Поўны збор твораў. Том 7 Апавяданні Васіль Быкаў

Поўны збор твораў. Том 7

Апавяданні
Васіль Быкаў
Выдавец:
Памер: 480с.
Мінск 2009
123.31 МБ
Мноства гарачых пакутных слоў узнялося тады, перамяшалася ў яго галаве, ад перажытага ўзрушання зблыталіся
яго думкі і намеры, і ён кусаў толькі свае засмяглыя вусны. Трэба было сказаць самае галоўнае, самае важнае, аб чым марыў ён доўгія гады. Жанчына нібы разумела гэта і чакала, не ў стане згасіць у вачах нямое трывожнае пытанне.
Ніначка, каб ты толькі ведала! натужна сказаў ён, глынуўшы ў горле пакутны камяк.
Яна павесялела ад яго невясёлых слоў, зноў, як калісьці ў далёкія гады, прыхінулася плячом да яго, узяла ў свае яго вялікую з набраклымі жыламі руку.
— У цябе сям’я.
Так, сям’я, сумна сказаў Андрэй Андрэевіч. — Двое малых...
У мяне дачка... Вялікая ўжо... Муж маёр. Прыехалі вось з Далёкага Усходу. Ведаеш, як я апынулася тут? Ты мне сніўся ўчора, стрымана бліснуўшы вачыма, паведаміла Ніна. Я кінула ўсё і паехала... Шукаць цябе, даверліва прызналася яна.
Побач за высокай спінкай канапы гаманіў вакзал, снавалі людзі, глуха хроп сусед, падкурчыўшы на сядзенні ногі. У цьмяным вялізным акне гулялі вулічныя водсветы, раўлі, лязгалі цягнікі за сцяной. Яны ж забыліся на свае справы і турботы, сядзелі, прыпаўшы адзін да аднаго, і слухалі пакутную споведзь сэрцаў.
Але ўляглося першае хваляванне сустрэчы, і неяк нечакана хутка мінулася яе чароўнае замілаванне, нешта куды больш простае і звычайнае ўваходзіла ў душу. Андрэй Андрэевіч усё глядзеў на жанчыну збоку ён бачыў яе маленькае мяккае вушка, напалову схаванае ў завітках валасоў, далікатны, бы ў дзіцяці, пушок на шыі, і чамусьці гэтае суседства каханай усё меней кранала яго. Незразумела, чаму так хутка ў гэтай сустрэчы зніклі і хваляванне, і боль, і нават радасць, і ўнутры ў ім усё выразней расла незразумелая прыкрая няёмкасць. Прыгарнуўшыся да яго, сядзела любая жанчына, яго колішняя Ніна, а ў вачах чалавека праз туман гадоў выплываў іншы вобраз вобраз той смяшлівай дзяўчыны, што засталася некалі ў далёкім горадзе на ўзбярэжжы славутай ракі... Андрэй Андрэевіч, крыху збянтэжаны ад такога здрадлівага пачуцця, душыў
у сабе тую прыкрасць ён не хацеў разлучацца са сваім выпеставаным у марах шчасцем.
-Разумееш, я ўжо думала розум страчу. Так прыкра, так сумна... А муж вечна заняты, нічога не бачыць, апроч сваёй справы... не цэніць. Спіць і ўсё мармыча пра нейкія свае клопаты. А я... а мне надакучыла гэта, я жыць хачу... Навошта гіне маё хараство?.. Думаю: прападзі яно ўсё пропадам, купіла білет і сюды. Але хіба знойдзеш, не ведаючы! I вось ты — нібы сам бог паслаў.
Яна кінула на яго смяшлівы позірк і ніякавата, нібы засаромеўшыся, пачала церабіць пальчаткі, пасля, прывычна прыхарошваючыся, папраўляла валасы, бярэцік, полы плашча, і гаварыла, гаварыла... Ён маўчаў, слухаў пра яе жыццё з нялюбым, занятым службаю мужам і жахаўся, думаючы, што, бадай, гэтак сама сказала б пра яго самога ягоная жонка. Ён шчыра намагаўся выклікаць у сабе спагаду да жанчыны, але ў глыбіні душы ўсё настойлівей раздзімаўся яшчэ не ўсвядомлены да канца агеньчык незадаволенасці, прыкрасці ад яе апавядання. Нечага іншага карцела яму, нечага былога і каханага неставала ў ёй, і здавалася, быццам побач сядзіць нейкая незнаёмая, чужая жанчына.
Аднак яны доўга сядзелі прыгарнуўшыся і не чулі, як ішоў час. Сусед, што спаў побач, раптам прахапіўся, спачатку ўскінуў галаву, потым спусціў на падлогу ногі і запытаўся сіплым заспаным голасам:
— Колькі часу, не скажаце?
