• Газеты, часопісы і г.д.
  • Прыгоды з жыцця прыроды Adventures from the life of nature Вячаслаў Грамыка

    Прыгоды з жыцця прыроды

    Adventures from the life of nature
    Вячаслаў Грамыка
    Для сярэдняга школьнага ўзросту
    Выдавец: Беларусь
    Памер: 263с.
    Мінск 2003
    105.27 МБ
    сваю доўгую дзюбу ды як зараве буйвалам. Яе і завуць бугаём.
    «Бе-е-е-е...» — разносіцца на пашы бляянне баранчыка. «Бе-е-е-е...>? — вітае ён ранішнюю зару.
    А гэта і не баранчык зусім, а гарэзлівыя выбрыкі кулікабекаса. I «пяе» ён зусім не голасам, а... хвастом. Незвычайная пярынка ёсць у яго ў хвасце. Хвастом гэта птушка і пяе. Падаючы з вышыні, яна шырока растапырвае хвост. Крайнія цвёрдыя пярынкі ў яе хвасце па-асабліваму брынысаюць у паветры. Быццам разносіцца па небе бляянне маладога баранчыка. За гэта яму і нептушыную назву далі—«нябесны баранчык».
    А перапёлка раніцай спяшаецца як мага хутчэй выгнаць гаспадынь у поле. I крычыць безупынку: «Подзь палоць!.. Подзь палоць!.. Подзь палоць!..»
    Лясныя сцежкі
    Лясныя сцежкі... Яны заўсёды прыемныя і загадкавыя, a часам нават таямнічыя. He кожнаму паказвае лес дарогу да сваіх патаемных скарбонак. Усё залежыць ад чалавека.
    Ідзе адзін і нічога асаблівага вакол сябе не заўважае — дрэвы як дрэвы, трава як трава.
    А другі, ідучы той жа сцежкай, убачыць куды больш. Толькі прыгледзіцца крыху ўважлівей, і яму ахвотна раскрые лес сваю «душу».
    Назіраючы за тым, што адбываецца вакол, чалавек заўважае і вавёрку, што прытаілася на суку, і выбітыя на маладой бярозцы цэлымі кольцамі маленькія дзірачкі, з якіх ласуецца салодкім бярозавым сокам дзяцел. А гляне на мурашнік — нават вызначыць надвор’е на бліжэйшы час. Ён разумее, ад чаго гучна застагнала раптам старая хваіна, чаму схіліліся галінкі стромкай яліны, і дакладна вызначыць, хто гэта так гучна пракрычаў дзесьці ў самым зарасніку.
    Чалавек разумее лес, і лес разумее яго — напоіць сокам і схавае ад дажджу, дасць адпачыць, калі стаміўся, у прахалодзе дрэў, а трэба, дык і накорміць.
    Вавёрчына рэдкалессе
    Вавёрчына рэдкалессе помніцца асабліва, амаль з самага дзяцінства. Яно заўсёды прываблівала сваёй прыгажосцю. I аднолькава вабіла да сябе ў любы час — і ў сонечны светлы дзень, і ў пахмурнае дажджлівае надвор’е, і ў шэры надвячорак, і ў палітую буйною расою свежую халодную раніцу.
    Надзіва багата было населена яно вавёркамі. I варта было толькі з’явіцца там — усеагульны перапалох учыняўся. Але лішнім шумам вавёркі сябе не выдавалі. Па дрэвах праносіўся лёгкі шоргат, а час ад часу чулася характэрнае пацокванне. Або ўпадзе, бывала, на зямлю выпадкова згубленая шышка.
    Затаіўшыся і ўважліва прыгледзеўшыся, удавалася ўбачыць і саміх вавёрак — то час ад часу скакалі яны адна за другою з дрэва на дрэва, то высунецца з-за тоўстага камля цікаўная прыгажуня з дзіўнымі, нібы памазкі, вушкамі.
    Гнёзды вавёрак, што завісалі дзе-небудзь паміж магутных разгалінаванняў старых дрэў, былі трывала сплецены з галінак, дубчыкаў і ляснога моху, старанна прыкрыты і зверху, а ў сярэдзіне, напэўна, яшчэ і высланы поўсцю ды сухою падсцілкай. Што і казаць, гаспадары выключныя...
    Жывыя барометры
    Хто не жадае даведацца пра надвор’е наперад?! I часта не проста з цікаўнасці. Гаспадарчая дзейнасць чалавека ў многім залежыць ад «капрызаў» надвор’я. Аб важнасці прадказання яго добра сказаў вялікі рускі вучоны М. Ламаносаў: «Чалавеку нічога не заставалася б патрабаваць ад Бога, калі б ён навучыўся прадказваць надвор’е».
