Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
— Ну, так лепш? — проста і нават са спагадай запытаў гэты чалавек, калі санітар грукнуў дзвярыма і яны засталіся ўдвох.— Гэта вылечаць. У немцаў медыцына, як у нас кажуць, на вышыні. У нас, гэта значыць,— у рускіх. He здзіўляйся. Я рускі. Як і ты. Масквіч. На Таганцы жыў.
Клімчанка ўжо адышоў ад першага здзіўлення і адзначыў сабе, што тут, відаць, да ўсяго трэба быць гатовым. Знарочыстая добразычлівасць і клопаты гэтага чалавека наводзілі лейтэнанта на думку, што чакае яго нялёгкае.
— Цікава, лейтэнант, а ты адкуль будзеш родам? — пытаўся гэты чалавек.
— Там напісана. Мусіць, граматны,— сказаў Клімчанка, зірнуўшы на стол з рассыпанымі на ім дакументамі.
Чалавек у мундзірчыку, усміхнуўшыся неадабральна, перасмыкнуў русым брывом.
— Ну, вядома, там усё напісана. У нас, то есць у вас, на гэты конт поўны парадак. Як кажуць: ажур. I дзе радзіўся, і дзе жаніўся, і дзе хрысціўся. I ці быў за мяжой, і ці меў хістанні. Я гэта ведаю,— зусім неяк проста і нават быццам дружалюбна сказаў ён і ўстаў з-за стала.— Сам быў такі.
Ён з ухмылкай спыніўся перад Клімчанкам і выпусціў над яго галавой струмень дыму.
«Што за тон? Дзеля чаго?» — думаў Клімчанка. Перамагаючы ў сабе абыякавасць да свайго лёсу, якая ўсчалася ў ім там, у траншэі, ён мерыўся цяпер вызначыць, што б уся гэта камедыя магла значыць. Распрануты, у адной гімнасцёрцы, з кубікамі на пятліцах,— пагоны толькі нядаўна ўвялі, і ён яшчэ не паспеў іх прыладзіць,— без дзягі, з абвязанай галавой, ён, нібы арыштант перад следчым, сядзеў на сярэдзіне зямлянкі і насцярожана слухаў. А той з задаволеным, амаль радасным выразам на хітраватым твары, нешта мяркуючы, аглядаў яго.
— Ардзянок даўно атрымаў? — кіўнуў ён на зорку над левай кішэняй.
— Увосень,— сказаў Клімчанка.
— За абарону, наступленне?
— За акружэнне.
— Ну што ж. Гэта нічога. Нават лепш. Заслужоны, баявы афіцэр,— маючы на ўвазе нешта сваё, сказаў чалавек і бадзёра прапанаваў: — Можа, аднак, пазнаёмімся? Я — Чарноў. На жаль, не Бялоў, але што зробіш,— засмяяўся ён, і ўнутры ў Клімчанкі нешта аж абарвалася, такая гэта была зусім таварыская ўсмешка, што аж хацелася паверыць, што ён свой, не немец. «А можа, ён тут па заданню нашых працуе? Мо разведчык? А раптам ён выручыць?» Ва ўсе вочы гледзячы на Чарнова, Клімчанка стараўся нешта зразумець у ім.
Чарноў жа, паблажліва ўсміхаючыся, працягваў:
— Можаш называць Барысам. Мы ж бадай што равеснікі. Ты з якога года? — He чакаючы адказу, ён зірнуў у пасведчанне на стале — 3 дваццаць першага. Ну, а я — з дзевяцьсот семнаццатага. Так сказаць, равеснік Акцябра. Невялікая розніца.
Ён кінуў за печку цыгарэту і ўпершыню сеў,— відаць, на сваё пастаяннае месца за сталом, растапырыўшы пальцы, агледзеў пазногці і маленькім ножыкам пачаў падразаць іх. Клімчанка, напружана моршчачы пад тугой перавязкай лоб і чагосьці чакаючы, ваўкавата сачыў за лёгенькай ухмылачкай, якая прыемна блукала на бялявым, у меру сытым, свежа паголеным, дагледжаным твары. Здавалася, такі чалавек нікому і ніколі ў жыцці не зрабіў благога.
— Мяркую, што мы згаворымся. Ты, можа, думаў, што ў палоне адразу расстрэл? Глупства. Ты ж не камісар. Немцы, яны паважаюць дастойных праціўнікаў. Асабліва страявых камандзіраў. Трудзяг вайны. Спецыялістаў. Немцы да іх ставяцца, я б сказаў, па-рыцарску. Я думаю, ты ўжо сам пераканаўся ў гэтым. Праўда ж?
