Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Яны былі гефтлінгі, дакладней — флюгпункты. Надзея выжыць тут, у лагеры смерці, амаль што канчаткова накінула іх, і адзінае, што яшчэ турбавала іх розум — гэта ў апошні раз рызыкнуць вырвацца на волю ці, як казаў самы языкаты з іх — маленькі чарнявы хлапец па мянушцы Жук,— ужо калі пакідаць гэты свет, дык раней грукнуць дзвярыма.
He дужа бяспечная і зусім нялёгкая праца тая тым не менш набліжалася да заканчэння.
Падважваючы бомбу ламамі, яны ўрэшце высверылі яе з-пад друзу і, прытрымліваючы за пакарэжаны стабілізатар, асцярожна паклалі на земляныя камякі ў яме. Далей было самае рызыкоўнае і самае важнае. Пакуль іншыя, стаіўшы дыханне, замерлі па баках, рукасты дзяцюк у паласатай, як і ва ўсіх, куртцы з каляровымі кругамі на грудзях і спіне, былы чарнаморскі марак па прозвішчу Галадай, накінуў на ўзрывальнік спецыяльны для такой справы ключ. Ад натугі на яго голых да локцяў мускулістых руках надуліся жылы, праступілі вены на скронях, і ўзрывальнік патроху падаўся. Галадай яшчэ разы два павярнуў ключом, а затым прысеў на калені і пачаў хутка выкручваць узрывальнік рукамі. Гэта была, вядома, няспраўная штуковіна, моцна пакарэжаная пры ўдары аб зямлю. У такім стане яна не магла саслужыць свае страшнае службы бомбе, спушчанай мінулай ноччу з амерыканскага «Б29» або англійскага «Маскіта», якія ледзьве не дашчэнту разнеслі гэты заціснуты ў Альпах аўстрыйскі гарадок. Але пры бракоўным узрывальніку бомба была спраўная і прадаў-
жала таіць у сабе пяцьсот кілаграмаў трацілавай сілы, на якую і разлічвалі пяцёра смяротнікаў. Як толькі адтуліна ў бомбе аслабанілася, да Галадая схіліўся Жук. Ён дастаў з-пад курткі новенькі з выгляду ўзрывальнік, здабыты ўчора ад сапсаванае, з адбітым стабілізатарам бомбы, і худымі нервовымі пальцамі пачаў укручваць яго ў адтуліну на месца ранейшага.
Хлопец, аднак, спяшаўся, не трапляў у разьбу, жалеза лязгала, і Іван, каб хто не набрыў на іх, прыўзняўшыся ў сваіх калодках, зірнуў цераз накапаную зямлю ў цэх.
Але паблізу, здаецца, усё было ціха. Зверху над імі навісалі пакарэжаныя фермы падстолля, са шматлікіх праломін у даху коса цадзіліся на дол стромкія пукі святла, было душна, сонечна і пыльна. Далей за радам бетонных апор, у падсвечаным сонцам пыле, з рэдкімі воклічамі і глухім гоманам варушыліся, снавалі дзесяткі людзей, што расцягвалі завалле і разбіралі руіны. Там жа цяпер былі і эсэсманы, якія не дужа любілі цікавіцца справамі абясшкоджання бомбаў і звычайна трымаліся воддаль.
— Ну, сволачы, цяпер чакайце! — сцішна, з ледзьве стоеным, гатовым прарвацца запалам сказаў Жук.
Галадай, устаючы ад бомбы, буркнуў:
— Памаўчы. Раней скокні.
— Нічога, браткі, нічога,— выціраючы спатнелы лоб, сказаў у куце Янушка, былы калгасны брыгадзір, цяпер аднавокі гефтлінг, аздоблены мішэнямі за тры спробы ўцячы на волю.
Па натуры ён быў з аптымістаў, калі толькі імі яшчэ маглі быць палонныя ў лагеры, і, нягледзячы на выбітае вока і адбітую селязёнку, заўжды і ўсіх падбадзёрваў — і тады, калі падгаворваў людзей уцячы і калі ў абшкуматанай аўчаркамі вопратцы, скатаваны, пад канвоем вяртаўся ў лагер.
Так выказалі яны свае адносіны да таго, на што наважыліся, апроч хіба Срэбнікава, які, прывычна пакашліваючы, стаяў збоч, ля земляной сцяны, ды яшчэ Івана. Срэбнікаў з самага пачатку ўсю гэтую задуму прымаў без энтузіязму: вядома, чалавеку ўжо мала было радасці нават у выпадку ўдачы — хутчэй за лагерны рэжым і рэпрэсіі яго дабівалі сухоты. Іван жа Цярэшка быў проста маўчун і не любіў залішне гаварыць там, дзе і без таго ўсё было ясна.
Галадай тым часам абцёр далоні аб матрацна-паласатыя штаны і зірнуў на людзей — вядома, завадатарам усяго тут быў ён.
— Хто ўдарыць?
На секунды яны ўсе прыціхлі, утаропілі ў дол позіркі, ніякавата абмацваючы імі доўгую сігару паўтоннае бомбы з разгоністымі драпінамі на зялёных баках. Ад гэтага, мабыць, самага найбольшага клопату ўсім стала няёмка. Засяродзіўся невясёлы, з сівым шчаціннем на запалых шчоках Янушка; знерухомела, прытушылася нервовая рашучасць у зыркіх вачах Жука; Срэбнікаў дык нават аж перастаў кашляць, апусціў уздоўж плоскага, як дошка, цела рукі, і погляд яго стаў зусім ужо нясцерпна тужлівы. Відавочна было, што пытанне гэтае, аб якім з самага пачатку ўсе думалі, турбаваліся і маўчалі, пакутна вырашаючы кожны пра сябе, прымусіла цяпер усіх зацяць у душы балючы, трывожны сум.
Буйнатварае аблічча Галадая, аднак, выражала суровасць і няўхільную рашучасць.
— Дабравольцаў няма,— змрочна заключыў ён.— Тады пацягнем.
— Ага. Так лепш,— страпянуўся і падступіў бліжэй да завадатара Жук.
— Што ж, пацягнем,— пагадзіўся Янушка.
Стрымана, але, здаецца, з палёгкай кашлянуў Срэбнікаў. Цярэшка моўчкі адным ударам увагнаў у зямлю канец ломіка. Але Галадай, ляснуўшы сябе па сцягне, зазначыў:
— Пацягнеш тут... Hi запалкі, ані саломіны.
Ён роздумна азірнуўся і схапіў з кута важкую, на доўгай ручцы кувалду.
— Значыць, так. Бяры вышэй.
I, прысеўшы, абхапіў ручку ля самае кувалды. Чацвёра іншых таксама падаліся да яго, нагнуліся, сышоўшыся ў купу галовамі. Вышэй ад Галадая ўзяўся рукою Жук, над ёю сашчапіліся вузлаватыя Янушкавы пальцы, затым — далонь Срэбнікава, за ёй шырокая Цярэшкава пяцярня, пасля зноў Галадаева, Жукава, Янушкава, і калі над пляцёнкаю рук застаўся маленькі кончык тронка, за яго павольна ўзялася дрыготкая, потная рука Срэбнікава.
Усе з палёгкаю выдыхнулі, падняліся і, пастаўшы ля сцен, з паўхвіліны стараліся не глядзець адзін на аднаго.
Галадай працягнуў кувалду таму, хто павінен быў з ёю памерці.
— Так што па справядлівасці. Без абману,— па-ранейшаму грубавата, але з ледзьве прыкметпаю ноткай спачування сказаў ён.
Срэбнікаў чамусьці перастаў кашляць, хіснуўся, узяў тронак кувалды, моўчкі павярнуў яго ў руках, паспрабаваў пераставіць і апусціў. Яго самотныя вочы падняліся на хлопцаў.
— He разаб’ю я,— ціха, голасам асуджанага, сказаў ён,— He пасілю.
Усе зноў прыціхлі. Галадай гнеўпым позіркам бліснуў на дахадзягу.
— Ты што?
— He разаб’ю. Сілы ўжо... мала,— сумна растлумачыў Срэбнікаў і трудна, надрыўна закашляўся.
— Ну і ну! — плюнуў Жук,— Вілі-вілі вяровачку.
— Што ж... Вядома, дзе яму разбіць... Аслабеў,— гатовы быў пагадзіцца з тым, што адбылося, Янушка.
У Цярэшкі ўнутры быццам перавярнулася штось: хоць ён і разумеў, што Срэбнікаў гаворыць праўду, але такая нечаканасць азвалася ў хлопцу гневам. 3 хвіліну ён пільна і нялёгка спадылба глядзеў на няўдаку Срэбнікава, штосьці рашаючы сам сабе. Памерці, вядома, ён не хацеў, заўжды прагнуў жыць, тройчы спрабаваў вырвацца на волю (адзін раз дайшоў амаль да Жытоміра). I тым не менш у жыцці, аказваецца, бываюць моманты, калі мала ўсёй накопленай за гады вытрымкі, каб перажыць адну хвіліну няёмкасці. I ён ступіў да Срэбнікава.
— Дай сюды...
