Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Дай.
— He «дай», а «на»,— сказаў ён і марудліва павярнуўся да яе.
Вострыя настырчаныя бугаркі пад яе волглаю курткай, аднак, прымусілі яго нахмурыцца і сцяць вусны. Яна, тут жа заўважыўшы гэта, згрэбла на грудзях складку і адцягнула яе ад цела. Пасля кароткага вагання ён узяў ражок вінкеля і дужа рвануў. Каб не пакідаць следу, скамечыў усё разам і сунуў у шчыліну пад камень.
— Граціе, спасібо.
— Ты дзе рускай мове вучылася? — запытаў ён.
— Італія. Рома учіль. Лягер руска сіньоріна Маруся учіль. Карашо руска шпрэхен я?
— Харашо,— неахвотна згадзіўся ён.
— Понімаль очен лючше карашо,— здавалася яму, жартоўна ад таго, што яе вочы заўжды смяяліся, пахвалілася яна.
Ён, аднак, думаў пра іншае.
— У Трыест пойдзем. Ведаеш, дзе Трыест?
— О, Тріесте! Італія,— жыва азвалася яна.
— Ведаю, што Італія. А дзе ён, у якім баку? У тым ці ў тым?
Яна зірнула ў адзін бок, у другі і ўпэўнена махнула рукой туды, адкуль узнімалася над гарамі яшчэ нябачнае сонца.
— Туда дорога Тріесте.
«Дарога!» — нявесела падумаў ён. Нішто сабе была дарога — цераз горны масіў Альпаў праз цясніны і рэкі, а галоўнае — праз густа населеныя даліны і ажыўленыя аўтастрады — не блізкі свет гэты партызанскі Трыест, пра які ён нямала начуўся ў лагеры. Але выбар у іх быў небагаты, і калі пашчаслівіла ўжо вырвацца з пекла, дык недарэчна было б ця-
пер даць павесіць сябе пад барабанны бой на чорнай удаўцы.
Таму трэба ісці, лезці, бегчы! He раскісаць, сабраць у сабе ўсе сілы, увесь спрыт, усе здольнасці, перайсці галоўны хрыбет, знайсці партызан — югаслаўскіх, італьянскіх — толькі б стаць у строй, узяць зброю. У тым цяпер была яго мара, высокая справядлівасць ягонага лёсу і ўзнагарода за ўсе пакуты і ганьбу, якія перажыў ён за год палону.
У сырой, змрочнай цясніне было зябка, закалелае за ноч цела даймалі дрыжыкі, хацелася хутчэй да цяпла, на сонца.
Знайшоўшы больш-менш здатнае месца на адхоне, яны палезлі між камянёў угору. Упершыню з часу іхняга спаткання наперадзе лезла яна, ён, крыху адстаўшы, карабкаўся следам, і гэта было падобна на згоду, першы суладны давер між імі.
Схіл тут быў даволі круты, калодкі слізгалі і падалі з яе ног, на сярэдзіне схілу дзяўчына зняла іх, узяла адной рукой і, хапаючыся другой за калючыя, цвёрдыя, як дрот, хамлакі нейкай травы, вёртка, нібы яшчарка, сігала з каменя на камень.
— Руссо,— не спыняючыся, сказала яна,— Ты ест офіцір?
— Ніякі я не афіцэр. Палонны.
— Полённі, полённі. Я понімаль. Кто до война біль?
Ён памарудзіў з адказам. Тое, што яна пачала дапытваць, хлопцу не спадабалася, і ён ваўкавата сказаў:
— Калгаснік.
— Что такое кольгаснік?
— He разумееш, а пытаешся...— неласкава папракнуў ён.— Ну, быццам баўэр. Фарштэй?
— А, понімаль: ляндвіртшафт1?
— Во, во. Колхоз.
— О, я очень люблу кольхоз! — раптам ажыўлена загаманіла яна,— Кольхоз карашо. Ля вораре2 компанія. Отдіх — компанія. Тутто3 компанія. Карашо компанія. Руссо кольхоз
1 Сельская гаспадарка (ням.).
2 Працаваць (im.).
3 Усё (іт.).
карашо экономіко, правільно я понімаль? — запытала яна і азірнулася.
Ён не паспеў адказаць — зрушаныя яе нагамі, уніз пакаціліся камяні, зямля, розная драбнота. Ён ледзьве паспеў адхінуцца ўбок. Яна ўгары засмяялася і бокам прыпала да схілу.
Іван са злосцю шыкнуў:
— Ціш ты!
Яна зноў спахапілася, зацяла рукою рот і азірнулася.
— Пардон.
— Пардон, пардон! Ціха трэба. Чаго рагочаш?
