Поўны збор твораў. Том 4 Аповесці Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 4

Аповесці
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 600с.
Мінск 2006
157.84 МБ
Знізу штосьці казала Джулія, але ён не слухаў яе,— учапіўшыся пальцамі ў каменны выступ, ён глядзеў, як па схіле да скальнай сцяны, шырока сігаючы галянастымі нагамі, бег чалавек у паласатым. Наўкола яго блізка і далёка пылілітрэскаліся кулі. Гефтлінг падаў, але затым ускокваў і зноў бег, каб праз некалькі секунд упасці. За ім, праўда, далекавата, каля сялібы, пакінуўшы два матацыклы, трухалі ўгору немцы, а іншыя з месца цераз іх галовы білі з кулямётаў. Агонь быў надта густы і дружны, і ўсё ж гефтлінг бег. Часам ён коратка азіраўся і, здавалася, нават штосьці крычаў, пасля падаў, і Іван кожны раз думаў: не ўстане. Ды не. Як толькі крыху слабеў агонь, небарака ўскокваў і бег, бег угору.
— Руссо! Руссо! Что смотріть? Руссо! — нецярпліва тупаючы на камені, дапытвалася знізу Джулія.
Іван моўчкі сачыў за небаракам, баючыся паварушыцца на скале, лічачы, што лёс таго ўжо вырашаны. I сапраўды, той яшчэ раз упаў, амаль дабегшы да скалы, болей яго ўжо не стала відаць, і страляніна адразу сціхла.
У Івана быццам што абарвалася ўсярэдзіне. Ён хуценька падаўся па камянях уніз, несучы з сабою ціхі смутак і кароценькую ўдзячнасць за яшчэ адну непакорную смерць, якая прыкрыла іх у гэтай расколіне. Саскочыўшы ў дол, ён коратка кінуў Джуліі:
— Капут.
— Капут? — шырока раскрыўшы вочы, не зразумела дзяўчына.
— Кампаніё твой.
— Кранк гефтлінг?
Ну.
— Ой, ой!
Ён выхапіў у яе, збянтэжанай, сваю скуранку, яна моўчкі хуценька падабрала калодкі, і яны абое кінуліся па камянях угору.
9
Яны не здолелі прайсці таемна, адкрылі сябе, ззаду застаўся сведка, і непакой з новаю сілай агарнуў хлопца — выдасць аўстрыяк ці не?
3 свайго якога-ніякага вопыту трох уцёкаў ён ведаў, што вось гэткія абставіны былі для ўцекачоў найбольш рызыкоўныя. Нідзе — ні ў полі, ні ў гарах, ні на дарозе — не падпільноўвала іх такая небяспека трапіць у пастку, як тады, калі яны заходзілі ў вёскі, сялібы, на хутары, калі сустракаліся з людзьмі. Так здаралася, што выдавалі нават і недаверлівых, нават і асцярожныя нарываліся на засады. Так часта канчаліся вельмі цяжкія шляхі на волю і пачыналіся другія, яшчэ больш пакутныя — назад, на захад, у палон. Але і зусім мінаваць людзей было немагчыма — трэба было карміцца, распытаць пра дарогу, пераапрануцца. Гарантыі ад здрады ніколі не было, і ўцекачы часта спадзяваліся на шчаслівы
выпадак, на людскасць. Часта так і абыходзілася. Але не заўсёды.
Год назад ён таксама спадзяваўся на тое, што ўсё як-небудзь абыдзецца, як абыходзілася ўжо трыццаць два дні,— чацвёра іх даволі ўдала міналі засады, пераплывалі рэкі, абыходзілі вёскі, пазбягалі сустрэч з паліцаямі, два разы ўцякалі ад пагоні. Аднойчы, праўда, яны згубілі чацвёртага, масквіча-танкіста Валерыя. Астатніх жа як-колечы мінула ўсякае ліха: яны дабраліся да сваёй зямлі, да Валыні. Наўкола ляжалі ўкраінскія сёлы, у полі на конях і валах аралі свае палоскі сяляне. Бралася на цяпло — ужо можна было, не дужа калеючы, начаваць у лясах і без лішняй патрэбы не патыкацца ў вёскі. Каб толькі не харч! Харч прымушаў іх часам заходзіць у паселішчы, і ў тое ранне, пакінуўшы сяброў на ўзлеску, у сяло пайшоў Іван. Напярэдадні хадзілі іншыя, цяпер падступіла яго чарга.