    На жаль, «багі надвор’я» — метэаролагі — не заўсёды бываюць дакладнымі, а іншы раз справа не абыходзіцца і без кур’ёзаў.
    У той жа час неацэнную дапамогу ў гэтым могуць аказаць многія жывёлы, якіх мы добра ведаем, а вось аб іх дзівосных здольнасцях часам і не здагадваемся. Жывёлы
    востра адчуваюць набліжэнне змянення надвор’я і рэагуюць на яго сваімі паводзінамі.
    Возьмем, напрыклад, звычайнага ўюна — невялікую рыбку з нашых вадаёмаў. Пасадзшс яе ў акварыум, і... гатовы самы лепшы «барометр». Пры набліжэнні моцнай навальніцы рыбка будзе мітусіцца і ўсплываць на паверхню па дзесяць — пятнаццаць разоў на працягу адной мінуты, а перад ясным надвор’ем заляжа на дно і нават не паварушыцца.
    3 уюном можа пасапернічацьжаба. Гучнае кваканне сярод дня — верная прыкмета чакаемай непагадзі, доўгае вячэрняе кваканне, наадварот, абяцае добрае надвор’е. Калі жабы маўчаць — чакаецца пахаладанне. Паспрабуйце зрабіць маленькую драўляную лесвічку, апусціць яе ў шкляны слоік і туды ж пусціць азёрную жабу. Такі «жывы барометр» раней шырока выкарыстоўвалі на Русі. Напярэдадні пераменнага надвор’я жаба будзе сядзець на дне, калі яна падымецца па лесвіцы ўверх — чакайце дрэннага надвор’я, а пастаянна знаходзіцца на паверхні — будзе сонечна, цёпла і суха. Гарантыя дакладнасці пры гэтым даволі высокая — 90—95 працэнтаў.
    Уюнам і жабам не ўступаюць балотныя п’яўкі. У добрае надвор’е, калі не чакаецца яго рэзкіх перамен, п’яўкі спакойна поўзаюць па дне вадаёма, каменнях, прыдонных частках воднай расліннасці. Але калі яны пачалі вылазіць па сцяблах і кустах да самай паверхні вады — у бліжэйшы час чакайце навальніцы. П’яўка можа ўказаць і на чакаемыя змяненні тэмпературы: калі ў руху і ў спакоі п’яўка выцягнутая — пахаладання не будзе, а калі сціскаецца камячком — тэмпература хутка панізіцца.
    За паўдня, а то і за суткі адчувае набліжэнне дажджу невялікая птушачка нашых лясоў берасцянка і няспынна апавяшчае тады аб гэтым усю акругу сваёй звонкай песенькай: «Фіць... ф’ю-ф’ю-ф’ю! Фіць... ф’ю-ф’ю-ф’ю!..»
    Частым і доўгім кукаваннем указвае на ўстанаўленне цёплых дзён і спыненне ранішніх замаразкаў зязюля.
    Ніколі не падманваюць у прадказанні стрыжы. Здараецца назіраць: птушкі, якія толькі што весяліліся ў паветры,
    раптам увогуле знікаюць. Значыць, у гэтым месцы чакаецца моцная непагадзь. Стрыжы, выдатныя летуны, паспяваюць да гэтага часу апынуцца за сотні кіламетраў і перачакаць непагадзь у раёнах з цёплььл надвор’ем.
    У хатніх умовах у прадказанні надвор’я можа памагчы самая звычайная кошка. Калі яна ляжыць, скурчыўшыся клубочкам, чакаюцца моцныя маразы; ходзіць, пацягваючыся і трымаючы цела дугой, — будзе пацяпленне, старанна ліжа поўсць — да непагадзі, скрабе кіпцюрамі — будзе шквальны вецер.
    Варона-сейбітка
    Уселася варона на клён. Па галіне лапамі перабірае. A пад яе цяжарам насенне з дрэва аблятае.
    Яно ў клёна асаблівае. Быццам невялікія гузачкі з доўгімі крылцамі. У кожным такім гузачку — дзве порцыі насення схаваны. Распадзецца ён на дзве часткі, і ў кожнай з іх адно крылца застанецца. Адрываецца частачка і падае, а крылца так хутка-хутка пачынае круціцца вакол яго, быццам маленькі верталёцік ляціць. Занясе вецер такі верталёцік у другое месца, і вырасце з яго на наступны год маладзенькі клёнік.
    А вароне і няўцям, што гэта менавіта яна клёнікі рассявае.