Дваццаць хвілін на першую, сказала Ніна і сама войкнула. Яна спазнялася на цягнік, да яго адыходу заставаліся апошнія хвіліны. Толькі зараз, узняўшыся з канапы, заўважылі яны, што ў зале прыкметна пацішала людзі павыходзілі на пасадку то быў апошні цягнік уначы. Сусед-пасажыр, сонна сапучы, знік недзе ў дзвярах, побач болей не было нікога, толькі на жаўтаватым узорным паркеце ляжалі нерухомыя цені канап.
Ніна збянтэжана замітусілася, зашпільваючы плашч. Мімаволі Андрэю Андрэевічу кінулася ў вочы сытая паў-
ната яе некалі тонкага дзявочага стану. Жанчына была вельмі ўсхваляваная, белыя шчокі яе нервова ружавелі, вочы блішчалі трывогай. Андрэй Андрэевіч стаяў маўклівы і сумны.
Андрэйка! умольна сказала яна, горнучыся да яго і закідваючы голаў, каб зазірнуць у яго невясёлы твар. — Андрэйка, што нам рабіць?
Андрэй Андрэевіч маўчаў. Колькі гадзін назад, даганяючы яе, ён не ведаў яшчэ, што мог бы зрабіць дзеля гэтай жанчыны. Цяпер ён адчуваў, што, бадай, ужо нічога не вырашыць і нічога не скажа ёй.
Андрэйка, шчасце, шчасце мінаецца... Гады ідуць... Што будзе потым, Андрэйка?.. Я чакала цябе... Ну, скажы мне што-небудзь...
Ён чакаў таго і баяўся. Баяўся, бо гэта было вялікае, складанае пытанне, незразумелае, загадкавае, і цяпер, калі ў яго адчуваннях перамяшалася ўсё, ён не ведаў, як паставіцца да здарэння. За гэтую нерашучасць і няўцямнасць ён праклінаў сябе ў думках, але маўчаў і разгублена глядзеў на жанчыну.
Яна абхапіла яго за плечы, утуліла твар у вільготныя складкі плашча, прыціснулася да яго ў роспачным дрыготкім парыве.
Давай сыйдземся, будзем жыць, будзем кахаць адно аднаго, паважаць, шанаваць... Давай, Андруша!
Андрэй Андрэевіч балюча сцяў сківіцы.
А дзеці? спытаў ён сіпатым, тугім голасам, бы яго хто ўзяў за горла.
Дзеці? здзівілася яна і ўскінула ўгору заплаканы мокры твар. Дзеці? У мяне добрая дзяўчынка, ты будзеш любіць яе як бацька... Ты будзеш рады... Яна паслухмяная такая, прыгожанькая... Андруша!!!
Яму зрабілася крыўдна, балюча ад таго, што яна не зразумела яго ці прыкінулася, што зразумела не так. I тады нешта новае з’явілася ў яго адчуванні — ён ужо ведаў, што ў нечым доўга памыляўся ў жыцці.
А як жа мае дзеці? разгублена спытаўся ён і нахмурыўся.
Яна адразу змоўкла, насцярожылася. Андрэй Андрэевіч адчуў, як звялі на яго плячах яе рукі неўзабаве яна зусім прыняла іх. Потым жанчына пільна паглядзела ў схаладзелыя вочы Андрэя Андрэевіча і, відаць, не знайшоўшы таго, што шукала, моўчкі ўздыхнула.
А Андрэя Андрэевіча апаноўвала прыкрасць. Яна ўжо прарвалася ў душу шырокім струменем і засмучала яго міжвольна, але няўхільна, усё болей аддаляючы гэтую нядаўна жаданую жанчыну. I чамусьці ў тыя хвіліны Андрэй Андрэевіч забыўся на свае мары, на сваю няўтольную прагнасць да ціхага шчасця, яму стала ніякавата ад гэтай сустрэчы, ён шкадаваў ужо нечага, што адбылося сёння, злаваў на сябе за супярэчлівасць пачуцця да Ніны і зноў пакутаваў. Але ён усё ж прыцяў у сабе незадаволенасць і раздражнёнасць, выкліканую яе дамаганнямі, і сказаў ціха:
He, так нельга, Ніна...
Тады яна ўзяла свой чамаданчык і, разважыўшы нешта, паціху пайшла па праходзе. Ен падаўся следам.
Чыгуначнік з чырвонай павязкай выпусціў іх на перон. Уздоўж вузкай апусцелай платформы стаяў цягнік. Дождж перастаў, усюды ў лужынах ззяла адлюстраванне агнёў.
