• Газеты, часопісы і г.д.
  • Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

    Поўны збор твораў. Том 4

    Аповесці
    Васіль Быкаў

    Памер: 600с.
    Мінск 2006
    157.84 МБ
    Як заўсёды, у першай з’яве гэтага сну была буйным планам сцяна абшарпанай украінскай мазанкі, на рагу якой вугалем значылася «гасп. Аляксеева» і пад ім — стрэлка, кірунак да гэтай гаспадаркі. Надпіс той быў, вядома, месячнай даўнасці, калі армія яшчэ наступала на Зміеў у абход Харкава,— цяпер жа ўся маса войск рухалася ў адваротным кірунку. Уначы тапілі ў рацэ цягачы, для якіх не было бензіну, раскідвалі па полі паразбіраныя гарматныя замкі, палілі ў садку штабныя паперы. На світанні ў гэтым двары, ля якога прытуліліся яны, пасля кароткай афіцэрскай нарады заст-
    рэліўся палкоўнік, што камандаваў групай акружаных. Іхняй роце загадалі прыкрыць адход, і трое байцоў з панылым лейтэнантам ля крайняй гэтай хаціны выкапалі ўранку вузенькі акоп-ровік.
    Гэта з таго, што было і запомнілася на ўсё жыццё. Але цяпер, у пакутным чадзе сну, палкоўнік той жыў, кідаўся па двары з планшэтам у руках і лаяў Галадая, які з чарнаморскага марака стаў камандзірам роты аўтаматчыкаў. Яшчэ невядома, чаму з ім, сяржантам Цярэшкам, у раўку сядзіць не Абдурахманаў, баец з іхняй разбітай батарэі, што амаль ніводнага слова не разумеў па-руску, а флюгпункт Срэбнікаў. Гэты дахадзяга Срэбнікаў замест таго, каб ладзіць да бою свой кулямёт, нямецкім цесаком ліхаманкава сашкрабае з гімнасцёркі свае флюгпунктаўскія мішэні і ўсё бурчыць сам сабе: «Ні кроку назад! Hi кроку назад!..» I разам з тым — зусім рэальны малюнак таго даўняга ранку: у ясным вясновым небе нараджаецца сонечны дзень, ад мазанкі наўкос цераз дарогу разлёгся сіняваты прахладны цень, пад плотам, асыпаючы долу расу, дрыжыць крапіва, быльнёг і гэтак жа дробненька трымціць, вібрыруе надзеты на калок гарлач. А за аколіцай па гасцінцы ў сяло ідуць танкі. Яны вось-вось павінны паявіцца з-за гэтае мазанкі, а Іван Цярэшка ніяк не можа ўставіць у гранату запал. 3 усяе сілы ён пхае яго пальцамі, але маленькі жоўты цыліндрык, быццам знарок зроблены таўсцейшым, чым трэба, ніяк не лезе ў адтуліну. Цярэшка нервуецца, спяшаецца, рызыкуючы падарвацца, б’е па ім кулаком, а калі спахопліваецца, дык бачыць, што ў акопе ён застаўся адзін, што ўсе таварышы пакінулі яго. I тады аднекуль прыходзіць разуменне, што яму трэба ўцякаць, што ён недачуў каманды на адыход. Іван кідаецца грудзьмі на бруствер, зрушваючы зямлю, стараецца вылезці з акопа, але налітыя незразумелым цяжарам ногі не слухаюцца яго, і ён спаўзае назад.
    А танкі — побач.
    Спалоханы іх грукатам, аднекуль з гародаў шугае ў паветра вялізны, на гіаўнеба, статак вераб’ёў, у суладным сваім палёце ён імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі, і тады з-за хаты, разрыўшы на павароце зямлю, высоўваецца танк.
    Іван разумее, што ўцячы не ўдасца, неяк самлела размахваецца і кідае на дарогу гранату. Але граната чамусьці не рвецца, а падскоквае і сіпіць паміж дзвюх каляін, і танк вось-вось аб’едзе яе. Івану робіцца страшна. У гэты час з танка заўважаюць акоп пад сцяной, крутнуўшыся на адной гусеніцы, танк збочвае, і тады невымоўны жах працінае Цярэшку: аказваецца, гэта ж свой танк — нашая «трыццацьчацвёрка».
    Іван на секунду млее ад таго, што ён нарабіў, затым, крутнуўшыся, кідаецца назад і ледзьве не натыкаецца тварам на шырокі блішчасты нажавы штык, настаўлены ў яго — немец імгненна робіць кароткі выпад, і штык мякка, нібы штосьці чужое, пранізвае ягоныя грудзі. Іван ведае, што гэта канец, што ён забіты, і аж захлынаецца ад роспачы, хоць болю чамусьці зусім не адчувае.
