Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Я падношу да сваіх ссохлых, засмяглых вуснаў пляшку і п’ю. Вада цёплая, нясмачная, смярдзіць нечым нямецкім і не ўбаўляе смагі, але я неспатольна і ўпарта п’ю. Рэшту, што яшчэ засталася ў пляшцы, выліваю ў дол. Мне яна больш не спатрэбіцца.
Кінуўшы біклагу ў кут, я вяртаюся ў акоп.
Люся ляжыць у доле на камяках накіданай выбухамі зямлі, рукі яе бяссільна выцягнуты ўздоўж цела, ногі роўненька сціснуты. Я сядаю над ёю, папраўляю на загарэлых каленьках старэнькую яе спадніцу. Тонкі дзявочы твар ужо прыкметна збялеў, пахудзеў... Тая яе апошняя ўсмешка, што нестрыванасцю ўзрушыла нашыя з Крывёнкам сэрцы, паволі знікае, саступаючы месца строгай нежывой нерухомасці. Мяне бянтэжыць і здзіўляе гэтая недарэчная здранцвеласць на заўсёды такім рухавым, жывым і вельмі лагодным Люсіным твары. Здзіўляюць і вочы — яны, аказваецца, зусім не сінія, яны шэрыя, і я не разумею, чаму яны заўсёды здаваліся нам сінімі, як васількі. Колькі бязмерна роднага было ў іх, у гэтых радасна-пакутных вачах!..
Я закрываю іх па чарзе, левае і правае — хай спяць!..
Што ж рабіць далей? Выбегчы ўслед за Крывёнкам? Застрэліцца з ракетніцы? Узарваць сябе з Люсяй?
У кутку на земляную пацяруху грабецца мурашка. Зямля дробная, яна разам з мурашкай раз-пораз ссыпаецца ўніз. Мурашка выграбаецца з пяску і пачынае караскацца зноў. Што значыць бяздумная ўпартасць! Я бяру яе на далонь і здзьмухваю на бруствер — хай ідзе, ратуецца. Тут ёй добра не будзе.
He, чорта з два! Буду біцца! Адзін за ўсіх — за Жаўтыха, Папова, Лук’янава, Крывёнка. За Панасюка. Інакш мне нельга. Я выкладваю свой боезапас — тры РГД, адна «лімонка» ў кішэні, тры ракеты. Усё ж не голыя рукі.
Здаецца, пачынае цямнець. Неба яшчэ блішчыць далёкім зніжэлым святлом, але ў акопе ўжо засень. Бой здалёку ўсё грыміць, не зразумееш, у якім баку нават — калоцяцца, стогнуць абшары і справа, і злева, і наперадзе. Ціха толькі на варожых пагорках. Але там, мусіць, нікога няма.
I раптам — знаёмае траскоцце на брустверы. Пясок, камякі, зямля, пыл — на галаву. Сыпане і сціхне... Праз пяць секунд зноў... Пасля яшчэ і яшчэ.
Так, пачынаецца...
Трымайся, Лазняк! Здаецца, гэта апошні твой бой. За зямлю трымайся: усё на зямлі — усё ад зямлі — гучаць у вушах колішнія Жаўтыховы словы. He спагань яе! Ранейшаю сілай наліваецца маё цела. I спрытам. Кожны мускул напружваецца. Толькі страху ўжо няма і следу, ужо я перажыў, патраціў яго ўвесь. Біцца, дык біцца... Насмерць!
Прыўстаўшы на нагах, я адным вокам выглядваю з-за бруствера — паўзуць! Потныя, загарэлыя, з аўтаматамі на зямлі. Збоч нехта падае, нехта перабягае ў варонку...
Я бяру дзве гранаты, яны ўзведзены. Прыціскаюся да сцяны. Чакаю. Слухаю. Нейкая жыла пад каленам дробненька, надакучліва дрыжыць.
Пад брустверам нешта стукае. Граната? Лопае запал, затым — ашалелы ўдар! Зноў земляныя камякі, пыл, пясок засцілаюць неба...
Размахваюся — і ў адзін, другі, трэці бок шпурляю свае РГД. Зараз жа выбухі — адзін! Другі! Трэці! Выхопліваю з кішэні «лімонку». I тут — удар у бруствер. Адскочыўшы ад яго, побач шлёпаецца доўгая палка нямецкай гранаты. Са
звярыным спрытам я хапаю яе і кідаю наверх. Зараз жа выбух, нечы блізкі глухі енк.
Бяру ў правую руку «лімонку», зубамі адгінаю чаку. Левай зараджаю ракетніцу і ўзводжу баёк.
