Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
He мучцеся вы ўжо. Што ж зробіш? Калі дзе жывы, дык вернецца. А калі не... Калі не, дык трэба забыцца ўжо.
— Ці ж можна забыцца? пакутліва адгукнулася Тэкля. Калі б хоць ведала, што няма, дык лягчэй было б. A так вось... У заўтрашні дзянёк якраз нарадзіўся ён, перад Пакровамі. Нарадзіўся на белы свет, а шчасцейка, відаць, не суджана было. Ляжаць, можа, дзе адны костачкі ведаць бы хоць, у якой зямельцы — ці ў сваёй, ці крый Божа у нямецкай.
Дзяўчына няёмка пераступіла ля парога, баючыся, што старая расплачацца, і немаведама як тады супакоіць яе матчына гора. Але працяглы боль ужо высушыў слёзы старой Тэклі, толькі сэрца гарэла ад нясцерпнай пакуты.
У гэты вечар яна не паліла ў грубцы і не засвяціла лямпы. Яна ўзлезла на печ, трохі яшчэ цёплую зранку, і, накрыўшыся світкай, скурчылася на ўскрайку. Яна не заснула, ды і не намагалася зрабіць гэта, а ляжала так, не заплюшчваючы вачэй, і ў змроку хаты перад ёй паўставалі даўнія, але незабыўныя малюнкі.
...Ён нарадзіўся ў гэткі ж, як сёння, ветраны восеньскі дзень маленькі крыклівы хлопчык. Бацька толькі што перахварэў на тыф, ужо ўзняўся, хадзіў, але быў яшчэ кволы і слабы. Першы сынок стаў вялікай уцехай у гэтай крайняй у вёсцы хаціне. Абое з бацькам яны выняньчылі, выхадзілі яго, радаваліся яго першым крокам і першым словам. Ішоў неўзаметку час, і рос бялявы, ціхманы хлопчык ласкавы, велікалобы, жвавы. У пяць год ён ездзіў з бацькам у поле, на начлег, пасвіў гусі, а потым, калі нарадзілася Марыська, стаў няньчыць яе. Вучыўся ён добра, на святы прыносіў маленькія школьныя прэміі: сшыткі, пенал, каляровыя алоўкі. Суседзі хвалілі сына, і часта матчына сэрца мацней білася ад радасці.
I Васілька пасля школы падаўся далей, у гарадскі тэхнікум, дзе вучыліся на настаўнікаў. Тады ж яна зведала першы боль ростані і першую чароўную радасць сустрэчы. Ён быў зусім яшчэ падлетак, а ўжо яго паважалі ў вёсцы, суседкі зайздросцілі Тэклі, мужчыны хвалілі сына, а ён усё, як і ў дзяцінстве, быў ціхманы, сарамлівы і стрымана ласкавы з маці. Яна тады ўжо засталася адна бацька не шмат пражыў са слабым здароўем і неяк памёр напрадвесні. У той год Васілька канчаў вучобу, пасталеў, падрос, раздаўся ў плячах. I аднойчы, на нейкае свята, у час яго кароткага гасцявання дома, адчула маці, што ўжо скончылася дзяцінства яе белагаловага хлапчука і з ім — яе, матчына, улада над сынам.
Ёй добра памятны той цёплы майскі адвячорак, калі ў паветры пахла таполяй, маладым бярозавым лісцем. Гудзелі на панадворку хрушчы, недзе ў вёсцы граў гармонік, і яна, успомніўшы, што трэба да вечарынкі накарміць сына, пайшла за хату ў агародчык гукнуць яго. Ён там чытаў нешта, але калі маці ўбачыла яго, Васіль, безуважны да кнігі, неяк устрывожана і пільна пазіраў з-пад рабіны на палымяны разліў зары. Маці пяшчотна паклікала, але ён не паварушыўся нават, усё глядзеў на захад, а потым азваўся і сказаў такое, што назаўжды разбурыла спакой у матчыным сэрцы:
Мама, глянь: бачыш, які захад? Праўда, падобна на вялізнае пажарышча? А бадай, і сапраўды запалае зямля.
Вайна будзе, мамачка. Я пайду тады, застанецеся вы адны з Марыськай.
Яна моцна спалохалася, памятае, зразумеўшы страшны сэнс тых слоў, заплакала, а ён ускочыў, абняў яе і супакойваў, як мог, кажучы, што, можа, яшчэ ўладкуецца ўсё паціху. Але калі яна сціхла, прыцяла благое прадчуванне, ён сказаў ужо сур’ёзна і цвёрда, як узмужнелы сталы мужчына:
Усё ж, калі што здарыцца, я пайду, мама. Прызавуць ці не, а пайду: так трэба.
