Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Нехта з сілай ірвануў яго за локаць. Лейтэнант азірнуўся — то быў Галанога. Тады ў нейкім секундным праясненні Клімчанка зірнуў на сябе збоку і збянтэжыўся.
Сапраўды: гэта было куды як недарэчна, нават агідна — забіць сябе, калі ўжо цябе не забілі немцы. Марудна выспеўшая яго рашучасць была зрушана. Але што ж рабіць? Як быць далей? Лейтэнант выпусціў аўтамат, які цягнуў да сябе Галанога, і разгублена азірнуўся — на схіле рова, трывожна ўставіўшыся ў яго, стаялі байцы.
Ён так нічога і не вырашыў, як раптам недзе за ровам
гулка ўдарыла ў паветры — раз і другі. У хмарным небе над галовамі аўтаматчыкаў з тугім шорхатам прайшлі снарады. Крэкнуўшы, яны разарваліся на вышыні. Праз некалькі хвілін павінна была пачацца атака.
Арлавец таропка зірнуў на гадзіннік у рукаве і рашуча ступіў да Петухова.
— Ты вось што! Канчай!
Петухоў недаўменна азірнуўся.
— Вы што?
— Анічога! Уматвай да д’ябла! У мяне атака! — змрочна сказаў Арлавец і, не чакаючы адказу, зычна падаў каманду: — Камандзіры ўзводаў, па мястах!
— Ах, так! — крута павярнуўся да яго Петухоў,— Пакрываеш? Каго пакрываеш, падумаў? Ты адкажаш за гэта!
— Ну і адкажу! — цераз плячо кінуў Арлавец. Відаць было, ён ледзьве стрымліваў сябе і ў іншы час не стрываў бы такога ўмяшання ў справы роты. Але цяпер у роце было ЧП, і тут шмат у чым ён адчуваў сябе звязаным.
Арлавец зноў зірнуў на гадзіннік і тужэй падцягнуў дзягу на сваім паўшубку. Пасля, нібы толькі заўважыўшы на схіле паныла-разгубленага Клімчанку, з клапатліваю строгасцю прыкрыкнуў на яго:
— Чаго стаў? Ану, марш да ўзвода!
Клімчанка збянтэжыўся яшчэ болей — такім нечаканым здаўся яму гэты, па сутнасці такі звычайны, загад. Лейтэнант недаўменна зірнуў на Арлаўца: ці да яго той звяртаецца? Але памылкі не было — ротны загадваў яму; сказаў і пайшоў па ручаіне ўгору, на сярэдзіну ланцуга, нібы адразу забыўшыся і на яго, і на Петухова, які з помслівай зацятасцю хутка ішоў прэч па рове.
3 гулкім сэрцам у грудзях Клімчанка павярнуўся да ўзвода.
На вышыні грымелі выбухі, угары ў хмарным сакавіцкім небе люта верашчала і выла. Байцы дакурвалі цыгаркі і, ахопленыя новым клопатам, таропка разбягаліся ў ланцуг па краі рова. Лейтэнант таксама ўзлез па абрыву наверх і лёг між байцамі. Яшчэ не верачы, што ўсё абышлося, што самая вялікая бяда мінулася, і прадчуваючы наперадзе труднае, ён марудна спакойнеў.
Між тым часу ў яго было небагата, камандзіры ўзводаў у ланцугу падавалі ўжо каманды.
Тады і ён, прыўзняўшыся на краі абрыву і некалькі больш гучна, чым было трэба, дрыготкім ад хвалявання голасам крыкнуў:
— Узвод, падрыхтавацца да атакі!
Нехта сунуў яму аўтамат, нехта паспешна скінуў з сябе і аддаў яму ватоўку. 3 нямою ўдзячнасцю ў душы лейтэнант прыняў усё гэта і азірнуўся. Некалькі ўбаку над абрывам узнялася прыземістая постаць Арлаўца. Ротны дастаў з-за пазухі пісталет і, узмахнуўшы ім, выскачыў з рова.
Рота аўтаматчыкаў пачынала атаку.
1962
Альпійская балада
і
Ён упаў, спатыкнуўшыся аб штосьці, і адразу ж ускочыў — адчуў: трэба хутчэй ад гэтага месца, ад забітага камандафюрэра; пакуль не спахапіліся, трэба недзе зашыцца, схавацца, а можа, і прарвацца з завода. Але ў віхурыстым пыле, які накрыў цэх, амаль нічога не было відаць, і ён ледзьве не сунуўся ў чорную прорву варонкі, дзе была бомба. Па краі аббег яму, каб не наляцець на што ў пыле, выцяг наперад руку, у другой напагатове сціскаючы пісталет, перакуліўся цераз вялізную, пэўна, вывернутую з зямлі бетонную глыбу, балюча аб штосьці ўдарыўся галёнкаю. Ускочыў ужо босы, калодкі недзе зваліліся з ног, і ён зразумеў, што гэта кепска — нагам стала вельмі балюча на закіданым друзам доле.
