Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Усё ж Іван позна заўважыў небяспеку. Ён паспешна тыцнуў насустрач пісталетам, але стрэлу не было,— пэўна, штосьці заела. Тады ён тузануў пісталет да сябе, ляпнуў па затворы далоняй, аднак ваўкадаў ужо быў побач, хрыпата рыкнуў і скочыў. Іван, прыгнуўшыся, шаснуў за яліну, ваўкадаў пранёсся ля яго пляча, цяжка перакуліўся і з разяўленай зяпай вёртка скочыў назад. Іван, не ведаючы, як бараніцца, ускінуў насустрач рукі.
Гэта быў дужа імпэтны скачок, Іван не ўстаяў на нагах, пісталет выпаў, і яны абодва, чалавек і сабака, пакаціліся па
зямлі. Здавалася, усё хутка скончыцца, але Іван у апошняе імгненне паспеў схапіць ваўкадава за ашыйнік і ў амаль нечалавечым напружанні рук не даў сашчапіцца на сабе ягоным зубам. Сабака дзерануў яго кіпцюрамі, недзе, трэснуўшы, разарвалася адзежына. Іван, аднак, з усяе сілы трымаючы аўчарку за ашыйнік, левай рукой схапіў яе за пярэднюю лапу і крутнуў. Так яны яшчэ разы два перакаціліся адно цераз аднаго і зноў апынуліся побач. Іван выкінуў убок ногі і стараўся як-небудзь узваліцца на ваўкадава, але той задышліва хакаў, шалёна рвучыся да яго, і Іван адчуў, што доўга так не ўтрывае. Тады ён у апошнім рашучым намаганні, у якое сабраў увесь спрыт, вертануўся на зямлі, злаўчыўся, перакінуў цераз сябе сабаку, каб самому апынуцца вышэй, і з усяе сілы даўлянуў яго каленам у скабіны. Той таксама тузануўся, ледзьве не вырваўшы з рукі ашыйніка, коратка екатнуў, але — адчуў Іван — пад каленам у яго штось нібы хруснула. Сабака прарэзліва завішчаў, чалавек, здзіраючы з пальцаў скуру, тужэй закруціў ашыйнік, і яшчэ намогся каленам. Аднак ваўкадаў віскнуў, падкінуў задам, ашалела тузануўся і вырваўся.
У Івана штось азвярэла ў душы, ён сцяўся, адразу ж чакаючы новага скачка. Але сабака не скакаў, распластаўся на зямлі і, выцягшы наперад тоўстую морду з вываленым набок языком, часта, зморана дыхаў і дзіка глядзеў на чалавека. У Івана, натруджаная ашыйнікам, пякуча гарэла правая рука, нервова торгаўся ад ператомы мускул у прадплеччы, ледзьве не выскоквала з грудзей сэрца. Ён таксама некалькі секунд, паклаўшы на траву дрыготкія рукі, стаяў на каленях і амаль не па-чалавечы, здзічэла глядзеў на сабаку.
Яны абодва ашалелымі вачыма сачылі адзін за адным, баючыся прапусціць адзін у другога першае жаданне скочыць. Іван да таго ж вельмі баяўся, што вось-вось з’явяцца немцы, і гэтыя некалькі секунд здаліся яму вечнасцю. Пасля ён падумаў, што ваўкадаў наўрад ці кінецца на яго, і нерашуча падняўся на ногі. He адрываючы ад ворага пільнага позірку, ён сігануў убок і схапіў з травы кавалак каменя. Ваўкадаў натапырыў хрыбціну, ударыў па зямлі хвастом, здалося, скокне, але ўсё ж не скочыў,— відаць, яму дастало-
ся не менш, чым чалавеку, і ён ціхенька, бяссільна екатаў. Тады Іван болей рашуча ступіў назад яшчэ раз, ваўкадаў прыўзняўся, пасунуўся, почапка яго заварушылася ў траве. Аднак ён не пабег і не скочыў. Іван, бачачы гэта, яшчэ больш асмялеў і бокам хутка пасігаў угору да яліны, дзе быў пісталет.
Сабака заскавытаў ад бяссілыіай ярасці, валочачы пакалечаны зад, аслабела прапоўз у траве і спыніўся. А чалавек ухапіў з травы браўнінг і зморана, наколькі дазваляла рэшта яго сіл, патрухаў па распадку ўгору, у яловы гушчар.