    Звычайна тут ён прачынаецца ад неадольнага страху, але ў гэты раз свядомасць яго існуе нібы асобна ад цела, яна абнадзейвае, што гэта яшчэ не ўсё, што наперадзе будзе яшчэ палон, уцёкі,— таму ён не можа загінуць, нават і прабіты штыком.
    Сонныя гэтыя прывіды неўпрыкмет змяняюцца іншымі. Ён ужо апынаецца ў вёсцы, у сваіх Цярэшках, на старажытнай зямлі крывічоў, і быццам гэта адбываецца да вайны, нават да яго прызыву на службу. Паколатай авечымі капытамі, гразкай вуліцай ён бяжыць на аселіцу да калгаснага свірна, куды, ведае, прыгналі са звязанымі рукамі Галадая і з ім яшчэ некалькі знаёмых гефтлінгаў. У Івана разрываецца сэрца ад крыўды і ад бегу, здаецца, што ён спозніцца і не дакажа людзям, што нельга спаганяць злосць на палонных, што палон — не віна іх, а няшчасце, што не яны здаліся ў палон, а іх узялі сілаю.
    Але ён не дабягае да аселіцы. Босыя ногі яго вязнуць у цяжкай, ліпкай гразі, ён ледзьве варушыць імі, таксама як і рукамі і ўсім целам, і бяжыць, нібы ў вадзе, марудна і цяжка. Выбіраючы дарогу, ён збочвае да плота і раптам бачыць на ім нечыя галянастыя босыя ногі. Ён ускідвае галаву: на верхняй жэрдцы сядзіць незнаёмая, першы раз бачаная ім дзяўчына з чорнымі, высока ўскінутымі брывамі, у бялюткім
    як снег плацці. Яна зіхатліва-радасна ўсміхаецца яму чорнымі, нібы спелыя слівы, вачыма і кажа: «Чао, Іван!»
    I ён спыняецца, раптам забыўшыся на хлопцаў і на ўсё на свеце, ён рады, шчаслівы, збянтэжапы сустрэчай з ёю, першы раз убачанай, але быццам здаўна вядомай яму, бо яна — гэта тая, што ўсю маладосць жыла ў неўсвядомленых яго марах. Захліпнуўшыся радасцю ад гэтай сустрэчы, ён кідаецца да плота, да яе, але тут жа, зірнуўшы на сябе, спахопліваецца — ён жа толькі што з работы, з поля, ад трактара, на ім старыя, залапленыя на каленях штаны і аблезлая на плячах кашуля. Збянтэжаны, ён спыняецца, хмурнее, яна таксама зганяе радасную ўсмешку на сваім незвычайна сонечным твары, меркне яркая белізна яе плацця, і паступова яна знікае, бы здань.
    Тады ён кідаецца да плота, хапаецца за жардзіны, вырывае аблытаныя лазою калы, але перад ім паяўляецца яго маці. Паклаўшы на тую верхнюю жэрдку рукі, яна ціха стаіць па той бок у бульбоўніку, уся ў цёмным сялянскім убранні, і журботна кажа яму: «Фашыстоўка яна. На хлопцаў тваіх немцам даказала...»
    «Дзе яна? Дзе яна?» — хоча закрычаць ён, але не можа гэта зрабіць, бо на яго шыі вяроўка — чорны шаўковы шнурок, на якім заўжды пад барабанны бой вешалі ў лагеры. Яна заціскаецца, нацягваецца, і другі канец яе, як почапка, валачэцца за недадушанай ім у раўку аўчаркай. Аўчарка жывая і дужая, яна моцна тузае, ён падае, хоча закрычаць, але голас у яго прападае, і тады ад нейкага ўнутранага штуршка ён прачынаецца.
    6
    — Ха-ха-ха!..— раздаецца над імі звонкі бесклапотны смех.
    Іван паднімае голаў, мацае шыю, шырока расплюшчвае заспаныя вочы і першае, што бачыць перад сабой,— гэта яркі, глыбокі блакіт пагоднага ранку і побач — дзівоснае белазубае ззянне дзявочай усмешкі.
    — Баста шляўфен1. Марш-марш надо,— кажа дзяўчына.
    1 Хопіць спаць (іт., ііям.').
    Зараз жа цела яго, нібы электрычным токам, пранізала сутарга ад холаду, ён памаўчаў, трудна пераключаючыся ў рэальны клапотны свет, ваўкавата паўзіраўся насустрач стрыманай яе весялосці. А яна, абапершыся на руку, сядзела збоч і кусала сцяблінку, якой, відаць, перад тым паказытала і разбудзіла яго. Ад учарашняе яе апатычнасці і знямогі, здавалася, не засталося і следу.
    — Марш, кажаш? Ну паглядзім.
    — Глядій, глядій,— згадзілася яна, усё з хітрынкай у вачах узіраючыся ў яго твар.
