Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Клімчанка намогся, абапершыся на левую руку, сеў, правай неўпрыкмет для немца цопнуў сябе па баку — кабура была пустая, абарваны з канца раменьчк-почапка ляжаў на глеі. Лейтэнант прыхінуўся галавой да сцяны траншэі, аслабелае сэрца ледзьве варушылася ў грудзях. У галаве хмельна гудзела, і ў правым вуху стаяў востры нясціхны звон.
Немец тым часам сагнаў з твару здзіўленне і, спахапіўшыся, разы два цмыгнуў свой недакурак. Затым, трошкі крывячы ад дыму вока, тузануў рукаятку аўтамата. Аднак стрэльнуць ён памарудзіў, узняў голаў — ззаду пачуліся крокі, і неўзабаве цераз лейтэнантава плячо пераступіў запэцканы зямлёй бот з радам бліскучых шыпоў на падэшве. У наступны момант, крануўшыся яго шчакі, матлянуў падол доўгага, з махрамі ўнізе, шыняля, у прарэзе якога мільганулі абшытыя жоўтаю скурай брыджы. Немец апусціў зброю, пастараніўся, даючы камусьці дарогу, але той прыпыніўся, спаважна зірнуў у твар Клімчанку і нешта буркнуў. Немец, што знімаў аўтамат, з падкрэсленай гатоўнасцю адказаў, і лейтэнант зразумеў: з’явіўся начальнік.
Клімчанку нудзіла, мутнела ўваччу, абодва немцы расплываліся, нібы цені ў скаламучанай вадзе, ён схіліў голаў і, заплюшчыўшы вочы, чакаў стрэлу ўжо як збаўлення ад пакутаў. 3 гэтага стану яго раптам выбіў удар у сцягно; лейтэнант здрыгануўся, зірнуў — немцы стаялі над ім, і той, з аўтаматам, выплюнуўшы недакурак, схіліўся, заглядваючы яму ў твар.
— Ставаць, рус! Ставаць!
Ледзьве адольваючы ліпкую мутнасць у свядомасці, лейтэнант зразумеў, што пагібель яму адтэрміноўваецца. I ён, як за паратунак, ухапіўся за кароценькую магчымасць жыць, абапёрся рукой аб сцяну, вельмі няўпэўнена ўстаў і адразу ж прываліўся плячом да броўкі траншэі. Тады немец дужай рукой падхапіў яго пад паху. Клімчанка ад болю і слабасці скрыгануў зубамі, тузануў руку, але немец трымаў моцна і, бесцырымонна пхнучы наперад, павёў яго па траншэі.
Вецер курыў з бруствера пылам, ад нейкай сцюдзёнай макрэдзі ламала ў патыліцы, было дужа холадна. Клімчанка зноў дробненька затросся ў неадольнай ліхаманцы і, абыя-
кавы ўжо да таго, куды яго вялі, аслабела перастаўляў ногі. Другі немец ішоў наперадзе, здавалася, зусім безуважны да іх абодвух. Свежы марозны вецер рассыпаў на Клімчанкавай галаве валасы,— шапка недзе засталася ў траншэі,— студзіў памарожаныя зімой вушы, але ў той жа час і асвяжаў, дадаваў сілы, і чалавек, глыбей уздыхнуўшы, адчуў сябе лепей. З’явіўся першы неспакой па ўзводзе, скрозь звон у вушах ён услухаўся — не, бою паблізу не было чутна, калатнеча ў прасторы сціхла, толькі дзесьці — відаць, у зямлянцы — нейкі фрыц паўтараў адно і тое ж слова. Мусіць, тэлефаніст выклікаў пазыўныя. Клімчанка, адчуўшы сілу, мацней тузануў у немца руку, той спыніўся; тады лейтэнант выдавіў на шчоках жаўлакі і, хапаючыся за сцены, як п’яны рушыў уперад. Немец нешта сказаў, засмяяўся дыхавічным смехам прастуджанага, закашляўся і пайшоў ззаду.
Лейтэнант зірнуў у адзін бок, у другі — траншэя вяла ў тыл, рова і палетка з іржышчам, дзе яны наступалі, адсюль не было відаць. Навакол было па-веснавому прывольна і прасторна — чакаючы свайго часу, бруяў вясновымі сокамі лес, вытаяўшы з-пад снегу, вось-вось гатова была ажыць для свае адвечнае справы зямля. Там-сям у раўчуках, разорах, на падлеску марнелі-датайвалі, бы наждак, хрусткія на марозе лапіны снегу, гуляў над прасторамі вецер,— сушыў зямлю. На змену бясконца доўгае сцюжы ішла вясна, і лейтэнант зразумеў: не для яго.