Ззаду тым часам пачуліся крыкі, у другім канцы цэха гулка разнеслася аўтаматная чарга. «Чорта з два»,— сказаў ён сабе, адным махам пераскочыў абрушаную з перакрыцця жалезную ферму, узбег на пахілены, трохі не павалены прасценак. Пыл ад выбуху патроху стаў асядаць, рассейвацца, але яшчэ добра хаваў яго. Ён узбег на самы верх прасценка, тут ужо стала відаць наваколле; яго абдало ветрам, які хутка разганяў пыл. Па бетоннай рабрыне, утрымліваючы раўнавагу рукамі, каб не зваліцца, дабраўся да краю абвалу — наперадзе праз якія тры крокі была вышчарбленая сцяна знешняй агароджы, а далей за ёю, быццам нічога ў цэлым свеце не сталася, ціха тулілася ў зеляніне некалькі домікаў, і зусім блізка ўгары, на схіле, рукой падаць, зелянеў лес і Альпы: яго надзея, яго жыццё або смерць — яго лёс.
Іван акінуў усё гэта кароткім позіркам, сунуў у зубы
пластмасавую рукаятку пісталета і скочыў. У грабяні агароджы тырчалі вострыя жалезныя шыпы, ён ухапіўся за два з іх рукамі і, не марудзячы, рыўком перакінуў цела на другі бок. Скакаць, аднак, памарудзіў, апусціўся нагамі, каб было ніжэй, і тады адарваўся. Ён упаў на быльнёг, перахапіў у руку пісталет і з усяе сілы кінуўся па бульбоўніку ўздоўж высокай драцяной загародкі.
Ззаду стралялі і крычалі, недзе далей усчаўся брэх аўчарак — гэта было найгоршае, але думаць, перайначваць штонебудзь ужо не выпадала. Некалькі куль правішчалі высока над галавой, і ён, бегучы, адчуў — гэта не ў яго, яго яшчэ не ўбачылі. Раздзіраючы пальцы на босых нагах, пералез цераз сетку загарадзі і па калючай шлакавай дарожцы яшчэ хутчэй прыпусціўся далей — усё ўгору, да блізкай ускраіны.
Тым часам выбух бомбы ў цэху ўстрывожыў людзей. 3 боку ад нейкага белага доміка з усіх ног беглі да завода два хлопчыкі; яны, на шчасце, не заўважылі яго, і Іван шыбаваў далей. Але вось наперадзе з-за кустоў акацыі ледзьве не пад ногі яму сунулася дзяўчына ў квяцістай сукенцы з палівачкаю ў руках. У вачах яе бліснуў жах, яна ўскрыкнула, і палівачка з бразгатам паляцела на дарожку. Ён моўчкі прамчаўся міма, выскачыў на шырэйшую ўскраінную вуліцу, зірнуў у адзін бок, у другі — вуліца была пустая. Іван перабег яе, прадраўся праз калючы гушчар пасадкі і тады ўпаў. Наперадзе дамоў ужо не было, на касагорыне спакойна ляжаў някошаны лужок — у бязветранай цішы драмалі рамонкі, лагодна гойдаліся мяцёлкі нейкай травы; далей і вышэй у раўках і распадках пачынаўся лес. Над усім у спякотным чэрвеньскім небе тоўпіліся шызыя груды Альпаў.
Стрымліваючы шалёны дых, Іван услухаўся. Ззаду даносіліся крыкі і стрэлы, сталі гучней екатаць аўчаркі, але гэта там, на заводзе,— за ім жа, здаецца, не гналіся. Рукавом паласатае курткі ён ацёр з твару пот, што заліваў вочы, прыўзняўся, намячаючы па лужку шлях угору; непадалёк прыкмеціў раўчук, што бліжэй падступаў да гарадка, туды ж па крутым схіле збягалі зверху рэдкія на ўзлеску ялінкі. I ён ускочыў.