Яна не разумела ўсяго, але верыла, што калі казаў ён гэта, то сапраўды так трэба было, і не адгаворвала, не ўпрошвала яго.
I ўсё ж у сэрцы яе ён заставаўся маленькім, добрым белагаловым хлопчыкам, якому патрэбна была яе любоў і яе клопат. Усё здавалася ёй у страшныя гады вайны, што яму недзе цяжка, што ён знемагае ад болю, ад сцюжы, ад голаду. I яна не знаходзіла сабе месца ў хаце — хацелася бегчы, знайсці яго, памагчы, прыняць частку яго цяжару на свае плечы. Але куды было бегчы і дзе шукаць?
Ішлі гады. Яны неслі роспач, радзей кароткую, як пробліск восеньскага сонца, радасць. Людзі прыходзілі з вайны, з партызан, многія былі паранены, але жывыя, за другіх прыйшлі весткі аб іх гібелі. Па іх паплакалі маці і патроху супакоіліся — страчанага не вернеш. Тэкля ж усё чакала доўга, цярпліва, без скаргаў, а ён не ішоў, не адзываўся. Яе суцяшалі суседзі, колькі разоў угаворвала Марыська, якая ўжо выйшла замуж і жыла ў далёкай вёсцы. Зяць пры кожнай сустрэчы цярпліва запрашаў яе да сябе там гадаваліся ўнукі, і яна была дужа патрэбна. Але Тэкля ўсё не магла адцурацца хаціны, дзе нарадзіўся сын і якую яна ўпарта доўгія гады берагла для яго.
У хаце пакрысе ўсталёўваецца сляпая асенняя ноч, глухая ціш, апроч Тэклі тут нікога няма. Быў некалі кот, ды і той звёўся чамусьці. Вялікае гора прыбіла ўсякі інтарэс да жыцця, зламала характар, спарахніла душу — нічога няміла цяпер старой, адзінокай жанчыне.
Яна ўсё ляжыць, расплюшчыўшы вочы, думае свае невясёлыя думы і напружана ўслухоўваецца. Так ужо пры-
выкла за шаснаццаць год і трывог і чаканняу слухаць кожны шолах і кожны гук у ваколіцы.
Але ўсюды ціха, толькі шамаціць у страсе халодны вецер ды недзе на дарозе гудзе машына. Яна, відаць, набліжаецца, буксуе, пэўна, у калдобінах тых, ля пагорка. Знячэўку сіняватае дрыготкае святло яе фар слізгае па вокнах і кладзе ў куце пад столлю вузенькую бліскучую паску. Машына гудзе бліжэй, паска паволі сунецца па закураных, патрэсканых бярвеннях, шырэе; з’яўляюцца чорныя палосы рамы, і вось ужо на сцяне — бліскучы косы адбітак Тэклінага акна з адной чорнай заткнутаю шыбай. Акно ўсё хутчэй слізгае па сцяне ў другі кут і ўрэшце знікае, асвяціўшы на момант вялізны цвік і каўнер павешанага на ім кажушка. У хаце зноў робіцца цёмна, машына з цяжкім ляскатам і гулам мінае Тэклін панадворак.
Тэкля нерухома слухае, думае сваё і раптам усхопліваецца ад новай надзеі. А можа, гэта ён, можа, ён са станцыі, прыехаў, стаіць цяпер ля роднае хаты, вось-вось увойдзе. Тэкля ўзнімае голаў, слухае і сапраўды чуе няпэўныя крокі на ганку і ціхі кароткі стук. Ён! Старая ўзнімаецца на печы, спускаецца і, сцягнуўшы за сабою ватоўку, таропка бразгоча зашчапкай. Яна расчыняе дзверы сенцаў — у твар ёй б’е вільгаць і холад восеньскай ночы, наўкола цішыня і цемра. На ганку нікога, на панадворку змрок. 3 хвіліну яна ўзіраецца ў ноч, слухае, і сэрца яе зноў захлынаецца ад роспачы, не хоча ніяк пагадзіцца з крушэннем надзеі. Асцярожна мацаючы ботам гразкі дол, яна заходзіць за рог, доўга ўглядаецца ў вуліцу нідзе нікога.
Потым яна вяртаецца і зноў ляжыць на печы з расплюшчанымі вачыма і слухае, слухае ўсю ноч. Пад ранак жанчына ўсё ж засынае і нібы ў працягу сваіх думах бачыць дзівосны сон.
Бачыць яна: нібы настае новы, заўтрашні дзень дзень нараджэння Васількі. Яна нешта завіхаецца на панадворку і ўсё пазірае на дарогу, чакае і пэўна ведае, што сёння павінен з’явіцца ён, яе надзея. Жанчына ўсё рыхтуецца да гэтай сустрэчы, але чамусьці няма радасці на яе сэрцы ад хуткага спаткання нешта замінае ёй, гэтай радасці.