Ён вёў яе па доўгай платформе паўз уважлівыя позіркі нерухомых правадніц, і здавалася чалавеку: чужыя вочы з дакорам, бы ведаючы што, пазіралі на іх. А ў галаве Андрэя Андрэевіча настойліва чамусьці стукала неадчэпная думка: «Як жа гэта?.. Як жа гэта?..»
Недзе ў зіхатлівай цемры станцыі працяжна зароў паравоз. Ніна, разгубіўшыся, кінулася да свайго вагона, потым спынілася, падалася да Андрэя Андрэевіча, ухапіла яго за рукі.
Андрэйка, падумай... Пішы, я чакаю... Чуеш?
Куды ж пісаць? усміхнуўся ён, згладжваючы ўсмешкай няёмкасць ад такой ростані. Яна выхапіла з сумачкі кавалак паперы, нешта чыркнула алоўкам і падала яму.
Калі цягнік крануўся, яна ўсё стаяла на прыступках і зза спіны правадніцы махала яму. Ен трохі прайшоў следам, але цягнік усё набіраў імпэт, і вагоны, бліскаючы вокнамі, неўзабаве абагналі яго.
Тады Андрэй Андрэевіч спыніўся, не разумеючы добра, што адбылося. Нешта ціха, маўкліва і пуста стала на душы, і ён не ведаў яшчэ, радавацца ці бедаваць ад гэтага. To яму здавалася, што ён другі раз пакрыўдзіў яе, то сам пачынаў крыўдзіцца на Ніну. Пастаяўшы так, ён сунуў у кішэню паперку з яе адрасам рука абмацала там шакаладкі, купленыя ў «Гастраноме», і чалавек нібы вярнуўся да будзённай свае рэчаіснасці. Ён неяк усміхнуўся, думаючы, што дзеці, пэўна, паснулі ўжо, не дачакаўшыся сёння яго гасцінцаў, і нешта цёплае, замілаванае ўвайшло ў яго пачуццё.
А ў небе тым часам зусім зніклі хмары, і над горадам высыпалі мігатлівыя зоры. «Пэўна, распагодзіцца», — машынальна падумаў Андрэй Андрэевіч, зірнуўшы ўгору, і ўздыхнуў, як уздыхаюць, пазбавіўшыся нялёгкіх турбот. Пасля ён шпарка пайшоў па платформе...
1957 г.
Ціхманая жонка
Зімовы дзень кароткі, як зайцаў хвосцік. He паспее развіднецца, і ўжо хіліць на адвячорак. А калі мала часу, заўжды знойдзецца шмат спраў, і тады ўжо не мінуць ночы.
У Юзіка Паддубка спраў было многа. Пакуль атрымаў трыерныя сіты на базе Сельгасзбыту ды купіў сёе-тое ў крамах, дык ужо на вуліцах загарэліся агні. У прыцемках хлопец выехаў з горада, узбіўся на гасцінец і паціху падаўся ў сваё Зарэчча.
...Конік рухава бяжыць па знаёмай дарозе, візгоча, рыпіць снег пад палазамі, плывуць, паварочваюцца па баках бялявыя, далікатна ахінутыя змрокам палі. Мароз нанач патроху ўбіраецца ў сілу, пашчыпвае Юзіка за вушы, але той цярпліва трымае форс і не развязвае шапкі. Дый што той мароз, калі ў душы хлопца столькі мараў-летуценняў, такіх далёкіх ад гэтай зімовай дарогі! Нездарма ж ён паехаў у горад за тымі сітамі былі і яшчэ клопаты. I як ім не быць, калі ў хлопца праз тыдзень вяселле, а там... А там гэткае шчасце, што аж не верыцца, не ўяўляецца нават...
I раптам над Юзікавай галавой бесцырымонны конскі храп, ажно цёплай парай патыхнула за сцюдзёны каўнер. Амаль налезшы на хлопцавы сані, конь так і не збіраецца збочыць, абмінуць, а толькі бразгае цуглямі ды шумна пыхкае ў воз. Неўзабаве, аднак, з фасоннага вазка саскаквае на дарогу сядок спрытны мужчына ў расшпіленым чорным кажушку і валёнках. Паляпаўшы рукавіцамі, ён крычыць спадарожніку:
Гэй, закурым, браток?
Ён даганяе Юзікавы сані і, па-качынаму валюхаючыся ў бакі, спорна крочыць побач.
А я выехаў поначы, гляджу — нідзе нікога. Во, думаю, самота будзе аднаму. Ды вось дагнаў цябе,жвавым тонам гаваркога, шчырага чалавека кажа незнаёмец. Ён на хаду прыпальвае папяросу, пстрыкае ў снег агеньчык запалкі. Юзік насупіўся, маўчыць, не дужа задаволены ўтаржэннем у яго мары.