Ён крышку прыпазніўся выйсці з лесу, праз які пакручастай дарожкай яны ішлі ноч. Трэба было дняваць, і дужа не хацелася зашывацца дзе на пусты жывот. Добра ўгледзеўшыся ў сяльцо з узлеску, ён нічога падазронага ў ім не заўважыў; вялікай дарогі паблізу, здавалася, не было, і ён цераз балацявіну, трымаючыся бліжэй да кустоў, рушыў да крайняе хаты. У яго быў пад палой нямецкі аўтамат з дванаццаццю патронамі ў магазіне, здабыты на дарозе пад Кракавам, армейскія боты на нагах і на плячах нейкая несамавітая сялянская світка. 3 выгляду ён нагадваў звычайнага селяніна, такога, як і ўсе тут, і без перашкод дайшоў да гародаў, потым па бакавой дарожцы ад гумна, што вяла між плятнёў, скіраваў да бліжняе хаты. Але хата стаяла па той бок вуліцы. Ён азірнуўся: паблізу нікога не было, толькі дзесь у двары рыпнулі дзверы і замычала карова,— мусіць, гаспадыня ішла даіць. Але не паспеў ён пераскочыць аблеглы з ночы, пакроплены расой пыл на дарозе, як з суседняга двара хтось выйшаў на вуліцу. Іван не азірнуўся, аднак, здаецца, патыліцай адчуў, што той заўважыў яго. Хлопец утуліў голаў і таропка шыбануў У падворак. Толькі ўжо хаваючыся за вугал дома, азірнуўся — чалавека таго не ўбачыў, затое згледзеў у двары
цераз вуліцу вялізны брызентавы кузаў машыны. Гэта было куды як няўдала, тым болей што з двара ўжо крыкнулі — не то загадвалі нешта яму, не то перасцерагалі каго другога. Дзецца Івану не было куды (за хатай пачынаўся шырокі забаранаваны гарод), і ён кінуўся да расчыненых у сенцы дзвярэй. У дзвярах тых якраз паказаўся няголены, сярэдніх год чалавек. Ён, пэўна, зразумеў усё без слоў, бо пабялеў крыху, зірнуў на Іванаў аўтамат, што тырчаў з-пад палы, і адступіў да шула, даючы дарогу ў хату. Іван, таксама без слоў, ускочыў у чысценькія, прыбраныя сенцы з прыцярушанай аерам падлогай, зыркнуў сюды-туды вачыма, шукаючы якога сховішча, і, не знайшоўшы нічога прыдатнага, праз расчыненыя дзверы кінуўся ў другі пакой, дзе была печ. Ён згледзеў у ёй чорную дзірку падпечча, прыпаў на калені, коратка азірнуўся на акно, пад якім на лаўках у покуце з-пад паласатае саматканае коўдры высоўваліся тры пары дзіцячых ног. Кепскае прадчуванне разанула яго — не, не туды трапіў.
Але перайначваць намер не было калі — на двары затупалі боты, і ён задам таропка сунуўся ў смярдзючую вузкую дзірку падпечча, зараз жа прытуліўся к боку за выступ, прыціснуўся, сцяўся. У сенцы ўжо ўваходзілі людзі. Толькі ён справіўся зацяць дыханне, як адразу данесліся галасы: то былі немцы, двое ці болей. Гаспадар не разумеў іх або, можа, не хацеў разумець, Іван жа ўсё чуў, і перакладчыка яму не трэба было.
— Вэр іст? Вэр ляўфт?1 — крычаў адзін немец.
— Ін дызэм аўгенблік, іх габе гезэен2,— гаварыў другі. — Паночкі, нэ розумію. У мэнэ нікога нэма. Што вы!
У Івана трошкі абмякла напятае яго адчуванне — значыць, гаспадар свой, не выдасць, дзякуй Богу, у гэтым хоць пашэнціла. Цяпер толькі б затаіцца, забіцца ў самы цёмны закутак, каб не знайшлі. I ён ціснуўся да сцяны што было сілы, скурчыўшыся ў тры пагібелі і амаль што не дыхаючы. Тым часам немцы закрычалі мацней, вылаяліся, заплакалі
’ Хто такі? Хто бег? (ням.)
2 Толькі што, я бачыў (ням.).