Ззаду за брустверам блізкія крокі — я адразу чую іх тут, у зямлі. Вырываю зубамі чаку, адпускаю планку і, прытрымаўшы секунды са тры, кідаю гранату туды. Выбух! У той жа момант на брустверы над галавой — іх выбух! Удар недзе ззаду — і яшчэ выбух! Яшчэ рве ля гарматы, і праз пыл вынікае цёмная даўгалыгая постаць у касцы.
— Хендэ хох!
— Скулу ў бок! — крычу я і ва ўпор страляю з ракетніцы.
Дымны струмень б’е ў ворага, пыхае клубком іскраў — немец хапаецца за грудзі і, падламаўшыся ў каленях, падае на спіну. Некалькі секунд з ягоных грудзей джагае яркае агністае полымя...
Немец гарыць, ракета рассыпае наўкола гушчар іскраў, ягоныя боты звісаюць у мой акоп. Гэта яму за Люсю.
Я хуценька зноў зараджаю ракетніцу, высоўваюся і б’ю ў тых, што паблізу. Пэўна, збянтэжаныя маім агнявым адпорам, яны прыціхаюць. Ракета падскоквае па зямлі і коціцца ў траве ярка-агнянай каметай. Зялёныя бліскаўкі дагараюць і тухнуць на камяках бруствера.
Выкідваю гільзу і піхаю новую. Мяркуючы па галоўцы, гэта асвятляльная, белая. Я чакаю новай атакі і дзякую Люсі. Мёртвая, яна ратуе мяне.
Але немцы маўчаць. Маўчаць хвіліну, дзве, пяць... Што сталася з імі? Можа, яны падпаўзаюць? I тут аднекуль здалёк зноў даносіцца танкавы роў. Устрывожаны, я ўслухоўваюся, а ён усё мацнее, шырыцца ў паднябессі, набліжаецца. Яшчэ праз хвіліну на ўсю глыбіню дрыжыць, гудзе, скаланаецца зямля. Некалькі разгоністых сіняватых трас джгаюць над брустверам — адтуль, з нашага боку.
Радасная здагадка азарае мяне, і, здзіўлены, я паволі ўстаю ў акопе. Недзе побач заліваюцца-грукочуць кулямёты, і ўсё адтуль, з нашага боку, джгаюць-мільгацяць трасы.
3 апошняй Люсінай ракетай у ракетніцы, гатовы да ўсяго, я выскокваю з акопа.
22
Так, я выратаваны. Усё страшнае, нясцерпнае ўжо мінула...
Наўскасяк па полі, праз сланечнік, да дарогі з даўжэзнымі, як бервяно, стваламі ідуць «САУ-100». За імі бяжыць, адстае, даганяе пяхота. Я сяджу на брустверы з адзінаю сваёй ракетай і не адчуваю ў сабе і маленькага намёку на радасць паратунку. Ля маіх ног ляжыць нерухомае маленькае цела Люсі. Я вынес яе з акопа пад раздольнае неба, на шырокі палявы прастор, якога яна ўжо не пабачыць ніколі... Hi прастору зямлі, ні нашай перамогі, ні гэтага звечарэлага неба, якое цяпер вельмі падобна на яе шэрыя, некалі зіхатлівыя вочы...
Ідзе час, а я ўсё сяджу.
Сяджу без дум, без сілы, без аніякага людскога жадання. Праклятая вайна дала і вырвала ў мяне нялёгкае права на Люсіна каханне. Цяпер што радасці мне з жыцця? Пехацінцы штосьці пытаюцца, нешта крычаць, але я не чую іх і не адказваю. Нейкі кірпаты салдат у перакручанай упоперак галавы пілотцы кідае на мяне: «Дурны ці кантужаны» — і другі, што бяжыць ля яго з кулямётам, смяецца. Ім радасна.
А я думаю: хто з нас мог меркаваць учора, што сёння здарыцца гэткае? Ці мог я за доўгія месяцы ў шпіталі прадбачыць, што мая адплата ворагу заслоніцца ад мяне новай вайсковай няўдачай і подласцю свайго ж чалавека? Як гэта ўсё складана і трудна. Я думаў: дабрацца б да немцаў! А ці толькі яны сталі віною нашай бяды! На колькі ж франтоў суджана змагацца мне — і з ворагамі ў акружэнні, са сволаччу побач, нарэшце, з самім сабой. Колькі ж гэта перамог трэба здабыць гэтымі вось рукамі, каб яны склаліся ў тую, што напішуць з вялікай літары? Як гэта мала — аднае рашучасці, добрых намераў — і колькі яшчэ трэба сілы! Зямля мая родная, людзі мае,— дайце вы мне гэтую сілу! Мне яна так трэба!
Цямнее. Бой сунецца далей, за цёмныя хрыбціны пагоркаў. Па полі ідуць мінамётчыкі. Сагнуўшыся, з цяжкімі шпулькамі брыдуць сувязісты. Некуды імчаць ездавыя на перадках...
