Поўны збор твораў. Том 3 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 3

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 656с.
Мінск 2005
171.74 МБ
— Сволачы! — вылаяўся Рыбак.
За ім на чысты снег падворка выйшаў Сотнікаў, самотна пастаяў крыху і адышоўся да студні. Калодзеж, здаецца, тут быў адзіным, што збераглося ад пажару. Цэлы быў і журавель, высока задраны вочап якога ціха пагойдваўся на ветры.
Рыбак сюды-туды пахадзіў па падворку, пнуў ботам парожняе дзіравае вядро, што валялася доле, пакратаў вобад паўзамеценага снегам паламанага кола. Болей тут не было чым пажывіцца: тое, што не знішчыў агонь, мусіць, падабралі людзі. I нікога ўжо тут не было, нават не асталося слядоў чалавечых ног, адно толькі воўчыя чарнеліся побач за плотам — мусіць, воўк таксама меў нейкія свае надзеі на хутар. Зразумеўшы, урэшце, што трэба шукаць новае выйсце, Рыбак вярнуўся да студні.
— Ну, што ты на гэта скажаш?
— Выдаў нехта. Ведама — пры лесе,— сіпата азваўся ля студні Сотнікаў і, зябка адхінаючыся ад ветру, бокам прысланіўся да зруба. У ягоных грудзях штось ціхенька рыпела, як у сапсутым гармоніку. Рыбак, памаўчаўшы, запусціў руку ў кішэню шыняля і там пад патронамі і рознай драбязой набраў жменю паранага жыта — рэшту таго, што асталося з яго сённяшняй харчовай нормы.
— Хочаш?
Без асаблівай гатоўнасці Сотнікаў працяг руку, у якую Рыбак адсыпаў з свае жмені. Абое моўчкі пажавалі сцюдзёнай паранкі.
— Падрубалі, называецца!
Рыбак разумеў, што пачынала ўсур’ёз не шэнціць, другая гэта няўдача злосцю і раздражненнем азвалася ў яго пачуццях. I не так важна было, што самі асталіся галодныя,— болей прыгнятаў успамін пра тых, на балоце, што гібелі цяпер на сцюжы і чакалі іх з якім-ніякім харчам. За тыдзень баёў і беганіны ў лясах людзі надта прыбіліся, згаладнелі, з’явіліся параненыя, траіх няслі з сабой на насілках. А тут карнікі абклалі так, што нідзе не праткнуцца, толькі вось гэты краёчак балота і аставаўся яшчэ не закрыты. Але сюды далёка не сунешся — праз тры кіламетры мястэчка з гарнізонам, патрулі на дарогах, паліцыя, і да таго ж бязлессе — туды ім дарогі няма. Дажаваўшы ўсё са жмені, Рыбак азірнуў напарніка.
— Ну, як ты? Калі надта кепска, топай назад. Я, можа, куды ў вёску падскочу.
— Адзін?
— Адзін, а што? He вяртацца ж з пустымі рукамі. Сотнікаў памаўчаў, нястрымна скалануўся ад сцюжы — на месцы пачаў прабіраць мароз. Яму было холадна, усё нутро сцялася ў ледзяной знямозе. Каб захаваць рэшткі цяпла, ён глыбей насунуў на вушы пілотку і шчыльней захінуўся ў шынелак.
— Што ты шапкі якой не дастаў? Хіба сагрэе гэта аблавушка? — з папрокам сказаў Рыбак.
— Шапкі ж не растуць у лесе.
— Затое ў вёсцы ў кожнага мужыка шапка.
Сотнікаў адказаў не адразу.
— Што ж, з мужыка здзіраць?
— Абавязкова здзіраць? Можна і яшчэ як.
— Ладна, пайшлі! — абарваў размову Сотнікаў.
Яны рушылі ад студні і праз праломіну ў плоце выйшлі ў поле. Сотнікаў ураз ссутуліўся, глыбей уцягнуў у каўнер маленькую, у пілотцы, галаву. На хадзе ўжо Рыбак выдзер аднекуль з-за пазухі замусолены вафельны ручнічок і павярнуўся да Сотнікава:
— На, абматай шыю. Цяплей будзе.
— Ды ладна.
— На, на. Ён, знаеш, як шалік грэе,— настойваў Рыбак, трымаючы ў выцягнутай руцэ ручнічок, канцы якога адразу заматляў вецер. Сотнікаў прыпыніўся, заціснуў між каленаў вінтоўку і змёрзлымі нягнуткімі пальцамі тоўста і нязграбна абкруціў прастуджаную шыю.
— Во і харашо. Давай ірванём у Азярышча. Тут недалёка, вярсты дзве. Што-небудзь расстараемся, не можа быць...