Яе безразважнасць злавала хлопца; мусіць, ён сказаў тое занадта груба, яна стрыкнула брывамі і падцяла вусны.
— Мой імя ест Джулія. Сіньоріна Джулія,— аб’явіла яна.
Ён строга акінуў яе позіркам і сказаў сабе: «Ну і што? Сіньярына!» Гэта было для яго малаважна, асабліва далікатнічаць з ёю ён не збіраўся. А яна, відаць, пакрыўдзілася, змоўкла і таропка палезла ўгору. Іван жа не дужа спяшаўся.
Нізка прыгінаючыся долу, ён шырока ступаў балючымі з учарашняга пальцамі на шурпатыя сцюдзёныя камяні, кідаў спадылба кароткія позіркі на яе ўвішную паласатую постаць і думаў: хто яна? Якая-небудзь еўрапейская гурэн, як іх называюць немцы, беспрытульная бадзяжка мітуслівых італьянскіх гарадоў, бяздумны матылёк з пакалечаным вайною жыццём? Гэта найбольш падобна было да яе, з такім яе гарэзным і, відаць, падкім на прыгоды характарам. Праўда, вінкель у яе быў чырвоны, палітычны, яна нешта там гаварыла пра нянавісць да немцаў, але хлопец не дужа верыў у сур’ёзны грунт яе варожасці да фашыстаў. Магчыма, нехта з іх пакрыўдзіў яе, пасля, вядома, сербанула гора ў лагеры. Але хіба такія доўга памятаюць крыўды? Праўда, ён амаль не ведаў яе, хоць ужо некалькі разоў паспеў пераканацца, якая яна несур’ёзна-бяздумная шмат у чым з таго, ад чаго залежаў лёс іхніх уцёкаў. Вядома, ён разумеў, што ў такім становішчы трэба было быць асабліва пільным і найбольш спадзявацца на самога сябе.
7
Калі яны ўрэшце выбраліся на край камяністага абрыву і, стомленыя, спыніліся, іх позірку адкрыўся амаль што плоскі горны ўхіл, зарослы дробным пакручастым сасоннікам. Пасля мокрай змрочнай цясніны тут здалося надзвычай вольна, прасторна: далёка ўнізе шырока раскінулася даліна, за ёй у бледна-сіняватай смузе млелі хрыбціны суседніх гор.
— Генуг!1 — задыхана сказала яна,— Нэмножко генуг!
Ён моўчкі апусціўся на край каменнай пліты, што тырчала з зямлі, яна бегла глянула ўгору пад суцэлыіае нагрувашчванне гор, даўжэй — уніз, на лясны адхон з частымі плямамі рудой зямлі між сасонак. I ён, пазіраючы знізу, адчуў, як яна нібы за штось зачапілася там сваім позіркам і, замёршы, уважліва глядзела, падкурчыўшы адну нагу. Гэта адразу ўстрывожыла і яго, Іван устаў, угледзеўся — далёка ўнізе між сасняку на прагалах сям-там праблісквалі светлаватыя крывулякі-сцежкі. Гэта несла з сабой новыя клопаты. Ён яшчэ ўгледзеўся, і тады яна, не паварочваючыся, схапіла яго за рукаў, затармашыла, неяк не то ўстрывожана, не то абнадзеена загаварыла:
— Руссо — мэнш, чэлёвэк!
Ён ужо і сам бачыў — па сцяжынцы ўгору нетаропка ішоў чалавек.
Яны ўраз абое прыселі; яна, забыўшыся ўжо на сваю крыўду, запытальна паглядзела ў яго вочы сваімі цёмнымі зрэнкамі, ён жа адвёў убок нахмураны позірк і дастаў з-за пазухі браўнінг. Дзяўчына, відаць, зразумела ягоны намер, і Іван, нічога не тлумачачы, ціскануў ёй плячо: маўляў, сядзі тут. А сам, прыгнуўшыся, шмыгануў у рэдкі сасоннік і, гойдаючы на шляху ніжнія галіны, хутка пайшоў па адхоне, спадзеючыся наткнуцца на сцежку.
Але гэта здарылася куды далей, чым ён спачатку разлічваў.
Стараючыся выбіраць мясціны, дзе сасоннік быў трохі гусцейшы, ён далёка ўжо адышоўся ад цясніны і пачаў думаць, што не трэба было пакідаць яе там, а сцяжынка ўсё не
1 Даволі! (ням.)
паказвалася. У паветры густа пахла хвояй, было ціха; камяністы, засыпаны ігліцаю дол зусім пакалоў ягоныя і без таго навярэджаныя ступні. Неўзабаве з-за блізкае хрыбціны гор выслізнула і пачало прыграваць прамяністае ўранку сонца. Прыпомніўшы ўчарашні клопат, ён шчоўкнуў зажымам браўнінга і з пластмасавай рукаяткі выцяг магазін — там было пяць патронаў, шосты сядзеў у ствале. Гэта трошкі абнадзеіла. Ён падумаў, што, магчыма, ім пашанцуе цяпер на сякуютакую адзежыну, можа, на абутак і нават харчы. Па-ранейшаму дужа хацелася есці, цела прыкметна слабела, і ад думак аб ежы ў рот наплывала сліна, якую ён ледзьве паспяваў глытаць.
Сцяжынка нечакана выслізнула між сасонніку праз дзесяць крокаў наперадзе. Ён ураз спыніўся, зірнуў уніз, угору — нідзе нікога. Тады пастаяў, услухаўся, з бліжняй пакручастай сасонкі пырхнула маленькая куцахвостая пташка, воддаль упала на дол старая шышка, і зноў стала ціха-ціха. Ён пашукаў позіркам якое ўкрыццё і, адышоўшыся, апусціўся на калючы, у рэдкай траве дол за абымшэлым аскалёпкам скалы.
Лежачы ніц, ён чакаў, часта пазіраў уніз, дзе між хваёвых вяршалін праблісквала на заваротцы сцяжынка, і думаў, што зрабіць з чалавекам. Ён не сумняваўся, што па сцежцы ідзе цывільны, што вопратку ён аддасць без супраціўлення — усё ж такі пісталет. Вось толькі што рабіць далей — забіваць бяззбройнага не дазваляла сумленне, пакідаць жа яго тут было амаль самагубствам. Але колькі ён ні напружваў свой не дужа засяроджаны цяпер розум — нічога не мог выдумаць і адчуваў, што гэта дужа кепска, такая няпэўнасць. Аднак было бясспрэчна і тое, што галоўны хрыбет ім не адолець.
Чалавек паказаўся бліжэй, чым хлопец разлічваў. На сцежцы ўнізе неяк раптам з’явілася яго згорбленая пад ношаю постаць, але ён чамусьці не ішоў — ён амаль бег, стомлена, задыхана, і ўсё нешта шныпарыў вачыма па сасонніку, часам азіраўся. Няўжо ён убачыў іх? Іван падабраўся за каменем, сцяўся як мог, каб не бачна было адтуль яго паласатае постаці, і з нечаканаю злосцю вылаяўся ў душы, ад-
чуўшы, як гэта агідна і подла тое, на што ён мусіў цяпер пайсці.
Але так было трэба.
Ён даў чалавеку падысці бліжэй, сам, патроху падцяўшы ногі, паварочваўся за каменем. У рукаве, пачуў, варушылася, бы крапівой пяклася, мурашка. Аўстрыяк, цяжка несучы брызентавы заплечны мяшок, таропка ступаў па сцежцы грубымі, на таўшчэзнай падэшве чаравікамі і ўжо крыху мінаў яго, калі Іван устаў і сігануў на сцежку. Прахожы зараз жа ўчуў, азірнуўся. Гэта быў камлюкаваты, нават тоўсты, гадоў пад шэсцьдзесят стары ў кароткай скуранцы, зялёным цірольскім з барсуковым кутасікам капелюшы і не новых, выпнутых на каленях штанах. Аўстрыец ад нечаканасці лыпнуў вачыма, нешта хутка-хутка загаманіў па-нямецку, замахаў рукамі і сунуўся да хлопца. Іван прыўзняў пісталет.
— Воцу дзі пістоле! Гер гефтлінг!.. Гер гефтлінг! — лапатаў аўстрыец,— Эсэс!1
Іван ураз сцяўся, ён зразумеў, але з усяе сілы не хацеў паверыць, што зноў бяда. Праклятая мурашка разгульвала ўжо між лапатак, толькі хлопец не паварушыўся, каб страхнуць яе,— суровым, зацятым позіркам ён упіраўся ў аўстрыйца.
— Эсэс! Дорт эсэс! Штрэйфе!2 — даводзіў чалавек. Ён быў усхваляваны, пот цурком ліўся па яго немаладым ужо, азызлым твары, у грудзях, нібы гармонік, дыхавічна рыпела і свістала на ўсе лады.
Іван азірнуўся і прыкусіў вусны.
— Дзе эсэс?
— Дорт! Дорт! Іх мехтэ інен гут махен3,— махаў рукой аўстрыяк, трымаючыся другой за лямку мяшка.
— Ду найн люген?4
— О, найн, найн! Іх бін гутэр мэнш!5 — горача гаманіў ён