малыя на покуце. Аднекуль, мабыць, з печы, тупнуўшы па падлозе, да іх кінулася жанчына, пачала супакойваць. Хтось, убегшы ў хату, лязгнуў затворам вінтоўкі; у падпеччы мільгануў цень. Галасней закрычалі малыя, загрукалі тапчаны — мусіць, раскідвалі іх пасцелі. Іван чакаў, трымаючы руку на рукаятцы аўтамата, хоць не ведаў, як тут было страляць. Немцы грукалі ботамі, пэўна, зазірнулі на печ, бразнулі засланкай, і тут жа прамень ліхтарыка мільгнуў па задняй сценцы падпечча. Іван аж прыжмурыўся, чакаючы крыку «гераўскрыхен!». Але праменьчык быў слабаваты (мусіць, разрадзілася батарэйка), немцы нічога не ўбачылі, і боты загрукалі далей. Неўзабаве крокі прыціхлі: напэўна, шукалі ў сенцах. Тады ён, усё яшчэ не варушачыся, выдыхнуў і зноў паціху ўздыхнуў, азадачаны надзеяй: няўжо ўратаваўся? I сапраўды, крокі зусім сціхлі — адно толькі хліпалі ля печы дзеці, і маці, тупаючы босымі пятамі, кідалася, відаць, да акон — нямецкая гамонка чулася ўжо з падворка. Там штосьці гаварыў гаспадар, напэўна, выправаджваючы іх далей ад хаты. I сапраўды, неўзабаве ўсё сціхла, гаспадар, мусіць, увайшоў у сенцы, да яго падалася жонка. Яна нешта хуткахутка гаманіла, бядуючы і ледзьве не плачучы. Гаспадар злосна кінуў ёй: «Годзе! Змоўкні!» Яна змоўкла, вярнулася ў хату і засакатала да дзяцей.
Іван падумаў быў, ці не пара вылазіць, каб перахавацца куды ў надзейнае месца, як гаспадыня з жахам у голасе крыкнула:
— Пэтро! Пэтро! Ой лышэнько! Грыць ідэ...
Іван зноў сцяўся. Гаспадар знік недзе, з хвіліну яго не было чуваць, затым у двары пачулася лагодна-з’едлівае: «Добры дзень, гэр Пэтра!» Гаспадар стрымана адказаў на прывітанне, там нешта ляснула, быццам бізуном па халяве, і той жа голас неяк дужа будзённа, нібы гаворка ішла пра сабаку або кацяня, сказаў:
— Каго хуваеш? Ану, підаць ёго сюдой!
— Нікога я нэ хуваю, кум Грыць! Перахрыстыцеся. Чого вы?
— Ага! Ныкога. Што ж, провірымо! Ганна! — крыкнуў Грыць.
— Я тута, кум,— азвалася з дзвярэй напалоханая гаспадыня.
— Кого Пэтра хувае, прызнувайся!
— Ой, хыба ж я ведаю? Ныкога ж він нэ хувае, кум Грыць.
— Нэ хувае. Ану, Настусю, скажы: дзе татко хувае бандыта?
— He відаю,— адказаў боязны дзіцячы голас.
— Нэ відаетэ. Побачымо,— з шматабяцаючым спакоем вымавіў Грыць.
У Івана ў падпеччы ад злосці да гэтага вылюдка аж анямелі пашчэнкі — так захацелася выскачыць і ўсадзіць яму ў вантробу дзесятак куль. Але хлопец не ведаў, колькі яшчэ там было памагатых, і нядобрае прадчуванне ўжо запанавала ў ім: ён зразумеў, што гэты — не немец, сваю справу ён ведае як мае быць.
— Глух, нэсі солому. Ты, Жупан, тэж. Зараз мі дознаемося, дэ він хуваецца. Мі ёго підсмажымо.
На двары затупацелі крокі, бразнулі недзе паблізу дзверы,— мусіць, у хляўчук. Іван зразумеў, што ўдумаў гэты, каб яму не дажыць да нядзелі, Грыць. «Але няўжо яны адважацца запаліць, няўжо так зробяць са сваім чалавекам, які гэтага вылюдка яшчэ называе кумам?» — пакутна меркаваў Іван.
Тым часам ля акон нешта шаснула, зацямніла святло ў падпеччы. «Мусіць, паклалі салому»,— адзначыў сабе Іван. Пасля ўсё прыціхла: ні крокаў, ні гоману. I раптам закрычала жанчына, ды так роспачна і здзічэла, што можна было падумаць, нібы паляць яе самую, а не хату. За ёю загаласілі ўсе дзеці, зараз жа засмярдзела дымам; Іван рашыў, што ўсё прапала, што згарыць і ён ды яшчэ загубіць людзей. Мусіць, трэба было вылазіць ды прыстрэліць гэтага нягодніка, але ў яго ўсё недзе тлела ў душы надзея, што, можа, не дадуць загарэцца — толькі палохаюць.
Зноў жа, даць загарэцца хаце, а пасля вылезці — ці не замнога гэта будзе кары і для яго і для гэтай сям’і? Проста ён не ведаў, што рабіць, хоць і разумеў, што трэба за секунды нешта рашыць.
Мусіць, ён усё ж выскачыў бы з падпечча, ужо ён на тое наважыўся, як раптам з галашэннем і праклёнамі ў хату