Клімчанка маўчаў.
— Ну, што зашчаміўся,— адарваўшы позірк ад пазногцяў, упершыню папракнуў Чарноў.— I што так глядзіш на мяне? Ачухацца яшчэ не можаш?
— Што вам ад мяне трэба? — мераючы яго недаверлівым поглядам, запытаў лейтэнант.
Чарноў адкінуўся на сваім нябачным за сталом сядзенні.
— Во гэта па-дзелавому,— прыкметна, але неяк не зусім натуральна ўзрадаваўся ён, выйшаў з-за стала і прыткнуўся на яго ражку. Выцягнуўшы ўперад нагу ў начышчаным зграбным боце, паварушыў наском, быццам збіраючыся паведаміць галоўнае.
— Вельмі нават нямнога,— адказаў чалавек, які назваўся Чарновым; цяпер ён нібы ўжо страціў цікавасць да свае асобы і глядзеў толькі на Клімчанку.— Я думаю, табе не менш за нас шкада сваіх салдатаў, якія засталіся там. Праз дзень, другі пагоняць у наступленне і — усім капут. А навошта? Ці не даволі Расіі ліць кроў? — запытаў ён. Здавалася, ён шчыра перажываў тое, што гаварыў, і Клімчанка з некаторай новай цікаўнасцю зірнуў на яго.
— Навошта гінуць? Недарэчныя ахвяры! Колькі іх прынесла Расія! Адным словам, вось што... Трэба выступіць праз дынамік і пагутарыць са сваімі. He, не палохайся: выдумляць нічога не трэба. Мы дамо тэкст.
«Дык вось яно што! Цяпер усё ясна!» — У Клімчанкі адразу спала напружанне, якое дагэтуль усё ўзмацнялася, ён упершыню варухнуўся на зэдліку і ўздыхнуў. Чарноў злез са стала і падышоў бліжэй.
— Дык як? Рызыкаваць не прыйдзецца. Дынамік на перадавой, мы ў траншэі. Некалькі слоў да канкрэтных людзей. Гэта падзейнічае. Гэта заўсёды дзейнічае.
Клімчанка зразумеў усё, бо гэта не было для яго новым. Некалі ў дажджлівую беспрасветную ноч пад Вязьмай ён ужо чуў, як брахаў праз дынамік нейкі нягоднік, што, мабыць, яшчэ з месяц назад быў чырвонаармейцам і з нашага кацялка сёрбаў суп, аднак жа агітаваў пераходзіць на бок вялікай арміі фюрэра.
— Ах, вось вы пра што! — сказаў ён, глянуўшы ў загадкава спакойныя вочы Чарнова,— Нічога не выйдзе. Шукайце другога.
Абапёршыся локцямі аб калені, ён нізка сагнуўся на зэдліку і апусціў голаў, гатовы да ўсяго. Чарноў змоўк, зайшоў
на той бок стала і сеў, загадкава пазіраючы на яго. У грубцы дагаралі дровы, гарачыня паменшала, і з дзвярэй пацягнула холадам, спіна Клімчанкі адразу адчула гэта. Лейтэнант зябка перасмыкнуў плячамі.
— Так, так. He хочаш, значыць. Ну што ж,— напэўна, штосьці абдумваючы і расклаўшы на абрусе рукі, сказаў Чарноў.
У двары, чутно было, перагаворваліся салдаты, бразгалі дзверцы ў кабінах, недзе ахнулі два далёкія выбухі. Агеньчык у плопіцы ціха, задуменна мігаў. Раптам ён рэзка хіснуўся, ледзьве не згасшы зусім,— ззаду стукнулі дзверы.
Чарноў зараз жа ўсхапіўся са свайго месца.
У зямлянку заявіўся той, доўгі, што прывёў яго сюды. Клімчанка, не паварочваючы, пазнаў яго па скураных брыджах — цяпер ён быў без шыняля — і марудліва падняў галаву. Чарноў нешта буркнуў, выскокваючы з-за стала, але Юіімчанка не зразумеў ці недачуў; афіцэр перакінуўся некалькімі словамі з падначаленым і ўрэшце абыякавым позіркам бясстрасных вачэй працяў палоннага. He зводзячы з Клімчанкі гэтага погляду, ён дастаў з кішэні партабак і шчоўкнуў ім перад самым ягоным тварам. Лейтэнанту вельмі хацелася закурыць, але гэтая бесцырымоннасць абражала, і ён адвярнуўся. Немец тады нешта коратка і строга заўважыў Чарнову, той у адну секунду падскочыў да Клімчанкі, і лейтэнант, перш чым зразумеў, што адбылося, паляцеў да сцяны. У левым вуху пры гэтым, здаецца, штось лопнула, і ў галаве загуў тугі хваравіты гул.