2
Яшчэ праз якіх пяць хвілін ён быў ужо ў лесе і бег уздоўж вірлівага, з празрыстай вадой, ручая. Лес тут быў чысты, без ламачча, бегчы, аднак, перашкаджалі частыя абломкі скал. Пад’ём таксама станавіўся ўсё болей круты і хутка забіраў сілы. Чакаючы і баючыся новай пагоні, Іван ускочыў быў у ручай, каб схаваць ад аўчарак след. Вада ледзяным холадам пругка ўдарыла ў ногі, да болю апякла ступні, і ён, прабегшы якіх дваццаць крокаў, выскачыў зноў на бераг. Ускарабкаўся на скальную кручу, тузануў, перазараджаючы, пісталет,— затвор выкінуў на камяні перакошаны патрон. Іван сагнуўся падняць яго і раптам абмёр — праз гаманлівае булькатанне ручая ззаду данеслася гамонка. Забыўшыся на патрон, ён таропка кінуўся ўгору, крышку ў бок ад ручая, на схіл распадка, пралез цераз гушчар маладога ельніку і, ледзьве спраўляючыся з дыханнем, апусціўся на чацвярэнькі.
Спачатку яму здалося, што скрозь было ціха, толькі зводдаль вуркатаў ручай ды шумелі верхавіны елак. Гэта падзьмуў фён, і ў небе з-за гор выплыў ускудлачаны акраек хмары — хутка насоўваўся дождж. Іван насцярожанымі вачыма агледзеўся па баках, аббег позіркам каменне пад елкамі ўнізе — быццам нідзе нікога. Ён ужо хацеў бегчы далей, як ззаду да яго слыху даляцеў трошкі сцішаны, але настойлівы вокліч:
— Руссо!
Іван хіснуўся ніжэй, угнуў голаў — не, то быў не немец,
а мусіць, які гефтлінг1. Але не хапала яшчэ клопатаў чакаць каго, тут хоць бы як выкарабкацца самому: ведаў з уласнага вопыту, як гэта трудна. Немцы, мусіць, паднялі ўжо трывогу і даганяюць — не так гэта проста ўцячы.
I ён з усяе сілы пабег, пакарабкаўся між камянёў і елак угору, наўкос па горным лясістым схіле. Ручай застаўся недзе ўбаку, гоман яго прыціх; мацней і выразней сталі шумець яліны; свежы вецер размашыста гойдаў іх верхавінамі; сонца схавалася; змаркатнелае неба ўсё далей і шырэй абкладвала мутная хмара. Было душна, куртка на спіне прамокла ад поту, паласаты берэт ён недзе згубіў і твар выціраў рукамі, увесь час сочачы за наваколлем і ўслухоўваючыся. Аднаго разу, пераводзячы дыханне, ён пачуў далёкае яшчэ, але настойлівае вуркатанне матацыклаў: тут недзе праходзіла дарога, і немцы, вядома, ужо ачаплялі раён. Ахоплены панылым прадчуваннем, Іван услухоўваўся, мяркуючы, як уцякаць далей, і ў той жа час па нейкім невыразным гуку адчуў, што ззаду хтосьці бяжыць. Гэта ўжо было дрэнна: можа, той зусім не гефтлінг, а немец! Іван адскочыў за імшысты камель елкі і шчоўкнуў ахоўнікам браўнінга. Тым часам матацыклы з усё болыпым трэскатам набліжаліся. «Абкладваюць, сволачы...» — мільганула думка. Іван азірнуўся, апусціўся за елкай на адно калена і прыўзняў сціснуты ў кулаку пісталет. Зноў унізе стукнулі па камянях крокі. Ен угледзеўся, зусім пэўна адчуваючы ў гушчары месца, дзе з’явіцца чалавек. Але нейкі час ніхто там не паказваўся, і Іван напружана чакаў. Урэшце на прагалак між дрэў унізе выбегла лёгкая паласатая постаць на выгляд быццам падлетка, азірнулася, жвава неяк кінула позірк угору і згледзела яго.
— Руссо!
Жанчына?! Гэта яго здзівіла і збянтэжыла, ён ледзьве не вылаяўся ад прыкрасці, але блізкі роў матацыклаў пераключыў ягоную ўвагу — яны ўжо былі побач, толькі вышэй. Іван вертануўся на зямлі, не ведаючы, куды падацца: між рэдкіх камлёў дрэў яго тут маглі лёгка ўбачыць зверху. I ён сігануў у неглыбокі вышчарбак-нішу пад кру-
1 Зняволены (ням.).