    Дзіўны звярок
    Зіма — цяжкі перыяд у жыцці большасці лясных жыхароў. I холад — гэта яшчэ нічога. Для мноства дробных жывёлін снег — гэта страха, ахова ад лютых халадоў і траскучых маразоў. Галоўнае — здабыць корм. Зімою землярыйкі, мышы і пацукі хаваюцца ў глыбокіх норках пад цёплай снежнай коўдрай. У час спячкі дрэмлюць у сваім жытле і мядзведзі, і барсукі. Эканомна расходуюць запасы сваіх кладовак вавёркі. А цяжэй за ўсё ў такі час драпежнікам, якія і зімовай спячкі не прызнаюць, і кладовак не напоўнілі.
    Але вось ласіцы заўсёды добра. У любую норачку, пад снежны насціл пранікае яе вёрткае, тонкае і гібкае цельца. Мне даводзілася бачыць неяк, як чародка рабчыкаў упала з дрэва ў глыбіню снегу, але ў той жа момант напалоханыя птушкі зноў узвіліся ў паветра, толькі адна, сутаргава махаючы крыламі, распласталася на снезе. Гэта ласіца моцна ўчапілася ёй у грудзіну вострымі зубамі і ўжо разрывае такую, здавалася б, вялікую для сябе здабычу.
    Каб сваімі вачамі не бачыў, дык і не паверыў бы ніколі, што так можа быць. Міжволі ўсплываюць у памяці выпадкі, апісаныя некалі іншымі натуралістамі. Напрыклад, бываюць моманты, калі ласіца палюе і на яшчэ большую дзічыну — цецерукоў і нават глушцоў. Яна мёртвай хваткай упіваецца птушцы ў горла і ляціць разам з ахвярай высока ў неба, пакуль тая нарэшце не ўпадзе, сцякаючы крывёю. Уявіце ж сабе, што ласіца важыць не больш ста грамаў, даўжыня яе — усяго дваццаць сантыметраў. Вось як бывае ў прыродзе.
    3 практыкі ведаю, што жыве ласіца ў нас хоць і паўсюдна, але не ўсюды шматлікая. А вось некаторыя месцы любіць асабліва. Гэта прырэчныя займішчы, узлескі, высечкі, былыя пагарэлішчы, часта яе можна сустрэць і ў населеных пунктах, дзе многа старых закінутых пабудоў.
    Я з задавальненнем іду на лыжах па мяккім, яшчэ не зляжалым снезе, і раптам нешта ледзь прыкметнае слізганула недалёка ад мяне і знікла. Такое ж белае, як і снег. A можа, гэта камячок снегу ўніз скаціўся?
    Ды не! Вось і кароткі ланцужок слядоў пацягнуўся, быццам хто шнурочак па снезе працягнуў. Цягнуўся, цягнуўся і знік — звярок шмыгануў прама ў снегавую тоўшчу. А праз некалькі метраў шнурочак аднаўляецца — ласіца зноў паказалася на паверхні. Летам яе было б лягчэй заўважыць: афарбоўка футра цёмна-карычневая, часам з палевым адценнем, па ніжняй частцы шыі і брушку цягнецца доўгая белая палоска. У зімовым жа ўбранні ласіца ўся белая. Прыходзіцца «чытаць» па слядах...
    Харч тут вышукваў для сябе звярок ці што? Бо не падумайце, крый божа, што ласіца толькі тое і робіць, што ду-
    шыць рабчыкаў і цецерукоў. He, звычайна яна здавальняецца больш дробнай здабычай. Харчуецца пераважна грызунамі, мышамі ды палёўкамі.
    Да таго ж, нягледзячы на выдатныя паляўнічыя здолт_насці, ласіца часта робіць у норах і своеасаблівыя запасы, як кажуць, на «чорны дзень». Нацягвае туды дзесяткі палёвак і іншых дробных грызуноў і жыве сабе без турбот. Але ўжо трымайцеся, мышы, калі выходзіць на паляванне такая «нарыхтоўшчыца».
    Многа дзіўнага і патаемнага ў жыцці ласіцы. Напрыклад, яна пужае па начах кароў ды коней. Забяжыць ноччу ў хлеў і залазіць жывёліне на спіну. Пад раніцу тая ўся ў мыльным поце... Для чаго ласіца робіць гэта? Адны лічаць, што звярок за нешта помсціць гаспадару. Другія кажуць, што ёй даспадобы саленаваты пот жывёліны, які яна злізвае з валасоў кароў ды коней...
    ...Мая лыжня скіроўваецца далей. Тут ланцужок слядоў запятляў, закружыўся на месцы, і я бачу некалькі ўмяцінак на снезе ды кавалачкі рыжаватай поўсці — ласіца расправілася з рыжым палявым мышанём. А потым звярок спрытна шмыгнуў у норку, відаць, падаўся на адпачынак. Аб гэтым паведамляе роўны кароткі след. Цікавая «белая зімовая кніга». Вось і я сёння перагарнуў яе чарговую старонку...