2
У полі было куды халадней, чым у лесе. Насустрач дзьмуў пругкі, не моцны, але даволі марозлівы вецер, ад яго болем заходзіліся азызлыя без рукавіц рукі — як Сотнікаў ні хаваў іх то ў кішэні, то ў рукавах, то за пазухай — усё роўна мерзлі. Памарозіцца было надта проста, асабліва твар, ды і рукі; за ногі ён быў спакайнейшы — ногі на хадзе грэліся. Праўда, на
правай адняліся, не чуваць сталі два пальцы, але яны адымаліся заўжды ад сцюжы і звычайна балелі ў цяпле. Тым не менш на холадзе ныла ўсё яго прастуджанае цела, якое сёння пачало яшчэ і ліхаманіць.
Добра хаця, што снег у полі быў цвёрды або неглыбокі — яны ішлі амаль скрозь па версе, толькі мясцінамі правальваліся то адной, то другой нагой, ламаючы зацвярдзелую ад марозу скарынку. Кіравалі па быльняжку па-над узмежкам — з касагору ўніз. Ззаду са змроку валакліся два шнуркі іхніх слядоў. У полі было відней, чым у лесе, шэры прывідны змрок расхінаўся шырэй, наўкола ў доле трымцелі на ветры змёрзлыя калівы быльнягу, там-сям чарнелі адзінокія палявыя дрэўцы. Праз чвэрць гадзіны наперадзе, мусіць, у лагчынцы, зашарэла нейкае кустоўе — лаза ці які хмызняк па-над рачулкай.
Па праўдзе кажучы, Сотнікаў адчуваў сябе вельмі кепска: пачынала кружыць галава, часам нават штосьці правальвалася — знікала ў памяці, і тады на кароткі час ён забываўся, дзе ён і куды ідзе. Мусіць, сапраўды трэ было вярнуцца або лепш зусім не патыкацца з лесу, ды ён проста не верыў, што можа захварэць. Яшчэ чаго не хапала на вайне — хварэць! Ніхто ў іх не хварэў так, каб вызвалялі ад заданняў, ды яшчэ такіх простых, як гэта. Кашлялі, прастуджваліся многія, але прастуда не лічылася за сур’ёзную хваробу. I калі там, ля кастра на балоце, камандзір назваў яго прозвішча, ён быў гатовы, a калі даведаўся, што па харч, дык аж узрадаваўся, бо быў, як і ўсе, згаладнелы, хацеў пад’есці, да таго ж — вабіла магчымасць пагрэцца якую гадзіну ў хатнім цяпле.
Ды во, пагрэўся.
У лесе было лепш, а тут, на ветры, ён адчуў сябе зусім блага і аж спалохаўся, што можа ўпасці, так кружылася ў галаве; ад слабасці заносіла ў бакі. Рыбак наперадзе рупна шастаў ботамі ў снезе; увесь час ён нецярпліва імкнуўся наперад, і Сотнікаў адставаў. У грудзях яго рабілася горача, спіна між лапатак макрэла ад сцюдзёнага поту, і ён думаў — хаця б абысціся без запалення лёгкіх.
— Ну, як ты?
Рыбак прыпыніўся, прычакаў яго, і ад гэтай кароценькай
увагі і пытання, на якое не абавязкова было і адказваць, у Сотнікава на момант пацяплела ў душы. Сотнікаў адчуваў, як проста было ператварыцца з напарніка ў абузу, і найбольш асцерагаўся менавіта таго, хоць і ведаў, што,калі здарыцца найгоршае — выйсце для сябе знойдзе сам, не абцяжарыць нікога. Нават і Рыбака, на якога, здаецца, можна было спадзявацца. Пасля нядаўняга пераходу шашы, калі ім давялося прыкрыць рэшткі іх групы, яны неяк паволі зблізіліся і ўсе апошнія цяжкія дні трымаліся разам. Мусіць, таму разам трапілі і на гэта заданне.
— Вось цераз нізінку пратопаем, а там за ляском вёска. Недалёка ўжо, — зноў падбадзёрыў Рыбак, стоячы да яго бокам, — чакаў, каб пайсці поплеч. Сотнікаў дагнаў яго, і яны разам пайшлі па схіле ўніз. Снег тут стаў рыхлейшы, чым на бугры, ногі часцей бухалі, ламалі цвёрды пласт; маладзічок цяпер блішчаў за іх спінамі. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Рыбак зблізку неяк уважліва паглядзеў на сябра.
— У арміі кім быў? Мабыць, не радавым, га?
— He, не радавым. Камбатам.
— У пяхоце?
— У артылерыі.
— Мусіць, мала хадзіў? А я, брат, у пяхоце ўсю дарогу топаю.
— I далёка пратопаў? — запытаў Сотнікаў, успамінаючы сваё адступленне на ўсход. Але Рыбак зразумеў гэта інакш.
— Ды во, як бачыш. Ад старшыны да радавога дайшоў. А ты, мабыць, кадравы?
— He, не кадравы. Да трыццаць дзевятага настаўнікам рабіў.