4
Яго, аднак, не стралялі, а вялі і вялі ўсё глыбей у тыл, далей ад сваіх, ад роты, і Клімчанка ўсё выразней усведамляў, што гэта шлях назаўжды, што звароту яму ўжо не будзе.
Траншэя тым часам мялела і мялела, пакуль і зусім не скончылася ў лагчынцы дзвюма прыступкамі — яны вылезлі і апынуліся на сцяжынцы праз нейкі густаваты алешкавы хмызнячок. Клімчанка, дужа пакутуючы, стараўся ашчадней дыхаць,— ад глыбейшых уздыхаў калола ў баку і позірк заплываў туманам. Часам ён замаруджваў хаду, прыставаў,
і тады задні штурхаў яго руляй аўтамата або рукой, прыгаворваючы пры гэтым: «Пшёль! Пшёль!» Але злосці ў ягоным голасе лейтэнант не адчуваў, хоць гэта цяпер і не мела значэння. Другі, ні разу не азірнуўшыся, роўным крокам ішоў наперадзе.
На сцяжынцы ім трапіліся чалавек шэсць салдат,— мабыць, сувязістаў. Абвешаныя шпулькамі з чырвоным кабелем, сумкамі, зброяй, яны насцярожана саступілі са сцежкі перад афіцэрам і, мінаючы палоннага, кожны з іх укалоў яго зацятым, злым позіркам. Адышоўшы, яны яшчэ азіраліся, але Клімчанка ўжо не адрываў ад зямлі свайго позірку. Усё, што было наўкола, яго амаль не датычыла.
Так яны выйшлі к дарозе. Гэта было ў шырокім раўчукуразлозе, побач з мастком цераз замерзлы ручай. На невялікай прагаліне між кустоў збоч дарогі стаяла, абы-як загнаных, некалькі крытых брызентам машын. Дол між іх быў утаптаны і стракаты ад плямаў гаручага і змазкі, побач валялася некалькі бочак, і салдат у камбінезоне, адкінуўшы ўбок руку, валок да машыны цяжкую каністру. Два другія нахілялі бочку, з якой ліўся ў вядро бензін. Пярэдні канваір Клімчанкі нешта запытаў у салдата з каністрай, той, ляпнуўшы па сцягну рукой, коратка адказаў, і яны скіравалі ўбок, дзе пад узроўкам чарнелі дзверы зямлянак.
Спярша Клімчанку здалося, што тут штаб і, перш чым расстраляць, яму ўчыняць допыт. Але, агледзеўшыся, ён усумніўся ў той сваёй думцы. Зямлянак ва ўзмежку было ўсяго дзве; ні тэлефонаў, ні звычайнай штабной мітусні тут не заўважалася. Пярэдні немец адчыніў пафарбаваныя пад дуб — відаць, недзе знятыя ў доме — дзверы з шыбкай-акенцам у верхняй філёнцы і зайшоў у зямлянку. Следам, падштурхнуты канваірам, улез Клімчанка, і дзверы, рыпнуўшы, прыстукнуліся.
Ён ступіў на хісткія, негабляваныя дошкі, у твар ударыла гарачынёй напаленай жалезнай печкі, трошкі смярдзела дымам. На засланым коўдрай стале ляжалі паперы, гарэла нізенькая стэарынавая плошка, і нейкі маладжавы яшчэ афіцэр у кароценькім, з разрэзам, мундзірчыку, загойдаўшы агеньчык, кінуўся да ўвайшоўшага і стукнуў абцасамі. Па-
куль яны гергеталі аб нечым, Клімчанка, паддаючыся расслабляючай сіле цяпла, агледзеўся. Ззаду праз шыбку ў філёнцы пранікала слабае святло хмарнага дня; разам з агеньчыкам у плошцы яно ўсё ж асвятляла пярэднюю сцяну, скрозь залепленую бясконцым паўторам аднаго і таго ж плаката: шыракатвары чырвонаармеец з плоскага кацялка еў нейкае хлёбава і зусім дурнавата ўсміхаўся немцу ў касцы, што паляпваў яго па плячы з такою ж ненатуральнай драўлянай ухмылкай на твары. Пад плакатам дзесятак разоў паўтараўся подпіс на рускай і нямецкай мовах. Плакат азадачыў Клімчанку і канчаткова пераканаў, што гэта не штаб. Але тады што? Гестапа? Які-небудзь прапагандысцкі аддзел?