    А ён, яшчэ раз скалануўшыся ад холаду, ускочыў, шалёна замахаў у паветры рукамі, пачаў выкідваць у бакі ногі і прысядаць — выпрабаваны салдацкі спосаб сагрэцца. Яна, відаць было, спачатку здзівілася, высока над вачыма ўскінула свае шырокія дугі-бровы, пасля раптам засмяялася, коратка, але так гучна, што ён аж спалохаўся.
    — Ціш ты!
    Яна спахапілася, азірнулася, заціснула далоняй рот, у вачах яе, аднак, ужо скакалі неўтаймаваныя гарэзныя чарцяняты. Ён строга, з папрокам паглядзеў на яе, затым услухаўся, адчуваючы, як задубелае цела патроху налівалася цяплом і стомай, а яна яшчэ бяскрыўдна прыцішана хахатнула:
    — To гімнастік?
    — Ну, гімнастыка. А што, лепш мерзнуць?
    Іван быў заклапочаны і наогул не ахвочы да гаворкі; яна, відаць, зразумела гэта, пасур’ёзнела, зябка цепнула вузенькімі худымі плечукамі пад макраватаю яшчэ курткай, каротка ўздыхнула і заклапочана зірнула на яго.
    Ён тым часам па старым вайсковым звычаі агледзеўся і зразумеў, што сапраўды занадта доўга праспаў. Ужо даўно развіднела, сонца з-за гор яшчэ не паказалася, але бясхмарнае неба ўгары, здавалася, аж звінела яркасцю ранішняга блакіту. На ўсю сваю каляровую моц ззяў той, асветлены, бок цясніны — шэрыя схілы, сасонкі, шырокія крутыя восыпі і высачэзныя вяршыні ўгары. Гэты ж бок скал цьмяна драмаў, яшчэ не пазбыўшыся ночы.
    — Горы карашо! — убачыўшы, што ён узіраецца ў наваколле, сказала яна.— Как ето?.. Эстэтіко!
    Ляснуўшы калодкамі, яна ўскочыла з каменя, на якім сядзела, і таксама выбегла з-пад скалы, аглядаючы сонечнае буйства святла на тым баку шырокай расселіны. Ён, аднак, не падзяляў гэтага яе наіўнага захаплення. Як амаль заўсёды ў палоне, разам з абуджэннем яго нутро, грудзі, кожную частачку цела агарнула пакутнае адчуванне пустаты — звычайны, знаёмы да драбніц прыступ голаду. Есці, аднак, не было чаго. Дзе ў гэтых праклятых гарах здабыць ежы, ён не ведаў, у той жа час вельмі выразна адчуваючы, што, галодныя, яны недалёка пройдуць. Пастаяўшы так, ён праглынуў сліну і, безуважна да таго, што займала яе, запытаў:
    — Ты куды пойдзеш?
    Яна, не разумеючы, павяла брывамі.
    — Марш-марш куды? — здавалася, пачынаючы раздражняцца, паўтарыў ён пытанне і махнуў у розных напрамках рукой: — Туды ці туды? Куды бегла?
    — О, Остфронт! Рус фронт бежаль.
    Ён здзіўлена паглядзеў на яе.
    — Сі, сі1,— пацвердзіла яна, бачачы яго здзіўленне і нават недавер,— Сіньоріна карашо тэдэскі2 пуф-пуф.
    Іван, нахмурыўшыся, паўглядаўся ў гэты зіхатлівы, бы жывое срэбра, рухавы, занадта, на яго думку, прыгожы твар: ці не жартуе яна? Але яна, відаць, не жартавала — выказала свой намер і цяпер, чакаючы яго меркавання, вялізнымі бяздоннымі вачыма глядзела на хлопца.
    — Глупства балбочаш,— сказаў ён, захінаючыся поламі курткі.
    — Вас! Что ест больбочіш? Руссо учіт сіньоріну рускі шпрэхен?
    — Паглядзім.
    — Глядзіім ест карошо. Согласіе, сі? — жартоўна дапытвалася яна.
    Але ён не адказаў на гэта, ён зноў зябка скалануўся, адчуўшы на спіне халаднаватую вільготнасць курткі, зірнуў на недарэчныя кругі-мішэні на грудзях — сапраўды трэба
    1 Так, так (іт.).
    2 Немцаў (іт.).
    было яшчэ паклапаціцца і пра вопратку, у гэтым паласатым убранні не дужа разыдзешся. I ён, падчапіўшы пальцамі шво, з трэскам ададраў з курткі вінкель і нумар. Яна па ягоным прыкладзе зараз жа ўзялася здзіраць свае. Але пазногці яе тонкіх пальцаў былі вельмі далікатныя, а ніткі нямецкае прышыўкі занадта моцныя, каб лёгка паддацца. Тады яна ступіла да яго і, трошкі, па-дзіцячы адтапырыўшы ніжнюю таўставатую губу, варухнула плячом.