I раптам з прыцемкаў між варонак з’яўляецца Лёшка. Спорным таропкім крокам ён падыходзіць да агнявой — у яго ў здаровай руцэ два кацялкі, пад пахай другое, што бялее бінтам, бохан хлеба. Самаўпэўнена, з такім выглядам, быццам ён толькі дзесяць хвілін не быў тут, Лёшка вітаецца:
— Прывет! Ну як? Стрывалі! Героі! Законна!
Ён укленчвае, асцярожна ставіць між грудаў кацялкі, кладзе хлеб.
— Вайна вайною, а есці трэба. Праўда? Ось расстараўся тут. А дзе ж хлопцы?
Я маўчу, адчуваючы, як усё перад вачмі закружылася, загойдалася і плыве ў шалёным тумане няпавісці. Пэўна, ён заўважае гэта і сур’ёзнее.
— А мяне, ведаеш, трохі цюкнула. Пакуль да санроты дабег, перавязаўся, ну і... забавіўся... Во, яшчэ Люська прапала. Была і прапала. Шукалі, шукалі... Дык дзе ж хлопцы: прастыне...
Туман у маім позірку расплываецца — варонкі, выбоіны, бруствер і Лёшка ва ўсёй катэгарычнай выразнасці паўстаюць перад вачмі.
— Ідзі сюды, гад!
Я ўстаю, паварочваюся на брустверы да агнявой, і Лёшка, адчуўшы кеііскае, паслухмяна лезе наверх.
— He там шукалі. Глядзі! — крычу я.— Глядзі, сволач!!!
На некалькі секунд ён нахмурваецца, аглядае нябожчыкаў, але зараз жа здаровай рукой пачынае атузваць кароценькую сваю гімнасцёрку.
— Ну і што? Што глядзі? — злосна агрызаецца ён.— Падумаеш! Вунь не такіх пабіла. Камбату галаву адарвала. Што, я вінават?
— А хто ж — твая работа! Гад ты! Судзіць цябе!
— Судзіць? — вызверваецца ён.— Пайшоў ты да д’ябла, малакасос! Завошта?!
— Ах, завошта? Ты не ведаеш завошта? Ты пагубіў іх. Ты злачынца! Фашыст! Мы чакалі цябе, чаму не прыйшоў? Найперш сябе ратаваў?
— Параніла, во! Глядзі! На, глядзі! He верыш? Паказаць
табе? — Ён тыцкае ў мой твар сваю перавязаную кісць і пачынае з яе зрываць бінты.
— А ў нас не параненыя? Папоў не паранены? Лук’янаў не паранены? Ногі ж у цябе цэлыя, гад ты паўзучы! Чаму камбату не далажыў? Навошта Люсі сказаў, што нам канец? Чаму?..
Кожная жылка ва мне струнка дрыжыць, я гатовы растаптаць яго, пакалечыць, змяшаць з зямлёй. Але ён не бянтэжыцца — ён абураецца, яго нахабны твар распаляецца нянавісцю да мяне. Раптам яго тон з’едліва мякчэе.
— Калі хочаш, ніякага дазволу не было. Вот! Камбат забіты. Ён не загадваў. Я нічога не ведаю. Ранены, вось!
— Што-о-о? — крычу я, трацячы над сабой уладу.
— А то! Камбат мне нічога не загадваў. От! Я Люсі не казаў. Што вы нарабілі тут — не мая бяда. Я ўбаку.
— Ах, ты ўбаку! Нягоднік! Сволач! — He адчуваючы сябе, я падскокваю да яго, гатовы кінуцца ў бойку, як тады, уночы, на гэтым самым месцы.
— Так, убаку! — крычыць ён,— Ідзі дакажы! Няхай ажывяць Троцкага, Люсю, няхай запытаюць. I прэч ад мяне, смаркач!
Ён замахваецца на мяне сваёй натрэніраванай нагой футбаліста, але я, без памяці ад гневу, нават не адскокваю — я ўскідваю ракетніцу і агнявым выбухам б’ю ў яго ненавісны твар.
На момант стрэл аглушае і слепіць. Рукі мае дрыжаць, як не дрыжалі за ўвесь сённяшні дзень. Страшэннае яркасці ззянне, усё разгараючыся ў доле, нестрываным святлом залівае агнявую, станіны, скасабочаны шчыт, колы, абгарэлага немца, кожны камячок у доле. У акопе, сховішчы, за гарматай трапечуцца-дрыжаць чорныя дзягцярныя цені.
На некалькі імгненняў на брустверы з незвычайнаю яркасцю ўспыхвае роўная і надзіва маленькая ў доле постаць Люсі. Коратка і горача бліснуўшы (як і ў жыцці), яна ўмомант азмрочваецца, і зараз жа ўсё паглынае цемра.