Пакуль немец у мундзірчыку нешта дакладваў, доўгі ў шынялі, не знімаючы з рук чорных замшавых пальчатак, зняў толькі фуражку, пад якой аказалася выгаленая да бляску галава і, падышоўшы да стала, перабраў паперы. На двух аркушах трохі затрымаўся позіркам, але неўзабаве адклаў іх сваімі чорнымі пальцамі і нешта сказаў. Той, у цесным мундзірчыку, адразу зірнуў на Клімчанку, і лейтэнант здагадаўся, што гаворка ішла пра яго. Ён стрымана стаяў ля парога побач з канваірам; немцы перагаворваліся ўжо ўсе ўтрох, салдат-канваір зняў з сябе яго сумку, дастаў з-за пазухі і аддаў брытагаловаму пачак папер. Клімчанка пазнаў чырвоную вокладку свайго пасведчання, камсамольскі білет, пасведчанні аб узнагародах, разліковую кніжку, даведкі аб раненых. Тут было ўсё, што многія месяцы ляжала ў яго кішэнях, апроч хіба гадзінніка і кісета з тытунём, якія, відаць, засталіся ў канваіра. Афіцэр, грэбліва скрывіўшы тонкую губу, без асаблівай цікавасці перагартаў іх і кінуў на стол. Некалькі паперак, не даляцеўшы, заматляліся ў паветры, іх угодліва падабраў з падлогі другі, у цесным мундзірчыку.
Урэшце начальнік нешта загадаў, разы два пратупаў па хісткіх дошках падлогі і, не зірнуўшы на Клімчанку, выйшаў з зямлянкі. Канваір з аўтаматам таксама выйшаў і стаў за дзвярыма. Праз чыста працёртую шыбіну лейтэнант убачыў яго плячо з пагонам, казыркастую шапку, далей быў
канец будкі-кузава з плямістым асеннім камуфляжам і літарамі «FW» у белым квадраце. Чакаючы, што будзе далей, Клімчанка зірнуў на таго, што застаўся з ім, і прыкмеціў, як пакорліва-паслушны выраз яго твару саступіў месца самазадаволенай упэўненасці.
— Ну, лейтэнант, пачнём размову,— на чысцейшай рускай мове сказаў ён, і ад нечаканасці Клімчанка аж страпянуўся. Немец, нібы і разлічваючы на тое, паблажліва заўсміхаўся, дастаў з кішэні блішчасты партабак, раскрыў і, стоячы пасярэдзіне зямлянкі, працягнуў яго Клімчанку.
— Курыш?
Пачуўшы гэтыя, такія нечаканыя тут словы, лейтэнант, які ўвесь час быў у празмерным для яго напружанні, хіснуўся. Каб не ўпасці, ён ухапіўся рукою за абшалёваную сцяну зямлянкі, недарэчныя двое людзей на плакатах заскакалі ў вачах. Немец, убачыўшы тое, нерашуча прыкрыў партабак.
— Э, ды ты ж, здаецца, паранены! Што ж яны не сказалі? Ну, гэта драбяза: падлечым. Сядай вось! — Ён грукнуў на сярэдзіне падлогі выхапленым з кута зэдлікам, у дошцы якога была дзірка для рукі, і лейтэнант бяссільна апусціўся на яго.
Афіцэр расчыніў дзверы, нешта крыкнуў у падворак, там затупацелі боты, пачуліся галасы. Ад свежага паветра знадворку ў зямлянцы адразу пахаладзела, і Клімчанка трохі саўладаў са сваёю слабасцю. Квелы агеньчык трапятка біўся ў плошцы.
Неўзабаве паблізу застукалі боты і ў зямлянку ўваліўся камлюкаваты, немалады немец з нездаровым аплыўшым тварам. Ад яго патыхала дустам і вострым пахам нейкіх лякарстваў. Нягучна буркаючы, ён садраў з Клімчанкі перапэцканы і пашкумутаны ў бойцы паўшубак. Лейтэнант вяла падпарадкоўваўся яго настойлівым рухам, яму ўжо было ўсё роўна, хто і што зробіць з ім. Ён хацеў толькі спакою і невідушчым гюзіркам глядзеў, як па дошках вакол зэдліка тупалі растаптаныя, шырока расстаўленыя боты. Рукі немца, бесцырымонна паварочваючы яго галаву, паляз-галі ля вуха нажніцамі, і на падлогу ўпалі светлыя зблытаныя пасмы валасоў. Патыліца, відаць, была моцна разбіта і балела,
але ён трываў усё, толькі аднаго разу здрыгануўся, калі ў ране запякло лякарства. Неўзабаве, аднак, немец спрытна абматаў галаву рудаватым папяровым бінтам, туга спавіў павязкаю і сабраў у сумку сваё начынне. Увесь гэты час той, у мундзірчыку, пускаючы пад столь дым, сядзеў на рагу стала і з ухмылкай назіраў за ім.