Калі ён, не спяшаючыся і чакаючы новых удараў, падняўся ля сцяны з падлогі, Чарноў адпусціў пальцы з кулака, якім толькі што садануў палоннага, і нягучна, скрозь зубы, вымавіў:
— Адмаўляцца ў немцаў не прынята.
Клімчанка ў думках вылаяўся і падумаў: «Вось дзе тваё нутро адкрываецца, гадзіна паўзучая». 3 хвіліну ён стаяў ля сцяны пад позіркамі дзвюх пар розных вачэй. Было крыўдна і балюча, аднак не хацелася верыць у тое, што тут адбылося: так звычайна глядзелі на яго тыя вочы. Пасля высокі, усё ў тых жа чорных пальчатках, марудна падняўшы цыга-
рэту, мезінцам ашчадна строс з яе попел. Ён таксама не меў ніякіх адзнак злосці і выглядаў звычайным разважным чалавекам, такім, што можна было падумаць, нібы яны абодва жартуюць.
— Ты будзет выконвайт нямецкі бефёль1? — без пагрозы, звычайна запытаў немец.
— Я не здраднік!
— О! — толькі і сказаў немец-афіцэр і амаль неўпрыкмет, адным вокам падміргнуў Чарнову.
Той падышоў і зноў, не размахваючыся, па-баксёрску коратка, але дужа і балюча ўдарыў Клімчанку ў сківіцу. Лейтэнант зноў адляцеў ад сцяны — падаючы, зачапіў печку, у трубках зашархацеў, пасыпаўшыся з даху, пясок. Немец працадзіў «гут» і, сцяўшы тонкімі вуснамі каней цыгарэты, выйшаў з зямлянкі.
5
Як толькі дзверы за афіцэрам зачыніліся, Чарноў спакойна, нібы нічога кепскага між імі і не сталася, падышоў да Клімчанкі.
— Ну як?
— Сволач ты, а не зямляк! У душу табе кол! — сказаў лейтэнант, выплёўваючы на падлогу крывавую сліну.
Чарноў амаль без увагі на яго словы хітравата ўсміхнуўся.
— He сярдуй! Глупства. Гэта так, для парадку. Інакш, сам разумееш,— начальства.
Ён падхапіў Клімчанку пад рукі, рыўком паставіў на ногі, ботам падсунуў зэдлік — сядай! Лейтэнант на момант разгубіўся ад такога павароту ў іхніх адносінах, але сеў і скоса пазіраў на твар свайго ката. Шэрыя рухавыя вочы таго раз за разам засцярожліва лыпалі на дзверы зямлянкі.
— А ваабшчэ ты прабач. Сам разумееш. Даводзіцца. Інакш скамандуе, і ўсё: канец. Дык часам лепш ударыць. Праўда ж?
Гайдаючы на стале агеньчык, Чарноў пачаў хадзіць па зямлянцы, спыняючыся і разважна гамонячы да Клімчанкі.
Здаецца, нішто не здольна было вывесці яго з душэўнай раўнавагі, такі ён быў нетаропка-ўпэўнены, размераны, акуратна, нават элегантна апрануты. На яго стрыжанай пад бокс бялявай патыліцы варушылася ружовая зморшчына.
— Між іншым, табе выпала, можна сказаць, удача. He кожнаму даецца такая магчымасць рэабілітаваць сябе. Перад немцамі асабліва трудна. Але яны гэта цэняць — магу запэўніць. 3 уласнага вопыту. Я таксама калісьці чакаў кулі. Такіх яны звычайна ўраз да сцяны. Разам з камісарамі. Прыйшлося даказаць што-колечы. I вось бачыш: замест кулі — мундзір.— Ён з мінутным задавальненнем абмацаў свой кароценькі фрэнчык з невялічкімі срэбнымі пагонамі.— Праўда, пры Саветах чын паболей быў,— даверліва паведаміў ён.
«Што за намёкі? Хто ён такі? Былы палітрук? Камандзір? Штабіст які-небудзь?..» — думаў лейтэнант.
— Дарма стараешся,— ваўкавата сказаў ён,— He на таго напаў.
Чарноў раптам спыніўся і крутнуўся да Клімчанкі. Выраз ягонага твару не перамяніўся, толькі левае вока неяк нядобра акруглілася, і ён прыцішана, быццам для таго, каб не пачуў вартавы знадворку, сказаў:
— А ты таго... не дужа. Між іншым, выбар у цябе не вельмі багаты. Або ты выступіш, або ў зямлю ляжаш. Сёння ж.