымушалі самалёты падняцца вышэй, і тыя насіліся над дарогай, ледзь не кранаючы верхавіны прысадаў. Сотнікаў сядзеў на галаўным трактары і як збавення, як самага вялікага шчасця чакаў каманды збочыць з гэтай праклятай дарогі, развярнуцца і з ячэйкай кіравання выйсці насустрач немцам. Тады ўжо ён бы абрушыў на іхнія галовы такое, чаго ім і не снілася. Але не было каманды спыніцца, полк усё ехаў і ехаў, і кожныя дзве гадзіны над ім разгружаліся нахабныя «юнкерсы», ад якіх уся гэта наземная агнявая магутнасць была безабаронная.
Так настала апошняя ноч іхняга крывулістага блукання па заходнебеларускіх дарогах.
Полк быў ужо далёка не той, што ў пачатку, некалькі разлікаў загінула, у яго батарэі амаль прамым пападаннем пакарэжыла і скінула з дарожнага насыпу гармату. Праўда, тры аставаліся спраўныя, хіба што з падзёўбанымі шчытамі, з пасечанай гусмацікай колаў, з безліччу асколачных адмецін на ствалах і станінах. У другой гаўбіцы пацёк прабіты накатнік. Чацвёра забітых батарэйцы вязлі ў прычэпе на скрынках снарадаў, сямёра параненых адправілі ў тыл. Зрэшты, гэта былі не найбольшыя страты — іншым батарэям дасталася горш. Палкавая калона пакарацела ледзь не напалавіну, некалькі цэлых гармат асталося на дарозе: былі пашкоджаны трактары. Цяпер амаль усю ноч ехалі на ўсход, і гэта было кепскай прыкметай: камандзіры са штаба пагаворвалі пра акружэнне, яно і сапраўды падобна было на тое. Байцы
не спалі чацвёра сутак, некаторыя, седзячы на станінах, крыху прыдрамалі пад ранак — ноч была самай спакойнай парой, калі б не гэтая няпэўнасць у абставінах, якая чорнаю плахай вісела над кожным. Перад світаннем ненадоўга спыніліся ў нейкай вёсачцы, насустрач ішлі пехацінцы; непадалёк, відаць было ўначы, запаленае авіяцыяй, нешта гарэла яркім, на паўнеба, полымем — пяхота казала, станцыя. Ніхто не тлумачыў нічога, але людзям неяк само сабой перадалося, што зусім блізка немцы. Неўзабаве камандзір палка маёр Парахневіч павярнуў калону на бакавую, абсаджаную вербамі, дарогу. Паехалі кудысь на поўдзень. Ноччу было спакойней без авіяцыі, затое яны былі сляпыя і глухія — за ровам трактароў нічога не было чуваць, а ў летняй цемры не шмат што ўбачыш. На самым світанні Сотнікаў, не ўтрымаўшыся, трохі задрамаў на сядзенні, як раптам штось здорава грымнула на ўзбочыне. Ён тут жа прахапіўся, «Камсамолец» праваліўся правай гусеніцай, камбата абдало зямлёй і гарачаю хваляй выбуху. I тут пачалося.
Якраз світала, за вербамі добра сінеў край неба і шарэла аўсянае поле, а аднекуль спераду, з галавы калоны, іх пачалі расстрэльваць танкі. He паспеў ён саскочыць з трактара, як побач загарэўся цягач трэцяй батарэі, намёртва села ў варонку гаўбіца. Праз перуны выбухаў ён скамандаваў развярнуцца ўправа і ўлева, але не так проста было вывернуцца з цяжкімі гарматамі на вузкай дарозе. Другі разлік вёртка кінуўся з дарогі ў авёс і тут жа атрымаў два снарады ў бок, гармата завалілася, задраўшы ўгору кола.
Ранак асвяціўся полымем, прысады заслаў саляравы дым — танкі расстрэльвалі полк на дарозе.
Гэта было найгоршае, што магло здарыцца з імі: уся іх агнявая сіла прападала нявыкарыстанай. Зразумеўшы, што ім адведзены толькі секунды, Сотнікаў з байцамі як-колечы развярнуў апошнюю ўцалелую гармату проста на бруку і, не ўпёршы станін, ледзьве паспеўшы садраць чахол са ствала, паслаў цяжкі снарад у бок ворага. Спярша нельга было і згледзець, дзе тыя танкі; галаўныя ў калоне машыны гарэлі, уцалелыя байцы беглі назад, дым і пакарэжаныя трактары
на дарозе не давалі прыцэліцца. Але неўзабаве між вербаў ён убачыў першы нямецкі танк, які пёр за канавай і, збочыўшы ствол гарматы, гахаў і гахаў стрэламі наўскасяк па калоне. Сотнікаў адштурхнуў наводчыка (гармата была ўжо зараджана), дрыготкімі рукамі давярнуў таўшчэзны гаўбічны ствол і ўрэшце злавіў гэтае яшчэ цьмянае ўранку страшыдла на перакрыжаванне панарамы.
Стрэл яго грымнуў, як удар грому, гармата здорава аддала назад, балюча ўдарыла панарамай у скулу, у доле з-пад незамацаваных сашнікоў пырснуў сноп іскраў ад бруку, адна станіна ўрэзалася сашніком у броўку канавы, другая асталася на дарозе. Праз пыл, узняты стрэлам, ён яшчэ не паспеў што згледзець, але пачуў, як радасна закрычаў наводчык, і зразумеў, што папаў. Ён тут жа зноў кінуўся да панарамы — амаль закрываючы сабой усё яе шкло, за дарогай сунуўся другі танк; камбат скіраваў гаўбічны ствол яму проста ў лоб — так блізка той здаваўся ў оптыцы,— крыкнуў: «Агонь!» Замковы зрэагаваў у час, стрэл зноў аглушыў, але гэты раз ён паспеў адхінуцца і за пылам ад стрэлу ўбачыў — тое, што за секунду да таго было танкам, хруснула, нібы шкарлупіна ад яйка, і ад нутранога магутнага выбуху буйнымі часткамі разляцелася ў бакі. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі.