Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Па ўсім беразе рова, з усіх рытвін і акопчыкаў-ровікаў тырчалі каскі, шапкі, натапыраныя каўняры аўтаматчыкаў. Ён яшчэ не ўбачыў ні іх твараў, ні позіркаў,— было яшчэ задалёка,— але пешта страшнае падсвядомаю сілай раптам перадалося яму. Ён раптам і вельмі выразна, як можа быць толькі за секунду да смерці, зразумеў, што ўсім тут ён — вораг.
Гэтае адкрыццё перуном ударыла яго, нешта ў ім ураз спарахнела, погі самі кінуліся ўбок, ён, не ведаючы і не разумеючы, як і што здарылася і што рабіць, аббег па ржышчы крывуліну — безвыходную замкнёную пятлю, яшчэ раз убачыў маўклівую вышыню і тады канчаткова зразумеў, што з ім сталася.
Зразумеўшы, апусціў рукі, галава яго сама апала на грудзі, і ён, хістаючыся ад ветру, паціху пабрыў у роў.
Клімчанка ні разу не ўзняў галавы, каб зірнуць, дзе сысці на абрыў, але нейкае бескантролыіае адчуванне вывела яго да прамыіны-раўчука ў беразе рова. Там ён убачыў чыесьці рукі на свежанакапанай зямлі, пустыя закапцелыя гільзы, рассыпаныя ў сухой траве, шматок газеты, прыбіты ветрам у быльнёг. Дайшоўшы да абрыву, ён бокам, каб не зваліцца, ступіў у яго, стрымліваючы сябе на нагах, сышоў уніз. Побач былі людзі, але ён не бачыў іх. Яны ўсе маўчалі; з-пад яго ботаў сыпалася і незвычайна шумна шархацела жарства.
Незнарок неяк яго позірк натрапіў на валёнкі з рудымі старымі падпалінамі, і ён узняў голаў: насупраць стаяў Арлавец.
Страшны, чорны ад шчаціння твар ротнага, на якім, сцятыя бровамі, нядобра гарэлі вочы, не здзівіў яго і не спалохаў — лейтэнант знямела і абыякава зірнуў у іх гнеўную глыбіню. Ён не здзівіўся таксама, калі ў наступнае імгненне з балючым звонам у вуху паляцеў на зямлю — ён толькі захліпнуўся ад крыўды і, нібы затраўлены, загнаны воўк, зараз жа ўскочыў і выцяў па вуху ротнага.
Затым у яго ўсё адразу прапала — і крыўда, і злосць, засталося толькі ранейшае адчуванне бяды, якая так несправядліва абрушылася на яго і скінуць якую ўжо не было магчымасці. Ён моўчкі чакаў за гэтым ударам другога — больш дужага — або, можа, стрэлу ў спіну, грудзі. Ззаду і па баках стаялі байцы. Нехта з іх крыкнуў штосьці абразлівае, і іншыя падхапілі:
— Здраднік!
— Запраданец нямецкі!
— Прыйшоў за астатнімі!
Клімчанка чакаў гэтыя крыкі і разумеў іх; апраўдвацца, аднак, не было слоў, штосьці назаўжды зацялася ў яго душы і не было сілы саўладаць з найвялікшаю такой несправядлівасцю. Упершыню ў кароткім прасвятленні свядомасці мільгануў зразумелы цяпер да дробязей намер Шварца-Чарнова, і лейтэнант з новаю сілай адчуў, што, сапраўды, смерць цяпер для яго — раскоша.
Але чаму маўчыць, не б’е і не страляе ў яго Арлавец, чаго ён чакае, скамянела ўставіўшыся ў яго?
Лейтэнант узняў вочы і, сустрэўшыся з яго позіркам, раптам нечакана для сябе ўбачыў у ім амаль што разгубленасць. Здалося, ротны пра ўсё ўжо здагадаўся, прачытаў на скрываўленым твары лейтэнанта яго страшэнную бяду. У душу Клімчанкі адразу хлынула крыўда; на момант ён адчуў сябе такім вартым жалю няўдакам, што не ўтрымаўся і на момант згубіў усе сілы. Ён аслабела асеў на дол, зашчаміў між каленяў твар і выдавіў з сябе нечалавечы роспачны енк. Наўкола гнеўна гудзелі байцы.
— Ціха! — пакрываючы гаману, раптам закрычаў Арлавец.— Маўчаць! Калі ні д’ябла не разумееце!..
Тады людзі, нібы штосьці адчуўшы, хутка прыціхлі. Клімчанка начуў лаянку і пагрозы, але ўжо скіравапыя немцам. Ад роспачы ён затаіў дыханне і зблізку ад сябе ўчуў знаёмы, такі па-добраму разважлівы голас Галаногі:
— Што ж цяпер зробіш! Стрывай як-небудзь...
Гэтыя памяркоўныя, разважныя словы сталага чалавека, з якім у лейтэнанта' было столькі рознага — і благога і добрага,— неяк нечакана нібы паставілі ў ім штось зрушанае, збітае на месца. Можа, у іх адбіўся той заўсёдашні трудны Галанога, з якім нямала пазмагаўся Клімчанка,— непераборлівы, цярплівы, падаткі. Лейтэнант унутрана рвануўся ў пратэсце супраць гэтага «як-небудзь». Ён не хацеў «як-небудзь»,— ён хацеў быць або ранейшым для іх, або ніякім. Пратэст гэты ахапіў яго, перамог усе іншыя пачуцці, лейтэнант з новаю сілай, нададзенай яму злосцю, ускінуў галаву. Прага дасведчыць сваю невіноўнасць справаю ўраз успыхнула ў ім — гэта было выйсце.
Клімчанка вёртка ўскочыў, сігануў да згорбленага, у пакамечаным шынялі, Галаногі і тузануў за рулю яго аўтамат.
— Дай!
Галанога цяпнуў плячом, няўцямна міргнуў запалымі немаладымі вачмі, але праз момант апусціў руку і аддаў з пляча аўтамат. Клімчанка, схапіўшы яго, кінуўся на схіл. Раптам страціўшы вагу і, здаецца, розум, ён на карачках вылез з рова і па ніве рынуўся туды, угару, да вышыні.
Ззаду зрабілася ціха-ціха. Ён не азіраўся і не чуў нічога. Усе на абрыве нібы анямелі, і ніхто не затрымаў яго, не стрэліў, толькі праз момант хтосьці вылаяўся і затым над ровам узвіўся зычны малады голас тэлефаніста Капусціна:
— Сволачы! Гэта ўсё яны, сволачы!..
Неяк падспудна Клімчанка ўсё ж чакаў спачування, нават прагнуў яго, сам сабе не прызнаючыся ў тым. Гарачая расслабляючая хваля акаціла лейтэнанта з галавы да ног — і ён раптам адчуў, што ажыў, што ўваскрэс. А ззаду па ўмерзлай зямлі ўжо затупацелі ногі,— значыць, яго не пакінулі, паверылі; гэта вяртала яго да жыцця. Цяпер былі толькі
немцы, быў пракляты Шварц-Чарноў, і ўсё ў Клімчанку разгоніста імкнулася туды, да помсты або смерці.
Толькі гэтак жа раптам усё і перайначылася.
— Адставіць! Усе стой! Назад! — раўнуў ззаду голас Арлаўца, і ўжо амаль што выстраены на бягу ланцуг здрыгануўся.
— Клімчанка, назад! Усе назад! Бягом!
«Што гэта? Што гэта? Чаму так? Навошта?» — раптам зноў з усёй сілаю запратэставала ў ім. Але за некалькі апошніх секунд ён паспеў ужо стаць часткай цэлага, як і ўсе, і мусіў слухацца гэтай каманды. I ён упаў. Немцы яшчэ не стралялі, рота — таксама, але зладны бег дзесятка людзей, што кінуліся за ім, ужо спыніўся, некаторыя пападалі, а некаторыя папляліся назад у роў, з берага якога крычаў Арлавец.
Тады, зноў аддаўшыся шчымліва-трывожнаму ў душы, Клімчанка ўстаў і, валочачы за почапку аўтамат, пайшоў па палетку ўніз.
8
Аўтаматчыкі дабягалі да рова і па адным знікалі за абрывам. Клімчанка, зноў абяссілены і панылы, з апалым сэрцам дайшоў да берага, дзе быў ротны, і адразу ўбачыў яго ўжо ўнізе, ля ручая, і з ім яшчэ некага ў белым паўшубку, з пісталетам у апушчанай руцэ. Абодва яны насцярожана глядзелі ўгару, на лейтэнанта.
Амаль фізічна адчуваючы варожасць іхняе маўклівасці, Клімчанка марудна пайшоў з абрыву. Знясілены, растрывожаны, у непадпяразанай гімнасцёрцы, без шапкі, са зблытанымі ветрам валасамі, ён тут асабліва востра адчуў сваю прыніжанасць і сваю бяду. I ўсё ж гэта было яшчэ не самае горшае. Самае горшае сталася, бадай, калі на сярэдзіне абрыву ён пазнаў у чалавеку з пісталетам капітана Петухова, афіцэра са штаба палка. Быццам укопаны, разрыўшы абцасамі глей, лейтэнант спыніўся.