Срэбнікаў здзіўлена лыпнуў самотнымі вачыма, падатна разняў пальцы на ручцы. Цярэшка пераставіў кувалду і раптам закамандаваў насцярожаным, крышку збянтэжаным ад гэтае замінкі голасам:
— Ну чаго сталі? Бярэм! Чаго чакаць?
Суровы Галадай, нервовы Жук, заклапочаны Янушка з
кароткім недаўменнем зірнулі на яго і, унутрана ажывеўшы, падступілі да бомбы.
— Узялі! Жук, вяроўку! Лагі давайце! Куды лагі падзелі? — з ненатуральнаю гаманлівасцю распараджаўся Цярэшка і ў пошуках загадзя прыпасеных палак выглянуў з ямы.
Хлопцы, мусіць, згледзелі, як здрыгануўся ягоны позірк, і адразу абмерлі побач, а Цярэшка, прадчуваючы бяду, паволі выпрастаўся на ўвесь рост і знерухомеў.
Зводдаль ад ямы ў пыльным патоку касых праменняў стаяў камандафюрэр Зандлер. Ён пільна глядзеў сюды, іх позіркі сустрэліся, і Зандлер кіўнуў галавой:
— Ком!
Цярэшка ціха сам сабе вылаяўся, адставіў пад сцяну кувалду і хуценька (марудзіць у такім разе было небяспечна) па адхоне вылез на раскіданую вакол ямы зямлю. Ззаду насцярожана прыціхлі, стаіліся хлопцы.
У пылыіым, пустым з гэтага канца цэху (баючыся неўзарванае бомбы, немцы перш-наперш павывалаквалі адсюль станкі) было душна, скрозь з пабітага даху струменілі на дол пыльныя промні паўдзённага сонца. У другім разбураным канцы гэтага вялізнага, як ангар, збудавання, дзе разбірала завалле каманда жанчын з сектара «С», снавалі, варушыліся дзесяткі людзей з ламаччам, насілкамі, па насланых на доле дошках ганялі гружаныя друзам тачкі.
Зандлер стаяў на праходзе, збоч ад вялізнага лапіка святла на бетоннай падлозе, і, заклаўшы назад рукі, чакаў. Цярэшка хуценька збег з кучы зямлі, драўляныя калодкі яго гучна праляскалі і сціхлі — хмурачы шырокія бровы, ён спыніўся за пяць крокаў ад Зандлера, якраз на асветленым месцы падлогі. Эсэсавец, вынесшы з-за спіны адну руку, тузануў пальцамі шырокі казырок фуражкі.
— Ві іст міт дэр бомбэ?1
— Скора. Бальд, глейх2,— ваўкавата адказаў Іван.
— Шнэлер гінаустраген!3
' Ну, як там бомба? (нлм.)
2 Хутка (ням.).
3 Хутчэй выносьце! (ням.)
Зандлер падазрона зірнуў у бок ямы, з якой тырчалі насцярожаныя галовы хлопцаў, пасля выпрабавальна — на Івана; той стаяў, па-салдацку падабраўшыся целам, гатовы да ўсяго: мішэні на куртцы вымушалі яго чакаць рознага. Вачыма ж ён пільна ўглядаўся ў выгалены, прыемна загарэлы твар немца, мабыць, ненамнога старэйшага, чым ён, поўнага ўсведамлення ўлады і арыйскае годнасці. I ў той жа час бакавым насцярожаным позіркам хлопец пільнаваў кожны рух ягоных пагрозлівых рук. Воддаль, на другой палавіне цэха, дзве жанчыны ў паласатым убранні паставілі на дол насілкі і, мабыць, зацікаўленыя, пужліва чакалі, што будзе далей. Але немец, слізгануўшы позіркам па Іванавай падабрана-настырчанай постаці, якая знешне выражала гатоўнасць да дзеяння, відаць, зразумеў гэта па-свойму і не выказаў падазронасці. He маючы якой іншай патрэбы да гэтага флюгпункта, ён ступіў да яго свежазапыленым ботам.
— Чісто! — недарэчна зблытаўшы націск, кіўнуў ён на бот.
Іван, вядома, зразумеў, чаго ад яго хацелі (гэта было тут не ўпершыню), але на хвіліну трохі разгубіўся ад нечаканасці і якую секунду прамарудзіў. Аднак Зандлер чакаў з пагрозлівай скамянеласцю на сківістым твары, доўга марудзіць не выпадала, і хлопец апусціўся ля яго ног. Гэта было зняважліва, абразліва, у душы ён з усяе сілы зацяў, быццам каленам прыдушыў, непакорлівы, такі недарэчны тут гнеў.