таватай скалою, прыгнуўся, увесь ператварыўшыся ў спрыт і асцярогу. Паласатая постаць унізе на хвіліну знікла за краем абрыву, і ён не глядзеў куды — найболей асцерагаючыся матацыклаў, напружана слухаў. Але вось знізу праз дваццаць крокаў з-за каменя з’явілася дзяўчына ў доўгай, не па росце куртцы з падкасанымі рукавамі і чырвоным трохкутнікам вінкеля на грудзях. Яна хутка зірнула па баках, і ён заўважыў, як пад шапкаю чорных, даўнавата не стрыжаных валасоў радаснай жвавасцю бліснулі гэткія ж чорныя, нібы дзве масліны, вочы.
-Чао!
Ён чуў ужо гэтае слова і зразумеў яго — так заўсёды віталіся гефтлінгі-італьянцы. Аднак цяпер, услухоўваючыся ў трэскат над галавой, ён змоўчаў, чакаючы, што яна восьвось шмыгне куды ў сховішча. Але яна, здаецца, зусім безуважная да небяспекі, зноў азірнулася і таропка загаманіла па-нямецку, як зразумеў Іван, некага праганяючы ад сябе. Іван паглядзеў у падлесак — там, адкуль выскачыла дзяўчына, туліўся на каленях яшчэ нехта ў паласатым, але ён зараз жа шмыгнуў назад і прапаў у гушчары ельніку. Іван ужо хацеў кінуцца куды далей ад гэтых гефтлінгаў, як дзяўчына лёгка выскачыла з-за абрыву, нагнулася, таропка сунула ногі ў калодкі, якія дагэтуль трымала ў руках, і, заляскаўшы імі, падалася да яго.
Ён аж сцяўся ад страху. Матацыклы раўлі ледзьве не над іх галовамі, і яе недарэчна-паказная адвага гнеўна сцебанула яго напятае да болю адчуванне — іх жа так лёгка маглі тут убачыць. Іван, прыгнуўшыся, скочыў да дзяўчыны і за руку злосна рвануў яе пад скалу. Пры гэтым ён ціха, але бадай што з лютасцю вылаяўся. Яна падатна і лёгка, ледзьве не ўпаўшы, шырока матлянулася за ім, адна яе калодка звалілася з нагі і, застукаўшы па камянях, адляцела прэч.
— Ой, клумпес! — сцішана ўскрыкнула яна.
Матацыклы адзін за адным, абдаючы іх трэскатам, праносіліся недзе зусім блізка, а яна, не зважаючы ні на іх, ні на яго відавочную злосць, вырвала руку і кінулася за калодкай. Іван не паспеў яе ўтрымаць, толькі скрыгануў зубамі. A яна тым часам, спрытна схапіўшы калодку, матлянулася
назад, коратка, нібы вінавата, зірнула на яго, у яе вачах бліснуў азарт і неслухмянасць распешчанай зухаватай дзяўчынкі. I тады Іван, не справіўшыся з напятымі нервамі і ўзарваны спазнелаю злосцю, ляснуў яе па шчацэ.
Дзяўчына коратка войкнула, але не адхіснулася, толькі ўпала пад скалу побач і з-пад локця зірнула на яго ўгору вачыма, поўнымі не гневу, а нейкага гарэзнага здзіўлешія.
Матацыклы — чуваць было — аддаляліся, і Іван адразу ж пашкадаваў, што не стрымаўся. А яна на момант засяродзілася, акругліла вочы, услухалася, здавалася, толькі цяпер усвядоміўшы, што ім тут пагражала, і, падцяўшы калена ў гэткай жа паласатай, як і ў яго, штаніне, насунула на ступню калодку. Пасля зноў зірнула на яго і, па-дзіцячы няўмела выгаворваючы словы, нібы картавячы, паўтарыла ягоную лаянку.
Гэта было так нечакана, як і яго аплявуха, і здалося Івану такім незвычайным, што ў ім нешта скранулася, зрушылася — нешта чалавечае на момант шыбанула ў яго заскарузлую ад гора душу, і ён упершыню за сённяшні дзень здзіўлена і шырока раскрыў свае вочы.
— Ого!
— Ого,— паўтарыла, быццам перадражніла, яна, пэўна паказваючы тым сваю нрытворную крыўду, і быццам з некатораю нават цікавасцю паглядзела на яго, а ў вачах яе ўжо з’явіліся жвавыя, смяшлівыя іскаркі.
Чарнявая прыгажосць гэтай дзяўчыны і незвычайная яе адвага ў гэтым іх болей чым складаным становішчы збівалі яго з тропу.
— Ты куды бяжыш? — хутка і сурова кінуў ён, пазіраючы ў дол, на яе падцятыя ў калодках цыбатыя ногі.