— Інстытут скончыў?
— Настаўніцкі. Двухгадовы.
— А я вось пяць класаў. I то хоць бы...
Ён не дагаварыў — раптам праваліўся абедзвюма нагамі, нягучна вылаяўся, узяў трохі ўбок. Тут пачынаўся хмызнячок, лазняк, снег стаў рыхлы і амаль ужо не трымаў навер-
се; пад нагамі, здаецца, было балота. Сотнікаў нерашуча спыніўся, не знаючы, куды ступіць.
— А ты за мной. Па маіх слядах трымай. Тут нямнога ўжо,— сказаў зводдаль Рыбак і, ямчэй паддаўшы на плячы вінтоўку, даволі рашуча зашыбаваў праз хмызняк, разграбаючы ботамі снег. Сотнікаў пахіснуўся, не трапіўшы ў ягоны след, але таксама палез у кустоўе.
Некалькі хвілін яны прадзіраліся так у хмызняку; збоч са снегу тырчала сухое трысцё, якое ціха і нудна шархацела на ветры. Неўпрыкмет перайшлі замёрзлую, засыпаную снегам рачулку і зноў пайшлі поплавам, грузнучы нагамі ў рыхлым глыбокім снезе. Сотнікава апаноўвала санліва-знямоглая абыякавасць да ўсяго на свеце. Толькі намаганнем волі ён прымушаў сябе ісці, не спыніцца і не ўпасці — у вушах са звонам гудзела — ад ветру ці, можа, ад стомы.
Урэшце яны выбраліся з кустоўя, але наперадзе іх чакаў пагорак, і на яго шырокім некрутым схіле Сотнікаву стала і зусім кепска: млелі ногі. Добра, што снег тут памялеў, a сям-там яго і зусім не было, пад падэшвамі мулялі пыльныя цёмныя плешыны. Рыбак далёка выскачыў наперад і доўга шыбаваў па касагоры, мусіць, каб выбрацца на хрыбціну пагорка і агледзецца. Але, яшчэ не ўзабраўшыся на яго, ён спыніўся. Сотнікаў падумаў, што той нешта ўбачыў — мусіць, недалёка ўжо была вёска. Снегавы пагорак, над якім вісела прысмужанае зорнае неба, крута задзіраўся ўгору і знікаў у туманным змроку. Ззаду ж шырока разлеглася шэрая роўнядзь поплаву — з кустоўем, нейкімі невыразнымі плямамі, няпэўнымі ў змроку расплывістымі ценямі, а яшчэ далей, амаль не праглядваючыся, цьмеў дзесьці лес, з якога яны ішлі. Ён быў далёка, той лес, а наўкола стыла на марозе чыстае поле — калі што, тут падмогі ніадкуль не будзе.
Рыбак усё чакаў, і Сотнікаў з гарачнаю задышлівасцю дашкандыбаў да яго, ужо не пільнуючыся следу,— ступаў абыкуды, толькі б не ўпасці. I тады, падышоўшы, згледзеў: Рыбак стаяў на дарозе.
Яны не сказалі адзін аднаму нічога, толькі ўслухаліся, паўзіраліся і памалу пайшлі ўгору — адзін па правай, а другі па левай каляіне. Дарога, напэўна, вяла ў вёску, значыць —
яшчэ можа пашчасціць дапнуцца да яе, не зваліцца ў хадзе, думаў Сотнікаў, і тады ўжо будзе відаць, як і што рабіць далей.
Неўзабаве яны выйшлі на вяршыню пагорка. Наўкола мроіўся начны прывідны прастор: шэрань, снег, суцемак з мноствам няўлоўных пераходаў, паўценяў і плямаў, і нідзе не было ні агеньчыка, ні руху — змоўкла, замерла, стаілася зямля. I не дай бог у такі час напаткаць тут людзей — людзі не прынясуць ім удачы, не тых людзей можна цяпер чакаць на дарозе.
— Ціха!
Рыбак ступіў і спыніўся, звыкла рыпнула і сціхла пад яго ботамі, знерухомеў і Сотнікаў. Аднекуль з таго боку, куды ішла дарога, данёсся крык, абрывак нейкага голасу — вырваўся ў марозную ноч і прапаў. Яны ўгледзеліся ў прыцемак — недалёка наперадзе, крышку ў лагчынцы, пэўна, была вёска — паласа чагось нагрувашчанага мякка шарэла ў снегавым змроку. Але нічога пэўнага там нельга было ўбачыць, як нельга было зразумець, ці то быў крык, ці, можа, ім здалося. Наўкола свістаў-шархацеў па снежным полі вецер, ноч ляжала нямая, як сон. I раптам куды ўжо выразней да іх даляцеў чалавечы выкрык-каманда ці, можа, лаянка, а потым, бурачы ўсе сумненні, удалечыні бахнуў і рэхам раскаціўся па полі стрэл.