Гэта было вельмі трудна, бо ногі сталі надзвычай непа-
датлівыя і вялыя, а цела налівалася ўсё болыпым цяжарам. На сярэдзіне схілу ён зноў азірнуўся. Сабачы брэх набліжаўся, секанула блізкая чарга, але куль ён не пачуў — значыць, яшчэ не па ім. Па іншых. Відаць, там разбягаліся. Гэта аблягчала яго становішча, і ён упершыню падумаў пра хлопцаў. I першы раз балюча здрыганулася яго сэрца: наўрад ці ўцалеў хто,— мабыць, усе заплацілі сабой за яго волю.
Ён аслабела трухаў цераз узгорак. Ззаду як на далоні відзён стаў увесь гэты аўстрыйскі гарадок, пярэднюю палову якога займалі доўгія, быццам ангары, гмахі завода, у якіх сям-там чарнела правалле і руіны ад бамбёжак; даўжэзная загародка-сцяна ў адным месцы была абрушана, ля яе ў канцы корпуса тырчалі пакарэжаныя фермы перакрыцця. I там, відаць было, снавалі, мітусіліся людзі. Ён прыгнуўся (ужо, калі ўкленчыць у траве, можна было схавацца за пагоркам) і так хвілін некалькі бег уніз, у раўчук, пакуль урэшце, затулены пагоркам, не выпрастаўся. Побач на касагорыне стаяў лес.
Аціраючы рукавамі твар, ён прыпыніў бег — далей шлях яго пралягаў па схіле травяністага раўка-распадка. Пад’ём тут зрабіўся яшчэ больш стромкі, побач між слізкіх камянёў шумна віраваў ручай. Іван шпарка ішоў, пакуль не дасяг першых рэдкіх ялін, і тады ззаду данёсся вельмі пабліжэлы сабачы брэх. Здавалася, гэта было зусім блізка, за пагоркам, і ён зноў знясілена пабег угору. Хоць бы як-небудзь паспець да лесу, у гушчар елак, там лягчэй схавацца, можна б як ашукаць даганятых або, калі ўжо не суджана вырвацца на волю, загінуць недарма.
Толькі дабегчы да лесу Іван не паспеў.
Ён лез па траве ўгору, мінаючы вялікія і малыя абломкі скал з рассыпанай навокал жарствою, і ўжо амаль дасягнуў хваёвага ўзлеску, як ззаду, вынырнуўшы з-за пагорка, гучна і раз’юшана забрахалі сабакі. Іван кінуўся ўбок, да маладой ялінкі, і, прыгнуўшыся, выглянуў між галін: цераз бугор, мільгаючы ў траве палавою спіной, па ягоных слядах імчалася аўчарка. Недзе за ёй хрыпата гаўкала другая; немцаў, аднак, не было відаць.
Тады ён азірнуўся, зразумеў, што да гушчару ўжо не
паспець, шырэй расставіў ногі і мацней сцяў у кулаку пісталет. Колькі ў магазіне было патронаў, ён не ведаў, лічыць іх цяпер не было калі, хоць ён і разумеў, што ў патронах яго паратунак. I ён на хвіліну расслабіў мускулы, стараючыся раўней дыхаць. Трэба было супакоіцца, сабрацца з сілаю, суняць сэрца ў грудзях, каб ударыць без промаху
Сабака тым часам убачыў яго, заекатаў гучней, зласлівей, з задыханым змораным сапам і, выкідваючы папарна складзеныя лапы, сігаў угору. Стоячы за ялінай, Іван прыгнуўся, позіркам адмераў якую паўсотню крокаў да вострага каменнага абломка ў траве і скіраваў туды пісталет. Аўчарка разгоністымі скачкамі набліжалася, прыцяўшы да галавы вушы, выцягшы хвост; ужо стала відаць яе разяўленая зяпа з высунутым языком і жоўтыя клыкі абапал. Іван зацяў дыханне, стараючыся як найлепей пацэліць, і, трошкі не падпусціўшы сабаку да каменя, стрэліў. У той жа міг зразумеў — прамазаў. Пісталет тузануўся ствалом угору, засмярдзела порахам, аўчарка завішчала з яшчэ большым імпэтам. Тады ён, амаль не цэлячыся, але фізічна адчуваючы напрамак яе страшнага бегу, паспешліва стрэліў другі раз. I раптоўна кароценькая радасць бліснула ў ягонай душы — сабака віскнуў, з шалёнага маху скочыў, гіеракуліўся цераз галаву і ў якіх дваццаці кроках ад яго забіўся, затузаўся ў траве ўсім целам. Ён тым часам ужо гатовы быў кінуцца ў лес, як тут жа згледзеў далей яшчэ аднаго — вялізны, з падпалінамі на баках ваўкадаў, шырока выкідваючы лапы, з дыхавічным сапам імчаў угору. За ім у траве валачылася-скакала доўгая раменная почапка.