Урэшце чаканне сустрэчы і зусім знікае. Жанчына паліць у печы, ёй памагае дачушка Марыська. Яны пякуць бліны і між справай ласуюцца святочным наедкам, зусім забыўшыся ўжо пра Васільку і яго хуткае вяртанне. I раптам суседская Ульянка стукае і нешта хрычыць у акно Тэклі не чутна слоў, але яна здагадваецца, што гэта вяртаецца ён. Старая выбягае з хаты і бачыць, як на той жа дарозе, што і шаснаццаць год назад, ідзе яе сын, яе дарагі Васілька. Але ён ідзе вельмі марудна, часта спыняецца, становіцца на калені з ім штосьці здарылася, яму, відаць, вельмі цяжка. Маці, ахопленая нястрымным роспачным хваляваннем, наўпрасткі, праз бульбянішча і гразь, у адной кофце, без хусткі бяжыць насустрач сыну. Яна ўжо ведае, што нешта страшнае, непапраўнае здарылася з яе Васількам. Жанчына, галосячы, падбягае да сына ён, прыўзняўшыся на руках, ляжыць на дарозе, і яго малады, такі ж, як і шаснаццаць год назад, без ніводнай маршчынкі, твар спагадліва ўсміхаецца. Але што гэта? Чаму ў сына няма ні рук, ні ног, замест іх адны толькі кароткія кульцяпкі? I чаму кроў на яго пілотцы з маленькай зялёнай зорачкай, якія насілі франтавікі? Маці, млеючы ад жаху, хапаецца за сына, прабуючы ўзняць, і галосіць, а ён спакойна так кажа: «Нічога, мама, усё благое скончылася. Цяпер жыць будзем...».
А потым яна бачыць яго ў роднай хаце, быццам ён сядзіць на покуці і ўжо не ў чырвонаармейскай форме, а ў шэрым пінжачку, які справіў перад вайной, і сур’ёзна кажа маці: «Ну і нічога, хоць я і загінуў, але зноў жывы».
Ад нясцерпных жахаў яна прачынаецца на досвітку і, знясіленая ад перажытага за ноч, нерухома ляжыць, не ведаючы, што і падумаць. Яна прыпамінае сон, удумваецца ў яго адметныя драбніцы, зноў пакутуе ад такога выразнага, свежага ў пачуццях відовішча, і чым далей, тым болей у старой мацнее ўпэўненасць, што ён вернецца. Гэтая ўпэўненасць і жаданне, каб яна здзейснілася, ужо не даюць старой чакаць у бяздзейнасці, яна ўзнімаецца, хуценька накідвае на плечы сваю світку. У хаце сцюдзёна, ужо даўно і зусім астыла печ, у вокнах сінее свежы ранак, і Тэкля
кідаецца да таго, з разбітай шыбай, каб убачыць дарогу. Але дарогі яшчэ не відно, ледзь-ледзь цямнее пад нізкім хмарным небам пусты пагорак — і ўсё. Старая сноўдае па хаце, не ведаючы, што рабіць, за што ўзяцца, а думкі яе — на той дарозе, і сэрца ўсё больш ахоплівае нецярплівасць. Яна ўжо верыць, што ён недзе вяртаецца, і ўвесь час то падбягае да акна, то выходзіць на панадворак і да болю ў вачах узіраецца ў шэрую далячынь.
Калі добра развіднела, Тэкля ўжо не магла стрымаць сябе і, выйшаўшы на вуліцу, пачала ўглядацца ў дарогу. Спачатку там было пуста, потым з’явілася нейкая фурманка, на ёй сядзела двое мужчын і кабета. Старая ўсё ўглядалася ў іх пільна і доўга, захлынаючыся ад нецярплівасці, а яны, бесклапотна гутарачы аб нечым і перасмейваючыся, так і мінулі вёску. Потым зноў на дарозе доўга не было нікога, аж пакуль здалёк не паказалася нейкая адзінокая постаць. Яна з’явілася, паматлялася на краявідзе і недзе знікла. У Тэклі адразу адарвалася нешта ўнутры, тупа ўдарыла ў голаў здагадка: «Ён!>. Яна прыгледзелася яшчэ і ўжо не магла стрымацца. He зачыніўшы нават сенцаў, у бахілах набасанож старая хутка пайшла па дарозе. Спачатку яна абмінала гразь, пазіраючы то пад ногі, то на пагорак, потым прыбавіла кроку і ўжо не разбірала дарогі. У нізіне ля калдобін, калі знік з вачэй пагорак, яе ахапіла трывога. Здалося жанчыне, што яна позніцца, што ён упаў там і ляжыць пакалечаны, і маці, цяжка дыхаючы, кінулася подбегам.