— Пойдзеш у трыбунал! — змрочна сказаў Петухоў.
— Завошта? — ціха, пра сябе спытаў ён кагосьці, хто не мог адказаць яму, і выкрыкнуў мацней: — Завошта?
Але зноў яму ніхто не адказаў — ні Петухоў, ні ротны Арлавец, які, сцяўшы кашчавыя надброўі, змрочна глядзеў убок, ні аўтаматчыкі, што пасталі на абрыве скрозь па ўсім схіле і напружана сачылі за ім. Тады ён скалануўся, зразумеўшы, што пастка за ім назаўжды закрылася.
— Завошта? Завошта? — закрычаў ён, ледзьве трымаючыся на голым крутым абрыве.— Завошта? Капітан, скажыце?
— Ладна, Клімчанка! Разбяруцца,— нязлосна сказаў Арлавец, зрабіў крок насустрач, але тут жа павярнуўся назад і стаў у баку ад Петухова.
«Разбяруцца!» Ён ужо ведаў, як гэта часам разбіраліся. Да таго ж ён убачыў, як Петухоў, прыўзняўшы пісталет, зняў курок з ахоўніка.
Клімчанка паволі апусціў рукі, аўтамат на почапцы дзёўбнуўся аб зямлю, і лейтэнант упершыню ўсвядоміў яго цяжар. У той час — мабыць, таксама ўпершыню — ён выразна адчуў, што надзеі ўсе абарваліся і што ўсё назаўжды скончана.
— Ты перамог, сволач! — сказаў ён, бачачы перад сабой загадкава-лядзяныя вочы Шварца-Чарнова.
Сказана гэта было зусім ціха, але ў той цішы, што запанавала ў рове, яго ўчулі, і Петухоў крыкнуў гучней — нецярпліва і пагрозліва:
— Узяць яго!
Два прыведзеныя ім з каменданцкага ўзвода байцы нехаця палезлі на абрыў; бачна было, што яны прыкметна баяліся і ўвесь час засцярожліва паглядвалі на лейтэнанта. Лезці было нязручна, хлопцы коўзаліся і падалі, абапіраючыся на рукі. Клімчанка, нібы стараючыся нешта вырашыць і баючыся, што не паспее зрабіць гэта, нягучна прыкрыкнуў:
— Стой!
Байцы, не далезшы якіх дзесяці крокаў, спыніліся; адзін апусціўся на калепа, другі стаяў, шырока адставіўшы ўбок нагу. Клімчанка трохі ведаў іх, калісьці ў Дворышчах яны разам адбівалі нямецкую атаку, ратавалі штаб палка і палкавы сцяг, які тады ледзьве не трапіў да немцаў. Па пакутлівых выразах курносых твараў было відаць, што хлопцам вельмі непрыемна ўвязвацца ва ўсю гэтую справу. Да таго ж, відаць, яны пабойваліся яго.
— Стой, хлопцы! — мякчэй сказаў Клімчанка.
3 нейкага нядаўняга часу ён пачаў спакайнець і чым далей, тым усё выразней разумеў, што адбываецца і што трэба рабіць. Гэта надало яму ўпэўненасці і душэўнай зладжанасці — здольнасці праз сілу перамагчы штосьці непераможнае ў сабе. Але ў гэты час Петухоў яшчэ нешта крыкнуў байцам і, трымаючы на вынасе пісталет, хуткім крокам пайшоў да абрыву.
За ім ступіў Арлавец.
— Пастойце! Вы што? У мяне ў дзевяць ноль-ноль атака! Вы ўлічваеце або не?
Петухоў не зірнуў на ротнага.
— Трыбунал усё ўлічыць! — пагрозліва прагучала ў трывожнай цішыні рова, і ў грудзях у Клімчанкі нешта безнадзейна заныла.
На хвіліну ў ім бліснула і згасла міжвольная ўдзячнасць к ротнаму. Але тут жа з’явілася думка: «Не трэба! He ўпрошвай! Бескарысна!»
Петухоў далез да крайняга байца і з зацятай суровасцю на мясістым твары штурхануў яго ў каршэнь. Хлопец упаў на калені, устаў і палез вышай. I ў той час Клімчанка незвычайна абвостраным разуменнем адчуў сапраўдны, непазбежны, вялікі канец.
Каб не раздумаць, не даць у сабе аслабнуць чамусьці, як здалося яму, гранічна яснаму і адзіна магчымаму ён перахапіў рукою аўтамат і ягоным нібы спецыяльна скошаным для таго дульным зрэзам ткнуў сабе ў грудзі.
— Стой! 3 глузду з’ехаў, ці што?!